Камандная гульня,

або Як павысіць матывацыю да фізічнай актыўнасці?

За апошняе дзесяцігоддзе знізіўся ўзровень фізічнага развіцця дзяцей. Не сакрэт, што дзеці большую частку часу праводзяць у нерухомым становішчы (за партай у школе, каля тэлевізара і камп’ютара дома). Гэта павялічвае статычную нагрузку на пэўныя мышцы і выклікае іх стамленне. Зніжаецца сіла і працаздольнасць мускулатуры, што выклікае пагаршэнне здароўя дзіцяці, затрымку ўзроставага развіцця хуткасці, спрытнасці, каардынацыі рухаў, гнуткасці, трываласці і сілы. Такім чынам, можна гаварыць, што фізічнае развіццё дзяцей,стан іх задроўя ў многім залежаць ад іх рухальнай актыўнасці.

Поспех любой дзейнасці ў значнай ступені залежыць ад яе матывацыі. Вялікі ўплыў на выпрацоўку матывацыі ў падлетка аказвае сітуацыя поспеху, адчуванне вучнем свайго развіцця. У практыцы фізічнага выхавання ёсць эфектыўныя формы арганізацыі, якія дазваляюць як вырашаць праблемы, так і забяспечыць комплекснае фізічнае развіццё. Сярод такіх форм, на думку вучоных, выступаюць і спартыўныя гульні. Яны даюць вялікія магчымасці для захавання здароўя за перыяд навучання ў школе, дазваляюць сфарміра­ваць у навучэнцаў веды, уменні і навыкі здаровага ладу жыцця, навучыць выкарыстоўваць іх у штодзённым жыцці. Спартыўная гульня з прычыны ўласцівай ёй псіхалагічнай асаблівасці выклікае моцны эмацыянальны водгук у навучэнцаў. Аднак эфектыўнасць фізічных практыкаванняў у многім залежыць ад жадання і актыўных адносін навучэнцаў да іх выканання. Калі вучань праяўляе свядомае імкненне і мабілізуе валявыя намаганні на ўмацаванне і ўдасканаленне сваіх фізічных сіл і здольнасцей, яго фізічнае развіццё будзе праходзіць больш паспяхова.

Упэўнены, што вырашаць аздараўленчыя, адукацыйныя і выхаваўчыя задачы ва ўмовах навучальнай установы можна толькі ў комплексе, аб’яднаўшы ўсе сілы і магчымасці. Гарманічнае фізічнае развіццё прадугледжвае ўдасканаленне асноўных фізічных якасцей і здольнасцей, павышэнне функцыянальных магчымасцей усіх сістэм арганізма.

Сярод вялікай разнастайнасці сродкаў вырашэння гэтай задачы ў школе важнае месца займае гульня ў валейбол. Гэта тлумачыцца не толькі яе даступнасцю і эстэтычнай прыгажосцю, але і добрым уплывам на развіццё жыццёва важных якасцей, перш за ўсё асноўных уласцівасцей увагі (інтэнсіўнасць, устойлівасць, пераключэнне), што мае выключнае значэнне ў школьным узросце. Нараўне з вырашэннем задач умацавання здароўя, рознабаковай фізічнай падрыхтоўкі, удасканалення жыццёва важных рухальных уменняў і навыкаў добра пастаўленае навучанне валейболу спрыяе выяўленню “валейбольных” талентаў яшчэ ў школе, а таксама стварае перадумовы для масавага далучэння людзей рознага полу і ўзросту да сістэматычных заняткаў гэтым відам спорту на працягу ўсяго жыцця.

