На адной хвалі з вучнямі пакалення Z

Напэўна, няма ў нашай краіне педагога-замежніка, які б да сённяшняга дня не ведаў імя настаўніцы англійскай мовы гімназіі № 5 Баранавіч Брэсцкай вобласці Вольгі Аляксандраўны Банкевіч. Педагогам назапашаны вопыт работы па выкарыстанні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у вучэбным працэсе, распрацаваны класіфікацыі сэрвісаў Web 2.0 па этапах урока і ўзроставых асаблівасцях навучэнцаў, па кампанентным складзе камунікатыўнай кампетэнцыі. Настаўніца актыўна супрацоўнічае з Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі, праводзіць практыка-арыентаваныя семінарскія заняткі, майстар-класы, дзеліцца сваімі напрацоўкамі ў перыядычных выданнях. Заўсёды энергічная, ініцыятыўная, лёгкая на пад’ём, Вольга Аляксандраўна ідзе ў нагу з сучасным пакаленнем Z і вучыць гэтаму сваіх калег. Пра тое, як пабудаваць эфектыўны ўрок замежнай мовы, пра мэтазгоднасць выкарыстання на ім гаджэтаў і магчымасці прымянення ІКТ мы гутарым з В.А.БАНКЕВІЧ.

— Вольга Аляксандраўна, што прывяло вас у педагогіку? Чаму вы сталі настаўніцай англійскай мовы?

— Наколькі я ведаю, многія дзяўчынкі ў дзяцінстве любяц­ь гуляць “у школу”: рассаджваюць сваіх лялек і мяккія цацкі за імправізаваныя парты, задаюць ім розныя пытанні са сваёй школьнай практыкі, вядуць журнал, у які выстаўляюць адзнакі… Вось і я з дзяцінства ведала, што буду настаўніцай. Мая мудрая мама, Ірына Мікалаеўна Громава, заўсёды мяне ў гэтым падтрымлівала, хоць і не мае адносін да педагогікі. А з прадметам я вызначылася толькі ў старшых класах. У сярэдняй школе № 4 Баранавіч англійскую мову ў нас вяла Таццяна Пятроўна Кутыркіна, цяпер старшы выкладчык кафедры англійскай мовы гуманітарных факультэтаў БДУ, прыгожая жанчына і надзвычайны педагог, здольны “заразіць” сваім прадметам кожнага. Дзякуючы ёй, я пачала сур’ёзна займацца англійскай мовай, вынікова ўдзель­нічаць у алімпіядах, словам, менавіта яна і паўплывала на выбар будучай прафесіі. Акрамя англійскай, я ўдзельнічала ў алімпіядах па рускай мове і таксама прыносіла дыпломы ў скарбонку роднай школы. Так і атрымалася, што па адукацыі я — настаўніца англійскай і рускай мовы і літаратуры. З 1999 года выкладаю англійскую мову ў гімназіі № 5 Баранавіч.

— За гады работы ў вас сфарміравалася педагагічнае крэда?

— Што сказаць аб маім педагагічным крэда… Вы, напэўна, чакаеце ад мяне чагосьці вельмі пафаснага. Здзівіць? На працягу многіх гадоў я кіруюся некалькімі цытатамі: “Няма меж дасканаласці”. Гэты ўніверсальны выраз для мяне працуе як матыватар да далейшай самаадукацыі і самаўдасканалення. “Мы не шукаем лёгкіх шляхоў” (А.Макуні). Гэты афарызм, на маю думку, адлюстроўвае ўсю сутнасць прафесіі сучаснага настаўніка. “Вучань павінен пераўзысці свайго настаўніка” (В.А.Жукоўскі). І гэта аксіёма. Бо інакш прагрэс немагчымы. Заўсёды гавару сваім вучням, што менавіта ад іх залежыць, у якой краіне мы будзем жыць у будучыні. Калі яны будуць лепшымі, чым мы, “чысцейшымі”, разумнейшымі, нават мудрэйшымі, то і наша краіна будзе квітнець.

