Сілай розуму

Які педагог, такія і вучні! Творчыя і мэтанакіраваныя, дапытлівыя і цікаўныя, актыўныя і здольныя ўзяць ініцыятыву ў свае рукі — выхаванцы настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 94 Мінска Любові Аляксандраўны Сардалішвілі, фіналісткі (лаўрэата I ступені) Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2017”. У гэтым я пераканалася, наведаўшы ўрок матэматыкі ў 4 класе. Заняткі педагога былі цікавымі, пазнавальнымі, інфармацыйна насычанымі, дынамічнымі і эмацыянальнымі, прайшлі літаральна на адным дыханні. Было відаць, што за конкурсныя месяцы школьнікі прызвычаіліся да прысутнасці на занятках гасцей (а разам з карэспандэнтам на ўрок завіталі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце В.М.Бучаль і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Л.М.Прэз ), ніколькі не хваляваліся і не бянтэжыліся ад успышак фотаапарата. Мне нават здалося, што такі доўгачаканы ў іншых сітуацыях званок не прынёс чацвёртакласнікам асаблівага задавальнення — работу з любімай настаўніцай ім хацелася працягваць і далей. Ужо на перапынку яны абступілі Любоў Аляксандраўну з пытаннямі пра тэхнічныя характарыстыкі новага самалёта, пра які ішла гаворка на ўроку.

Заняткі па тэме “Множанне велічынь” Любоў Аляксандраўна правяла з прымяненнем інтэрактыўнай дошкі. Мэта ўрока — стварыць умовы, па-першае, для азнаямлення вучняў з прыёмамі множання велічынь на адназначны лік, па-другое, для развіцця лагічнага мыслення навучэнцаў, фарміравання камунікатыўных уменняў, навыкаў ацэнкі дзейнасці таварышаў і самаацэнкі, па-трэцяе, для прывіцця ў навучэнцаў жадання ў атрыманні трывалых ведаў, неабходных для самаразвіцця і самаўдасканальвання.

Зайшоўшы ў клас перад урокам, немагчыма было не звярнуць увагу на тое, як грунтоўна настаўніца падрыхтавалася да яго. На дошцы былі замацаваны карта маршруту, табліцы-апоры, ілюстрацыі для мэтавызначэння, мнемадарожкі, схемы-апоры для рашэння задач, на вучнёўскіх партах ляжалі каляровыя карткі-сігналы, значкі-зорачкі поспеху (для фіксацыі прамежкавай ацэнкі школьнікаў), раздрукоўкі для “Матэматычнага лато” і выніковага тэста.

Як расказала Л.А.Сардалішвілі, да кожнага ўрока даводзіцца дасканала рыхтавацца. Прыйсці і адседзецца з сучаснымі дзецьмі проста немагчыма. У класе, дзе яна з’яўляецца класным кіраўніком, вучацца 27 чалавек, у большасці вучняў узровень ведаў вышэйшы за сярэдні (сярэдні бал паспяховасці — 8,1), сем выдатнікаў. Дзеці прымаюць актыўны ўдзел у алімпіядах, конкурсах. Яны вельмі матываваныя, мэтанакіраваныя, гатовыя пайсці за настаўнікам, які павядзе іх за новымі ведамі. У калектыве выпрацавана дакладная сістэма самакіравання, дзе кожны вучань выконвае свае абавязкі, таму пытанняў накшталт “Каму раздаць сшыткі?” альбо “Як падзяліцца на групы?” ніколі не ­ўзнікае.

Для стварэння спрыяльнай псіхалагічнай атмасферы ў класе, якая настройвае на рабочы лад, Любоў Аляксандраўна прапанавала вучням павітаць адно аднаго, усміхнуцца і падзяліцца радасцю сустрэчы. Настаўніца прысвяціла ўрок Дню грамадзянскай авіяцыі, што аб’ядноўнае людзей, якія здзяйсняюць пасажырскія і грузавыя пералёты.

— Авіятары адзначаюць: “Кто с детства овладел хорошим знанием, // Привил в себе ответственность, старание, // Смог в небо совершить полёт — // Без разума ведь не летает самолёт!” Імкніцеся і вы да ведаў, каб унесці свой уклад у сусветны прагрэс, — звярнулася да дзяцей Любоў Аляксандраўна.

