Медыярэсурсы для высокіх вынікаў

Камп’ютар, інтэрнэт, мабільны тэлефон, тэхнічныя навінкі — усё гэта для цяперашніх школьнікаў натуральна. Таму ў сваёй рабоце я актыўна выкарыстоўваю розныя медыярэсурсы. Правільна арганізаваная работа і старанна падабраныя сродкі дазваляюць дасягнуць значна большага эфекту ў навучанні.

Задачай педагога сучаснай школы пры фарміраванні ­іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыі з’яўляецца стварэнне такіх умоў навучання, пры якіх навучэнцы атрымліваюць сукупнасць ведаў аб правілах функцыянавання моўных сродкаў; набываюць навыкі і ўменні паўнацэнных моўных зносін ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці; праяўляюць жаданне і гатоўнасць уступіць у іншамоўную камунікацыю (вусную і пісьмовую); авалодваюць уменнем арганізоў­ваць іншамоўныя зносіны, наладжваць сувязь з суразмоўцам, вырашаць канфліктныя сітуацыі, а таксама слухаць і эмацыя­нальна суперажываць; спасцігаюць цэласныя светапоглядныя веды пра нацыянальна-культурную спецыфіку краіны, мова якой вывучаецца, выконваюць нормы і правілы нацыя­нальна-культурных асаблівасцей маўленчых і немаўленчых паводзін носьбітаў мовы; праяўляюць здольнасць да рэфлексіі праз ацэнку сваёй пазіцыі ў адпаведнасці з пазіцыяй і інтарэсамі партнёра.

Мультымедыйныя сродкі ўніверсальныя і разнастайныя. Улічваючы іх вербальнае і візуальнае ўздзеянне, яны, безумоўна, з’яўляюцца генеральнай крыніцай інфармацыі ў адукацыйным працэсе, дазваляюць перанесці рэальны свет у вучэбную аўдыторыю, што асабліва актуальна пры вывучэнні замежнай мовы. Правільна падабраныя электронныя сродкі ў спалучэнні з традыцыйным навучаннем забяспечваюць аўдыявізуальную нагляднасць рэальнай камунікацыі. Іх прымяненне можа быць дарэчы на ўсіх этапах урока, пры рабоце над лексічным, граматычным і фанетычным бокам маўлення, пры навучанні ўсім відам маўленчай дзейнасці, а таксама пры ўвядзенні, трэніроўцы, замацаванні, абагульненні і кантролі вучэбнага матэрыялу.

Важна з самага пачатку ўрока прыцягнуць увагу навучэнцаў і ўнесці ў атмасферу іншамоўных зносін. Вырашыць такую задачу мне дапамагае, напрыклад, выкарыстанне відэаролікаў у рамках тэмы, якая вывучаецца. Пасля прагляду можна прапанаваць навучэнцам цэлы набор розных практыкаванняў: прагляд відэа без гуку, а потым агучванне відэафільма самастойна, пасля чаго параўнаць сваю версію з відэасюжэтам; драматызацыя прагледжанага відэароліка; аднаўленне гаворкі герояў; мадэляванне сітуацыі зносін і ­арганізацыя ролевай гульні.

На матэрыяле відэасюжэта можна знаёміць навучэнцаў з новымі лексічнымі адзінкамі і граматычнымі формамі, актуалізаваць веды і ўменні, неабходныя для вывучэння новага матэрыялу. Агучванне відэафайлаў спрыяе таксама ўдасканаленню фанетычных навыкаў. Відавочна, што відэа мае значныя перавагі, таму што міміка і жэсты ў найбольшай ступені аблягчаюць успрыманне і разуменне. Незаменным з’яўляецца іх выкарыстанне пры навучанні аўдзіраванню.

