Лайфхакі ў выкладанні гісторыі

Зрабіць прадмет цікавым, а вучняў матываванымі дапамогуць нестандартныя метады навучання

“Як правільна з’есці слана?” Такое пытанне можна пачуць ад сучасных работадаўцаў пры ўладкаванні на працу. Пры гэтым акцэнтуецца ўвага на тым, як чалавек будзе будаваць свой адказ, як абгрунтуе сваю ідэю, наколькі крэатыўна будзе думаць і выкладаць думкі. Гэта сведчанне таго, што новая сітуацыя на рынку працы патрабуе не толькі дыпламаваных спецыялістаў, але і людзей, здольных працаваць у новых умовах, праяўляць адказнасць, ініцыятыву. Каб сфарміраваць гэтыя ўменні і навыкі ў школе, недастаткова выкарыстання толькі традыцыйных метадаў навучання. Сучасных школьнікаў акружае маштабнае і зменлівае інфармацыйнае асяроддзе, таму старыя методыкі не заўсёды лёгка ўбудоўваюцца ў сучасныя методыкі выкладання.


У сучаснай педагогіцы за ключавую адзінку навучання прымаецца актыўнасць, якая скіравана не толькі на засваенне ведаў, але і на прадукцыйныя дзеянні навучэнцаў, работу з інфармацыяй, таму на сваіх уроках прымяняю стратэгію актыўнай ацэнкі, якая дазваляе навучэнцам удзельнічаць у арганізацыі свайго навучання, разумець, колькі засвоена вучэбнага матэрыялу, колькі яшчэ неабходна засвоіць, што рабіць далей, удзяляю дастатковую ўвагу медыяадукацыі, якая спрыяе фарміраванню ўменняў працаваць з інфармацыяй, развівае крытычнае мысленне, вучыць аналізаваць медыятэксты (фільмы, карціны, фотаздымкі і г.д.), ствараць уласныя творчыя прадукты. Я паспрабую падзяліцца найбольш цікавымі знаходкамі, якія матывавалі маіх навучэнцаў.

Дзякуючы медыяадукацыі, мае навучэнцы шукаюць схаваны сэнс усюды. Напрыклад, прозвішча караля або князя можа быць медыятэкстам? Разбіраліся. Вырашылі: можа! Прозвішча даецца па пэўных рысах характару, фізічных і псіхалагічных якасцях, знешнім выглядзе, фізічнай непаўнацэннасці, палітыцы, якую праводзіць кіраўнік. Мы сталі збіраць скарбонку “Прозвішчы каралёў, князёў”, дзе змяшчаем партрэт, гады кіравання, пэўныя заслугі, прозвішча і тлумачэнне паходжання прозвішча. Потым па прозвішчы характарызуем асобу. Можна ў дапамогу выкарыстаць інтэрнэт або шляхам мазгавога штурму прапаноўваць свае версіі, чаму такое прозвішча, што яно адлюстроўвае ў чалавеку, у яго палітыцы як кіраўніка. Гэты міні-праект доўгатэрміновы, і я не абмяжоўваю навучэнцаў у пошуку — гэта могуць быць не толькі тыя палітычныя дзеячы, якіх вывучылі, а ўвогуле ўсе, хто зацікавіць навучэнцаў. Напрыклад:

Усяслаў Чарадзей — за незвычайныя ўменні знайсці выйсце з любога цяжкага становішча, за энергію, розум, кемлівасць.

Вітаўт “Гром перамогі” — за пераможныя паходы: асабліва праявіў сябе ў Грунвальдскай бітве 1410 года супраць крыжакоў.

Яраслаў Мудры (сын Рагнеды) — за адукаванасць; асветніцтва, стварыў першы зборнік законаў “Руская Праўда”.


