Па сінгапурскай методыцы

Прапаную ўвазе калег фрагменты майстар-класа па тэме “Прымяненне сінгапурскай методыкі навучання для павышэння матывацыі вучняў”.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Мэта: павышэнне кампетэнцыі ўдзельнікаў майстар-класа па эфектыўным прымяненні сінгапурскай методыкі для выкарыстання ў адукацыйнай практыцы.

Задачы:

стварыць умовы для разумення слухачамі актуальнасці і эфектыўнасці прымянення сінгапурскай методыкі, перадачы ўласнага вопыту па адзначанай тэме;

адпрацаваць падчас сумеснай групавой дзейнасці сінгапурскія структуры навучання;

забяспечыць рэфлексію эфектыўнасці сумеснай дзейнасці ўдзельнікаў майстар-класа.

Форма правядзення: інтэрактыўнае ўзаемадзеянне.

Чаканы вынік: выкарыстанне і распаўсюджванне гэтага вопыту ў далейшай рабоце; павышэнне кампетэнт­насці ўдзельнікаў майстар-класа; асваенне сінгапурскіх метадаў, якія спрыяюць павышэнню матывацыі.

Этапы работы майстар-класа

І. Арыенціровачна-матывацыйны этап

На арыенціровачна-матывацыйным этапе май­стар-класа майстар ставіць мэту — забеспячэнне матывацыі ўдзельнікаў майстар-класа.

Майстар расказвае прытчу: “У адной чароўнай краме прадаваліся дзіўныя фрукты. Адзін чалавек прыйшоў купляць фрукты. Але, як толькі прадавец браў фрукты і яны аказваліся ў яго далонях, яны тут жа знікалі. Тады прадавец прапанаваў яму самому ўзяць. Чалавек узяў фрукт, але ён таксама знік. У далоні аказалася толькі маленькае зярнятка”.

Удзельнікі майстар-класа абмяркоўваюць прытчу і прыходзяць да высновы, што кожны настаўнік павінен шукаць новыя метады і прыёмы для таго, каб матываваць навучэнцаў да набыцця новых ведаў. Для мяне такім зярняткам з’яўляюцца сінгапурскія метады навучання.

ІІ. Актуалізацыя суб’ектаў вопыту

Прыступаючы да этапу актуалізацыі суб’ектаў вопыту, майстар ставіць мэту — забеспячэнне актыўна­сці ўдзельнікаў да будучай дзейнасцi. Выкарыстоўвае прыём “Святлафор”. Кожны ўдзельнік майстар-класа забяспечаны методнікам (святлафорам), палоскай кардону трох колераў. Майстар забяспечвае зваротную сувязь са слухачамі.

• Вы знаёмы з сінгапурскімі метадамі навучання?

• Вы выкарыстоўваеце іх у сваёй рабоце?

• Сінгапурскія метады можна выкарыстоўваць на ўсіх этапах урока?

• Для кожнага этапу ўрока выкарыстоўваюцца свае прыёмы?

(Удзельнікі сігналізуюць, адказваючы на пытанні. Чырвоны колер — не, зялёны — так, жоўты — часам.)

Згодна з сінгапурскай методыкай, для ўдзельнікаў майстар-класа расстаўляюцца парты для свабоднага ўзаемадзеяння ўдзельнікаў твар у твар. Парты павінны адыходзіць прамянямі ад настаўніцкага стала для таго, каб ніхто не сядзеў спінай да майстра. Такім чынам, у кожнага ўдзельніка ёсць shoulderpartner (“партнёр па плячы”) і facepartner (“партнёр, які сядзіць насупраць”). Кожны ўдзельнік мае свой нумар у каман­дзе, зыхо­дзячы з двухбаковага ламінаванага А4 дыванка кіравання (Manage Mat). Такая сумесная дзейнасць стымулюе іх зацікаўленасць і адначасова рыхтуе да нетрадыцыйных форм навучання.

 Асноўныя формы работы па сінгапурскай методыцы навучання:

• актыўны ўдзел кожнага;

• групавыя зносіны;

• сумесная работа ў камандзе;

• выхаванне лідарскіх якасцей.

ІІІ. Мэтавызначэнне

 На этапе мэтавызначэння майстар называе тэму, ставіць мэту. Вызначэнне мэты ўдзельнікамі і выяўленне іх чаканняў. Прымяняе прыём “Выключы лішняе”. Прапаноўвае пяць задач, удзельнікі выбіраюць тры і прымацоўваюць іх на дошку: “Знайсці новую ідэю для самаадукацыі”, “Добра правесці час”, “Распрацаваць дыдактычны матэрыял”, “Пазнаёміцца з вопытам работы”, “Атрымаць задавальненне”.

ІV. Інфармацыйна-дзейнасны этап

Прыступаючы да інфармацыйна-дзейнаснага этапу, майстар ставіць мэту — забеспячэнне практычнай дзейнасці ўдзельнікаў майстар-класа па засваенні сінгапурскай методыкі навучання; стварэнне атмасферы кампетэнтнага ўзаемадзеяння па фарміраванні пэўных уменняў. Знаёміць удзельнікаў майстар-класа з асобнымі прыёмамі, варыянтамі іх выкарыстання на пэўных этапах урока. Абгрунтоўвае эфектыўнасць выкарыстання на ўроках. Напрыклад, удзельнікі майстар-класа працуюць па тэме “Сям’я і сямейныя адносіны”. Падчас майстар-класа ўдзельнікі складаюць памятку “Шляхі вырашэння сямейных канфліктаў”.

Майстар дэманструе прыёмы.