Выкарыстанне прэзентацый, выкананых у праграме Microsoft PowerPoint, дазваляе зрабіць урок яркім і незабыўным, а дыдактычны матэрыял — наглядным і даступным. Асабліва мэтазгодным лічу прымяненне прэзентацый у якасці нагляднасці, напрыклад, на этапе азнаямлення з новым лексічным і граматычным матэрыялам. Маляўнічыя карцінкі, табліцы і схемы спрыяюць больш хуткаму запамінанню. Розныя лексічныя практыкаванні на суаднясенне карцінкі і слова, запаўненне пропускаў, аднаўленне лагічнай паслядоўнасці, падбор сінонімаў, антонімаў і г.д. сталі неад’емнай часткай урока ўдасканалення лексічных навыкаў і кантролю ведаў. Выкарыстоўваць прэзентацыю ў вучэбным працэсе можна на розных этапах урока ў кожным класе па кожнай тэме. Прэзентацыя вырашае праблему выкарыстання нагляднага матэрыялу, служыць сродкам для пошуку неабходнай інфармацыі, можа стаць стымулам для фарміравання маўленчых выказванняў, а таксама дазваляе інтэнсіфікаваць урок, выключыўшы час для напісання матэрыялу на дошцы.

Усё большую папулярнасць на маіх уроках знаходзіць прымяненне праграмнага забеспячэння SMART Notebook 2011. Эфектыўным з’яўляецца выкарыстанне гэтай праграмы пры ўвядзенні новага лексічнага і граматычнага матэрыялу, а таксама на этапе трэніроўкі і замацавання, для дэманстрацыі нагляднага матэрыялу, для размяшчэння апор пры навучанні маналагічнаму і дыялагічнаму выказванню. У працэсе навучання рэцэптыўным відам маўленчай дзейнасці (аўдзіраванне, чытанне) для кантролю ўспрымання і разумення часта выкарыстоўваю прыём зацянення або напісання правільных адказаў колерам фону. Гэта дазваляе хутка праверыць правільнасць выканання, выкарыстоўваючы самаправерку або ўзаемаправерку. Анімацыйныя і гукавыя эфекты спрыяюць больш хуткаму засваенню і запамінанню праграмнага матэрыялу. Мэтазгоднае выкарыстанне інтэр­актыўных магчымасцей гэтай праграмы ў штодзённай рабоце — не “для фокусаў”, а педагагічна правільна дазваляе мне зрабіць вучэбны працэс цікавым і эфектыўным. Вылу­чаць апорныя словы і паняцці, наглядна структура­ваць інфармацыю, выбраць, адкрыць, запусціць, дабаўляючы каментарыі, дэманстраваць у франтальным рэжыме інтэрактыўныя ма­дэлі, зацяняць выявы або выкарыстоўваць функцыю пражэк­тара, што дазваляе рабіць аб’екты прыметнымі ў патрэбны момант, — далёка не поўны спіс магчымасцей гэтай праграмы.

На этапе трэніроўкі і замацавання вучэбнага матэрыялу незаменнымі і, безумоўна, найбольш эфектыўнымі з’яўляюцца рознага роду тэставыя праграмы. У анлайн заў­сёды можна знайсці практыкаванні для любога ўзроўню і на патрэбную граматычную тэму. Гэта выдатны спосаб арганізацыі самастойнай работы навучэнцаў, які забяспечвае высокую шчыльнасць урока.

Для кантролю ведаў навучэнцаў я складаю тэсты самастойна, выкарыстоўваючы праграму MyTestX або сайт http://www.zarb.de, распрацоўваю тэставыя заданні дя кожнага вучня персанальна з улікам яго індывідуальных асаблівасцей і здольнасцей, з наступным дыферэнцыраваным аналізам памылак. Такі від работы на ўроку дазваляе хутка і аб’ектыўна ацаніць кожнага навучэнца, стварае спрыяльную псіхалагічную атмасферу.

На этапе фарміравання аўдытыўных навыкаў і развіцця ўменняў успрымання іншамоўнага маўлення на слых унікальныя магчымасці дае выкарыстанне падкастаў Deutsche Welle http://www.dw.de, http://www.dw-world.de, Bayrische Rundfunk, Grüße aus Deutschland ад інстытута Гётэ і інш. Так, на сайце http://www.deutschland-magaze.de/videothek заўсёды можна знайсці аўтэнтычныя аўдыя- і відэафайлы, прысвечаныя розным аспектам жыцця ў Германіі, — медыцына, кулінарыя, музыка, навука, экалогія і г.д. Аўдыя- і відэафайлы, невялікія па працягласці, можна лёгка праслухоўваць па некалькі разоў, да таго ж яны суправаджаюцца тэкстам на нямецкай мове. Падкасты нямецкіх радыёвяшчанняў забяспечваюць трэніроўку вымаўлення і яго ўдасканаленне. Яны кампенсуюць недахоп іншамоўнага асяроддзя ў навучанні замежнай мове.

