Што школьнікі павінны ведаць пра грошы?
Дырэктар Гатаўскай сярэдняй школы Мінскага раёна, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства, член Мінскага абласнога клуба педагагічных работнікаў “Флагман”, фіналіст Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь —2017” Уладзімір Генадзьевіч Тылецкі запрасіў мяне на ўрок грамадазнаўства ў 10 класе па тэме “Грошы”.
Урок пачаўся з інтэлектуальнай размінкі. Уладзімір Генадзьевіч падрыхтаваў аўтарскую мультымедыйную прэзентацыю “Грошы” і спыніў увагу вучняў на слайдзе з вядомымі прыказкамі: “капейка рубель беражэ”, “з грашыма і Копшы дагодзіш”, “не май сто рублёў, а май сто сяброў”, “не было ні гроша, ды раптам — алтын”. “Што аб’ядноўвае гэтыя прыказкі?” — пацікавіўся настаўнік і прапанаваў вучням задумацца над сэнсам кожнай з іх і выказаць, адпаведна, сваё меркаванне.
“Аб грошах сказана і напісана шмат. Яны часта станавіліся прычынай войнаў. У залежнасці ад колькасці грошай у чалавека, ён паводзіць сябе па-рознаму: кагосьці вялікія грошы могуць разбэсціць, а хтосьці бескарысна падзеліцца імі з іншым і зробіць яго шчаслівым, падарыўшы шанс на здароўе або жыццё, — працягваў Уладзімір Генадзьевіч. — Рускае слова “деньги” паходзіць ад цюркскага “тэнге” — дробная сярэбраная манета ў краінах Усходу. Валюта Манголіі і сёння называецца тэнге. Слова “грошы” ў розных мовах гучыць па-рознаму”.
Рыхтуючыся да ўрока, дзеці папярэдне выканалі заданне: знайшлі інфармацыю аб паходжанні слова “грошы” ў іншых мовах. Так, англійскае money, вядомае з ХІІІ стагоддзя, паходзіць ад лацінскага слова “манета”. Нямецкае geld, якое таксама абазначае “грошы”, верагодней за ўсё, паходзіць ад слова gold — “золата”. Дзе карані беларускага слова “грошы”? Вучні вызначылі, што яно паходзіць ад назвы еўрапейскай манеты, якая мела хаджэнне на тэрыторыі ВКЛ, grossus denarius, што азначае “вялікі дынарыус”. У іспанскай мове ёсць адпаведнае dinero.
Настаўнік прапанаваў старшакласнікам агучыць пытанні, адказы на якія яны хацелі б атрымаць падчас урока. Дзеці былі актыўнымі: “Як з’явіліся грошы?” (паходжанне грошай), “Якімі бываюць грошы?” (віды грошай), “Што, калі грошай не будзе?” (карысць грошай), “Навошта грошы патрэбны?” (функцыі грошай). Затым вучні запісалі тэму ўрока — “Грошы”.
***
“Калісьці людзі спажывалі тое, што самі выраблялі, — працягваў Уладзімір Генадзьевіч. — Але з развіццём гаспадаркі ў іх з’явілася патрэба ў абмене вырабамі. На слайдзе мы бачым мужчыну, які трымае шкуру жывёлы. Гэты чалавек жыў у каменным веку (перыяд неаліту). Шкуру жывёлы ён выкарыстоўваў у якасці адзення і для будаўніцтва цёплага жылля. А вось другі мужчына, які трымае ў руках парася. Паміж мужчынамі ажыццяўляецца абмен таварамі, інакш кажучы, бартар. І гэта першая ступень з’яўлення грошай. Уявім іншую сітуацыю: у чалавека шмат шкур, а парася, якога прапаноўвае таварыш, яму зараз не трэба, а таварышу, наадварот, шкуры неабходны зараз. Такі абмен будзе не вельмі зручным ні для аднаго, ні для другога. Патрэбны ўсеагульны эквівалент (мерка) кошту тавараў. У свой час у гэтай ролі былі футра, спецыі, крупы, прыгожыя марскія ракавіны, а таксама кавалкі металу (золата, серабра). Перавага металу ў параўнанні, напрыклад, са спецыямі, відавочная. Метал доўга захоўваецца і паддаецца апрацоўцы, пераплаўцы. Паступова мы падыходзім да паняцця “тавара-грошы”.