— Сёння ўрок з’яўляецца асноўнай формай арганізацыі адукацыйнага працэсу. Якім, на ваш погляд, павінен быць сучасны эфектыўны ўрок?

— Сучасны эфектыўны ўрок у першую чаргу павінен быць інфарматыўным. Пасля кожнага ўрока вучань павінен адчу­ваць прырост уласных ведаў. Урок не прайшоў дарма, калі бачыш радасць на тварах дзяцей ад усведамлення таго, што ўсё, што здавалася складаным, на самай справе проста і зразумела. Урок не прайшоў дарма, калі са званком з урока дзеці дзівяцца, што час так хутка праляцеў, і ім не хочацца сыходзіць. Урок не прайшоў дарма, калі пасля ўрока дзеці падыходзяць абняц­ь і сказац­ь “дзякуй за ўрок”. Гэта, па-мойму, і ёсць маленькія штодзённыя перамогі кожнага настаўніка. Але гэтых перамог не можа быць без надзейнага тылу — нашых сем’яў, якія разумеюць нас без слоў, дапамагаюць і падтрымліваюць ва ўсім. Будучы мамай пяцікласніка, рыхтавацца да наступнага працоўнага дня магу толькі пасля таго, як усёй сям’ёй дапаможам сыну выканаць дамашняе заданне, скласці партфель, легчы спаць. Гэта як у папулярнай гульні: “Гараджане засынаюць, прачынаецца…” У гэты момант мамы, жонкі (а дзесьці і мужы, бацькі-настаўнікі) са­дзяцца за паўрочныя планы, падрыхтоўку нагляднага і раздатачнага матэрыялу, праверку сшыткаў, напісанне артыкулаў, чытанне метадычных навінак, засваенне новых электронных сродкаў навучання і многае іншае. І я не выключэнне. Заўсёды, плануючы ўрок, старанна прадумваю кожны этап з метадычнага пункту гледжання, імкнуся ўнесці іскрынку, няхай гэта будзе элемент гульнявой тэхналогіі або прымяненне ІКТ.

— Як прывіць вучням цікавасць да вывучэння замежнай мовы?

— Вывучэнне любога прадмета — велізарная праца. І прывіць цікавасць да вывучэння свайго прадмета можна толькі асабістым прыкладам. Памятаеце: няма меж дасканаласці? Калі кожны ўрок настаўнік захоплена расказвае (або паказвае) сваім вучням цікавыя факты пра культуру, традыцыі, звычаі, гісторыю і сучаснасць англамоўных краін, выкарыстоўваючы аўтэнтычныя матэрыялы, — гэта не можа нікога пакінуць абыякавым. І, вядома ж, немалаважным фактарам з’яўляецца матывацыя. Каб разнастаіць урокі, зрабіць іх больш цікавымі для навучэнцаў, выкарыстоўваю элементы розных педагагічных тэхналогій: перавернутага ўрока, актыўнай ацэнкі, змешанага, праектнага, праблемнага, дыферэнцыраванага навучання, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, гульнявое навучанне, кейс-тэхналогію, тэхналогію канцэнтрацыі навучання з дапамогай знакава-сімвалічных структур і інш. Для таго каб дзеці хацелі вучыцца (і тут гаворка не толькі пра ўрок, а пра вывучэнне замежнай мовы ў цэлым), разам з Ілонай Анатольеўнай Краўчук мы арганізавалі англійскі клуб Elite, на пасяджэннях якога дзеці абараняюць свае даследчыя праекты па тэмах, якія іх цікавяць, вядома ж, на англійскай мове і з абавязковым выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Такія заняткі праводзяцца за кубкам традыцыйнага англійскага чаю і з’яўляюцца тэматычнымі. На пасяджэнні англійскага клуба па тэме “Будучыня сёння” навучэнцы запісалі свае здагадкі пра тэхналогіі, якія стануць неад’емнай част­кай штодзённага жыцця ў будучыні, і змясцілі ў капсулу часу, якую вырашылі раскрыц­ь праз 30 гадоў! Акрамя таго, я ўвасобіла ў жыццё сваю ідэю правядзення штогадовага фестывалю песні на замежнай мове Singing Brings Together (“Спевы аб’ядноўваюць”), якім ужо чацвёрты год мы завяршаем дэкаду прафесійнага майстэрства настаўнікаў замежных моў нашай гімназіі. Выдатна, калі, акрамя англійскай, дзеці спяваюць песні на нямецкай, польскай, французскай, італьянскай і нават на карэйскай мовах. Яшчэ адной формай работы, якая павышае або падтрымлівае матывацыю і паглыбляе веды вучняў у галіне англійскай мовы, з’яўляецца правядзенне інтэграваных урокаў. Напрыклад, урок па тэме “Беларусь: навука і адукацыя”, праведзены мной разам з настаўніцай геаграфіі Наталляй Аляксандраўнай Лук’янчык у 10 класе, або ўрок па тэме “Вытворчасць, перадача і спажыванне электрычнай энергіі: экалагічныя праблемы”, праведзены ў 11 класе разам з настаўнікам фізікі Андрэем Канстанцінавічам Любасам.

