Эй, кіно! Ой, кіно! Ух, кіно!

Ці задумваліся вы калі-небудзь пра ролю кіно ў вашым жыцці, пра тое, што гэта такое для іншых? Глядзець кіно — гэта забава ці работа, кіно — гэта настаўнік ці экзаменатар, абаронца ці крытык, ратавальнік ці кат, асветнік ці прапагандыст, актуалізатар ці маніпулятар, міратворац ці правакатар? Добра падумаўшы, мы вымушаны пагадзіцца з любым варыянтам уплыву кіно на чалавека, усвядоміўшы яго вялікую сілу. Уплывовасць кіно абумоўлена сілай таленту людзей, якія яго стварылі, сінтэзам у гэтым прадукце дасягненняў чалавечых у галіне літаратуры, музыкі, тэхнікі, акцёрскага, рэжысёрскага, аператарскага майстэрства. Магутнасць уздзеяння гэтага віду мастацтва шматразова ўзмацняецца, калі мы глядзім фільм на тэму, актуальную для нас, сугучную нам у канкрэтны момант жыцця.

Дыялог з чытачом

Так, калі правільна падабраць фільм, то можна навучыць і адрадзіць, накіраваць і натхніць, падтрымаць і стрымаць, дапамагчы ўсвядоміць і змяніць, пераадолець і вы­стаяць, суперажываць і вылечваць. Цяпер, калі мы даведаемся пра існаванне такога інструмента ў руках псіхолага або педагога, аднаго з бацькоў або псіхатэрапеўта, урача або сацыяльнага работніка, як кінатэрапія, гэта нас наўрад ці здзівіць. І ўсё ж можна сумнявацца, выказаўшы здагадку, што кінатэрапія падобна да чарадзейнай палачкі! Паглядзеў фільм — і гатова, праблема чалавека вырашана?! Ды можна і пагадзіцца, што кінатэрапія — практычна чароўны сродак, але толькі ва ўмелых і разумных руках спецыяліста, навучанага арт-тэрапіі. Фільм не проста гля­дзяць, яго старанна падбіраюць, “пражываюць”, абмяркоўваюць, гутараць наконт яго, адказваюць на пытанні, часам дапаўняючы і дабудоўваючы розныя варыянты фіналу! Усё гэта адбываецца ў рамках кінатрэнінгу. Кінатрэнінг можна арганізаваць для самога сябе, для сям’і, для вучняў, бацькоў, калег. Арт-тэрапеўт (які атрымаў адпаведную падрыхтоўку) можа брацца за вырашэнне сур’ёзных і глыбокіх праблем, а педагог або псіхолаг без спецыяльнай падрыхтоўкі можа скарыстацца інструментам кіно ў агульных мэтах выхавання і развіцця падрастаючага чалавека, гарманізацыі яго эмацыянальнага стану, давання вопыту для суперажывання, развіцця эмпатыі.

Хто першы прыдумаў і ажыццявіў кінатэрапію? Хто ж гэты геній, хто адчуў і здагадаўся выкарыстоўваць настолькі эфектыўны і пераканаўчы сродак для чалавека? Што і ў якім выпадку глядзець? Якія пытанні задаваць?

Адкажам па парадку. Заснавальнік метаду кінатэрапіі як спосабу псіхалагічнага кансультавання Антоніа Менегеці — прадстаўнік гуманістычнай псіхалогіі. Менегеці лічыў: “Фільм гаючы таму, што ўяўляе сабой спектакль, які падае рэальнасць чалавека ў час крызісу і “ачуньвання”. На яго думку, фільм адказвае на запытанне, аслабляе націск, знімае напружанне ад унутранай скаванасці “Я”. Метад далікатны. У ім можна абысціся без абавязковага прагаворвання і абмеркавання праблемы (псіхатраўмы) уголас як уласнай. Яна можа не ідэнтыфікавацца чалавекам як свая, але тэрапеўтычны эфект усё роўна ёсць. Антоніа Менегеці даследаваў эфект, які робіць фільм на розных лю­дзей: мужчын, жанчын, розных узростаў і спецыяльнасцей. Рабіў гэта ён у дыскусійных групах, аналізуючы выказванні ўдзельнікаў пасля прагляду. Ён распрацаваў канцэпцыю “звыш “Я” для амерыканскага кінематографа, аналізуючы яго фарміруючую ролю ў якасці ідэалагічнай зброі, здольнай уплываць на палітычныя і эканамічныя падзеі ў грамадстве. Ідэі Антоніа Менегеці атры­малі шырокі водгук у псіхатэрапеўтычнай практыцы.