І тут Уладзімір Генадзьевіч узгадаў сваё дзяцінства. На слайдзе з’явілася выява фішак-пакемонаў, пакахонтас, пікачу і г.д. Для дзяцей, якія нарадзіліся ў 90-я гады, такія фішкі былі сродкам для забавы, гульні, а таксама своеасаблівым таварам.
“У дзіцячым садзе мне падарылі швейцарскі ножык, і я, уявіце, абмяняў яго на 10 фішак! — падзяліўся педагог. — Ёгурт, напрыклад, у той час можна было набыць за 2 фішкі, а марожанае — за 3. Але такіх таварагрошай не павінна быць шмат. Калі ў кожнага з вас будзе па вялікай торбачцы фішак, то ў гэтым не будзе ніякай інтрыгі. Але, калі ў Васі будзе 5 фішак, у Пеці — 10, а ў Мішы — 20, хлопчыкам будзе значна цікавей абменьвацца імі. Паступова фішкі страцілі ўласцівасці тавараў, у іх перасталі гуляць, яны набылі сімвалічнае значэнне. Праз пабудову аналогіі з фішкамі мы разгледзелі сутнасць паняцця “таварагрошы”.
Настаўнік прадэманстраваў дзецям сярэбраную пласціну невялікага памеру (10 сантыметраў) і запытаўся: “Што яна нагадвае?” Вучні адказалі, што па форме яна нагадвае шкуру жывёлы. “Індзейцы, напрыклад, выкарыстоўвалі шкуры жывёл для будаўніцтва свайго жылля “тыпі”. І першыя грошы таксама рабілі ў форме шкур,— заўважыў настаўнік. — Таварагрошы вырабляліся ў форме кручкоў, лапатак, малаточкаў. Першыя кітайскія металічныя манеткі нагадвалі нож. А першыя рымскія манеты, якія адліваліся, — былі ўжо суцэльнымі кавалкамі металу”.
***
Настаўнік звярнуў увагу вучняў на карцінкі: на першай быў фотаздымак цэнніка з беларускага магазіна, на другой — кашалёк з грашыма, на трэцяй — зямны шар з літарамі і знакамі. Клас падзяліўся на тры каманды. Выкарыстоўваючы тэкст падручніка, вучні павінны былі расшыфраваць інфармацыю, закладзеную ў кожнай карцінцы. Настаўнік па ходзе дапамагаў ім. Праз некалькі хвілін выступіў прадстаўнік ад кожнай каманды: “Цэннік патрэбны для таго, каб ведаць, колькі каштуе тавар”, “Кашалёк сімвалізуе сродак захавання, назапашвання і звароту грошай”, “Ёсць валюты (долар, еўра, фунт-стэрлінг, японская ена), якія выконваюць функцыю сусветных грошай. Пры іх дапамозе людзі розных краін могуць гандляваць”. Уладзімір Генадзьевіч пагадзіўся з адказамі вучняў і даў ім параду: “Каб добра запомніць функцыі грошай, неабходна запомніць звязку з трох слоў: цэннік, кашалёк, глобус”.
“Ёсць валюты, пра існаванне якіх вы, напэўна, і не здагадваецеся, — адзначыў далей настаўнік. — У Мікранезіі, гэта астравы ў Акіяніі, на востраве Яп дзейнічае каменная валюта “фэі” — самая цяжкая ў свеце. Вага асобных манет (вялікіх каменных дыскаў) дасягае некалькіх тон. Зараз мы адправімся на востраў Яп і паспрабуем завалодаць гэтымі грашыма”. Уладзімір Генадзьевіч арганізаваў фізкультхвілінку, падчас якой дзеці, нібыта абарыгены вострава Яп, паўтаралі за настаўнікам усе дзеянні: станавіліся на дыбачкі, каб вымераць велічыню каменнага дыска, спрабавалі падняць яго і зрушыць з месца. Але нічога ў іх не атрымлівалася. Што рабіць? Для таго каб абазначыць прыналежнасць грошай, жыхарам вострава Яп даводзілася рабіць на дысках насяканні. Вучні ўзялі ў рукі ўяўныя сякеры і паказалі, як робяць гэта астравіцяне.
Наступным на ўроку было заданне “Збяры піраміду”. Вучні заканспектавалі алгарытм узнікнення грошай у выглядзе піраміды, праверылі работу адно аднаго і агучылі алгарытм: абмен таварамі, таварагрошы, першыя грошы, папяровыя грошы, электронныя грошы. “А што б вы размясцілі ў самым версе піраміды?”— запытаў настаўнік. Старшакласнікі здагадаліся, што там павінны быць біткойны.
***
“А зараз паглядзіце на грошы, якія я трымаю ў руках, — сказаў Уладзімір Генадзьевіч. — Вось беларуская купюра ў 50 рублёў (2000 года). Мы бачым на ёй выяву Брэсцкай крэпасці-героя (уваход у мемарыял і Холмскія вароты). І старую манету ў пластмасавай скрыначцы з выявай рыбак, што гаворыць пра яе азіяцкае паходжанне, з надпісам “20 рублёў” (серабро 925 пробы). Чым адрозніваюцца гэтыя грошы? 50 рублёў каштуе столькі, колькі каштуе папера, фарбы і вадзяныя знакі, затрачаныя на выраб купюры. А манета каштуе як мінімум столькі, колькі 2,5 грама серабра 925 пробы. 50 рублёў мы можам назваць сімвалічнымі грашыма, а манету — натуральнымі, бо яе можна прадаць. У сярэдневякоўі ў абарачэнні былі залатыя і сярэбраныя манеты. З часам людзі зразумелі, што манеты можна вырабляць з бронзы, алюмінію, паперы — іншымі словамі, выкарыстоўваць сімвалічныя грошы. Вы купіце ў мяне за 10 рублёў купюру ў 50 недамінаваных беларускіх рублёў? А вось гэтую манету? Упэўнены, што пасля сённяшніх заняткаў вы адрозніце натуральныя грошы ад сімвалічных”.
Вельмі дарагія манеты з высакаякаснага серабра выкарыстоўваліся ў Х стагоддзі — гэта арабскія дырхемы. Часам, каб расплаціцца за тавар, іх дзялілі на палавінкі, на чвэртачкі. “Здагадайцеся, чаму ў дарагіх арабскіх манетах рабілі адтуліну? — запытаўся настаўнік. — Так, гэтыя манеты насілі ў якасці караляў. Заможныя арабскія дзяўчыны ўпрыгожвалі сябе каралямі з дырхемаў. Гэта той выпадак, калі манеты з’яўляюцца таварам”.
Існуе вялікая разнастайнасць папяровых грошай. Настаўнік прадэманстраваў на слайдзе банкноты Расійскай імперыі з выявай герба, аўстралійскі долар з выявай Каралевы Вялікабрытаніі (Аўстралія раней была Брытанскай калоніяй), 50 грывен з выявай знакамітага ўкраінскага гісторыка, прафесара, змагара за ўкраінскую незалежнасць Міхаіла Грушэўскага і вельмі незвычайную купюру — 100 трыльёнаў зімбабвійскіх долараў. Уладзімір Генадзьевіч нагадаў, што на грошах таксама размяшчаюць партрэты вядомых спартсменаў, напрыклад, купюру ў 5 фунтаў стэрлінгаў у Паўночнай Ірландыі ўпрыгожвае партрэт знакамітага футбаліста Джорджа Бэста. А ў В’етнаме на адной з банкнот — выява трактара. На некаторых манетах намаляваны ракавіны, якія тысячы гадоў назад былі тавараграшыма. Згадаў настаўнік і пра ранейшых беларускіх “вавёрачак”, “зайчыкаў”, “зуброў” і “рысяў”.
Вывучэннем манет і грашовага абарачэння займаецца нумізматыка. Ёсць і асобная дысцыпліна баністыка, якая вывучае папяровыя грошы. Для таго, хто збірае і вывучае манеты, асноўным паняццем з’яўляецца пярэдні (аверс) і адваротны (рэверс) бок манеты. На пярэднім баку, як правіла, знаходзіцца партрэт пэўнай асобы, напрыклад, імператара, а на адваротным баку — герб. Калі на манеце няма партрэта, значыць, аверсам будзе герб, а адваротны бок — рэверсам.
“Звярніце ўвагу на карту Беларусі, тэрыторыя якой усеена чорнымі кропкамі, — адзначыў настаўнік. — Так абазначаны месцы знаходжання скарбаў. Сёння на тэрыторыі Беларусі знойдзена больш за 1000 манетных скарбаў. Навошта ўвогуле людзі іх робяць?” Дзеці здагадаліся: “Каб не забралі манеты ворагі, што напалі на зямлю”. “Сапраўды, самая вялікая колькасць скарбаў у Беларусі звязана з войнамі, — пагадзіўся Уладзімір Генадзьевіч. — Аднойчы са мной здарылася цікавая гісторыя. Будучы студэнтам 2 курса, у складзе археалагічнай экспедыцыі я адправіўся ў Мастоўскі раён даследаваць помнік каменнага веку. Пасляліліся мы ў вясковай хаце, на ўчастку каля хаты расла бульба. Выкопваючы бульбіну за бульбінай, мы выпадкова натыкнуліся на скарб — у керамічным гаршку знайшлі больш за 200 нямецкіх манет, якія былі ў абарачэнні на тэрыторыі Беларусі падчас нямецкай акупацыі ў 1941 — 1944 гадах. Гэта былі дробныя манеты, якія чаканіліся з танных металаў — нікелевых або алюмініевых сплаваў. Тым не менш іх навуковая каштоўнасць даволі высокая. Калекцыя зараз захоўваецца ў нумізматычным кабінеце БДУ”.
Уладзімір Генадзьевіч прапанаваў паглядзець урывак з фільма пра нумізматычны кабінет гістарычнага факультэта БДУ, у якім адлюстравана гісторыя грашовага абарачэння на тэрыторыі Беларусі. У роліку, напрыклад, гаворка ішла пра манеты “грошы”, якія з ХIV стагоддзя былі распаўсюджаны на тэрыторыі ВКЛ, чаканіліся ў Чэхіі, недалёка ад Прагі. У музеі гістарычнага факультэта захоўваецца больш за 60 скарбаў, адзін з найцікавейшых — з Лагойскага раёна. Уладальнік скарба быў нумізматам, закапаў яго прыкладна ў канцы першай чвэрці XVII стагоддзя. У знаходцы прадстаўлены манеты амаль 30 дзяржаў. Ёсць сярод іх і залатая манета Турцыі.
“Беларускія археолагі і гісторыкі склалі вузкую перыядызацыю грашовага абарачэння ў Беларусі, вылучыўшы 11 такіх перыядаў, — падкрэсліў настаўнік. — Асобную ўвагу звяртаю на грыўны, якія таксама былі распаўсюджаны на Беларусі ў XII—XIV стагоддзях. Слова “грыўна” паходзіць ад слова “грыва” — так у сярэдневякоўі называлі шыю. Прыгажуні насілі на шыі цяжкія сярэбраныя ўпрыгажэнні — грыўны, што лічылася вельмі прэстыжным. З гэтай назвай звязана і адпаведная назва плацежнага сродку — зліткаў з серабра”.