— І ўсё ж з усяго спектра тэхналогій якім аддаяце перавагу?

— Адразу хачу сказаць, што ніхто і нішто не заменіць жывога настаўніка ля школьнай дошкі з крэйдай у руках. І гэта маё цвёрдае перакананне. Але навука крочыць наперад і задае тон адукацыі. З’яўляецца ўсё больш і больш новых падыходаў да навучання. А пастаянныя змены ў сваю чаргу прымушаюць мяняцца і педагога. Сістэма работы настаўніка XXI стагоддзя складаецца з элементаў вялікай колькасці сучасных педагагічных тэхналогій і не мысліцца без камп’ютара. Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі адкрываюць магчымасці цалкам новых метадаў выкладання і навучання. Для таго каб зрабіць урок карысным і цікавым для падлеткаў пакалення Z, неабходна выкарыстанне электронных сродкаў навучання. Гэта розныя сэрвісы тэхналогіі Web 2.0, абалонкі для распрацоўкі дыстанцыйных курсаў, афлайн-праграмы, мабільныя дадаткі, — словам, усё тое, што дапамагае настаўніку перадаваць веды вучням, што можа зацікавіць сучасных навучэнцаў, навучыць іх здабываць і апрацоўваць інфармацыю самастойна, каб больш паспяхова адаптавацца да сацыяльных змен сучаснага інфармацыйнага грамадства.

— Як даўно вы выкарыстоўваеце інфармацыйныя тэхналогіі?

— У 2002/2003 навучальным годзе намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце нашай гімназіі Алена Канстанцінаўна Емяль­янчык пачала працэс інфарматызацыі ў плане дакумента­абароту і фарсіраванага выкарыстання тэхнічных сродкаў навучання сярод настаўнікаў замежных моў. Маючы за плячыма курсы сакратара-машыністкі (дапамагала ў наборы тэкстаў у MS-DOS), я ўсвядоміла вострую неабходнасць яшчэ і ў камп’ютарных курсах. Да таго часу я слаба ўяўляла, што такое Windows Office і якія ў яго магчымасці. У 2003 годзе, узяўшы крэдыт, купіла свой першы камп’ютар. Пра інтэрнэт тады, вядома, гаворкі не ішло. Але з рук у рукі перадаваліся дыскі з прэзентацыямі ў Power Point, і гэта здавалася чымсьці фантастычным. Вядома ж, мы не шукаем лёгкіх шляхоў, і, чым выкарыстоўваць чужыя прадукты, мне хацелася ствараць свае. Тым больш, з кожнай новай версіяй функцыі Power Point пашыраліся, даючы магчымасць распрацоўваць інтэрактыўныя гульні і вучэбныя канспект-прэзентацыі. У 2006 годзе пазнаёмілася з Hot Potatoes — інструментальным асяроддзем, якое дазваляе ствараць розныя тыпы практыкаванняў і тэстаў, якія актыўна выкарыстоўвала ў сваёй рабоце. Вось так і з’явілася цікавасць да электроннай педагогікі.