Сістэма маёй работы мае праграмны характар. У працэсе работы кіруюся рабочай праграмай па прадмеце і праграмна-метадычнымі матэрыяламі па пытаннях арганізацыі і правядення гадзіны здароўя і спорту: спартыўныя гульні (5—11 клас). У маім каляндарна-тэматычным планаванні па прадмеце “Фізічная культура і здароўе” варыятыўная частка адведзена на раздзел праграмы “Валейбол”, акрамя гэтага, у першай чвэрці і ў трэцяй чвэрці — на гадзіну здароўя і спорту. Для правільнай арганізацыі ўсёй вучэбнай работы першараднае значэнне ­мае паслядоўнасць вывучэння праграмнага матэрыялу па прынцыпе “ад простага — да складанага”. Плануючы работу, улічваю існуючыя ўмовы, у прыватнасці стан матэрыяльна-тэхнічнай базы школы, а таксама ўзровень фізічнай падрыхтаванасці вучняў, вызначаю дапушчальную нагрузку пры выкананні практыкаванняў на занятках. У маёй педагагічнай практыцы вялікую ролю адыгрывае спалучэнне пазаўрочнай і ўрочнай дзейнасці. На ўроках і пазаўрочных мерапрыемствах прымяняю самы эфектыўны метад — спаборніцка-гульнявы. Гэты метад выключае прымушэнне да навучання, навучанне ідзе праз гульню і спаборніцтва. Ён выклікае радасць, спрыяе руху наперад. Прычым спаборніцкія элементы прысутнічаюць не толькі ў час правядзення вучэбных гульняў, але і ў асобных практыкаваннях. У час урока таксама выкарыстоўваю франтальны метад, калі заданне даецца для ўсяго класа; групавы, калі клас дзеліцца на групы, кожнай з якіх даюцца розныя заданні; індывідуальны, калі персанальнае заданне атрымлівае кожны вучань. На пачатковым этапе навучання нараўне з вывучэннем асноўных элементаў валейбола прывіваю дзецям любоў да гэтага віду спорту, стараюся зачапіць вучняў. Таму выбар метадаў і сродкаў развіцця гульнявых навыкаў павінен быць старанна прадуманы.

Падрыхтоўчую частку ўрока мэтазгодна праводзіць, выкарыстоўваючы практыкаванні з мячом. Асаблівае месца ўдзяляю практыкаванням, якія прымяняюцца з мэтай прадухілення характэрных для валейбола траўм: расцяжэння мышцаў і звязак кісцей і пальцаў рук, у галёнкаступнёвым і плечавым суставах. З улікам гэтага ўключаю практыкаванні не толькі на разаграванне мышцаў, але і на павышэнне іх сілы і ўмацаванне звязачнага апарату. У асноўнай частцы ўрока неабходна вырашыць наступныя задачы: навучыць прымаць неабходныя стойкі і правільна перамяшчацца, асноўным тэхнічным прыёмам — верхні і ніжні прыём, верхняя і ніжняя перадачы, розныя віды падач. Тут нараўне з тлумачэннем і паказам правільнага выканання прыёму прапаную дзецям цікавыя імітацыйныя і падрыхтоўчыя практыкаванні, якія дапамогуць вучням пры самастойным іх выкананні. На гэтым этапе важным з’яўляецца своечасовае выяўленне і выпраўленне памылак, каб не даць ім укараніцца і ўвайсці ў звычку. Абавязковым элементам асноўнай часткі ўрока з’яўляецца гульня. Гэта могуць быць як гульні для агульнай фізічнай падрыхтоўкі, так і для адпрацоўкі тэхнічных і тактычных дзеянняў. У заключнай частцы адзначаю станоўчыя і адмоўныя моманты выканання практыкавання або гульні кожнага вучня. На прыкладзе 1—2 навучэнцаў акцэнтую ўвагу на дакладнасці выканання тэхнічнага або тактычнага дзеяння. Вынікі падводзяць самі дзеці: што атрымліваецца, што не, чаму.

Сістэматычныя спецыяльныя практыкаванні, якія накіраваны на развіццё фізічных здольнасцей, з’яўляюцца добрым сродкам для паляпшэння фізічнай падрыхтаванасці навучэнцаў пры гульні ў валейбол.