На этапе навучання гаварэнню часта праводжу віртуальнае падарожжа, выкарыстоўваючы пры гэтым праграму Google.maps. Потым прапаную навучэнцам падзяліцца ўражаннямі ад убачанага і пачутага, выказаць сваё меркаванне і аргументаваць яго, стварыць міні-праекты і агучыць іх, прымераўшы на сябе ролю гіда, правесці групу турыстаў па вуліцах нямецкага горада, разыграць дыялогі экскурсавода і турыстаў або стварыць уласны праспект. Аўдыя- і відэафайлы выкарыстоўваю для наступнага абмеркавання і стварэння сітуацыі моўных зносін.

У навучанні дыялагічнаму маўленню часта выкарыстоўваю праграму Skype, якая дае шырокія магчымасці для стварэння мадэлі рэальных зносін з замежнікамі непасрэдна на ўроку і ў пазаўрочны час, або праграмы ICQ, з дапамогай якой можна абменьвацца пісьмовымі паведамленнямі, размаўляць, як па тэлефоне, а з відэакамерай атрымліваць асалоду ад паўнацэнных зносін, карыстацца чатам. І ўсё гэта абсалютна бясплатна.

Гэтыя праграмы і многія іншыя пры ўмове іх правільнага інтэгравання ў вучэбны працэс дазваляюць арганізаваць іншамоўныя зносіны ў віртуальнай рэальнасці, завабіць кожнага навучэнца ў адкрыты жывы дыялог, павысіць узровень міжкультурнай камунікацыі. Ёсць нямала розных сайтаў, дзе можна знайсці сяброў для зносін. Мае навучэнцы карыстаюцца сайтам www.kinderbrieffreunde.com. Тут яны з задавальненнем абменьваюцца сваім вопытам і ведамі на нямецкай мове, пашыраюць кола жывых зносін, у працэсе якіх даведваюцца многа новага пра культуру краіны, традыцыі і звычаі нямецкага народа, што непасрэдна спрыяе фарміраванню якасцей полікультурнай асобы.

Для падрыхтоўкі маналагічнага і дыялагічнага выказвання рэкамендую сваім навучэнцам карыстацца інфармацыяй інтэрнэт-рэсурсаў. На старонках нямецкамоўных сайтаў заўсёды можна знайсці актуальны і аўтэнтычны матэрыял, які забяспечыць паўнату, змястоўнасць і ўнікальнасць паведамлення. Напрыклад, пры праходжанні тэмы “Нацыянальная кухня” ў 8 класе прапаную навучэнцам наведаць сайт вядомых рэстаранаў Берліна, а потым абмеркаваць меню, якое там прапануецца, яго асаблівасці. Або, напрыклад, абмеркаваць праблему “Кішэнных грошай” (8 клас), вывучыўшы “Дошку аб’яў” на сайце і магчымасці заробку для нямецкіх падлеткаў. Параўнаць з магчымасцямі нашых школьнікаў, абмеркаваўшы ўсе “за” і “супраць”. Выкарыстанне інфармацыі вэб-сайтаў набліжае ўрок да рэалій жыцця, гарантуе глыбіню вывучэння вучэбнага матэрыялу. Рэсурсы сеткі інтэрнэт — гэта каштоўная і невычэрпная крыніца, а ўкараненне ІКТ можа і абавязкова павінна стаць прыярытэтам сучаснай адукацыі, арыентаванай на самаразвіццё і самарэалізацыю асобы школьніка.

Навучанне пісьму і пісьмоваму маўленню, безумоўна, павінна насіць камунікатыўны характар. Дзіця толькі тады паспяхова авалодае гэтым навыкам, калі будзе разумець, для каго і навошта яно гэта піша. Забяспечыць такія зносіны мне дапамагае выкарыстанне магчымасцей электроннай пошты. Гэты спосаб зносін у віртуальнай рэальнасці з’яўляецца хуткім, зручным, даступным. Тут мы вучымся пісаць пісьмы асабістага характару, адпраўляць электронныя віншаванні, паштоўкі і г.д. Пры вывучэнні тэмы “Прафесія” ў 11 класе прапаную навучэнцам запоўніць анкету на сайце агенцтва па працаўладкаванні ў Германіі. З мэтай зносін на замежнай мове арганізоўваю ўдзел навучэнцаў у розных чатах і форумах, дзе яны выказваюцца па розных тэмах-праблемах.

