Двайны эфект

Настаўнік геаграфіі і гісторыі сярэдняй школы № 18 Гродна Яўген Котусеў мае невялікі стаж работы (5 гадоў), але дастатковы, каб лічыцца дарослым педагогам. Хаця насамрэч ён даўно вырас. І тое, што праводзіў майстар-клас на апошнім рэспубликанскім калядным фестывалі педагагічнага майстэрства, які праходзіў у канцы мінулага года на базе АПА, — яркае таго пацвярджэнне. Яўген Мікалаевіч дзяліўся з калегамі сваім вопытам у арганізацыі і правядзенні бінарных урокаў гісторыі. А сёння ён суразмоўнік нашай газеты.

У сваёй сям’і Яўген Мікалаевіч — першы педагог, але яго дзед быў гісторыкам, таму цікавасць да гісторыі, геаграфіі перадалася і ўнуку. “Мне заў-сёды падабаліся гісторыя і геаграфія, таму, калі прыйшоў час вызначацца з прафесіяй, вырашыў стаць настаўнікам. У школе працую з 5 курса. Першы год працаваў у сярэдняй школе № 38 Гродна, затым — у базавай школе № 14 Гродна. Цяпер настаўнічаю ў 18-й гродзенскай школе”, — расказаў Яўген Мікалаевіч.

Напачатку, як і ўсе настаўнікі-пачаткоўцы, працаваў у межах класічнага ўрока, але праз некаторы час далучыўся да праекта (ініцыятывы) дырэктара базавай школы № 14 Таццяны Аляксандраўны Галавенка, якая прапанавала паспрабаваць праводзіць бінарныя ўрокі. На той час такія ўрокі былі проста неабходны, бо ў школе было шмат інтэграваных класаў. Арганізаваць урок у класе, дзе частка дзяцей вучыцца па звычайных праграмах, а другая частка — па праграмах для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні (для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця), няпроста. Паколькі даводзілася ўдзяляць увагу абедзвюм катэгорыям дзяцей, а праграмы часта не супадалі, то дырэктар прапанавала паспрабаваць рабіць бінарныя ўрокі.

Бінарны ўрок — нестандартная форма навучання па рэалізацыі міжпрадметных сувязей, такі ўрок вядуць два настаўнікі. Бінарны ўрок з’яўляецца разнавіднасцю інтэграванага. Яго асаблівасці — пераказ, даследаванне праблемы аднаго прадмета знаходзіць працяг у другім; міжпрадметныя сувязі рэалізуюцца ў працэсе выкладання дысцыплін, як правіла, адной адукацыйнай галіны. Такія ўрокі — творчасць двух педагогаў, якая перарастае ў творчы працэс у навучэнцаў, бо вывучэнне нейкай праблемы на стыку дзвюх навук — гэта заўсёды цікава, такі від дзейнасці выклікае высокую матывацыю.

Як адзначаюць спецыялісты, мэта бінарнага ўрока — стварыць умовы матываванага практычнага прымянення ведаў, навыкаў і ўменняў, даць навучэнцам магчымасць убачыць вынікі сваёй працы і атрымаць ад яе радасць і задавальненне. Такія ўрокі пашыраюць межы звычайнага ўрока, а значыць, павялічваецца магчымасць развіцця творчых здольнасцей кожнага вучня. Бінарны ўрок асноўваецца на міжпрадметных сувязях, інтэграцыі прадметаў, прадугледжвае выкарыстанне розных педагагічных тэхналогій. Ён з’яўляецца важным этапам у фарміраванні светапогляду вучняў, развіцці іх мыслення, дапамагае ажыццяўляць пераемнасць пачатковага звяна і старшай школы.

“Калі мы прыступілі да рэалізацыі ідэі бінарнага ўрока, то спачатку ў нас адбылася разбіўка па шэрагу прадметаў: настаўніца матэматыкі працавала з калегай, якая выкладала хімію, настаўніца англійскай мовы працавала з настаўніцай рускай мовы і літаратуры, настаўнікі пачатковых класаў — з дэфектолагамі. Са мной у пары працаваў настаўнік гісторыі. Я вёў геаграфію, а ён — гісторыю. Асноўным прадметам была гісторыя, геаграфія — дадатковым. Зыходзячы з гэтага, мы будавалі свае ўрокі. Канечне, спачатку ўзнікалі розныя сітуацыі, але з цягам часу ў нас пачало атрымлівацца, наша сумесная дзейнасць стала эфектыўнай”, — працягваў настаўнік.