Вельмі актыўна і цікава вывучаецца тэма “Штодзённае жыццё чалавека” ў 6 класе. Зыходзячы з уласнай практыкі ведаю, што гэтая тэма заўсёды была цікавай для навучэнцаў. Паколькі ўсе аспекты абмеркаваць на ўроку проста немагчыма, мы з маімі шасцікласнікамі вырашылі ўзяць адзін кірунак — моду. Практычна ўсе хацелі рыхтаваць паведамленні, шукаць цікавыя факты пра моду. Мы падзяліліся на групы, у якіх рыхтавалі паведамленні пра жаночае адзенне, мужчынскае адзенне, адзенне багатых і бедных, проста нешта цікавае з гісторыі моды сярэдневякоўя. Але проста расказаць пра гэта нам падалося мала, таму мы правялі міні-даследаванне і выказалі гіпотэзу: сярэдневяковы касцюм — гэта медыятэкст, які дае інфармацыю:

— аб сацыяльным статусе чалавека;

— аб палітычнай сітуацыі;

— аб эканамічным развіцці.

Прыйшлі да наступных высноў:

1. Адзенне сапраўды адлюстроўвала сацыяльны статус чалавека:

— чым вышэйшы галаўны ўбор, тым больш знатная дама, што азначае, што феадалы ўзвышаліся над народам;

— доўгія рукавы ў адзенні для багатых (з такімі рукавамі не будзеш займацца фізічнай працай);

— доўгія насы абутку (чым даўжэйшы нос абутку, тым больш высокі статус чалавека);

— пальчаткі — сімвал улады;

— яркае адзенне — толькі для багатых, для бедных — толькі руды і шэры колеры, колеры зямлі і бруду;


2. Адзенне можа расказаць аб палітычных і эканамічных падзеях:

— шоўк і аксаміт з’явіліся ў выніку крыжовых паходаў. Гэта прадметы раскошы.

— футра як упрыгажэнне на адзенні з’явілася дзякуючы гандлёвым зносінам з краінамі Паўночнай Еўропы;

— каляровае адзенне з’явілася ў выніку вялікіх геаграфічных адкрыццяў.

Такіх паралеляў можна прыводзіць шмат. У якасці дамашняга задання можа быць прапанавана пытанне “Ці можа фасон жаночай сукенкі залежаць ад формы ўлады ў краіне?”.

Яшчэ адна ідэя была рэалізавана пры вывучэнні тэмы “Культура ў Высокім сярэдневякоўі” (6 клас). Вырашылі, што зробім выпуск нумара сярэдневяковай газеты. Але ўмова: газета павінна быць змястоўнай і цікавай, адпавядаць патрабаванням структуры нумара. Рэдактары, журналісты, мастакі актыўна ўключыліся ў работу, бо неабходна было прагледзець газетныя артыкулы, выбраць цікавыя загалоўкі для сярэдневяковай газеты, дакапацца да таго, аб чым пісаў у сваёй кнізе Марка Пола, параўнаць архітэктурныя стылі, прачытаць урыўкі з “Рамана аб Лісе”, “Песні пра Роланда”, намаляваць тытульнікі для навінак літаратуры, ды каб там яшчэ і ідэя твораў была адлюстравана! А самым цікавым было маляваць карыкатуры на вышэйшы свет сярэдневякоўя — феадалаў, а потым аналізаваць і выказваць меркаванні, чаму, напрыклад, архіепіскап адлюстраваны ў выглядзе асла ці феадал — у выглядзе тоўстага мядзведзя, якое саслоўе так магло адзывацца аб знаці. Пасля прэзентацыі работ (палос газеты) кожны навучэнец выказаўся, які артыкул яму спадабаўся больш і чаму (якія сродкі дапамагалі ўздзейнічаць на чытача: словы, загалоўкі, ілюстрацыі, колер, гумар і г.д.).

Пры вывучэнні тэмы ВКЛ шасцікласнікі стваралі і прэзентавалі старонкі ў сацыяльных сетках князёў ВКЛ. Варыянты былі як на электронных, так і на папяровых носьбітах. Усё па законе жанру: статус князя, чым цікавіцца, у якія групы ўваходзіць, аўдыязапісы, з кім вядзе перапіску і аб чым, інтэрнэт-магазін і г.д. Можа падацца, што гэта гульня (хаця і гэта таксама, але, бясспрэчна, яна інтэлектуальная). У мяне ёсць правіла: спытаць у дзяцей, што ім было цікава, карысна пры выкананні задання. Адказы:

— трэба было папрацаваць з інфармацыяй, якой няма ў падручніку;

— цікава было шукаць магчымыя ілюстрацыі да старонак князя;

— падумаць, хто можа быць у яго ў сябрах (па гістарычным перыядзе);

— праявіць творчасць;

— паказаць сваю работу астатнім і крэатыўна расказаць пра яе.

