І паплывуць вясной караблікі…

Эдуард Юр’евіч ГАРДЗЕЕЎ — фіналіст Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2017”, настаўнік-метадыст, настаўнік працоўнага навучання і чарчэння сярэдняй школы № 1 Слаўгарада з амаль 30-гадовым стажам. Гэта чалавек, які здзіўляе і разбурае многія стэрэатыпы. Ён музыкант, разам з сябрамі-энтузіястамі яшчэ ў 90-я гады стварыў у Слаўгарадзе рок-гурт “Адлібітум”. Іграе на гітары і спявае, піша музыку і тэксты песень.

Эдуард Гардзееў — аўтар папулярных кніг, прысвечаных педагагічнай прафесіі і працоўнаму навучанню, піша апавяданні, добра малюе. Вучні любяць свайго настаўніка, жадаюць быць падобнымі да яго, бо ён сучасны, размаўляе з імі на роўных і робіць усё для таго, каб перадаць хлопчыкам працоўныя навыкі, якія спатрэбяцца ім у будучыні. Аўтарытэт у школьнікаў Эдуард Гардзееў заваяваў яшчэ і як блогер. Праз свой YouTube-канал “Тэхналогія” з 14 тысячамі падпісчыкаў ён трансліруе практычную інфармацыю па сваім прадмеце. У яго ёсць уласны сайт www.trudoviki.net — першы ў рэйтынгу папулярнасці сярод аналагічных сайтаў краін СНД.

З вялікай цікавасцю я наведала ўрок Эдуарда Гардзеева.

Тэма ўрока ў 5-м класе, на які мяне запрасіў настаўнік, гучыць так: “Зборка дэталей на цвіках”. Тэарэтычная частка тэмы была пройдзена вучнямі на папярэднім уроку. На гэтых занятках запланавана выкананне практычнай часткі тэмы. Школьнікі паспрабуюць злучыць дэталі корпуса карабля пры дапамозе цвікоў і закончаць прамежкавыя тэхналагічныя аперацыі (шліфоўку і свідраванне), пачатыя раней.

Задачы ўрока наступныя: азнаёміць навучэнцаў са зборкай дэталей на цвіках; даць уяўленне пра віды цвікоў і іх прымяненне; пазнаёміць з тэхналогіяй і спосабамі злучэння дэталей на цвіках; фарміраваць уважлівасць, дысцыплінаванасць, уменне аналізаваць атрыманы матэрыял; навучыць бяспечным прыёмам работы.

Настаўнік вітае вучняў, урок пачынаецца. “Акрамя зборкі дэталей з драўніны на клеі, шырока выкарыстоўваецца зборка на цвіках. Такі спосаб прымяняюць у будаўніцтве, у побыце, — звяртаецца да класа Эдуард Юр’евіч. — Давайце ўспомнім некаторыя паняцці. На дошцы напісаны словы “дэталь” і “зборачная адзінка”. Што знаходзіцца зараз у мяне ў руках? Так, гэта дэталь. Абгрунтуйце, чаму”. Вучні адказваюць: “Гэта выраб з аднастайнага матэрыялу без прымянення зборачных аперацый”, “Калі мы злучым некалькі дэталей вырабу, то атрымаем зборачную адзінку”.

“Сёння мы зробім злучэнне дзвюх дэталей паміж сабой. Вось так гэта будзе выглядаць у канцы ўрока, — расказвае і паказвае настаўнік. — Але перш чым пачаць выкананне практычнай работы, паўторым пройдзены матэрыял. Я прадэманструю невялікі відэафрагмент, каб вы ўзнавілі ў памяці вядомую вам інфармацыю. Глядзім на экран. Мы з вамі гаварылі, што злучэнне на цвіках з’яўляецца неразборным. Чаму? Калі цвікі выняць з дрэва, яны ўжо не будуць трымацца. Цвікі трымаюцца ў драўніне за кошт зашчамлення валокнаў, г.зн., калі ў драўніну ўваходзіць цвік, валокны рассоўваюцца і спрабуюць самкнуцца паміж сабой. Калі разабраць цвіковае злучэнне і сабраць зноў, то яно ўжо не будзе трымацца, таму дадзенае злучэнне з’яўляецца неразборным. Зборка дэталей на цвіках — гэта тэхналагічная аперацыя па злучэнні драўляных дэталей будучага вырабу пры дапамозе цвікоў. Цвікі вырабляюць з дроту. У іх вылучаюць галоўку (капялюшык), стрыжань і вастрыё”.