Затым ён адзначыў некалькі, напэўна, самых важных складнікаў паспяховага бінарнага ўрока: “Як паказала практыка, форма бінарнага ўрока патрабуе зладжанага ўзаемадзеяння педагогаў. Працаваць зладжана можна (зноў-такі з майго вопыту) тады, калі настаўнікі прыкладна аднаго ўзросту і маюць сяброўскія адносіны. Тут вельмі важная эмацыянальная сувязь паміж педагогамі, якая дапамагае разумець адно аднаго, як гаво-раць, з паўслова. Вы павінны быць камандай, інакш бінарны ўрок не атрымаецца. Настаўнікі, якіх аб’ядноўваюць у пары стыхійна, наўрад ці змогуць супрацоўнічаць эфектыўна. Дарэчы, пара можа быць эфектыўнай і тады, калі ў ёй працуюць вопытны і малады настаўнік”.

***

Падрыхтоўка такіх урокаў — вялікая нагрузка, таму праводзіць іх штодзень вельмі складана. Як правіла, бінарны ўрок праводзіцца некалькі разоў на чвэрць. Яўген Мікалаевіч падсумаваў: перш чым рашыцца на бінарны ўрок, трэба знайсці саюзніка сярод настаўнікаў другога прадмета, з якім будзе ладзіцца інтэграцыя. Абодвум настаўнікам трэба будзе вызначыць сумесную цікавасць у інтэграванні сваіх дысцыплін. Абодва педагогі павінны ўсведамляць, што іх чакае вялікая праца і немалыя затраты часу і сіл, значна большыя, чым пры падрыхтоўцы і правядзенні асобных урокаў.

Самае важнае на бінарным уроку — гэта тэхналогія ўзаемадзеяння двух настаўнікаў, паслядоўнасць і парадак іх дзеянняў, змест і метады прэзентацыі матэрыялу, працягласць кожнага дзеяння. Іх узаемадзеянне пры гэтым можа будавацца па-рознаму: яно можа быць парытэтным, з роўным долевым удзелам кожнага з іх, або адзін з іх можа выступаць вядучым, а другі — асістэнтам або кансультантам, ці ўвесь ўрок можа весці адзін настаўнік у прысутнасці другога як актыўнага назіральніка і госця.

Вызначаны парадак падрыхтоўкі бінарных урокаў. На першым этапе з мэтай вызначэння агульнай тэмы, якая будзе асновай такога ўрока, праводзіцца аналіз вучэбнага матэрыялу дысцыплін.

Другі этап — гэта сумеснае падрабязнае планаванне педагогамі ходу бінарнага ўрока, у якім выразна будзе вызначана роля кожнага з іх. Неабходна ведаць, што такі ўрок павінен складацца з матэрыялу, які будзе ўзаемадапаўняльным для абодвух прадметаў. Зразумела, што матэрыял не павінен дубліравацца. Добра, калі будуць распрацаваны заданні, якія дадуць навучэнцам магчымасць, выкарыстоўваючы вывучаны матэрыял на двух і больш прадметах, творча прымяніць веды, навыкі і ўменні, вырашыць даступныя ім праблемы на аснове ўзаемадзеяння, убачыць вынікі сваёй працы і атрымаць ад заняткаў радасць і задавальненне .

Трэці этап — падвядзенне вынікаў. Тут праводзіцца ацэньванне і афармленне вынікаў дзейнасці вучняў. Бінарны ўрок дапамагае ў вырашэнні наступных задач: развівае супрацоўніцтва педагогаў, спрыяе згуртаванню педагагічнага калектыву; пашырае кругагляд у вучняў і педагогаў; інтэгруе веды з розных галін; спрыяе фарміраванню ў вучняў пераканання ў складнасці прадметаў, у цэласнасці свету; служыць сродкам павышэння матывацыі да вывучэння прадметаў, бо стварае ўмовы для практычнага прымянення ведаў.

Бінарны ўрок развівае ў вучняў навыкі самаадукацыі, таму што падрыхтоўку да ўрока навучэнцы часткова могуць ажыццяўляць самастойна і ў пазаўрочны час; развівае аналітычныя здольнасці і вынаходлівасць; валодае велізарным выхаваўчым патэнцыялам; дазваляе навучэнцам прымаць рашэнні ў творчых сітуацыях; ажыццяўляе пераемнасць пачатковага звяна і старшай школы і дапамагае арганізаваць эфектыўную дзейнасць у інтэграваных класах.

***

У інтэграваных класах узаемадзеянне настаўнікаў таксама можа быць розным. Як адзначыў Яўген Мікалаевіч, адзін настаўнік можа працаваць з асноўнай часткай класа, а другі — выконваць (правяраць) заданні з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Не сакрэт, што такія дзеці патрабуюць большай увагі і кантролю, таму, калі ў інтэграваным класе працуе адзін педагог, яму вельмі цяжка арганізаваць увесь клас. Ідэя бінарнага ўрока ў 14-ю школу Гродна ў свой час прыйшла з Чэхіі, дзе ў інтэграваных класах працуюць настаўнік-прадметнік і дэфектолаг.