Яна адзначыла, што атрымала незвычайнае пасланне ад авіяканструктараў, у якім чацвёртакласнікі запрашаюцца ў пазнавальнае падарожжа — наведаць “канструктарскае бюро”, каб убачыць самую сучасную распрацоўку. Для гэтага навучэнцам неабходна пры дапамозе карты прайсці праз шэраг выпрабаванняў.

Разам з настаўніцай вучні накіраваліся ў “аэрапорт”, каб здзейсніць пазнавальны “палёт”. На этапе актуалізацыі ведаў яны прайшлі “пашпартны кантроль” і “рэгістрацыю” — пагулялі ў “Матэматычнае лато”. Ім быў прапанаваны шэраг заданняў:

1. Знайдзіце здабытак лікаў 5 і 100.

2. Лік 1000 павялічце ў 7 разоў.

3. Колькі гадзін складаюць 60 хвілін?

4. Колькі сантыметраў у 3 дм?

5. Хуткасць верталёта 200 км/г. Якую адлегласць ён пераадолее за 3 гадзіны?

Навучэнцы паспяхова справіліся з заданнямі і правялі самаправерку з апорай на слайд па крытэрыях “абвяду правільныя адказы ў кружок”, “не дапушчу выпраўленняў”. Дзеці ўзнялі карткі таго колеру, якім адзначылі кружок у сваім бланку. У каго былі жоўты і чырвоны кружкі, тым настаўніца рэкамендавала яшчэ раз звярнуцца да апорных схем і не дапускаць памылак у вылічэннях. Дарэчы, на ўроку пасля выканання кожнага задання вучні рабілі прамежкавую самаацэнку на значках поспеху: калі ўсе заданні былі выкананы правільна — школьнікі ставілі “+”; калі былі дапушчаны памылкі — “?”; калі не атрымалася выканаць заданне — “–”.

Затым дзеці самастойна вызначалі тэму і мэты ўрока. У сектары, які вярцеўся, на інтэрактыўнай дошцы чацвёртакласнікі хорам прачыталі: “Прыёмы множання велічынь на адназначны лік”. Пры дапамозе гульні “Ажыві літары” вучні адшукалі зачараванае слова і адказалі на пытанне, хто прымнажае славу грамадзянскай авіяцыі. На дошцы з’явілася слова “пілот” і шэраг ілюстрацый, якія дапамаглі вызначыць мэты ўрока: будзем памнажаць велічыні на лік (мнемадарожка), бу­дзем рашаць ураўненні (схемы ўраўненняў), бу­дзем рашаць задачы (чарцёж рашэння састаўной задачы), будзем думаць, разва­жаць (дзіця, якое думае), будзем шукаць выйсце з нестандартных сітуацый (работа ў групе). У выніку на стойках размясціліся карт­кі з запісам мэт урока на мове навучэнцаў.

Выконваючы заданне гульні “Даследчыкі”, чацвёртакласнікі ўпэўніліся, што правільны адказ пры вылічэнні здабытку велічынь і ліку залежыць ад умення пераўтвараць гэтыя велічыні.

На этапе ўспрымання і засваення ключавых ведаў новага вопыту вучні ажыццявілі “пасадку ў самалёт” — дапамаглі работнікам “аэрапорта” вырашыць праблему: ці дастаткова падаць трап, які мае 9 прыступак, вышыня кожнай — 3 дм 7 см, калі вядома, што адлегласць ад зямлі да дзвярэй самалёта 33 дм 3 см (педагог выкарыстала пры гэтым элементы брыкалажу — склала лесвіцу з дэталей канструктара), назвалі паслядоў­насць дзеянняў пры множанні велічынь на лік, а таксама звярнулі ўвагу на розніцу знахо­джання здабытку пры рабоце з адзінкамі часу. У гэтым дзецям дапамаглі мнемадарожкі і схемы-апоры.

