Для кожнага чалавека дзяцінства — гэта шчаслівы і бестурботны час. Узгадайце, чым вы займаліся, калі былі маленькімі? Безумоўна, гулялі — дома ці на дварэ, з сябрамі ці сам-насам — у сваіх думках і разважаннях. Мне заўсёды было цікава, ці паўплываў той час, які мы праводзілі за гульнёй, на тое, кім мы сталі сёння? Ці мая любоў да гульні ў школу са старэйшымі сёстрамі паклала пачатак маёй мары стаць настаўніцай замежнай мовы з мэтай перадаць вучням не толькі свае веды, але і любоў да сваёй радзімы, сусвету і чалавека? Сапраўды, так.
Калі дзіця пераступае парог школы, яно, безумоўна, адчувае тую сур’ёзнасць і адказнасць, якую прадугледжвае адукацыя. На занятках вучні засвойваюць вялікі аб’ём інфармацыі, які трэба зразумець і звязаць з раней вывучаным, каб рухацца далей. Што дапамагае мне, настаўніку англійскай мовы, ствараць нябачную нітачку, якая звязвае важнасць і складанасць новага жыццёвага этапу дзіцяці з радасцю бесклапотнага дзяцінства? Гэта гульня.
Менавіта праз яе маім вучням больш звыкла знаёміцца з навакольным асяроддзем, пазнаваць усё новае без страху і сарамлівасці, з захапленнем і зацікаўленасцю. Падчас гульні на ўроках англійскай мовы яны трапляюць у міжкультурнае асяроддзе, якое дазваляе ў актыўнай дзейнасці ацаніць трываласць сваіх ведаў і прывесці іх у сістэму.
Гульня — віртуальнае падарожжа, гульня-экскурсія, ролевыя, настольныя, гульні на платформе Web 2.0 LearningApps. org — вось далёка не поўны пералік таго, што дазваляе мне зацікавіць вучняў, зрабіць урок даступным, інфармацыйным і выніковым. Галоўнай мэтай правядзення сваіх урокаў стаўлю фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў, развіццё іх лагічнага мыслення, выхаванне гарманічнай і творчай асобы.
Дасягнуць гэтай мэты мне дапамагае гульня, якая павышае пазнавальную актыўнасць школьнікаў, стварае перадумовы для атрымання якасных ведаў, паляпшае працаздольнасць і садзейнічае фарміраванню іх актыўнай жыццёвай пазіцыі. Таму гульнявыя элементы я выкарыстоўваю на розных этапах урока: увядзенне ў камунікатыўную сітуацыю ўрока, тлумачэнне новага граматычнага і лексічнага матэрыялу, праверка дамашняга задання, замацаванне і паўтарэнне, а таксама на этапе рэфлексіі.
Але гульня не мае сэнсу, калі яна не накіравана на выхаванне асобы вучня. У адпаведнасці з канцэпцыяй вучэбнага прадмета “Замежная мова”, выхаваўчая мэта маіх урокаў накіравана на развіццё гуманістычных каштоўнасных арыентацый вучняў, уменняў ажыццяўляць зносіны ў кантэксце дыялогу культур, фарміраванне псіхалагічнай гатоўнасці да міжмоўнай міжкультурнай камунікацыі. І калі на маіх уроках узнікае псіхалагічны моўны бар’ер, нягледзячы на тое, што вучні маюць трывалы граматычны і лексічны падмурак, вырашаць гэтую праблему мне дапамагаюць гульні. Нават вывучэнне фразавых дзеясловаў і словаўтварэння ў старшых класах успрымаюцца вучнямі з захапленнем. Яны ў інтэрактыўным рэжыме складаюць дыялогі, адказваюць на пытанні, уступаюць у дыялог з суразмоўцам, вучацца адстойваць асабістую думку. Такім чынам, авалодваючы англійскай мовай як сродкам міжкультурнай камунікацыі, вучні атрымліваюць трывалыя веды, развіваюць свядомае стаўленне да сваіх дзеянняў, паважлівыя адносіны да сябе і іншых, далучаюцца да дыялогу культур.
Менавіта гульні на ўроках абудзілі ў маёй вучаніцы Лізаветы Берасневіч жаданне паспрабаваць стварыць свае настольныя гульні з мэтай папулярызацыі беларускай ідэнтычнасці. Жаданне ператварылася ў сапраўдную працу, у якой васьмікласніца правяла даследаванне ролі гульні не толькі ў жыцці чалавека, але і ў вывучэнні англійскай мовы. Першыя гульні былі, як першыя крокі дзіцяці, няўмелыя і недасканалыя. Але сёння ў калекцыі Лізаветы, вучаніцы 9 класа, больш за 20 гульняў.
Яна з задавальненнем вядзе перапіску ў інтэрнэце з замежнымі сябрамі, абмяркоўваючы нацыянальныя сімвалы Рэспублікі Беларусь, яе традыцыі, і дзеліцца інфармацыяй аб знакамітых людзях нашай краіны і сваёй маленькай радзімы. Усведамляючы, з якімі цяжкасцямі сустракаюцца дзеці-інваліды, Лізавета падарыла некаторыя настольныя гульні дзяўчынцы з абмежаванымі магчымасцямі, якая вучыцца дома. Цяпер Віка з захапленнем паглыбляе свае веды.
“Чаму гульня?” — запытала я аднойчы ў Лізаветы. У адказ пачула: “Гульня — гэта тое, што любяць усе: і дарослыя, і дзеці. Хачу, каб людзі ўсяго свету ведалі нашу краіну. Мару пра тое, каб спыніліся ўсе войны на зямлі, каб дзеці не плакалі ад страты сваіх родных. Я вывучаю англійскую мову для таго, каб паспрабаваць узвесці масты ўзаемаразумення паміж людзьмі з розных краін”.
Мне як настаўніку прыемна ўсведамляць, што работа, якая выконваецца штодня, мае вялікі сэнс. І калі атрымліваецца заматываваць вучняў не толькі на актыўнае вывучэнне матэрыялу, але і на самаразвіццё і даследчую дзейнасць, значыць, усё зроблена правільна.
Святлана КАЛЯДА,
настаўніца англійскай мовы, настаўнік-метадыст сярэдняй школы № 6 Жодзіна.