— Раскажыце падрабязней аб выкарыстанні інтэрнэт-тэхналогій у прафесійнай дзейнасці.

— У 2010—2012 гадах на базе нашай гімназіі рэалізоўваўся інавацыйны праект Міністэрства адукацыі “Укараненне мадэлі дыстанцыйных форм навучання ў падтрымку асноўнага курса і факультатыўных заняткаў па вучэбных прадметах”. Падчас работы над праектам настаўнікамі-інаватарамі быў распрацаваны шэраг дыстанцыйных курсаў. Упершыню давялося праца­ваць з сістэмай дыстанцыйнага навучання MOODLE. Гэты вопыт быў вельмі паспяховым, і пасля заканчэння праекта настаўнікі англійскай мовы стварылі дыстанцыйныя курсы па ўсіх вучэбных паралелях. Дзякуючы вопыту распрацоўкі дыстанцыйных курсаў, у 2013 годзе ў складзе часовага навуковага калектыву Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, мне і маёй калезе Ілоне Анатольеўне Краўчук пашчасціла пазнаёміцца з І.У.Зубрылінай. Мы працавалі над тэмай навуковага даследавання “Распрацоўка электронных адукацыйных рэсурсаў для дадатковай адукацыі педагагічных работнікаў”. Менавіта ад Інесы Уладзіміраўны я ўпершыню пачула пра магчымасці выкарыстання некаторых сэрвісаў тэхналогіі Web 2.0, што і абумовіла далейшае развіццё ў гэтым кірунку. Хацелася асвоіць і апрабаваць як мага больш розных рэсурсаў, праграм, дадаткаў, сэрвісаў, знайсці ім месца ў структуры ўрока, выкарыстоўваць на пэўных этапах урока ў залежнасці ад класа, мэт і задач урока, дамінуючага віду маўленчай дзейнасці, узроўню навучанасці, паспяховасці, пры гэтым, акрамя развіцця камунікатыўнай кампетэнцыі, павялічваючы лічбавую дасведчанасць навучэнцаў.

Аб выкарыстанні электронных сродкаў навучання на ўроках англійскай мовы я магу гаварыць бясконца, галоўнае, што гэта спрыяе павышэнню эфектыўнасці ўрока, максімальна прыцягваючы кожнага вучня ў працэс навучання, дапамагае ўлічваць асобасныя асаблівасці і здольнасці, пашырае магчымасці самарэалізацыі і раскрыцця патэнцыялу, павялічваючы якасць ведаў навучэнцаў, што ў выніку спрыяе развіццю камунікатыўнай кампетэнцыі. Але не варта забываць: больш — не значыць лепш. Выкарыстанне лічбавых прадуктаў павінна быць своечасовым і дазіраваным.

— На ваш погляд, перашкаджаюць або спрыяюць рабоце на ўроку мабільныя тэлефоны і іншыя гаджэты?

— Як кажуць англічане: “It depends…” Для пачатку неабходна, каб вучні зразумелі, што ноўтбукі, планшэты, смартфоны вельмі эфектыўныя ў адукацыйных мэтах. А да гэтага трэба ісці паступова. У сучаснай педагогіцы існуе BYOD-тэхналогія, што ў перакладзе гучыць як “прынясі свой дэвайс”. Не на кожным уроку, вядома, але тым не менш. Чаму б не выкарыстоў­ваць электронны слоўнік? А аддаленая работа над праектам, калі навучэнцы, кожны знаходзячыся ў сябе дома, ствараюць адну сумесную прэзентацыю, інтэлект-карту або Google-сайт, а на ўроку абараняюць свой праект з дапамогай англійскай мовы? А трэніровачныя тэсты з маментальным вынікам у працэнтах або балах? А экспрэс-апытанне з выкарыстаннем Kahoot або QR-кодаў? Можна працягваць бясконца. Вядома, усё залежыць ад узроўню гатоўнасці навучэнцаў да такога тыпу работы, іх матывацыі, і не варта забываць аб лічбавай кампетэнтнасці і прафесіяналізме настаўніка.

