Нямецкая мова з гарэзай-малпай,

або Гульнявая тэхналогія для развіцця камунікатыўнай кампетэнцыі

У кожнага настаўніка складваецца свая сістэма работы, у якую ўключаюцца ўжо правераныя на практыцы метады і прыёмы. Для мяне галоўным з’яўляецца развіццё цікавасці да прадмета, які выкладаю. І ў гэтым мне дапамагаюць гульні, якія дазваляюць сканцэнтраваць увагу дзяцей на галоўным — авалоданні маўленчымі навыкамі ў натуральнай сітуацыі зносін.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Гульні спрыяюць выкананню наступных метадычных задач:

— умацаванню псіхалагічнай гатоўнасці дзяцей да маўленчых зносін;

— забеспячэнню натуральнай неабходнасці шматразовага паўтарэння імі моўнага матэрыялу;

— трэніроўцы навучэнцаў у выбары патрэбнага маўленчага варыянта.

Месца гульняў на ўроку (як і любога актыўнага метаду) і час, які адводзіцца на іх, залежаць ад шэрага фактараў: узроўню падрыхтоўкі навучэнцаў, матэрыялу,які вывучаецца,   мэт і ўмоў урока і г.д.

Вылучаюць наступныя катэгорыі гульняў на ўроку нямецкай мовы: лексічныя, граматычныя, фанетычныя, арфаграфічныя, творчыя. Аднак у большасці выпадкаў у гульні аб’ядноўваюцца некалькі катэгорый, таму звычайна выкарыстоўваю ў сваёй рабоце лексіка-граматычныя, лексіка-арфаграфічныя гульні.

У пачатковай школе дзеці часам не ведаюць нават па-руску назвы часцін мовы і членаў сказа, таму ў навучанні граматыцы нямецкай мовы прымяняю наступныя гульні:

1. “Мадальныя дзеясловы”.

Мэта: аўтаматызацыя ўжывання мадальных дзеясловаў у вусным маўленні.

Ход гульні: утвараюцца дзве каманды. Адна каманда прыдумляе сказ з зададзеным мадальным дзея­словам. Другая — павінна адгадаць гэты сказ. Я задаю пытанні накшталт: “Ці можаце вы?..”, “Ці павінны вы?..”. Затым гэтае ж заданне выконвае другая каманда, і гульня працягваецца.

2. “Гульня ў мяч”.

Мэта: аўтаматызацыя ўжывання форм дзеяслова ў вусным маўленні.

Ход гульні: утвараюцца дзве каманды. Прадстаўнік першай каманды прыдумляе сказ з вывучаным дзея­словам. Ён кідае мяч партнёру з другой каманды і называе сказ, прапускаючы дзеяслоў. Той, хто злавіў мяч, паўтарае сказ, устаўляючы правільную форму дзеяслова, кідае мяч партнёру з першай каманды і называе свой сказ, прапускаючы дзеяслоў, і г.д.

Лічу, што ў пачатку ўрока мэта­згодна праводзіць фанетычныя гульні, мэта якіх — пастаноўка правільнай артыкуляцыі, гэта значыць рухаў органаў маўлення навучэнцаў пры вымаўленні асобных гукаў. Напрыклад, на ўроках у 3 класе прайграю сітуацыю з гарэзай-малпай, якая грымаснічае і просіць дзяцей паўтараць за ёй, што яны ахвотна і робяць.

Напрыклад, “Малпачка пайшла пагуляць у лес, але на вуліцы было холадна, у яе змерзлі лапкі, яна стала дыхаць на іх, каб сагрэць” (трэніроўка гука h).

“Пасля прагулкі ў лесе ў малпачкі пачало балець горла, яна прыйшла да ўрача, але не можа сказаць сваё імя, у яе атрымліваецца толькі “м” (трэніроўка гука m).

У пачатку ўрока ў пачатковых класах развучваю з дзецьмі скорагаворкі або вершы, суправаджаючы іх рухамі. Таксама дзецям вельмі падабаецца разгадваць крыжаванкі (на гэта адводжу ўсяго некалькі мінут у канцы ўрока, але вынік гэта дае добры).

Для трэніроўкі лексічных навыкаў выкарыстоўваю розныя варыяцыі лато. Напрыклад, пры вывучэнні літар алфавіта даю дзецям карткі: на адной напісана вялікая літара, на другой — маленькая. Неабходна злучыць літары. Ці, напрыклад, даю слова, разрэзанае па складах або па літарах, а дзеці павінны скласці слова.

Гульнявая форма разбору і прэзентацыі матэрыялу, магчымасць рухацца і размаўляць у працэсе абмеркавання заданняў, уключэнне творчасці пры падрыхтоўцы прэзентацый, спаборніцтвы каманд, азарт, значная доля самастойнасці на ўроку, адказнасць за правiльнасць прадстаўлення матэрыялу і засваення яго іншымі — усё гэта развівае высокую матываванасць навучэнцаў, ціка­васць і жаданне займацца.

Важна таксама адзначыць, што перадача навучэнцам часткі паўнамоцтваў па асваенні адукацыйнай пра­грамы, прызнанне іх значнай ролі ў дасягненні поспеху навучання, а таксама ўлік псіхафізіялагічных асаблівасцей школьнікаў пры праектаванні і ажыццяўленні навучання і выхавання мяняюць да лепшага адносіны вучняў да настаўніка і да адукацыйнага працэсу, што, у сваю чаргу, прыводзіць да стварэння спрыяльнага клімату ў класе і школе, садзейнічае паспяховаму выкананню мэт, якія стаяць перад школай.

Вольга СОМАВА,
настаўніца нямецкай мовы Нікіціхінскай сярэдняй школы Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці.
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ.