Вельмі важна менавіта ў дашкольным узросце данесці да дзіцяці паняцце энергазберажэння. Але як пазнаёміць малышоў з асновамі такой складанай навукі на даступным узроўні? У пошуках рашэння гэтай праблемы наша дашкольная ўстанова выкарыстала метад праектаў, які дазволіў паглыбіць вывучэнне праблемы энергазберажэння, эканомнага выкарыстання розных відаў энергіі, зразумець ролю энергіі ў грамадстве.
У бягучым навучальным годзе з выхаванцамі старшай групы быў распрацаваны і рэалізаваны праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні “Эканомім разам, дружна”.
У ходзе праекта сумесна з педагогамі, выхаванцамi і бацькамі стварылі інтэрактыўны гульнявы дапаможнік “Домік-эканомік”.
На занятках гуртка зрабілі макет доміка, а дарослыя дапамаглі яго змайстраваць. На даху нашага доміка-эканоміка мы ўсталявалі сонечныя батарэі — для святла і падагрэву вады. У гэтым нам дапамагла мама аднаго з выхаванцаў, якая працуе электрыкам. Яна ж прапанавала выкарыстаць у доміку не простыя, а святлодыёдныя лямпачкі. Пры дапамозе прыбора амперметра яна паказала, што святлодыёдныя лямпачкі ўжываюць менш электрычнасці. Затым адна дзяўчынка заўважыла, што ў іх у пад’ездзе святло гарыць не ўвесь час, а толькі калі хтосьці ўваходзіць, бо ў іх стаяць датчыкі руху. Мы вырашылі ў сваім лялечным доміку-эканоміку на верандзе таксама паставіць датчыкі руху. А яшчэ бацькі расказалі нам пра ўласцівасць фольгі праводзіць электрычны ток. З яе дапамогай мы падключылі тэлевізар да сонечнай батарэі. За батарэямі ўсталявалі светлую фольгу — гэта прапанавала адно з дзяцей, якое бачыла гэта ў сябе дома. “А як нам у домік правесці ваду, водаправод жа мы не зможам падвесці?” — пыталіся дзеці. У экадамах выкарыстоўваюць дажджавую ваду. Вырашылі, што пад зліў з даху паставім бочку, а сабраную ваду падвядзём да доміка. Для падключэння святла ў гаражы мы выкарыстоўвалі ветраны млын. Як ён працуе, дзеці бачылі на занятках.
Вядома, сонечныя батарэі, ветраны млын і ўсё астатняе ў доміку-эканоміку ўсталявалі дарослыя. І вось які эканомны дом у нас атрымаўся.
А што калі выкарыстоўваць нашы веды па эканоміі энергіі ў дзіцячым садзе? Мы падумалі і вырашылі памяняць лямпачкі, намаляваць знакі, плакаты, якія будуць нагадваць дзецям і дарослым аб эканоміі вады, цяпла і электраэнергіі.
У нашых групах зараз не толькі дзяжураць па сталовай, кутку прыроды і на занятках, але ёсць і дзяжурныя энергетыкі, якія сочаць за тым, як дзеці і дарослыя выконваюць правілы эканоміі. У дадатак да інтэрактыўнага гульнявога дапаможніка “Домік-эканомік” педагогамі былі распрацаваны два комплексы інтэрактыўных гульняў, прызначаныя як для групавой, так і для індывідуальнай работы з выхаванцамі.
Такія формы работы далі магчымасць праз цікавую, пазнавальную дзейнасць данесці да кожнага выхаванца такія складаныя паняцці, як “эканоміць”, “берагчы”, “электраэнергія”. Выхаванцы набылі навык разумнага спажывання электраэнергіі, яны сталі актыўнымі “берагошамі”, навучыліся заўважаць страту электраэнергіі дома і паведамляць пра гэта бацькам.
Таццяна БАГОЙЛА,
выхавальніца ясляў-сада № 1 Жыткавіч Гомельскай вобласці.