Камфортная атмасфера захоўвалася ў класе на працягу ўрока. Вучні смела выказваліся, не баяліся дапусціць памылку. Абапіраючыся на ўжо набытыя веды, на ўласны вопыт, яны дзяліліся сваімі думкамі. Любое меркаванне пачаткоўцаў прымалася настаўніцай. А калі яно было памылковым, то далікатна папраўлялася, накіроўвалася ў патрэбнае рэчышча. Сітуацыя поспеху стваралася для кожнага вучня добрым словам, прыемнай усмешкай, ласкавым дотыкам.

Каб праверыць, наколькі пачаткоўцы засвоілі новы матэрыял, Л.А.Сардалішвілі прапанавала ім самастойна выканаць заданне па варыянтах, размешчанае ў падручніку. Два навучэнцы, якія пажадалі прадэманстраваць свае веды, працавалі каля дошкі. Школьнікі параўналі свае вынікі з адказамі таварышаў і адлюстравалі адказ каляровай карткай, што дазволіла Любові Аляксандраўне зрабіць выснову, наколькі вучні засвоілі матэрыял, ды і ўвогуле дапамагло трымаць у полі зроку ўвесь клас. Да тых вучняў, якія адчулі цяжкасці, настаўніца падышла асабіста, патлумачыла праблемныя моманты. Тым жа, хто выканаў заданне раней за ўсіх, педагог прапанавала індывідуальныя карткі.

Разняволіцца, зняць стомленасць і напружанне дзецям дапамагла фізкультхвілінка. Разам з настаўніцай яны патанцавалі і праспявалі куплет песні “Лятаюць самалёты”, правялі гімнастыку для вачэй “Пільнае вока” — настроілі зрокавую навігацыю, каб “самалёт” не адышоў з заяўленага курсу (уважліва прасачылі за рухам лазернага промня).

“Палёт” навучэнцаў ­працягнуўся рашэннем задачы на рух у супрацьлеглых напрамках .

“Як рухаюцца самалёты? Чаму роўная хуткасць першага (другога) самалёта? Колькі гадзін ляцяць самалёты? Што трэба даведацца ў задачы?” — пасыпаліся пытанні настаўніцы да дзяцей.

Школьнікі агучылі свой варыянт рашэння задачы некалькімі спосабамі і зрабілі запіс на дошцы. Потым дзеці падзяліліся на групы (у залежнасці ад колеру авіяцыйнага значка). Было відаць, што работа ў групах часта практыкуецца педагогам і чацвёртакласнікі ведаюць усе правілы такой работы. Яны выканалі некалькі заданняў, каб расшыфраваць фразу, сказаную легендарным авіяканструктарам. У прыватнасці, навучэнцы склалі па схеме ўраўненне і рашылі яго, знайшлі плошчу прамавугольніка і перавялі адзінкі вымярэння ў патрэбныя. У выніку кожная група вызначыла кодавае слова, пасля чаго па адным прадстаўніку ад кожнай групы выйшлі да дошкі і склалі фразу авіяканструктара А.Тупалева “Чалавек паляціць, абапіраючыся на сілу розуму”.

Сіла розуму дазволіла выхаванцам Любові Аляксандраўны паспяхова “прыбыць” у “канструктарскае бюро”, аднак, каб увайсці туды, вучням трэба было расшыфраваць код, выканаўшы выніковы тэст:

  1. Выберыце правільную роўнасць:

а) 3 т = 300 кг; б) 9 т = 9000 кг.

  1. Знайдзіце здабытак
    4 т 123 кг * 2:

а) 8 т 246 кг; б) 4 т 246 кг.

  1. Выберыце прыклад з правільным адказам:

а) 3 м 12 см * 3 = 9 м 36 см;

б) 3 м 12 см * 3 = 93 м 6 см.

Пасля выканання тэста чацвёртакласнікі ацанілі сваіх таварышаў па парце і паказалі, якога колеру іх кружкі-ацэнкі. Настаўніца звярнула ўвагу на правільнае рашэнне заданняў тых вучняў, якія дапусцілі памылкі. Для іх Любоў Аляксандраўна падрыхтавала апорныя схемы для засваення дома.