Бінарны ўрок у інтэграваным класе мае свае адметнасці. Пры яго арганізацыі настаўнікі таксама пішуць падрабязны сумесны план, у якім прапісваюцца тэмы як для звычайных дзяцей, так і для дзяцей з асаблівасцямі. Тое самае тычыцца мэт і задач урока. Далей урок будаваўся згодна з пастаўленымі мэтамі і задачамі. “Напрыклад, калі асноўная частка выконвала праверку дамашняга задання (адказвала на тэставыя пытанні) з адным педагогам, то другі настаўнік працаваў з дзецьмі з псіхафізічнымі асаблівасцямі індывідуальна (рабілася вуснае апытанне).

Далей, калі адбывалася вывучэнне новага матэрыялу, уся ўвага пераключалася на настаўніка, які выкладае асноўны прадмет (той, які стаяў у раскладзе). Разам з тым давалася і другая частка матэрыялу па другім, дапаможным, прадмеце. Тут трэба адзначыць, што шэраг тэм па многіх прадметах перасякаецца, але, згодна з каляндарна-тэматычным планаваннем, гэтыя тэмы вельмі далёка адна ад адной. Каб вырашыць гэтую праблему, мы звярталіся да адміністрацыі школы і праводзілі карэкціроўку свайго каляндарна-тэматычнага планавання. Канечне, каб праводзіць такія ўрокі пастаянна, трэба пераглядаць праграмы і планы. Пакуль жа найбольш спрыяльнымі для бінарных урокаў з’яўляюцца падагульняючыя і выніковыя ўрокі па вялікіх тэмах.

Напрыклад, па Старажытнай Грэцыі ў 5 класе мы рабілі сумесны ўрок з настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Быў бінарны ўрок па геаграфіі і гісторыі Беларусі, дзе з пункту гледжання гісторыі разглядалася развіццё прамысловасці і гарадоў у першай палове ХІХ стагоддзя, а з геаграфіі — фактары размяшчэння вытворчасці”, — адзначыў Яўген Мікалаевіч.

Сумяшчэнне тэм для бінарнага ўрока — адна з праблем яго арганізацыі. Узнікаюць пытанні і з адборам найбольш спрыяльных прыёмаў і метадаў для такіх урокаў. Ёсць пытанні і па адборы заданняў для кожнай групы навучэнцаў. Ну і, зразумела, асаблівае значэнне на такіх уроках набывае сінхроннасць педагогаў, іх узаемадапаўненне. Вопыт майго суразмоўніка сведчыць, што добрыя вынікі даюць тыя ўрокі, дзе частку матэрыялу рыхтуе адзін настаўнік, а другую частку — другі. Такое чаргаванне карыснае і з псіхалагічнага пункту гледжання.

***

Арганізацыя і правядзенне бінарнага ўрока патрабуе ад педагога высокага прафесіяналізму. З іншага боку, такія ўрокі могуць дапамагчы маладому настаўніку (студэнту-практыканту) стаць на прыступку вышэй. Тут гаворка ідзе пра ўрокі, дзе разам працуюць вопытны педагог і малады спецыяліст. Дарэчы, такія ўрокі могуць дапамагчы адаптавацца да новых тэхналогій і пажылым педагогам, якім няпроста наладзіць зносіны з вучэбнай тэхнікай новага пакалення. Эфект ад такой сумеснай дзейнасці відавочны.

Карыснымі будуць бінарныя ўрокі ў класах з адоранымі дзецьмі, з будучымі алімпіяднікамі. Таксама ў цяперашні час вялікая ўвага ўдзяляецца задачам фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў. Каб яе развіць, недастаткова насыціць урок умоўна-камунікатыўнымі практыкаваннямі, якія дазваляюць вырашаць камунікатыўныя задачы. Важна прадаставіць навучэнцам магчымасць думаць, вырашаць праблемы, разважаць над шляхамі вырашэння гэтых праблем. На бінарным уроку ствараюцца падобныя ўмовы развіцця навучэнцаў.

Перавагі шматпрадметнага інтэграванага ўрока перад традыцыйным відавочныя. На такім уроку можна стварыць больш спрыяльныя ўмовы для развіцця самых розных інтэлектуальных уменняў навучэнцаў, праз яго можна выйсці на фарміраванне больш шырокага сінергетычная мыслення, навучыць прымяненню тэарэтычных ведаў у жыцці, у канкрэтных жыццёвых, прафесійных і навуковых сітуацыях. Бінарныя і інтэграваныя ўрокі набліжаюць працэс навучання да жыцця.

Сёння мой суразмоўнік працуе ў звычайных класах і перавагу ў выкладанні аддае геаграфіі, актыўна карыстаецца новымі інфармацыйнымі тэхналогіямі. Яўген Мікалаевіч займаецца распрацоўкай такіх вучэбных прадуктаў, якія спросцяць працэс навучання дзецям і педагогам. Яго мэта — дапамагчы сваім вучням з вялізнага патоку інфармацыі выбраць патрэбнае.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.