Вучні знаёмяцца з рознымі відамі цвікоў. У прамысловасці выпускаюцца цвікі даўжынёй ад 6 да 250 мм і дыяметрам стрыжня ад 0,8 да 8 мм рознага прызначэння. Яны адрозніваюцца формай галоўкі, даўжынёй і дыяметрам стрыжня, але агульнай з’яўляецца іх будова. Затым настаўнік расказвае пра правілы злучэння дэталей пры дапамозе цвікоў.

“Перш чым забіваць цвікі, на паверхні нарыхтоўкі з дапамогай разметачнага інструмента трэба пазначыць месцы іх размяшчэння і зрабіць паглыбленні шылам, — гаворыць Эдуард Юр’евіч. — Больш тонкую дэталь далучаюць да таўсцейшай. Дыяметр цвіка (таўшчыня яго стрыжня) павінен быць у 4 разы меншы за таўшчыню больш тонкай дэталі. Даўжыня цвіка, які не праходзіць наскрозь, павінна быць у 2—3 разы большай за таўшчыню больш тонкай дэталі. Адлегласць ад месца ўбівання цвіка да краю злучаных дэталей павінна быць не меншай за 15 мм. Пры злучэнні дэталей упоперак валокнаў адлегласць паміж цвікамі павінна быць не меншай за 4 дыяметры цвіка. Пры злучэнні дэталей уздоўж валокнаў — не меншай за 15 дыяметраў цвіка, а пры размяшчэнні ў шахматным парадку — не меншай за 3 дыяметры.

Якія бываюць інструменты для злучэння дэталей з дапамогай цвікоў? Пры зборцы дэталей з драўніны на цвіках выкарыстоўваюць ударныя і рычажныя інструменты. Малаток — ручны ўдарны інструмент, які прымяняецца ў сталярных, слясарных, будаўнічых і іншых работах. Ён складаецца з металічнай галоўкі і шчыльна насаджанай драўлянай або пластыкавай дзяржальні. Галоўка мацуецца на дзяржальні пры дапамозе кліна. У сталярнага (цяслярнага) малатка насок выкананы ў выглядзе лапатачкі з клінападобным прарэзам, каб можна было захапіць і дастаць няправільна ўбітыя цвікі. Хватка малатка павінна быць такой, каб канец ручкі выступаў са сціснутай далоні на 40—45 мм”.

Потым вучні даведаліся аб правілах забівання цвікоў. Малаток пры ўбіванні цвікоў трэба трымаць за дзяржальню на адлегласці 20—30 мм ад яе канца. Спачатку цвік трэба прытрымліваць пальцамі адной рукі (або абцугамі) і нанесці малатком па цэнтры галоўкі цвіка нямоцныя ўдары. Напрамак удару павінен супадаць з воссю стрыжня цвіка. Пасля таго як цвік надзейна ўвойдзе ў нарыхтоўку (на глыбіню прыкладна на палову даўжыні стрыжня), сілу ўдару павялічваюць. Апошнія ўдары па цвіку неабходна наносіць малатком акуратна, каб не змяць паверхню дэталі. Каб пазбегнуць расколвання драўніны пры ўбіванні цвікоў, можна папярэдне злёгку падтупіць вастрыё цвіка ўдарамі малатка. Галоўка ўбітага цвіка не павінна выступаць з матэрыялу, інакш яна будзе замінаць пры аздабленні вырабу. Каб не пашкодзіць паверхню дэталі і паглыбіць галоўку цвіка ў драўніну, ужываюць металічны стрыжань меншага дыяметра. Яго ставяць на галоўку цвіка і наносяць па ім удары малатком. Цвік, які прайшоў наскрозь, загінаецца папярок валокнаў з дапамогай малатка і металічнага стрыжня (апраўкі). Калі цвік пры ўбіванні пайшоў крыва або сагнуўся, яго варта выдаліць. Для гэтага выкарыстоўваюць абцугі, цяслярны малаток або цвікадзёр.

