Брацца за больш складаныя задачы

“Не так даўно праглядала свае школьныя дзённікі, анкеты, якія засталіся з пачатковай школы, і заўважыла цікавую рэч: ва ўсіх гэтых запісах у якасці будучай прафесіі я выбірала прафесію настаўніка, — адзначае настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 4 Мінска Таццяна Андрэеўна Вайцяховіч. — У сярэдніх і старшых класах такога не было.

Як і многія падлеткі, я не ведала, чаго хацела ад жыцця і кім хачу быць. У выніку выбрала тое, што цікавіла больш за ўсё. З дзяцінства займалася народнымі спевамі, удзельнічала ў абрадавых святах, беларуская мова была мне блізкая, навучанне ў школе праходзіла на роднай мове. Да таго ж, настаўнікі былі вельмі добрыя, асабліва філолагі, яны і паўплывалі на мой прафесійны выбар”.

Нарадзілася Таццяна Вайцяховіч у аграгарадку Мірны, што ў Брэсцкай вобласці пад Баранавічамі. Там жа хадзіла ў агульнаадукацыйную і музычную школы, наведвала заняткі ў доме культуры. Пасля паступлення ў БДУ яшчэ некаторы час працягвала займацца на малой радзіме сваімі творчымі захапленнямі, але хутка з галавой акунулася ў вучобу і прыязджаць дамоў стала радзей. Калі Таццяна вучылася ў БДУ, не думала, што стане настаўніцай. Але ёй так спадабалася на педагагічнай практыцы ў школе, што пасля ўжо і не цікавілася нічым іншым. Дзяўчына любіць сваю прафесію за магчымасць працаваць з дзецьмі. Па яе меркаванні, на гэтай рабоце нельга сумаваць, бо атрымліваеш асалоду ад цікавых зносін з вучнямі. Зразумела, што не абыходзіцца і без непаслухмянства з боку дзяцей, але яно часовае і хутка забываецца.

Пасля заканчэння ўніверсітэта тры гады назад Таццяна Вайцяховіч уладкавалася ў сярэднюю школу № 4 Мінска — установу са сваімі традыцыямі, якой у гэтым го­дзе спаўняецца 115 гадоў! Нядаўна Таццяна атрымала другую кваліфікацыйную катэгорыю. Зараз праходзіць перападрыхтоўку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва па спецыяльнасці “Рэжысура абрадаў і свят”, навучанне скончыцца ў наступным годзе. Таму мэт і задач у маладой настаўніцы дастаткова.

“У першую чаргу, мая задача — бесперапынна развівацца ў прадмеце, які выкладаю, знаходзіць новую цікавую інфармацыю для правядзення сваіх урокаў, вывучаць метадычную літаратуру, — гаворыць Таццяна. — Мяркую, трэба брацца за падрыхтоўку найбольш матываваных вучняў да навуковых канферэнцый і алімпіяд. Хацелася б распрацаваць тэму, звязаную з народнымі абрадамі, святамі. У гэтым навучальным годзе мы ставілі з вучнямі батлейку. Пакуль у нас толькі адзін спектакль у рэпертуары, але планую і надалей далу­чаць захопленых і нераўнадушных вучняў да беларускай народнай культуры, адраджаць забытыя традыцыі.

Мая асноўная мэта — зрабіць вучэбны працэс камфортным для ўсіх. Шукаю кампрамісы. Каб знайсці кантакт з тымі, хто побач, часам трэба прыкласці шмат намаганняў. З калегамі падтрымліваю сяброўскія адносіны. Знаходжу ўзаемаразуменне і з дзецьмі. У гэтым дапамагае мой узрост, для добразычлівых адносін з дзецьмі не заўсёды маюць значэнне вялікі педагагічны стаж і багаты вопыт работы. А вось падтрымліванне дружалюбных кантактаў з баць­камі для мяне самае складанае. Бывае, бацькам трэба агучыць заўвагу аб непрымальных паводзінах іх дзяцей ці аб іх недобрасумленнай падрыхтоўцы да заняткаў. Тэлефанаваць даводзіцца людзям, якія гадоў на 15 старэйшыя за мяне. Безумоўна, у гэты момант прысутнічае і няўпэўненасць у сабе. Або, калі бацькі звяртаюцца да мяне за парадай, адразу думаю: “Ці магу я штосьці вартае параіць, калі ў мяне самой яшчэ вопыту мала, як педагагічнага, так і жыццёвага”. Але, як бы там ні было, мы знаходзім паразуменне з бацькамі, бо, як кажуць, робім з імі адну справу, ідзём да адной мэты: выхаваць адукаваную, усебакова развітую асобу дзіцяці”.

Таццяна Вайцяховіч імкнецца прымяняць на ўроках электронныя адукацыйныя рэсурсы і медыйныя сродкі. Дыпломную работу ва ўніверсітэце яна пісала якраз па гэтай тэме. У дамашнія заданні педагог уключае заданні на пошукава-творчую дзейнасць або прапануе дзецям выка­заць свае думкі, падрыхтаваць вуснае выказванне.

“Заўважыла за сабой, што лепш за ўсё атрымліваецца развівацца прафесійна, калі мне давяраюць якую-небудзь складаную задачу, — гаворыць педагог. — Мяне гэта натхняе і заахвочвае, груз адказнасці не дае расслабіцца. Я пачынаю прыдумваць новыя ідэі або шукаць іх на прасторах інтэрнэту ці ў прафесійных выданнях. У пачатку прафесійнай дзейнасці перада мной адразу паставілі няпростую задачу: ­стаць класным кіраўніком. Мне хацелася даць дзецям максімум таго, што магу. Маю вопыт удзелу ў конкурсе маладых педагогаў “Будучыня ў сучасным”. Асабліва цікава пры падрыхтоўцы да конкурсу было здымаць відэаўрок. Сёння гэта вельмі актуальна. Я заняла чацвёртую пазіцыю ў фінале па Ленінскім раёне Мінска сярод 22 удзельнікаў. Мабыць, гэта і ёсць самы дзейсны спосаб самаразвіцця: спрабаваць нешта новае і кожны раз брацца за больш складаныя задачы.

Прафесія педагога стрэсавая і непрадказальная. Ніводнага дня не праходзіць без хваляванняў і нечаканасцей. Куды ж без гэтага, калі побач з табой шмат дзяцей. Па загадзя вызначаным плане з імі немагчыма ўзаемадзейнічаць, бо кожную хвіліну ўсё можа змяніцца. Да гэтага прывыкаеш і вучышся хутка перастройвацца. З прычыны ўзросту я эмацыянальна рэагую на ­стрэсавыя моманты, не з усімі сітуацыямі магу справіцца, часам магу і расплакацца, але так, каб ніхто не бачыў.

Настаўніку складана абстрагавацца ад работы, неабходна заўсёды трымаць высокую планку. Але нават ад самай любімай справы трэба ўмець адпачываць, каб пасля больш якасна і заўзята брацца за яе зноў. Тады і натхненне прыходзіць на новыя ­здзяйсненні. Ад настрою настаўніка і яго гатоўнасці вучыць залежыць настрой дзяцей. На занятках не раз заўважала, што вучні адчуваюць і пераймаюць мой настрой, маю арганізаванасць і манеру паводзін. Таму, лічу, вельмі важна быць упэўненай і спакойнай, каб дзяліцца гэтым станам са сваімі вучнямі”.

Надзея ЦЕРАХАВА.