Адным з першапраходцаў кінатэрапіі лічыцца і англічанін Берні Вудэр. Ён прыдумаў сумясціць два свае захапленні — псіхалогію і кіно. Праводзячы сеанс тэрапіі, ён заўважыў, што праблема кліента падобна да сітуацыі з фільма “У порце”. Так ён задумаўся пра тэрапію з дапамогай кіно. Параіўшы прагледзець гэтую кінакарціну, Вудэр чакаў выніку. Аказалася, што фільм настолькі ўразіў кліента, што дапамог разабрацца ў праблеме (шляхам перанясення вобраза свайго канфлікту на кінематаграфічны і наступнага разбору). Паводле Б.Вудэра, “калі ў вас праблемы з матывацыяй, то прыміце “мікстуру з фільма “Рокі” “Лоўрэнса Аравійскага”, ад стомленасці ад жыцця прымыце порцыю “Дон Жуана дэ Марка”. Спачатку прафесійная суполка палічыла такі падыход ерассю. Аднак час аказаўся на баку ідэі кінатэрапіі. Зараз існуе цэлая працэдура прагляду фільма (у тэрапеўтычных мэтах). Спачатку псіхолаг выбірае кіно, якое падыходзіць, глядзіць і аналізуе яго сам. Далей фільм праглядаецца з адным чалавекам або групай. Пасля гэтага ідзе абмеркаванне, пры якім аналізуюцца героі, пачуцці пры праглядзе, сітуацыя, канфлікт, паказаны ў кінастужцы. Такія заняткі прывозяць да ўсведамлення важнасці па­дзей, тэндэнцый, пачуццяў, да прасоўвання ў самапазнанні.

Не кожны мае вопыт прафесійнай кінатэрапіі. Але гэта не азначае, што такога эфекту нельга дасягнуць самастойна. Перавага кіно ў тым, што кожны і самастойна можа вылучыць у фільме важнае для сябе, атры­маць карысны вопыт, а часам нават эфект прасвятлення або азарэння (інсайту), натхніцца. Гарманізуючы ўплыў кіно адбываецца і дзякуючы катарсісу (ачышчэнне, узвышэнне). Чалавек, праглядаючы фільм, перажывае сітуацыю з героямі, пераносіць падобныя сітуацыі з уласнага жыцця і пражывае іх унутры сябе і быццам бы збоку (вачыма героя). Калі фільм сугучны чалавеку ў бягучы момант, то адбываецца магутны катарсіс. Вы перажываеце моцны эмацыянальна-пачуццёвы ўздым, што часцей за ўсё вядзе да натхнення, і дзякуючы гэтаму ачышчаецеся, знаходзіце выйсце з унутраных канфліктаў, вызваляеце думкі, знаходзіце месца для новых ідэй.

Кінатэрапія — сродак развіцця асобы, даступны ўсім, сцвярджаюць псіхолагі. Мы ўпэўнены, што з дапамогай прагляду фільмаў можна стаць спакайнейшымі, разумнейшымі і нават больш вопытнымі.

Сёння кінатэрапія — актуальны напрамак псіхалагічнага кансультавання і псіхатэрапіі. Яна з’яўляецца тонкім і магутным інструментам для самадыягностыкі і карэкцыі несвядомай сферы псіхікі. На сеансах кінатэрапі ўдзельнікі могуць, спалучаючы эстэтычнае і інтэлектуальнае задавальненне, вырашаць асобасныя задачы, выкарыстоўваючы ў якасці стымульнага матэрыялу шэдэўры айчыннай і замежнай кінакласікі. У працэсе прагляду фільма і аналізу ўласнага эмацыянальнага ўспрымання яго вобразаў чалавек даследуе свае асобасныя рысы і выяўляе несвядомыя паводзінскія асаблівасці. Следам за гэтым становіцца магчымым пераход да свядомай карэкцыі сваіх дзеянняў і ўсвядомленых змяненняў у жыцці.

Фільмы, як казкі і сны, багатыя на вобразы і падтэкст. Кожны чалавек бачыць і інтэрпрэтуе іх па-свойму, праз прызму свайго жыццёвага вопыту, псіхалагічных асаблівасцей, каштоўнасцей і стаўлення да свету.

Калі дзесяць чалавек, якія прагледзелі адзін і той жа фільм, збяруцца абмеркаваць яго, то ў працэсе абмеркавання абавязкова высветліцца, што яны як быццам пагля­дзелі дзесяць розных фільмаў, прычым кожны ўбачыў фільм пра сваё жыццё. Чалавек у час сеанса кінатэрапіі атрымлівае магчы­масць паглядзець цікавы фільм і стаць удзельнікам абмеркавання, дзе пры жаданні дзеліцца сваімі ўражаннямі, пачуццямі і думкамі, што ўзніклі падчас прагляду. Абмяркоўваючы фільм з іншымі людзьмі, чалавек судакранаецца з іншым поглядам на свет, з іншай інтэрпрэтацыяй падзей, пашырыўшы тым самым сваё разуменне і бачанне свету, а можа, мяняючы погляд на свае праблемы.