“Чаму ў школьнікаў не заўсёды атрымліваецца забіць цвік? Чаму ён гнецца і ідзе не туды, куды трэба? — разважае настаўнік. — Усё залежыць ад таго, як вы ўдарыце па капялюшыку цвіка. Удар малатком павінен праходзіць уздоўж стрыжня цвіка. У такім выпадку ён заўсёды ўвойдзе ў драўніну і ніколі не сагнецца. Распаўсюджаная памылка, калі ўдар малатка ідзе на касую, г.зн. мы б’ём па капялюшыку цвіка пад невялікім вуглом. Тады цвік будзе згінацца. Але сам цвік забіваюць па магчымасці пад невялікім вуглом да нарыхтоўкі — так злучэнне будзе больш надзейным. Успомнім асноўныя правілы бяспекі. Забівайце цвікі ў месцы, дзе няма сучкоў і расколін. Неабходна працаваць шылам і малатком з добра насаджанымі ручкамі, не адцягваць увагу падчас работы, падтрымліваць парадак на рабочым месцы. Цяпер прапаную вам выканаць невялікае пісьмовае тэсціраванне. Трэба адказаць на пяць пытанняў, да кожнага з якіх прапанаваны тры варыянты адказаў. Напрыклад, у азначэнні “цвік — гэта…” вам трэба падабраць правільны працяг. Гэтая інфармацыя ўжо была вывучана вамі, прыгадаем яе”.

Эдуард Юр’евіч прапанаваў вучням падзяліцца на дзве групы і выканаць некалькі інтэрактыўных заданняў па тэме. Для гэтага ім спатрэбіўся смартфон. Ён падыходзіў да кожнай групы і прапаноўваў QR-коды, хлопчыкі сканіравалі іх і выконвалі заданні.

Настаўнік прадэманстраваў некалькі малюнкаў, а вучні адказалі, якія з адлюстраваных на іх прадметаў патрэбны або могуць спатрэбіцца ў злучэнні на цвіках: малаток (так), напільнік (не), цвік (так), шліфавальная скурка (не), пасатыжы (так, калі цвік трэба выняць), рубанак (не), лінейка (так, каб разлічыць адлегласць паміж цвікамі), шыла (так, для таго каб паказаць кірунак, куды ўвойдзе цвік), самарэз (не), нажоўка (не), адвёрткі (не), галаўны мозг (так, каб думаць, што робіш).

Затым на прыкладзе другаснага матэрыялу (нарыхтоўкі) настаўнік паказаў, як выконваць практычную работу. Вучні абступілі Эдуарда Юр’евіча і ўважліва слухалі яго. “Вось у нас дэталь № 2, мы павінны далучыць яе да дэталі № 1. Пачынаем з дэталі № 2, кладзём на металічную пліту, бяром шыла і адступаем ад краю дэталі прыкладна на 1,5—2 см, па цэнтры шылам задаём кірунак, па якім пойдзе цвік, — тлумачыць настаўнік. — Адступіўшы ад гэтага паглыблення на 2—3 см (трэніруем вакамер), мы робім другі накол. У гэтыя дзірачкі забіваем цвікі. Пасля гэтага бяром цвік і ўстаўляем у дзірачку, пастукваем па капялюшыку лёгкімі ўдарамі, каб ён увайшоў у дрэва і яго не трэба было ўтрымліваць. Пасля бяром малаток (1/3 ад краю ручкі) і пачынаем наносіць удары зверху ўніз. Ніякіх вуглавых удараў не робім. Б’ём да таго часу, пакуль не адчуем, што цвік упёрся ў металічную пліту. Затым бяром другі цвік і паўтараем усё тое ж самае. Потым бяром дэталь № 1 і размяшчаем на ёй дэталь № 2 па магчымасці па цэнтры, адступіўшы ад краю на 2—3 см, і дабіваем цвікі да канца. Нагадваю пра тэхніку бяспекі: інструменты выкарыстоўваем толькі па прызначэнні, шыла ўтыкаем толькі ў дрэва, малатком б’ём толькі па цвіку, левую руку трымаем далей, каб не стукнуць малатком па пальцы. Шукаем свае нарыхтоўкі, бяром малаток і два цвікі, падыходзім да рабочых месцаў і пачынаем працаваць. Калі цвік пойдзе не туды, ёсць пасатыжы для таго, каб яго выцягнуць. Не перажывайце, у далейшым мы часта будзем выкарыстоўваць злучэнне на цвіках, і ў вас з’явіцца пэўны вопыт”.