З арыентацыяй на вынікі выкананага тэста вучні атрымалі адзнакі за работу на ўроку, кожную з якіх настаўніца пракаменціравала.

Высокія вынікі работы дзяцей далі ім магчымасць убачыць самую сучасную авіяраспрацоўку — самалёт Airbus А380. На інтэрактыўнай дошцы дэманстраваліся слайды з характарыстыкамі самалёта. Трэба было бачыць, з якой цікавасцю дзеці, асабліва хлопчыкі, глядзелі на стальную птушку.

У канцы ўрока вучні абагульнілі прой­дзены матэрыял, прыгадалі доўгі маршрут, які прайшлі для дасягнення мэт, прагаварылі алгарытм множання велічынь, размясцілі свае авіяцыйныя значкі на тых прыпынках шляху, дзе былі паспяховымі. Яны з задавальненнем выбягалі да дошкі і прымацоўвалі на яе магнітамі значкі.

Дамашняе заданне вучні атрымалі дыферэнцыраванае. Тым, у каго па выніках тэста атрымаліся зялёныя кружкі, было прапанавана рашыць задачу вядомага віду, у каго атрымаліся жоўтыя — знайсці здабытак велічынь і лікаў, абапіраючыся на прапанаваныя схемы, а ўладальнікам чыр­воных кружкоў — пераўтварыць велічыні і знайсці здабытак велічынь і лікаў, прымяняючы памятку.

— Як прыемна, што сіла вашага розуму дазволіла вам пазнаёміцца з сучаснымі дасягненнямі авіяцыі. Дзякуй вам за актыўную работу на ўроку! А каб ваш палёт ведаў быў яшчэ вышэйшым, трэба аднавіць узровень глюкозы. Частую вас усіх цукеркамі “Аэрафлоцкія”, — закончыла ўрок Любоў Аляксандраўна.

Дзіцячай радасці не было межаў. Навучэнцы з ахвотай папрацавалі на ўроку і атрымалі сваю заслужаную ўзнагароду ў выглядзе задавальнення сабой, слоўнай ацэнкі настаўніцы, адзнак і цукерак.

***

— Урок матэматыкі на тэму “Множанне велічынь” уключаны ў блок “Множанне мнагазначных лікаў” у раздзеле курса матэматыкі, — пракаменціравала Любоў Аляксандраўна. — Асноўная мэта заняткаў — азнаямленне з прыёмамі множання велічынь на адназначны лік. Да канца ўрока дзеці павінны былі авалодаць прыёмамі множання і навучыцца правільна знаходзіць здабытак множання велічынь, пераўтвараць велічыні і рашаць састаўныя арыфметычныя задачы. Была прадстаўлена задача на рух у супрацьлеглых напрамках, некаторыя задачы былі ўключаны і ў вусны лік, і ў групавую форму работы (задачы, звязаныя з адзінкамі плошчы). Змест матэрыялу адбіраўся з улікам таго, што вучні павінны ве­даць і ўмець на ўроку. Тып урока быў вызначаны як урок-паглыбленне ў тэму, таму я і звярталася да папярэдне набытых ведаў, актуалізавала, што такое велічыні, якія з іх мы ведаем і на якія звернем увагу на занятках. Форма праве­дзенага ўрока — завочнае падарожжа, звязанае з тэматычным днём — Днём грама­дзянскай авіяцыі. Абавязкова чырвонай ніткай праходзілі выхаваўчыя задачы: і ў пачатку ўрока праз успаміны лётчыка і праз фразу легендарнага канструктара Тупалева (веды дапамогуць узляцець). Былі выкарыстаны разнастайныя формы работы (франтальная, індывідуальная, групавая) і формы ацэньвання (самаацэнка, узаемаацэнка і слоўная ацэнка настаўніка). Выкарыстоўваліся элементы стратэгіі актыўнай ацэнкі: самастойнае мэтавызначэнне, выкарыстанне ацэначных лістоў, прамежкавыя самаацэнкі на авіяцыйных значках, НаШтоБуЗу (крытэрыі ацэньвання агучваліся перад кожным заданнем). Акрамя таго, новы матэрыял тлумачыўся не ў гатовым выглядзе, а з выкарыстаннем праблемнага спосабу выкладання. Амаль што на кожным этапе прымяняўся і часткова-пошукавы метад. Асаблівасці ўрока — элементы брыкалажу (праз канструктар выхад на велічыні), мнемадарожкі для аблягчэння запамінання (алгарытм выканання таго ці іншага дзеяння) і інш. Работа будавалася ў форме вучэбнага дыялогу. Я імкнулася заўважыць кожнае дзіця, выслухаць. У зыходным тэсце можна было бачыць усе чаканыя вынікі. А праведзеная рэфлексія, калі вучні замацавалі на дошцы значкі паспяховасці, дазволіла ім яшчэ раз дакрануцца да свайго поспеху. Такім чынам, мэты ўрока дасягнуты.