“Каб сістэматызаваць тое, пра што мы даведаліся падчас урока, складзіце, калі ласка, грашовы слоўнік, — прапанаваў настаўнік. — Размясціце ў сваіх сшытках наступныя словы па алфавіце: аверс, баністыка, грыўна, грошы, дырхем, намінал, нумізматыка, рэверс, скарб.
Кожнаму дайце кароткае азначэнне. А дома пачытайце, калі ласка, параграф № 8 падручніка. Рэкамендую таксама азнаёміцца з кнігай класіка беларускай нумізматыкі Валянціна Навумавіча Рабцэвіча “Аб чым расказваюць манеты”. Бачу, што ёсць жадаючы падрыхтаваць паведамленне на тэму “Біткойн: сутнасць сістэмы”. У апошнія хвіліны ўрока настаўнік пазнаёміў вучняў са сваёй нумізматычнай калекцыяй — папяровымі бонамі і металічнымі манетамі. Найбольш актыўным юнакам і дзяўчатам ён паставіў “дзявяткі” і “дзясяткі”.
***
“Асноўная мэта і задачы сённяшняга ўрока па тэме “Грошы”, якія я перад сабой акрэсліў, мне здаецца, былі выкананы, — адзначыў настаўнік. — Я падрыхтаваў прэзентацыю, але з тэкстам падручніка вучні таксама працавалі. Падчас урока яны перакладалі медыятэксты ў слоўную інфармацыю, расшыфроўвалі звесткі, схаваныя ў пэўных карцінках. Прасочвалася і міжпрадметнасць, напрыклад, з лінгвістыкай, калі мы гутарылі пра паходжанне слоў. Фізкультхвілінку мне ўдалося арганічна ўключыць у кантэкст урока, таму яна атрымалася з элементамі анімацыі.
Выбар інструментаў для правядзення кожнага ўрока вар’іруецца мной і ў залежнасці ад настрою, і ад класа, у якім праводжу ўрок, і ад тэмы, што разглядаецца. Люблю выкарыстоўваць прыёмы работы з рэчавымі крыніцамі (“рэканструкцыя дзейнасці”, “дакраніся да эпохі”), дэманструю шмат наглядных сродкаў. Надзвычай эфектыўны прыём “мазгавы штурм”, які вельмі добра працаваў, калі я вёў у школе гурток інтэлектуальных гульняў (брэйн-рынг, “Што? Дзе? Калі?”). На ўроках часта звяртаюся да ўласнага жыццёвага вопыту. А педагагічную строгасць, якая мне ўласціва, заўсёды разбаўляю пэўнай доляй жарту, што дазваляе вучням крышку разняволіцца і настроіцца на бадзёры рытм заняткаў”.
Педагог па прызванні, археолаг у душы
Значны ўплыў на прафесійны выбар настаўніка гісторыі і грамадазнаўства Уладзіміра Генадзьевіча Тылецкага аказалі школьныя педагогі, апантаныя сваёй прафесіяй і прадметам, які выкладалі. Уладзімір Генадзьевіч — выпускнік Гатаўскай сярэдняй школы. Пасля заканчэння гістарычнага факультэта БДУ па спецыяльнасці “Гісторык-археолаг. Выкладчык гісторыі і сацыяльна-гуманітарных дысцыплін” вярнуўся працаваць у родную школу, дзе і зараз выкладаюць педагогі, у якіх ён вучыўся. Жыццёвая непасрэднасць, пачуццё гумару, творчы падыход да справы вылучаюць Уладзіміра Генадзьевіча. У школе ён адразу праявіў сябе не толькі як таленавіты педагог, але і як удзельнік творчай самадзейнасці. Быў, напрыклад, незаменным Дзедам Марозам на святочных мерапрыемствах, сыграў старшыну Васкова з аповесці “А золкі тут ціхія” і некалькі іншых цікавых роляў у літаратурна-музычных кампазіцыях. Пасля паспяховага ўдзелу ў прафесійным конкурсе “Настаўнік года” Уладзіміру Генадзьевічу прапанавалі ўзначаліць школу. На той момант яму споўнілася 25 гадоў. Але і будучы дырэктарам, ён, напрыклад, з радасцю гуляе ў футбол з камандай настаўнікаў, якая спаборнічае з вучнёўскай. Вучэбная нагрузка педагога складае 8 гадзін у тыдзень. Акрамя таго, Уладзімір Генадзьевіч працуе з высокаматываванымі дзецьмі ў профільнай групе 11 класа, дзе рыхтуе вучняў да здачы ЦТ па гісторыі, з удзельнікамі алімпіяд, а таксама з тымі, хто зацікаўлены ў падрыхтоўцы даследчых работ.