Чалавек прыдумвае спосабы глянуць на свой унутраны свет збоку, вызначае прычыны сваіх учынкаў. Культура і мастацтва — дастойная дапамога псіхалагічным тэхнікам на шляху да самапазнання і самаразвіцця. Кінатэрапія дазваляе аб’яднаць гэтыя рэсурсы для прасоўвання на новы ўзровень развіцця асобы.

З дапамогай кінатэрапіі можна:

  • вырашыць сваю цяжкую сітуацыю і знайсці ў сабе больш сіл, каб выйсці з яе;
  • пашырыць гарызонты ўспрымання жыцця;
  • убачыць сваю ўнутраную сілу;
  • падахвоціць сябе да дзеянняў;
  • перажыць гора або страту;
  • справіцца з няўпэўненасцю і набыць новую перспектыву ў разуменні прыгажосці;
  • даследаваць свае асобасныя рысы і паводзінскія патрэбы;
  • пераацаніць і скарэкціраваць свае дзеянні;
  • пачаць свой шлях да ўсвядомленых змяненняў у жыцці.

Існуе спіс кінастужак, з дапамогай якіх можна атрымаць развіццёвы і тэрапеўтычны эфект. Яго можна самастойна знайсці ў інтэрнэце. Прапаную вам уласныя адкрыцці і знаходкі. Праблему выбару актыўнага або пасіўнага эмацыянальнага жыцця, страху страты дапаможа асэнсаваць фільм “Краіна ценяў” (рэж. Р.Атэнбора). Праблему ўзбагачэння камунікатыўнага вопыту, суперажывання, адносін да жыцця чалавека як да каштоўнасці падахвоціць прааналізаваць фільм “Заплаці іншаму” (рэж. М.Ледэр). Тэму прафесійнага развіцця настаўніка, захавання яго эмацыянальнай і паводзінскай гібкасці дапаможа разгледзець фільм “Настаўнік года” (рэж.У.Дзір). Зразумець падлетка ў цяжкай жыццёвай сітуацыі педагогу дапамо­гуць фільмы “Белы алеандр” (рэж. П.Казмінскі) і “Гісторыя Рона Карка” (рэж. Р.Хейнс). Адкрыць нюансы света­ўспрымання дзіцяці мы можам разам з фільмамі “Маленькі Нікаля” (рэж. Л.Цірар), “Джэк” (рэж. Фрэнсіс Форд Копала).

Больш глыбока ўсвядоміць, як развіваецца і што адчувае адораны чалавек, дапамогуць кінастужкі “Мацільда” (рэж. Дэні Дэ Віта), “Разумнік Уіл Хантынг”(рэж.Ганс Ван Сэнт). Усвядоміць радасць простых і звычайных рэчаў, станаў, магчымасцей нашага жыцця як вялікую каштоўнасць мы зможам з фільмам “Горад анёлаў” (рэж. Б.Сілберлінг). Задумаемся проста зараз, якія фільмы натхняюць вас і чаму?

Псіхалагічнае люстэрка

ХОЧАМ ВЕДАЦЬ ПРА КІНО БОЛЬШ!

Кіно дапамагае жыць, спраўляцца з праблемамі і цяжкасцямі. А калі так, то ці не хочам мы ведаць пра кіно больш? Згуляем у вядомую і цікавую гульню “Віктарына”. Колькі вы атрымаеце балаў? А колькі вашы вучні? Можа, члены вашай сям’і ведаюць пра кіно больш?

