Скарбы беларускіх балот

На гэты раз мы завіталі на ўрок настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 32 Мінска Лідзіі Анатольеўны Аўсюк. Яна запрасіла на заняткі па курсе “Чалавек і свет” у 3 класе па тэме “Балота і яго насельнікі”.

Лідзія Анатольеўна ў педагогіцы больш за 20 гадоў. Яна фіналіст рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2020”. Сёмы год педагог працуе з пачаткоўцамі, не ўяўляе свайго жыцця без школы і лічыць, што вучыцца ў іх адкрытасці, шчырасці, уменню здзіўляцца і бачыць незвычайнае ў звычайным ніколькі не сорамна.

Яшчэ на перапынку Лідзія Анатольеўна падрыхтавала дошку да ўрока: прымацавала ілюстрацыйны матэрыял, на адваротным баку напісала ключ для праверкі тэста, з дапамогай трэцякласнікаў раздала на парты карткі з заданнямі, фотаздымкі раслін і жывёл, падключыла інтэрактыўную дошку. Дзесьці за хвіліну да званка настаўніца прапанавала дзецям праверыць гатоўнасць да ўрока: наяўнасць на парце пад­ручніка, ручкі, алоўка, а вось непатрэбныя рэчы трэцякласнікаў перабраліся ў рукзакі, якія стаялі побач. “Урок любіць парадак”, — адзначыла педагог.

І вось звініць званок. Дзеці ві­таюць адно аднаго ўсмешкамі, жадаюць поспеху. Лідзія Анатольеўна запрашае іх разгадаць таямніцы беларускай прыроды.

Мэты ўрока:

адукацыйныя: плануецца, што напрыканцы заняткаў вучні будуць ведаць пра балота як прыродную супольнасць, пра расліны і жывёл балота, пра іх асаблівасці і прыстасаванні да ўмоў пражывання, а таксама змогуць назваць не менш за 5 раслін і столькі ж жывёл балота;

развіццёвыя: садзейні­чаць фарміраванню ў навучэнцаў навыкаў самастойнай дзейнасці, развіваць уменні параўноў­ваць і аналізаваць, рабіць высновы, развіваць пазнавальную цікавасць да вывучэння прыроды, назіраль­насць;

выхаваўчыя: садзейнічаць выхаванню пачуцця сяброўскасці і ўзаемадапамогі пры рабоце ў парах.

— Пра якую частку беларускай прыроды мы гаварылі на мінулым уроку? — звяртаецца да дзяцей настаўніца. (Яе голас гучыць прыем­на, мілагучна, усяляючы ў дзяцей спакой і ўпэўненасць, веру ў свае сілы. Настаўніца ўмела іграе інтанацыяй, рэагуе мімікай і жэстамі на адказы дзяцей.)

— Пра вадаёмы, — раздаюцца галасы дзяцей. (Відаць, што школьнікі не саромеюцца незнаёмага чалавека: яны спакойныя, разняволеныя, непасрэдныя.)

— А перад тым як азнаёміцца з вадаёмамі, мы вялі гаворку пра… — зноў пытанне Лідзіі Анатольеўны.

— Пра прыродныя супольнасці, — цягне руку дзяўчынка з другой парты.

Вызначце правільныя сцвярджэнні:

1. Прыродная супольнасць — гэта група звязаных паміж сабой арганізмаў, якія пражываюць на адной тэрыторыі.
2. Лес, поле, вадаём — гэта прыродныя супольнасці.
3. Прыродная супольнасць, у якой пераважаюць кусты і травяністыя расліны, — гэта лес.
4. Лясы, у якіх растуць бярозы, сосны, асіны, елкі, дубы, называюцца змешанымі.
5. У Беларусі больш за ўсё хвойных лясоў.
6. Лес увільгатняе і ачышчае паветра, узбагачае яго кіслародам.
7. Вадаём — гэта прыродная супольнасць, у якой расліны і жывёлы прыстасаваліся да водных умоў жыцця.
8. Расліны і жывёлы вадаёмаў жывуць у цеснай сувязі паміж сабой.
9. Рэкі і азёры адносяцца да вадаёмаў.
10. У вадаёмах для жыцця раслін і жывёл не хапае святла, цяпла і паветра.