Вучні ўзяліся за работу. “Гляджу, што ў вас усё добра атрымліваецца, — падбадзёрвае іх настаўнік. — А зараз мы будзем шліфаваць караблікі. На наступным уроку вырабім дэталь № 3 — палубу, якую прымацуем пры дапамозе цвікоў і клею да палубы № 2. І атрымаецца канчатковая канструкцыя корпусу карабля. Застанецца зрабіць толькі агароджы, гарматы, ракетныя ўстаноўкі, сцяжкі, каюты на ім. Гэта будзе ваенны карабель. Вясной нашы караблікі паплывуць па ручайках, а можа, і на рэчку іх спусцім, прывяжам за ніткі і зладзім спаборніцтвы. На гэтым наша практычная работа падышла да завяршэння. Збіраем караблікі ў скрыначку, складваем інструменты. Мэта ўрока дасягнута — мы злучылі дэталі пры дапамозе цвікоў. На наступным уроку працягнем рабіць караблік і пачнём вывучаць новую тэму “Шліфаванне драўніны”, таксама вельмі актуальную, паколькі гэтую тэхналагічную аперацыю мы часта будзем прымяняць у нашай рабоце. Вы малайцы! Усім дзякуй! Да пабачэння!”

“Тэму “Зборка дэталей на цвіках” у 5-м класе мы праходзім згодна з праграмай, — адзначае Эдуард Юр’евіч. — Хлопчыкі сёння вельмі стараліся, яны матываваныя, імкнуцца хутчэй убачыць канчатковы вынік. Да вясны, упэўнены, паспеем зрабіць наш караблік. Вырабы, якія мы майструем на ўроку, я падбіраю, зыходзячы з нашых магчымасцей і інтарэсаў дзяцей. У асноўным я сам распрацоўваю іх. Усе свае вырабы хлопчыкі забіраюць сабе. Робяць усё якасна, каб можна было ганарыцца вынікамі сваёй працы. Матэрыялы для заняткаў, у асноўным, выкарыстоўваем другасныя (адходы), бяром іх на мясцовых піларамах”.

“З дзяцінства люблю ўсё, што звязана з творчасцю, у тым ліку з вырабам прыгожых рэчаў. З цацкамі, якія мне куплялі бацькі ў дзяцінстве, я не гуляў, а разбіраў іх на дэталі, каб вывучыць іх унутраную будову”, — успамінае з усмешкай Эдуард Гардзееў.

Эдуард Юр’евіч нарадзіўся ў Слаўгарадзе, скончыў школу, дзе цяпер працуе. Атрымаў спецыяльнасць настаўніка чарчэння, працы і малявання ў Аршанскім педагагічным вучылішчы. На выбар прафесіі паўплывала педагагічная сям’я Эдуарда Гардзеева. Два яго браты таксама сталі настаўнікамі. Ва ўніверсітэт свядома не паступаў. Педагог лічыць, што пры жаданні можна дасягнуць поспехаў у любой сферы, нават не маючы дыплома аб вышэйшай адукацыі і не жывучы ў вялікім горадзе. Галоўнае — мець дапытлівы розум і ўвесь час вучыцца нечаму новаму.

Амаль 20 гадоў Эдуард Юр’евіч з’яўляецца кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў працоўнага навучання (тэхнічнай працы). Ездзіць з лекцыямі і майстар-класамі па краіне, далучае настаўнікаў да мультымедыйных і інтэрнэт-тэхналогій у адукацыі.