Практыкаванні на развіццё скорасных якасцей і хуткасці дзеянняў у адказ

  1. Чаргаванне перамяшчэнняў: бег тварам і спінай наперад, на сагнутых нагах; прыстаўнымі крокамі правым, левым бокам наперад, тварам і спінай наперад; падвойнымі крокамі, скачкамі. Паскарэнне на пэўных участках. Тое ж у спалучэнні з кідкамі і лоўляй набіўных мячоў.
  2. Спаборніцтва ў бегу на 20—30 м, у перамяшчэннях іншымі спосабамі. Спецыяльныя эстафеты.
  3. Па сігнале (пераважна зрокавым) бег на 5, 10, 15 м з зыходных становішчаў: стойка валейбаліста (тварам, бокам і спінай да стартавай лініі), седзячы, лежачы на спіне і на жываце ў розных становішчах у адносінах да стартавай лініі; тое ж, але перамяшчэнне прыстаўнымі крокамі.
  4. Бег са спыненнямі і змяненнем напрамку. Чаўночны бег на 5 і 10 м (агульны прабег за адну спробу 20—30 м). Чаўночны бег, але адрэзак спачатку прабягаюць тварам наперад, потым — спінай і г.д. Па прынцыпе чаўночнага бегу перамяшчэнне прыстаўнымі крокамі. Тое ж з набіўнымі мячамі ў руках (вага 2—5 кг), з абцяжарваннем (пояс, куртка, мяшок з пяском).
  5. Выкананне заданняў у адказ на зрокавыя або слыхавыя сігналы.

Практыкаванні для развіцця скакучасці. Эфектыўнымі сродкамі для развіцця скакучасці з’яўляюцца скорасна-сілавыя практыкаванні з абцяжарваннямі, скачкі праз перашкоды, скачкі ў глыбіню, якія служаць моцным раздражняльнікам нервова-мышачнага апарату.

Выхаванне спрытнасці. Асаблівасць гульні ў валейбол у тым, што гульнявыя прыёмы і дзеянні мяняюцца ў залежнасці ад сітуацыі ў гульні. Таму валейбалісту неабходна валодаць спрытнасцю, якая дазваляе выконваць хуткія і дакладныя рухі ў самых розных умовах. Практыкаванні на спрытнасць патрабуюць вялікай увагі, дакладнасці. Таму мэтазгодна ўключаць іх у першую палову заняткаў, калі вучань яшчэ ўважлівы і сабраны. Для развіцця спрытнасці на ўроках валейбола выкарыстоўваю розныя віды рухавых гульняў і эстафет, практыкаванні на развіццё спрытнасці.

Выхаванне гнуткасці. Гнуткасць — здольнасць вучня выконваць рухі ў суставах з вялікай амплітудай. Гнуткасць навучэнцаў выяўляецца пры выкананні ўсіх тэхнічных прыёмаў гульні. Таму добрая рухавасць у прамянёвазапясцевым, лакцявым і прамянёвым, плечавым суставах, суставах пазваночніка, а таксама ў тазасцегнавым, каленным і галёнкаступнёвым суставах будзе спрыяць якаснаму выкананню тэхнічных прыёмаў. Гнуткасць развіваюць практыкаванні на расцягванне, якія выконваюцца спружыніста, невялікімі серыямі (па 10—15 паўтарэнняў у кожнай серыі) з пастаянным павелічэннем тэмпу і амплітуды рухаў. Інтэрвалы паміж серыямі запаўняюць практыкаваннямі на расслабленне.

Развіццё спецыяльнай трываласці. Навучэнцы павінны быць гатовы да ўдзелу ў гульні на працягу вялікага часу. Скачковая трываласць, скорасная, гульнявая — вось разнавіднасці праяўлення спецыяльнай трываласці, спецыфічнай для гульні ў валейбол. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць развіццю ў навучэнцаў скачковай трываласці — здольнасці на працягу ўсёй гульні шматразова выконваць скачкі і серыі максімальна высокіх скачкоў.