Для праверкі дамашняга задання настаўніца прапануе дзецям пагуляць у гульню “Так-нетка”. Усе з жаданнем бяруцца за работу. Для запаўнення вучні бяруць ружовыя карткі. Калі яны згодны з пэўным сцвярджэннем настаўніцы — ставяць знак плюс, калі не — мінус.

Каб праверыць правільнасць адказаў свайго суседа, вучні абменьваюцца карткамі.

Дзіву даешся, як настаўніца трымае ў полі зроку кожнае дзіця! Калі ў каго з вучняў узні­каюць цяжкасці, педагог падыходзіць і паспявае патлумачыць незразумелае.

— Не, дружа, бачу, што ты хітруеш, аддай сваю картку аднакласніку на суседнім радзе, — звяртаецца Лідзія Анатольеўна да хлопчыка, які сядзіць адзін і вырашыў праверыць сваю картку сам.

— Падніміце рукі тыя, у каго 10 правільных адказаў (лес рук узнімаецца ўгору), — звяртаецца да класа педагог. — У каго дзевяць? Восем? Малайцы! Бачу, што прыродныя супольнасці вы засвоілі. Але гэта яшчэ не ўсё.

Лідзія Анатольеўна прапануе вучням звярнуць увагу на дошку: там размешчаны фота­здымкі прыродных супольнасцей. Дзецям неабходна паглядзець на фотаздымкі на партах і вызна­чыць, у якой прыроднай супольнасці будзе жыць той ці іншы жывы арганізм: расліна ці жывёла.

Трэцякласнікі паспяхова спраўляюцца з заданнем, размеркаваўшы на дошцы здымкі да прыродных супольнасцей “Лес” і “Ва­даём”. Праўда, у адной дзяўчынкі на руках застаецца выява жураўля.

— Ці правільна вы ”засялілі“ лес? — пытаецца настаўніца.

— Правільна, — чуюцца галасы дзяцей.

— А ці правільна “засялілі” вадаём?

— Я не з усім згодна, — гаво­рыць чорнавалосая дзяўчынка. — Журавіны растуць на балоце, а не на вадаёме.

— Малайчынка! Заўважыла! — адзначае настаўніца. — Два насельнікі ў нас не трапілі ў свае супольнасці. Гэта журавіны і журавель.

— Што вы ведаеце пра журавіны? — пытаецца ў дзяцей настаўніца.

— Яны растуць на балоце, — адказваюць дзеці.

— А што вы ведаеце пра жураўля?

— Журавы ядуць журавіны, значыць, яны таксама жывуць на балоце, — робяць выснову дзеці.

— Так, атрымліваецца, што гэтыя арганізмы ў нас не з лесу і не з вадаёма, а з іншай супольнасці. Пра якую супольнасць пойдзе гаворка на ўроку? — і зноў пытанне настаўніцы да пачаткоўцаў.

— Пра балота, — дружна прамаўляюць дзеці.

— Давайце замацуем на дошцы фотаздымак новай прыроднай супольнасці. І размесцім да яе жураўля і журавіны. Нашы губляшкі знайшлі сваё месца жыхарства, — гаворыць настаўніца. — А як вы думаеце, на якія пытанні нам трэба адказаць, каб паспяхова азнаёміцца з прыроднай супольнасцю?

Так паступова, ненавязліва педагог падводзіць дзяцей да новай тэмы. Сумеснымі намаганнямі вучні фармулююць задачы ўрока: адказаць на пытанне, якая прыродная супольнасць называецца балотам, а таксама назваць не менш за 5 раслін і столькі ж жывёл балота.

Адказаць на першае пытанне пачаткоўцам дапамагае работа з падручнікам. Яны адзначаюць, што балота — гэта прыродная супольнасць, якая ўтвараецца на ўчастку пераўвільготненай зямной паверхні. Утварэнне балот — вельмі доўгатэрміновы працэс.

Лідзія Анатольеўна прапануе дзецям паглядзець кінасюжэт пра ўтварэнне балот на інтэрактыўнай дошцы. Было відаць, з якой цікавасцю малодшыя школьнікі назіраюць, як дробнае возера паступова ператвараецца ў балота: “Талыя снегавыя воды і ручайкі прыносяць пясок і гліністыя часціцы, якія адкладваюцца па берагах. Возера мялее. З’яўляюцца расліны: травы і кусты. З іх адмерлых астаткаў утвараецца торф. Колькасць расліннасці павялічваецца, з’яўляюцца сфагнавыя мхі, якія ўтрымліваюць віль­гаць. Магутнасць тарфянога слою нарастае, а плошча воднага люстэрка значна скарачаецца. Торф працягвае накоплівацца, і паверхня балота становіцца спачатку плоскай, а потым слаба выпуклай. Магутны слой торфу і сфагнавых імхоў служыць свое­асаблівай губкай, якая ўбірае ў сябе і ўтрымлівае вільгаць”.