Урокам задаволена была і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вольга Мікалаеўна Бучаль: “Шмат часу на ўроку ўдзялялася рабоце над новым матэрыялам. Настаўніца і ў вусным ліку, і ў “Матэматычным лато” ўдзяляла ўвагу актуалізацыі апорных ведаў. Любоў Аляксандраўна па-майстэрску выкарыстала на занятках сучасныя адукацыйныя тэхналогіі: інфармацыйна-камунікацыйныя, элементы тэхналогіі актыўнай ацэнкі (фармуляванне мэт і задач урока дзецьмі, пастаянная зваротная сувязь, самаацэнка і самакантроль і інш.). Навучэнцы на ўроку — актыўныя ўдзельнікі адукацыйнага працэсу. Яны маюць магчымасць пастаянна бачыць і разумець свае поспехі і няўдачы, ліквідаваць прабелы, авалодваць працэдурамі ацэнкі і кіраваць уласным навучаннем. Прычым настаўніца не прадастаўляла ім веды ў гатовым выглядзе, чацвёртакласнікі самі здабывалі іх. Менавіта на такіх уроках школьнікі набываюць уменне вучыцца. А гэта, несумненна, спатрэбіцца ім у старшай школе і ў дарослым жыцці”.

***

Для Любові Аляксандраўны Сардалішвілі першачарговым у прафесійнай дзейнасці з’яўляецца навучыць дзяцей вучыцца, бо атрымліваць гатовыя веды сёння неактуальна і неэфектыўна. Навучыць вучыцца — гэта не толькі здабываць веды, але і адбіраць патрэбнае з патоку інфармацыі, фарміраваць трывалыя навыкі работы над сабой, ажыццяўляць самаацэнку. Тады дзіця ў дарослым жыцці зможа смела крочыць далей.

—Я заўсёды гавару, што прыхожу не на работу, а да дзяцей. І нясу вялікую адказнасць за тое, як яны будуць кро­чыць па жыцці, якімі вырастуць людзьмі, — заўважае настаўніца. — Рэйтынг навучэнца не самае важнае для мяне, бо сёння школьнік можа быць на адной прыступцы, а заўтра, авалодаўшы ўменнем вучыцца, можа паказаць такія вынікі, якія не змог прадэманстраваць у пачатковай школе .

Конкурс “Настаўнік года” стаў для Л.А.Сардалішвілі сапраўднай школай прафесійнага майстэрства. “Гэта, безумоўна, самаразвіццё, самаадукацыя і ўзаеманавучанне, пазнанне цікавых метадаў, адметных прыёмаў, аўтарскіх знаходак, якія тут жа захацелася апрабаваць. Гэта і павышэнне кваліфікацыі, і праверка згуртаванасці калектыву, у якім працуеш. І мне вельмі пашанцавала, бо ў нашай школе зладжаная каманда, без зайздросных поглядаў і адчужанасці. Працавалі ўсе, у літаральным сэнсе і днямі і начамі, распрацоўвалі ўрокі і майстар-класы. І ніхто ні разу не сказаў “Не магу” ці “Гэта не мая справа”.

Камандны дух падтрымліваецца нашай адміністрацыяй, і ў такіх умовах хочацца працаваць і далей, дзяліцца вопытам сваёй працы з калегамі”, — падкрэслівае Любоў Аляксандраўна.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.