Практыкаванні для павышэння скачковай трываласці

  1. Скачкі бокам праз лаўку.
  2. Пераскокванні праз лаўку з зыходнага станові­шча (з.ст.) стоячы бокам, левая нага на лаўцы, правая— на палозе: 1—2 — памяняць ногі, 3—4 — з.ст.
  3. Для больш падрыхтаваных: з з.ст. лаўка паміж ног. 1 — выканаць скачок і зрабіць дакрананне або воплеск ступнямі над лаўкай, 2 — з.ст.
  4. Лаўка ўздоўж сеткі за 50 см ад яе: з невялікага разбегу пераскочыць яе на дзвюх нагах і другім скачком пастарацца рукой дастаць да верхняга краю сеткі.
  5. Гімнастычны мат падвешаны да баскетбольнага шчыта: скачкі і воплескі далонню ў максімальна высокім пункце.
  6. Праходжанне скачковай паласы перашкод (колькасць перашкод — 5—6). Паласа складаецца з вышэйапісаных практыкаванняў.

Не менш важную ролю адыгрывае скорасная трываласць валейбаліста, якая заключаецца ў здольнасці на працягу ўсёй гульні выконваць тэхнічныя прыёмы і перамяшчэнні аднолькава хутка. Скорасная трываласць развіваецца практыкаваннямі паўторна-пераменнага характару, у якіх хуткія перамяшчэнні і асобныя рухі паўтараюцца шматразова.

Для ацэнкі ўзроўню фізічных якасцей і ажыццяўлення ­кантролю за рухальнай падрыхтаванасцю тых, хто займаецца, прымяняюць тэсты і нарматывы, адзначаныя ў праграме па фізічнай культуры ў школе для вызначэння спрытнасці, гнуткасці, трываласці, хуткасці, сілавых якасцей. Тэсты ­даюць магчы­масць атрымаць аб’ектыўныя даныя аб узроўні фізічнай падрыхтава­насці навучэнцаў рознага ўзросту. Асноўнай мэтай правядзення тэсціравання з’яўляецца вызначэнне інды­відуальнага і групавога ўзроўню фізічнай падрыхтава­насці. Мной тэсціраваліся навучэнцы 5 і 7 класаў. Параўнальны аналіз узроўню фізічнай падрыхтаванасці паказаў, што навучэнцы маюць працэнт прыросту ўзроўню падрыхтаванасці за тры гады.

Валейбол — камандная гульня, дзе кожны гулец дзейнічае з улікам дзеянняў партнёра. Гэта добры спосаб выхавання пачуцця калектывізму, настойлівасці, рашучасці, мэтанакіраванасці, увагі і хуткасці мыслення, здольнасці кіраваць сваімі эмоцыямі. Менавіта гэтыя якасці неабходна прывіваць дзецям, асабліва ў сярэднім звяне. Лічу, што асабісты прыклад педагога шмат у чым спрыяе выхаванню асобы дзіцяці.

Такім чынам мае навучэнцы не толькі ўдасканальваюць тэхнічныя прыёмы гульні, яны актыўна ўдзельнічаюць у школьных, раённых, абласных спаборніцтвах, для іх гэта дадатковая матывацыя да работы. Таксама мы праводзім таварыскія су­стрэчы з іншымі школамі раёна, з настаўнікамі школы, з мясцовымі жыхарамі. Дзеці актыўна прыцягваюцца да судзейства школьных і раённых спаборніцтваў.

Вопыт паказаў эфектыўнасць заняткаў валейболам на ўроках фізічнай культуры і здароўя ў 5—7 класах, павышэнне ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці вучняў, стан іх здароўя, узровень унутранай матывацыі, фарміраванне ўстойлівай цікавасці да такіх урокаў, развіццё асобасных якасцей.

Для далейшага ўдасканалення прафесійнай практыкі, фарміравання матывацыі навучэнцаў, на маю думку, неабходны вера настаўніка ў сваіх вучняў; патрабавальнасць і паважлівыя адносіны да іх, выяўленне станоўчых асобасных якасцей і іх рэалізацыя на ўроках; фарміраванне ў навучэнца пачуцця адказнасці (“я павінен”) у дасягненні спартыўнага выніку.

Віктар МАЙСЕЙ,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя
Юрацішкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы
Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці.

 

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*