— Хто быў уважлівы і можа сказаць, якая расліна лічыцца каралём балота?

— Мох, сфагнум, — актыўна ўключаюцца ў гутарку дзеці.

Было відаць, што кожны іх адказ, нават спрэчны і не зусім дарэчны, настаўніца прымае, каменціруе, абмяркоўвае. Яны адчуваюць, што іх меркаванне важнае для Лідзіі Анатольеўны і аднакласнікаў.

Настаўніца дэманструе навучэнцам сфагнум. Дзеці бачаць, што ў яго няма каранёвай сістэмы. Яны бяруць мох рукамі, сціскаюць яго, нюхаюць. Вучні даведваюцца, што “сфагнум” у перакладзе з грэчаскай мовы — губка. Мох вельмі добра ўбірае вільгаць. Для пацвярджэння гэтага настаўніца праводзіць эксперымент: у ёміс­тасць з імхом налівае ваду. У канцы ўрока дзеці бачаць, што мох усю яе ўвабраў.

Вучні прыгадваюць адзінкі вымярэння (колькі ў адным метры сантыметраў, міліметраў). Са здзіў­леннем даведваюцца, што кожны год з адмерлай часткі моху ўтвараецца толькі міліметр торфу.

Настаўніца звяртае ўвагу дзяцей на тое, што здольнасць сфагнуму ўбіраць вільгаць выкарыстоўвалі нашы салдаты ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Як? Вучні агучылі самі. Яны выказалі здагадку, што салдаты змочвалі мох і потым пры неабходнасці выціскалі і пілі ваду. Акрамя таго, мох абеззаражваў раны і ўбіраў кроў. А гэта ўжо і міжпрадметныя сувязі, і выхаваўчы аспект урока.

І зноў педагог прапаноўвае дзецям звярнуцца да падручніка. Каб “засяліць” балота, пачаткоўцы запаўняюць табліцу (па варыянтах), падзеленую на 2 калонкі: “Жывёлы” і “Расліны”. Дзеці прыступаюць да работы, а настаўніца праходзіць па радах, знаходзіць для іх словы падтрымкі, падбадзёрвае. Стварэнне сітуацыі поспеху для кожнага дзіцяці вельмі многа значыць!

Потым дзеці працуюць у парах. Яны паварочваюцца адно да аднаго і расказваюць, пра якіх жыхароў балот даведаліся. У класе стаіць рабочы гул.

— Што вас здзівіла, калі вы пісалі пра расліны? — запыталася настаўніца.

— Расянка здзівіла, — чуецца ў адказ.

— А чым?

— Гэта расліна-драпежнік.

Лідзія Анатольеўна прапануе паглядзець невялікі сюжэт пра расянку. З цікавасцю і захапленнем вучні глядзяць на экран. І ёсць чаму! Там адбываецца сапраўдны цуд: ліст расянкі з мноствам кропелек здаецца пакрытым расой. Сядаючы на такі ліст, насякомае прылеп­ліваецца да яго. Атрымліваецца, што расянка не ловіць насякомых у прамым сэнсе слова, а карыстаецца іх неасцярожнасцю. Пасля таго як насякомае прыляпілася да ліста, край яго скручваецца, ахінаючы “палоннага”. Ліст выдзяляе спецыяль­ную вадкасць, і насякомае паступова ператраўліваецца.

Для падвядзення вынікаў урока педагог выкарыстоўвае прыём “Завяршы фразу”. Трэцякласнікі прыгадваюць азначэнне прыроднай супольнасці “Балота”, а таксама расліны і жывёл — насельнікаў балот. З раслін называюць сфагнум, расянку, буякі, багун, рагоз, трыснёг; з жывёл — курапатку, жабу, куліка, жураўля, вадзянога пацука, змяю. Па памяці вучні запаўняюць другую частку табліцы.