Уладзімір Генадзьевіч удзельнічаў у больш чым 20 археалагічных экспедыцыях на тэрыторыі Беларусі і за мяжой, мае навуковыя публікацыі па археалогіі, друкуецца ў педагагічных выданнях.
“У археолагаў няма мэты знайсці нешта матэрыяльнае, для іх галоўнае — выканаць задачы даследавання, адказаць на канкрэтныя пытанні, напрыклад, якім быў абрад пахавання, ці якія сувязі ў пэўны перыяд мелі паміж сабой тыя або іншыя рэгіёны і г.д., — сказаў настаўнік. — Часам не рэчы, а, напрыклад, колер і адценне зямлі могуць многае расказаць пра пэўную мясцовасць. Прычым для археолага значэнне маюць не столькі атрыманыя даныя, колькі іх інтэрпрэтацыя. Пра што вам раскажа простая манета? Паглядзеўшы на яе, вы, магчыма, вызначыце, у якім годзе яна была адчаканена і хто або што на ёй адлюстравана. Але калі вы даведаецеся, дзе і ў якіх умовах яна захоўвалася, то атрымаеце каштоўныя навуковыя звесткі”.
У кожнага гісторыка ёсць свой любімы перыяд. Як педагог Уладзімір Генадзьевіч любіць найноўшы час і першую палову ХХ стагоддзя (20—30-я гады), а як даследчык-археолаг — перыяд Х—ХІІІ стагоддзяў. Археалогія — скарбонка гістарычных навуковых даных. Метады ў археалогіі не такія, як у гісторыі. Хтосьці гаворыць, што археалогія — гэта частка гісторыі, хтосьці — што гэта самастойная гістарычная дысцыпліна ці нават навука.
Са студэнцтва Уладзіміру Генадзьевічу запомніліся раскопкі на паўночным усходзе Польшчы, дзе ў складзе групы ён вывучаў пахаванні I тысячагоддзя н.э., а таксама ўдзел у экспедыцыі Эрмітажа ў Растоўскую вобласць на раку Дон (востраў Ракушачны Яр), дзе даследаваў неалітычнае пасяленне. Двойчы быў заняты ў архелагічных школах у Татарстане ў старажытным горадзе Болгар, дзе займаўся эксперыментальнай археалогіяй. У Жабінкаўскім раёне даследаваў пахаванні готаў на тэрыторыі Беларусі — вельбарскай археалагічнай культуры. У апошнія тры гады на раскопкі з ім ездзяць вучні і іх бацькі. Разам яны вывучалі курганную групу Наўры — старажытнарускія пахаванні ў Мядзельскім раёне і курганныя пахаванні каля Кастыкаў у Вілейскім раёне. Такія паездкі аказваюць вялікі станоўчы выхаваўчы ўплыў на дзяцей: пражыванне ў лесе, сумесная творчая справа і пошукі, адзіная мэта даследавання — што можа лепш аб’яднаць калектыў!
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.