З гэтай мэтай на старонках сацыяльнай сеткі размяшчаю сюжэтную карцінку або фота з выявай праблемнага характару, важна пры гэтым улічваць узроставыя інтарэсы навучэнцаў, каб ніхто не застаўся абыякавым. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Міжасобасныя адносіны” ў 9 класе прапаную навучэнцам пагутарыць у чаце наконт узаемаразумення паміж двума рознымі пакаленнямі, а стымулам для гэтага можа служыць адпаведная карцінка.

А пры вывучэнні тэмы “Надвор’е і клімат” у 9 класе выкладаю ўласныя фота або відэа з наступствамі ў выніку анамальнай засухі або шквальнага ветру.

Навучэнцы ахвотна выказваюцца наконт гэтай праблемы. Можна прапанаваць такі від работы на дамашняе заданне, пры гэтым дыстанцыйна накіроўваць ход зносін.

У навучанні чытанню інфармацыя нямецкамоўных сайтаў дапамагае вырашыць праблему выкарыстання аўтэнтычнага матэрыялу на ўроках нямецкай мовы. На старонках інтэрнэту заўсёды можна знайсці вялікую колькасць ма­тэрыялу па зададзенай тэме. Каб не мітусіцца па сетцы ў пошуках патрэбнай літаратуры, прапаную сваім навучэнцам наведваць анлайн-бібліятэкі. Для ўваходу на многія з іх не патрабуецца спецыяльная рэгістрацыя, а спампоўванне твораў даступна ў розных фарматах. Пры вывучэнні тэмы “Літаратура” ў 8 класе прапаную навучэнцам наведаць сайт http://www.lyrikline.org, дзе яны маюць магчымасць не толькі прачытаць твор у арыгінале, але і паслухаць, атрымліваючы пры гэтым для сябе двайную карысць.

Выкарыстанне медыярэсурсаў у спалучэнні з традыцыйнымі формамі і метадамі навучання ў разрэзе вучэбнай праграмы фарміруе моўнае асяроддзе як галоўны сродак навучання замежнай мове, а таксама стварае ўмовы для паспяховага развіцця пазнавальнай цікавасці, актыўна ўключаючы кожнага навучэнца ў пастаянны пошук дадатковых ведаў, выходзячы за рамкі падручніка. Іх выкарыстанне можа быць эфектыўным на ўсіх этапах навучання, пры рабоце над усімі аспектамі мовы ў кожным класе, па кожнай тэме.

На заключным этапе для правядзення рэфлексіі і праверкі ведаў навучэнцаў карыстаюся сэрвісам Kahoot, з дапамогай якога ствараю віктарыны, тэсты, дыдактычныя гульні і іншыя інтэрактыўныя заданні. Тут падыдзе любы гаджэт, падключаны да інтэрнэту: ноўтбук, смартфон, планшэт і інш. Загадзя падрыхтаваўшы неабходнае заданне па пройдзенай тэме, напрыклад, адказаць на пытанні ў канцы ўрока для падвядзення вынікаў для выяўлення ўзроўню засваення вывучанага матэрыялу, і своечасова вызначыўшы балы за кожны правільны адказ, атрымліваю статыстыку. Потым аналізую адказы, пры гэтым кожны сам бачыць свае памылкі. Выстаўляю адзнакі.

Уключэнне медыярэсурсаў у практыку навучання нямецкай мове не толькі з’яўляецца сродкам падтрымання матывацыі, але і дапамагае навучэнцам дасягнуць больш высокіх вынікаў у навучанні, павысіць іх уласную самаацэнку. Мэтазгоднае выкарыстанне медыярэсурсаў на ўроках нямецкай мовы забяспечвае авалоданне асноўнымі відамі маўленчай дзейнасці (успрыманне і разуменне іншамоўнага маўлення на слых, гаварэнне, чытанне, пісьмо і пісьмовае маўленне); фарміраванне адпаведных моўных ведаў, маўленчых навыкаў і ўменняў; узбагачэнне моўнага, маўленчага і асобаснага вопыту навучэнцаў праз пашырэнне кругагляду і на аснове засваення культуразнаўчых і лінгвакраіназнаўчых рэалій.

Святлана НЕЎМЯРЖЫЦКАЯ,
настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 14 Мазыра.