— Падніміце рукі, хто запісаў пяць раслін (жывёл)? У каго больш за пяць? У каго менш за пяць? — звяртаецца да дзяцей настаўніца. — Хто запісаў менш за пяць жывёл або раслін, неабходна больш уважліва перачытаць дома параграф і дапоўніць сваю табліцу. Вы добра папрацавалі на ўроку. Самыя актыўныя атрымаюць адзнакі. Дзякуй за работу!


Урок пакінуў самыя добрыя ўражанні. Ён вылучаўся найперш атмасферай добразычлівасці і супрацоўніцтва, якая панавала ў класе, актыўнасцю, разняволенасцю, непасрэднасцю дзяцей, а таксама дзейнасным падыходам, які рэалізоўваўся на кожным этапе ўрока. Настаўніца накіроўвала, задавала навадныя пытанні, ставіла вучняў у праблемныя сітуацыі, дэманстравала неабходныя аб’екты, а вучні займаліся пошукам новых ведаў.

Л.А.Аўсюк падзялілася сваімі думкамі наконт праведзенага ўрока:

— Урок у 3 класе па тэме “Балота і яго насельнікі” — урок вывучэння новага матэрыялу. Мне было вельмі важна ўдзяліць увагу праверцы дамашняга задання, бо веданне вывучаных раней прыродных супольнасцей з’яўляецца падмуркам для новай тэмы. Вучням важна было прыгадаць, якія прыродныя супольнасці бываюць, якія жывыя арганізмы іх насяляюць. Для актуалізацыі ведаў дзяцей выкарыстоўвала прыём “Так-нетка”, калі трэцякласнікі адзначалі адказы ў табліцы, правяралі адно аднаго. Вельмі парадавалі дзеці сваімі вынікамі.

Падчас урока прымяняла прыём “Групавое сартаванне”, дзе трэцякласнікам неабходна было “засяліць” супольнасці жыхарамі. Вучні таксама добра з ім справіліся. Гэтае заданне падводзіла нас да тэмы ўрока, бо задумана было так, што два жыхары не падыходзілі ні ў супольнасць “Лес”, ні ў суполь­насць “Вадаём”. Дзецям неабходна было сарыентавацца. Вельмі цікава было назіраць, як хлопчык, якому дасталася ілюстрацыя журавін, доўга сумняваўся, куды “пасяліць“ іх. Падвоху ад настаўніка ніхто не чакаў. А дзяўчынка добра сарыентавалася: журавель не належаў ні да адной з прапанаваных прыродных супольнасцей. Такім чынам мы падышлі да фармулёўкі тэмы “Балота і яго насельнікі” і задач урока. Вучні працавалі з падручнікам, была арганізавана самастойная работа і работа ў парах.

Урокі па курсе “Чалавек і свет” — адны з самых любімых вучнямі. Ім падабаецца назіраць, эксперыментаваць, ставіць доследы. Вось і сёння я вырашыла пака­заць ім сфагнум, бо многія дзеці гарадскія і мала, на жаль, бываюць на прыродзе. Мы правялі невялікі эксперымент, наліўшы вады ў ёміс­тасць з імхом. А гэта ўжо элемент даследчай дзейнасці.

Да канца ўрока вучні засвоілі расліны і жывёл, якія насяляюць балоты. Праўда, вынікі былі розныя: трэцяя частка класа справілася на высокім узроўні, хтосьці з вучняў выканаў пазнаваўчы мінімум урока і было некалькі дзяцей, якія не дасягнулі мэт. Ім неабходна дапрацаваць матэрыял дома.

Мне вельмі імпануе, калі малодшыя школьнікі самастойна здабываюць веды, бо тады веды застаюцца ў памяці назаўсёды. Добра, калі пачаткоўцы вучацца ўзаема­дзейнічаць адно з адным і дзеляцца пэўнай інфармацыяй. Сёння важна развіваць такія асноўныя кампетэнцыі, як камунікацыя і кааперацыя. Лічу, што ўменне працаваць у камандзе закладваецца менавіта ў пачатковай школе. Калі гэты навык не фарміраваць, то яму і не будзе адкуль узяцца. Па меры неабходнасці на занятках прымяняю інфармацыйныя тэхналогіі. Імкнуся, каб пры вывучэнні матэрыялу яскрава прасочваліся міжпрадметныя сувязі і сувязі з жыццём. Вось на гэтых момантах і была засяроджана ўвага на прадстаўленым уроку.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фотаф аўтара.