Урок англійскай мовы для пакалення Z

Выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій на ўроках англійскай мовы прыносіць педагогу задавальненне ад выкладання, радасць ад вынікаў сваёй працы і, што немалаважна, робіць працэс навучання займальным для вучняў. Як паказвае асабісты вопыт, на кожным этапе заняткаў ёсць месца інфармацыйна-камунікацыйным тэхналогіям.

Сучаснае грамадства немагчыма ўявіць без гаджэтаў. Кожны дзень інфармацыйныя тэхналогіі ўдасканальваюцца, з’яўляюцца новыя праграмы і дадаткі, якія аказваюць уплыў на ўсе сферы жыцця, мадэрнізуючы і палягчаючы яго. Сотні кніг, слоўнікаў, інтэрнэт як бяс­концы інфармацыйны рэсурс, пошта і нават магазіны змя­шчаюцца ў тэлефон. Дзеці пакалення Z (2000—2017 гадоў нараджэння), можна ска­заць, нарадзіліся са смартфонамі ў руках, і камп’ютарныя тэхналогіі — гэта іх натуральнае асяроддзе. Таму інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі сталі неад’емнай часткай сучаснай адукацыі.

Асноўная мэта выкарыстання ІКТ — зрабіць адукацыю больш сучаснай, наблізіць адукацыйную дзейнасць да светаўспрымання сучаснага дзіцяці, тым самым спрыя­ючы павышэнню матывацыі да вывучэння замежнай мовы. Кожны ўрок англійскай мовы павінен быць накіраваны на практычны вынік, на дасягненне камунікатыўнай кампетэнтнасці, г.зн. пэўнага ўзроўню моўных, краіназнаўчых ведаў, камунікатыўных уменняў і маўленчых навыкаў, што дазваляюць ажыццяўляць іншамоўныя зносіны. Выкарыстанне ІКТ на ўроках англійскай мовы дазваляе разнастаіць працэс навучання, прадставіць вучэбны матэрыял больш наглядным і даступным для ўспрымання вучнямі. Любая схема, ілюстрацыя, анімацыя, гуказапіс, якія выкарыстоўваюцца пры арганізацыі вучэбнага працэсу, не проста становяцца ўпрыгажэннем урока, а робяць яго больш змястоўным. ІКТ можна выкарыстоўваць на любым этапе ўрока, робячы яго больш цікавым і захапляючым, няхай гэта будзе арганізацыйны момант, увядзенне новага моўнага матэрыялу або рэфлексія.

Самым яркім прадстаўніком ІКТ і галоўным памочнікам настаўніка я лічу мультыборд. Ён дае практычна неабмежаваныя магчымасці ў навучанні, а таксама вельмі зручны ў выкарыстанні. Маючы ў сваім распараджэнні такую панэль, можна цалкам забыцца пра дыскі, флэшкі і нават камп’ютар. На змену камп’ютарным праграмам Microsoft Word і Power Point прыйшлі Google Documents, пры дапамозе якіх можна ствараць і рэдагаваць дакументы, дзе б вы ні знаходзіліся. Яны змяшчаюцца ў сетцы інтэрнэт, таму вы ніколі і нічога выпадкова не забудзеце дома.

Я выкарыстоўваю Google Documents як аснову ўрока, якая ўключае практычна ўвесь змест: наглядны матэрыял, аў дыя- і відэападкасты, табліцы, схемы, актыўныя спасылкі на практыкаванні, інтэрактыўныя практыкаванні і г.д.

ІКТ дапамагае і ў навучанні граматыцы. Выкарыстанне ІКТ на ўроку граматыкі магчыма пры вывучэнні практычна любой тэмы. Пры правільным размяшчэнні, удалым колеравым афармленні, выкарыстанні схем і табліц, галасавым суправаджэнні моўны матэрыял будзе ўспрымацца навучэнцамі лягчэй і хутчэй, паколькі бу­дзе задзейнічана большая частка рэцэптараў.

На этапе фарміравання граматычных навыкаў шырокія магчымасці прадастаўляе інтэрактыўная дошка. Яна дазваляе кіраваць навучальнымі праграмамі, дабаўляць інфармацыю, пытанні да тэксту або малюнкаў на экране, а таксама вылучаць і перамяшчаць аб’екты на дошцы або групаваць іх па пэўных прыметах. Таксама значна скароцяцца і затраты часу на ўроку, бо пры выкарыстанні інтэрактыўнай панэлі знікае неабход­насць афармлення матэрыялу на дошцы.

Для кантролю засваення вывучанага матэрыялу, як правіла, выкарыстоўваю платформу Online Test Pad або праг­раму My test. Яны даюць магчымасць стварэння, а таксама выкарыстання ўжо гатовых тэстаў, у якіх можна за­даць час на выкананне заданняў, і спосаб адказу на тое ці іншае заданне. Гэтыя платформы паказваюць статыстыку праходжання і вынікаў, таму тэсты на дадзеных платформах могуць быць выкарыстаны ў якасці задання на дом.

Паспяхова выкарыстоўваю ІКТ і ў навучанні лексіцы. Цяжкасці засваення іншамоўнай лексікі звычайна звязаны з запамінаннем значэння і ўжываннем новых слоў у маўленні. Эфектыўнасць уздзеяння вучэбнага матэрыялу шмат у чым залежыць ад узроўню яго ілюстрацыйнасці, і выкарыстанне ІКТ тут становіцца асабліва актуальным. Пры ўвядзенні новай лексікі найбольш часта я прымяняю прэзентацыі з яркім відэарадам (ілюстрацыямі, відэакліпамі, гукам), выкананымі ў праграме Google Documents або Microsoft Power Point.

Для трэніроўкі лексічных навыкаў звычайна выкарыстоўваю наступныя практыкаванні на базе інтэрактыўнай дошкі: размяркуйце словы па тэматычных групах, запоўніце пропускі, разгадайце крыжаванкі, знайдзіце лішняе слова, памылку і г.д. Хуткае выкананне падобных практыкаванняў дае магчымасць павялічыць аб’ём вывучаемай лексікі за кошт сэка­номленага часу. Інтэрнэт выкарыстоўваю і для замацавання лексікі па тэме, якая вывучаецца. Напрыклад, усталяваўшы на тэлефон праграму Quizlet, навучэнцы могуць трэніраваць і пашыраць свой лексічны запас, а таксама з лёгкасцю ў любым месцы рыхтавацца да тэстаў.

Вялікім памочнікам у працэсе падрыхтоўкі ўрокаў і інтэрактыўных заданняў падчас вывучэння лексічнага матэрыялу для мяне з’яўляецца адукацыйная платформа https:// learningapps.org. LearningApps.org з’яўляецца дадаткам Web 2.0 для падтрымкі навучання і працэсу выкладання з дапамогай інтэрактыўных практыкаванняў. Можна выкарыстоўваць ужо існуючыя практыкаванні, а таксама мя­няць іх ці ствараць свае ў аператыўным рэжыме.

Лізавета ГРЫБ,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 7 Навагрудка.