У сваю чаргу я прапанавала ўявіць, што пра гэта трэба напісаць у сучаснай газеце. Які б загаловак найбольш прыцягнуў увагу чытачоў. Версій было дастаткова, але найбольш цікавым падаўся загаловак “Шок! Князі ВКЛ ва “УКантакце!”.

Змястоўнай была работа над міні-праектам “Глыбокае ўчора і сёння”. Асноўная ідэя праекта заключалася ў вывучэнні гісторыі роднага горада. Наш горад — унікальны. Кожнае стагоддзе пакінула сваю памяць у летапісе горада. З кожным годам нешта мяняецца ў абліччы горада. Ён становіцца ўсё больш прыгожым і прывабным! Ідэя праекта будавалася па прынцыпе параўнання: як было і як стала. Неабходна было сабраць старыя паштоўкі горада (пачатак і сярэдзіна ХХ ст.), вызначыць тыя месцы, якія адлюстраваны на паштоўках, і зрабіць новыя фота з новым выглядам горада.

У 7 класе стала папулярнай тэма гексаў (шасцівугольнае навучанне). З дапамогай шасцівугольнікаў можна вывучыць любую тэму. Гексы можна мацаваць да дошкі або маляваць у сшытку, працаваць у групах. Форма шасцівугольніка дазваляе навучэнцам праявіць творчы падыход у арганізацыі сваёй пазнавальнай дзейнасці. У картку ўпісваецца паняцце, потым кожны шасцівугольнік звязваецца с другім адпаведным паняццем або падзеямі. Дзякуючы гексам, мы вывучалі тэмы “Эпоха Асветніцтва”, “Еўрапейская літаратура і мастацтва ХVІІ—ХVІІІ стст.”, “Французская рэвалюцыя”. Вялікі аб’ём інфармацыі атрымаўся візуалізаваным і даступным для ўспрымання навучэнцамі.

Самыя актыўныя і зацікаўленыя навучэнцы ўзялі на сябе ролю журналістаў-гісторыкаў і вырашылі рабіць нумар газеты па кожным раздзеле падручніка. Першы нумар — “Гісторыя як частка жыцця” — ужо прэзентаваны перад класам. Для зместу газеты былі выкарыстаны факты энцыклапедыі, падручніка, Вікіпедыі, распрацаваны віктарыны, зроблены ілюстрацыі па тэме “Заходняя Еўропа: ад сярэдневякоўя да новага часу”.

На ўроках удзяляю пэўную ўвагу аналізу медыятэкстаў. Гэта відэаролікі, карціны, карыкатуры і шмат іншага. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Першая сусветная вайна” прапаноўваю работу з лістоўкамі Першай сусветнай вайны. Для эканоміі часу можна клас разбіць на групы і кожнай прапанаваць прааналізаваць і дэкадзіраваць змест адной з лістовак згодна з памяткай.

1. Што вы бачыце на лістоўцы? Што на першым плане, што на другім? Як вы думаеце чаму…?

2. Расшыфруйце надпісы пад лістоўкамі.

3. Для якой мэтавай аўдыторыі створаны лістоўкі?

4. Які пасыл гэтых лістовак?

У сучасных умовах, калі прыцягнуць увагу дзяцей да вучэбнага матэрыялу нялёгка, лічу, што нестандартны падыход да арганізацыі дзейнасці на вучэбных занятках дапамагае вырашыць гэтую праблему: ствараецца дзелавая творчая атмасфера, навучэнцы часта апынаюцца ў нестандартнай сітуацыі, што патрабуе нестандартных рашэнняў, урок працуе на развіццё лагічнага мыслення, фарміруе навыкі працаваць у камандзе і самастойна прымаць рашэнні.

Іна ШЫМКО,
настаўніца гісторыі Глыбоцкай раённай гімназіі.

Адзін каментарый

  1. Спасибо, Инна, как всегда очень интересно и полезно.Прямо хочется разработать что-нибудь подобное

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*