Актыўнае навучанне для пазнавальнай дзейнасці

На сучасным этапе развіцця школьнай адукацыі праблема актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў набывае асабліва важнае значэнне ў сувязі з высокімі тэмпамі развіцця і ўдасканалення навукі і тэхнікі, патрэбай грамадства ў людзях адукаваных, здольных хутка арыентавацца ў акалічнасцях.

Выкананне такіх задач становіцца магчымым толькі ва ўмовах актыўнага навучання, якое стымулюе разумовую дзейнасць навучэнцаў. Актыўнае навучанне, якое ажыццяўляецца з дапамогай актыўных метадаў, спрыяе фарміраванню пазнавальнай цікавасці да набыцця ведаў і вучэбнай дзейнасці.

Адным з такіх актыўных метадаў у хіміі з’яўляецца выкарыстанне ІТ. Прымяненне сучасных інфармацыйных тэхналогій у навучанні істотна дапаўняе традыцыйныя погляды на методыку выкладання хіміі, структуру і арганізацыю вучэбнай дзейнасці, робіць вывучэнне прадмета больш цікавым, відовішчным. Для паспяховага навучання школьнікаў неабходна выклікаць у навучэнцаў цікавасць да авалодання ведамі.

Найвышэйшая ступень цікавасці — гэта захапленне. Навучэнцы з высокім узроўнем пазнавальнай актыўнасці, выкарыстоўваючы інтэрнэт, атрымліваюць пашыраны доступ да інфармацыі, якая іх цікавіць. Яны самастойна шукаюць паведамленні аб правядзенні конкурсаў, алімпіяд.

У вывучэнні школьнага курса хіміі вылучаюць некалькі асноўных кірункаў, дзе апраўдана выкарыстанне вучэбных камп’ютарных мадэлей: нагляднае прадстаўленне аб’ектаў; вывучэнне вытворчасцей хімічных прадуктаў; мадэляванне хімічнага эксперымента, хімічных рэакцый.

З першых урокаў вывучэння курса хіміі вучэбныя камп’ютарныя мадэлі могуць стаць неацэннымі памочнікамі, напрыклад, пры вывучэнні будовы атамаў, тыпаў хімічнай сувязі, будовы рэчыва, тэорыі электралітычнай дысацыяцыі, механізмаў хімічнай рэакцыі і інш.

Напрыклад, камп’ютарная праграма “Хімія для ўсіх” актуальна ў тых выпадках, калі няма магчымасці па нейкіх прычынах ажыццявіць лабараторныя работы ў рэальных умовах і няма магчымасці ў рэальнасці пазнаёміцца з тэхналагічнымі працэсамі, якія вывучаюцца.

Выкарыстанне розных камп’ютарных сродкаў на ўроках хіміі маюць наступныя вартасці:

— паляпшаецца нагляднасць падачы матэрыялу за кошт колеру, гуку;

— дэманструюцца хімічныя доследы, якія небяспечны для здароўя дзяцей (напрыклад, доследы з атрутнымі рэчывамі);

— паскараецца тэмп урока;

— навучэнцы праяўляюць цікавасць да прадмета і лёгка засвойваюць матэрыял.

Навучэнцы, вывучаючы інфармацыйныя тэхналогіі на ўроках інфарматыкі, могуць ужо самі стварыць прэзентацыю па асобным матэрыяле падручніка хіміі, зняць відэа са сваімі дэманстрацыйнымі хімічнымі доследамі.

У адрозненне ад іншых стымулаў такога роду цікавасць да прадмета ў вельмі высокай ступені павышае эфектыўнасць заняткаў, актыўней адбываецца навучанне школьнікаў і вынікі іх лепшыя.

Яўгенія ГУДАЧ,
настаўніца хіміі Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.