  1. За які час перад намі праходзяць дваццаць чатыры кадры кінаплёнкі? (За адну секунду.)
  2. Якога вучонага звання нечакана для сябе ўдастоіўся сціплы дырэктар дзіцячага сада, ён жа “джэнтльмен удачы”? (Дацэнт.)
  3. Якая англійская актрыса выканала ролю жанчыны — сімвала амерыканскага характару ў фільме, знятым у 1939 го­дзе паводле рамана Маргарэт Мітчэл? (Віўен Лі выканала ролю Скарлет О’Хара ў фільме “Знесеныя ветрам”.)
  4. Хто з’яўляецца рэжысёрам культавага расійскага фільма “Пакроўскія вароты”? (Міхаіл Казакоў.)
  5. Хто быў рэжысёрам-пастаноўшчыкам амерыканскага фільма “Хросны бацька”? (Фрэнсіс Форд Копала.)
  6. Назавіце імя рэжысёра-пастаноўшчыка фільма “Зорныя войны”. (Джордж Лукас.)
  7. У колькіх намінацыях атрымаў “Оскара” фільм “Тытанік”? (У адзінаццаці.)
  8. Назавіце імя кінагероя, які сваё з’яўленне на экране часцей за ўсё тлумачыў адным словам — “стралялі”. (Сайд, “Белае сонца пустыні”.)
  9. У якой вядомай усяму свету ролі Шона Конэры змяніў яго малады калега Пірс Броснан? (Джэймс Бонд.)
  10. Як звалі героя, якому прысвяцілі кінакарціны і Міхаіл Швейцэр, і Леанід Гайдай, і Марк Захараў? (Астап Бэндэр.)
  11. У якім горадзе Еўропы праводзіцца самы прэстыжны кінафестываль? (Каны, Францыя.)
  12. Назавіце чарнаскурага героя Ула­дзіміра Высоцкага. (Арап Пятра Вялікага — “Як цар Пётр арапа жаніў”.)
  13. Які фільм прынёс першыя лаўры Хрысціне Арбакайтэ, а таксама і мянушку? (“Пудзіла”, рэжысёр фільма Ралан Быкаў.)
  14. Які савецкі фільм першым атрымаў “Оскара” як лепшы замежны фільм? (“Вайна і мір”, рэжысёр Сяргей Бандарчук, 1965 год.)
  15. Які цудоўны акцёр сыграў ролю д’ябла ў фільме “Іствікскія ведзьмы”? (Джэк Нікалсан.)
  16. Назавіце імя і прозвішча рэжысёра фільма “Крымінальнае чытво”. (Квенцін Таранціна.)
  17. Назавіце імя і прозвішча кінаакцёра, які сыграў галоўную мужчынскую ролю ў фільме “Красуня”. (Рычард Гір.)
  18. Назавіце імя і прозвішча акцёра, які сыграў галоўную ролю ў фільме “Тэрмінатар”. (Арнольд Шварцэнэгер.)
  19. Хто з’яўляецца рэжысёрам-пастаноўшчыкам легендарнага амерыканскага фільма “Тытанік” з Леанарда Дзі Капрыа ў галоўнай ролі? (Джэймс Кэмеран.)
  20. Як называецца раман братоў Стругацкіх, па матывах якога Андрэй Таркоўскі зняў фільм “Сталкер”? (“Пікнік на абочыне”.)
  21. Назавіце імя і прозвішча дрэсіроў­шчыцы драпежнікаў, якая сыграла галоўную ролю ў фільме “Паласаты рэйс”. (Маргарыта Назарава.)
  22. Які цудоўны французскі акцёр сыграў галоўную ролю ў фільме “Адрынутыя” па рамане Віктора Гюго? (Жан Габен.)
  23. Хто сыграў маньяка-забойцу ў амерыканскім фільме “Спадарожнік”? (Рутгер Хаўэр.)
  24. Хто быў рэжысёрам-пастаноўшчыкам фільма “Пяты элемент”? (Люк Бесон.)
  25. У якім фільме іграюць адначасова дзве зоркі Галівуда — Роберт дэ Ніра і Аль Пачына? (“Схватка”.)
  26. З якой краіны прыйшла да нас на тэлебачанне першая мыльная опера “Рабыня Ізаўра”? (З Бразіліі.)
  27. Які кампазітар напісаў музыку да большасці фільмаў Федэрыка Феліні? (Ніна Рота.)
  28. У якім фільме Шэран Стоўн сыграла падсадную жонку Арнольда Шварцэнэгера? (“Успомніць усё”.)
  29. Хто сыграў ролю старога суддзі ў фільме Станіслава Гаварухіна “Дзесяць негрыцянят”? (Барыс Зэльдзін.)
  30. Назавіце выканальнікаў галоўных роляў (мужчынскай і жаночай) у знакамітым французскім фільме “Фанфан-цюльпан”. (Жэрар Філіп і Джына Лалабрыджыда.)
  31. З якой краіны рушыўся заваёўваць Амерыку Жан-Клод Ван Дам? (З Бельгіі.)
  32. Які акцёр сыграў галоўную ролю ў фільме “Паліцэйскі з Бэверлі-Хілз”? (Эдзі Мёрфі.)
  33. Хто сыграў галоўную ролю ў амерыканскім фільме “Целаахоўнік”? (Кевін Костнер.)
  34. Як называўся першы савецкі поўнаметражны фільм? (“Пуцёўка ў жыццё”.)
  35. Назавіце імёны галоўных мужчынскай і жаночай роляў у “аскараносцы” “Знесеныя ветрам”. (Кларк Гейбл і Віўен Лі.)

Святлана РАДЗЬКОВА.