“Навучальны кантэнт, які я ствараю, выкладваю на свой сайт www.trudoviki.net, дзялюся матэрыяламі з калегамі з Беларусі і іншых краін, — расказвае педагог. — Частка матэрыялаў са свабодным доступам, а некаторыя прадаю за сімвалічны кошт. Гадоў 10 назад у мяне з’явілася ідэя рабіць відэаўрокі па тэхнічнай працы. Стварыў больш за 100 відэаўрокаў па кожнай тэме вучэбнай праграмы для 5—9-х класаў (10 — работы ў побыце) і выкладваю іх на сваім ютуб-канале “Тэхналогія” www.youtube.com/user/edgordeev. Для таго каб ствараць навучальнае відэа, давялося купіць неабходнае абсталяванне, асвоіць відэаздымкі, мантаж, рэжысуру, аператарскае майстэрства, навучыцца працаваць з гукам. Вучні таксама спрабуюць ствараць падобны кантэнт у сацыяльных сетках, а я ім у гэтым дапамагаю”.

Эдуард Юр’евіч стварыў 20 відэа тэхналагічных карт (відэаінструкцый) на асноўныя практычныя работы з 5-га па 9-ы клас, электроннае тэсціраванне з 5-га па 9-ы клас па кожнай тэме вучэбнай праграмы, а таксама да ўсіх відэаўрокаў, друкаваныя канспекты ўрокаў, 80 плакатаў па тэхніцы бяспекі і зборнікі інтэрактыўных заданняў, якія зашыфраваны ў QR-кодах (камплект для 5—6-х класаў, плануе зрабіць для 7—9-х). Дарэчы, плакаты і інтэрактыўныя заданні (крыжаванкі ў выглядзе QR-кодаў) размешчаны на сценах майстэрні, дзе працуе педагог. Настаўнік, які набудзе камплект распрацовак Эдуарда Гардзеева, можа не турбавацца аб метадычным забеспячэнні сваіх урокаў. На сайце педагога таксама прадстаўлены яго творчасць і матэрыялы, якія могуць выкарыстоўваць усе жадаючыя для работы ў побыце, у тым ліку там ёсць інфармацыя для жанчын, якія таксама час ад часу выконваюць мужчынскую работу па гаспадарцы.

У рамках праекта “Далучэнне грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”, што фінансуецца ЕС і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя, у сярэднюю школу № 1 Слаўгарада было набыта сучаснае абсталяванне для школьных майстэрняў (стужачная піла, электралобзік, лазерны гравёр, свідравальны і дрэваапрацоўчы станкі, варштат). Мэта праекта — навучыць дзяцей выкарыстоўваць адходы дрэваапрацоўчай вытворчасці для захавання прыродных экалагічных сістэм. Удзел у партнёрскай праграме дазволіць арганізаваць школьную бізнес-кампанію і зарабляць грошы. Зараз, напрыклад, Эдуард Юр’евіч асвойвае з вучнямі новы лобзікавы станок, на якім яны пачалі рабіць драўляныя цацкі.

У музеі кнігі АПА знаходзіцца драўляная кніга, якую Эдуард Гардзееў зрабіў са сваім вучнем 9-га класа Дзмітрыем Барсуковым да святкавання Года кнігі ў Беларусі. На ёй высечаны прыказкі аб працы на старабеларускай мове.

“Дзяцей, у якіх залатыя рукі, відаць адразу. Калі ўсе робяць стандартную рэч па чарцяжы, то творчыя дзеці ствараюць больш цікавую па дызайне і функцыянальнасці рэч. Я падтрымліваю іх крэатыўнае мысленне. З найбольш зацікаўленымі вучнямі мы займаемся і ў пазаўрочны час у гуртку “Умелец”. Але да працы далучаю ўсіх дзяцей, у тым ліку слабаматываваных: тых, хто дрэнна вучыцца, дзяцей з АПФР, тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Спецыяльна для іх распрацоўваю індывідуальныя заданні. Стараюся быць сучасным настаўнікам, жыць з дзецьмі ў адной эпосе і разумець іх праблемы. Магу з імі і па душах пагаварыць, і пагуляць, і анекдот расказаць. Але, што тычыцца вучобы, тут усё строга”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.