Тэатральна-гульнявая дзейнасць як сродак сацыялізацыі

Адной з важных праблем сучаснага грамадства з’яўляецца сацыялізацыя падрастаючага пакалення. Сёння ўжо ніхто не сумняваецца, што цяперашнія дзеці будуць жыць у свеце, які істотна адрозніваецца ад таго, у якім жылі іх бацькі. Таму такое актуальнае пытанне аб змяненні зместу і стылю сацыялізацыі падрастаючага пакалення.

На думку многіх даследчыкаў, тэатральна-гульнявая дзейнасць дазваляе вырашаць многія педагагічныя задачы, звязаныя з асаблівасцямі маўленчага развіцця, пазнавальнай дзейнасці, з’яўляецца крыніцай развіцця эмоцый і пачуццяў, сродкам далучэння да духоўных каштоўнасцей, выконвае псіхатэрапеўтычнай функцыю.
З чаго ж я пачынаю і як рухаюся па дарогах тэатральна-гульнявой прасторы? 1-я ступень — работа з казкамі на ўроках літаратурнага чытання, навакольнага свету, карэкцыйных занятках. 2-я ступень — дзіцячы тэатр як лагічны працяг пачатай на ўроках работы; спектаклі як вынік творчай дзейнасці, падача маральнай задачы, маральных перажыванняў і як набыццё якасцей асобы.

Школьнікі вучацца не толькі ўспрымаць змест літаратурнага твора, але і творча пераўтвараць ход аповеду, прыдумваць розныя канцоўкі, уводзіць непрадбачаныя сітуацыі, змешваць некалькі сюжэтаў і г.д. Галоўнае — не адбіраць у дзіцяці ініцыятыву і даць яму магчымасць усё прыдумаць самому. Падбіраць п’есу трэба так, каб яна сваёй галоўнай ідэяй служыла якой-небудзь дабрачыннасці. Дзіця павінна вучыцца адчуваць чужыя пакуты, каб умець шкадаваць, берагчы і дапамагаць. Неабходна шукаць прамы і блізкі шлях да сэрца дзяцей, вучыць іх жадаць дабра і саромецца зла, таму ў сумесных гутарках варта высвятляць, што ва ўчынках ге­рояў добрае, а што дрэннае, ці можна стварыць новую сітуацыю, дзе б герой выправіўся, каб дабро перамагло, зло было пакарана, але не жорстка і не бесчалавечна. Галоўны складнік гэтых гутарак — словы пра тое, што многае можна палепшыць, змяніць для дабрабыту людзей.

У нас з дзецьмі склалася добрая традыцыя, якой мы прыдумалі назву “Ад сэрца да сэрца”. Мы рыхтуем не толькі казкі, але і песні, вершы, музычна-рухавыя гульні. З гэтым міні-канцэртам мы ідзём віншаваць дзетак у Дом малюткі, вучняў дапаможнай школы № 26 Віцебска. Быў вопыт выступлення перад інвалідамі тэрытарыяльнага цэнтра Першамайскага раёна Віцебска. Намі было падрыхтавана ўжо нямала казак: “Падарунак для мамы”, “Шарф-Пакроў”, “У лесе”, “Вясёлка жаданняў”, “Цікаўнае мышаня”, “Рукавічка”. Шмат цікавага, прыгожага і добрага застаецца ў сэрцах не толькі гледачоў, але і артыстаў.

Раскажу, як вучні “пражывалі” казку “Велікодны калабок”. Першае знаёмства са зместам казкі, з яе маральным урокам “свет не без добрых людзей” адбывалася на ўроках літаратурнага чытання. Адпрацоўваліся выразнае чытанне, дыкцыя, тэмп, рытм, мелодыка маўлення. Разважаючы пра тое, хто з герояў казкі блізкі дзецям, чаму канец казкі шчаслівы, малыя пераходзілі да рэальнага жыцця: гаварылі пра жыццё дзяцей у дзіцячых дамах і як мы ім можам дапамагчы. На ўроках выяўленчага мастацтва дзеці ілюстравалі эпізоды п’есы, у якой яны ўдзельнічалі як акцёры. На ўроках працоўнага навучання выраблялі падарункі для гледачоў. На ўроках матэматыкі казка ператваралася ў задачы. Напрыклад, “Ад вёскі, дзе жыў Калабок, да храма 10 км. Калабок каціўся са скорасцю 5 км/г. Колькі часу Калабок быў у дарозе?”. На ўроках рускай мовы школьнікі падбіралі аднакарэнныя словы, складалі з імі сказы, праводзілі розныя віды разбораў слоў і сказаў.

Эфектыўнасць выкарыстання тэатральна-гульнявой дзейнасці ў фарміраванні маральных уяўленняў у дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у іх сацыялізацыі відавочная: дзіця вучыцца паважаць чужое меркаванне, пераўтвараць свет, задзейнічаючы фантазію, уяўленне, зносіны з навакольнымі людзьмі. Гуляючы ў тэатры, дзіця раскрываецца, пераадольвае комплексы, праяўляе свае лепшыя якасці, а таксама вучыцца мець зносіны і выказваць свае эмоцыі, адчувае сябе патрэбным і значным. Дзеці “растуць” у вачах сваіх бацькоў, аднакласнікаў, настаўнікаў. Пра іх гавораць: яны “галоўны нумар” на сайце нашай школы, яны “маленькія зоркі”.

Яшчэ М.В.Гогаль сказаў: “Тэатр — гэта такая кафедра, з якой можна сказаць свету многа дабрага”. Дык вось, спецыфіка нашага тэатра — вучыць дабру, гаварыць дабро, несці дабро, але праз сацыяльна складаныя сітуацыі, выстаўляючы напаказ заганы чалавечых узаемаадносін. Мы спадзяёмся, што нашы спектаклі дапамагаюць камусьці прымаць правільныя рашэнні, не рабіць пэўных памылак у жыцці.

Вольга ЛОБАНЬ,
настаўнік-дэфектолаг Кастрычніцкай сярэдняй школы Віцебскага раёна.