— Ваша гімназія актыўна працуе ў інавацыйных праектах. Што асабіста дае вам гэтая работа?

— Усе праекты, якія рэалізаваны і рэалізуюцца на базе нашай гімназіі, маюць інфармацыйную накіраванасць і падразумяваюць стварэнне сур’ёзных лічбавых прадуктаў. Для мяне як удзельніка ўсіх інавацыйных праектаў (у якасці настаўніка-прадметніка і класнага кіраўніка) гэта, у першую чаргу, магчымасць самаадукацыі, самаразвіцця і самарэалізацыі. Наша гімназія з’яўляецца філіялам кафедры сучасных методык і тэхналогій адукацыі АПА. Рэгулярна я і мае калегі (дзякуй, што яны ў мяне ёсць, такія адказныя, гатовыя заўсёды працягнуць руку дапамогі!), настаўнікі англійскай мовы А.В.Коўтун, І.А.Краўчук і І.В.Мядзведзева, праводзім практыка-арыентаваныя і семінарскія заняткі для слухачоў курсаў перападрыхтоўкі па спецыяльнасці “Сучасная замежная мова (англійская)”, на якіх мы дзелімся сваім вопытам і вучым распрацоўцы лічбавых прадуктаў з выкарыстаннем тых ці іншых інтэрнэт-сэрвісаў, праграм і мабільных дадаткаў, а таксама расказваем аб магчымасцях прымянення гэтых электронных сродкаў навучання на ўроках замежнай мовы. Я рада супрацоўнічаць з прарэктарам па вучэбнай рабоце АПА І.А.Дзюбай, загадчыцай кафедры сучасных методык і тэхналогій адукацыі АПА Н.С.Баравік. На сваіх занятках мы рэалізуем прынцып “роўны навучае роўнага”. Але для таго, каб вучыць іншых, трэба бесперапынна развівацца, пастаянна шукаць і асвойваць нешта новае.

— Як вы лічыце, ці можна да заканчэння школы навучыць школьніка свабодна размаўляць на замежнай мове?

— Я, як і многія мае калегі, вывучала англійскую мову ў савецкай школе. У часы адсутнасці інтэрнэту, магчымасці падарожнічаць у далёкія краіны, а, адпаведна, і мець зносіны з замежнікамі, англійская мова здавалася чымсьці з разраду латыні — мёртвай. Пасля, размаўляючы з прадстаўнікамі абсалютна розных краін свету, я пераканалася ў тым, што не адчуваю дыскамфорту або недахопу ведаў незалежна ад таго, з’яўляецца для іх англійская роднай ці не. Нават вывучаючы замежную мову ў штучна створаных умовах, можна дасягнуць даволі высокага ўзроўню валодання гутарковай мовай. А выкарыстанне аўтэнтычных відэа- і аўдыяматэрыялаў дапаможа скарэкціраваць вымаўленне і пашырыць веды ў галіне сучаснай гутарковай замежнай мовы. У свеце ёсць магчымасць, падарожнічаючы, мець зносіны з замежнікамі, выкарыстоўваць камунікацыю ў сетцы інтэрнэт. Вывучэнне замежнай мовы стала важным аспектам жыцця сучаснага чалавека. Гэта ўзровень сацыялізацыі асобы ў сусветнай супольнасці і перадумова яе паспяховай кар’еры.

— Вялікі дзякуй за размову.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.