1. Джот Тотс (“Запішыце думкі”) — структура, у якой удзельнікі прагаворваюць прыдуманае слова па зададзенай тэме, запісваюць яго на лістках і кладуць у цэнтр стала правым бокам. Не прытрымліваючыся чарговасці, кожны ўдзельнік павінен запоўніць 4 лісткі, такім чынам, у цэнтры стала будзе 16 лісткоў. Удзельнікі падбіраюць і агучваюць асацыяцыі да слова “сям’я” (шлюб, бацькі, дзеці, адказнасць, роднасць, група, крэпасць, ачаг, дом).

2. Мадэль Фрэйлер — вучэбная структура, якая дапамагае навучэнцам глыбока зразумець і ўсвядоміць паняцці і канцэпцыі, якія вывучаюцца. Удзельнікі разглядаюць якое-небудзь паняцце з розных бакоў, запісваючы яго абавязковыя і неабавязковыя характарыстыкі, прыклады і антыпрыклады (тое, што не можа з’яўляцца прыкладам).

 Сям’я — гэта блізкія людзі, якіх звязваюць пачуцці, агульныя інтарэсы, стаўленне да жыцця. Менавіта ў сям’і адбываецца фарміраванне ўсебакова развітой, гарманічнай і ўпэўненай у сабе асобы. Майстар дае заданне вызначыць станоўчыя маральныя якасці, на якіх павінны будавацца сямейныя адносіны, і адмоўныя якасці, несумяшчальныя ў сямейных адносінах. Удзель­нікі вызначаюць гэтыя якасці і дэманструюць сябру побач і сябру насупраць. Майстар дае карткі для падказкі.

3. Сімалцініус раўнд тэйбл (“Адначасовы раўнд тэйбл”) — структура, у якой 4 удзельнікі ў камандзе адначасова выконваюць пісьмовую работу на асобных лістках або ў сшытку і пасля заканчэння часу перада­юць адно аднаму па крузе.

З пункту гледжання закона, шлюбныя адносіны прызнаюцца дзяржавай толькі ў выпадку іх рэгістрацыі. Удзельнікі вызначаюць шлюбны ўзрост, пасля дасягнення якога дапускаецца магчымасць браць шлюб, і ўмовы, калі не дапускаецца заключэнне шлюбу.

4. Інсайд-аўтсайд сёкл (“Колы”) — структура, у якой удзельнікі становяцца ў два колы — знешняе і ўнутранае. Удзельнікі ўнутранага кола задаюць пытанні ўдзельнікам знешняга кола. Рухаючыся, удзельнікі правяраюць і вучаць адно аднаго па пройдзеным матэрыяле, выкарыстоўваючы карткі з пытаннямі і адказамі па тэме. Затым удзельнікі мяняюцца ролямі.

Гэтая структура дазваляе развіваць у навучэнцаў навыкі камунікацыі і супрацоўніцтва.

 Функцыя сям’і  Яе сутнасць  
1  Рэпрадуктыўная  Узнаўленне насельніцтва. Задавальняе асобасныя патрэбы ў дзецях
2  Выхаваўча- рэгулятыўнаяФарміраванне асобы дзіцяці. Уплыў на развіццё асобы кожнага члена сям’і
3  Гаспадарча- бытаваяЗабеспячэнне матэрыяльнымі дабротамі. Падтрымка членаў сям’і
4  Рэкрэацыйная  Аднаўленне і ўмацаванне фізічных, эмацыянальных і духоўных сіл чалавека  
5  Эмацыянальна-псіхалагічная  Задавальненне патрэбы ў любові, сяброўстве, павазе, эмацыянальнай падтрымцы  

5. Клок бадзіс (“Сябры па гадзінах (часе)”) — структура, у якой навучэнцы сустракаюцца са сваімі аднакласнікамі ў “адведзены настаўнікам” час для эфектыўнага ўзаемадзеяння. Загадзя падрыхта­ваць карцінку гадзінніка. Раскласці на сталы. Удзельнікі павінны адзначыць на гадзінніках, напрыклад, час 3 і 9 гадзін і запісаць на гэты час тых, з кім бы яны хацелі сустрэцца. Майстар прапануе сустрэцца з сябрамі ў час, выбраны на 9, 3, 6 гадзін, і абмеркаваць, якія тыпы сем’яў бываюць, віды абавязкаў у сям’і, матывы заключэння шлюбу і г.д.

6. Тэйк оф — тач даўн (“Устаць — сесці”) — структура для атрымання інфармацыі аб удзельніках, а таксама знаёмства з удзельнікамі майстар-класа. (Устаньце тыя, хто жыве ў мнагадзетнай сям’і; з кім жыве бабуля; у каго ёсць сястра; у каго ёсць брат; хто ў сям’і адзінае дзіця; хто любіць сваю сям’ю.)

7. Сцё зэ клас (“Перамяшай клас”) — структура, у якой удзельнікі моўчкі перамяшчаюцца па пакоі для таго, каб дадаць як мага больш ідэй удзельнікаў да свайго спіса.

1) “Шчаслівая і нешчаслівая сям’я”.

2) “Стадыі існавання сям’і”: заляцанне, заключэнне шлюбу, стадыя маладой сям’і, фарміраванне поўнай сям’і, стадыя сталай сям’і, стадыя спусцелага гнязда, стадыя распаду сям’і.

Ва ўсіх членаў сям’і ёсць агульныя мэты  У сям’і шануюць старэйшых  У сям’і ўсе давяраюць адно
аднаму  
У сям’і існуе гвалт  У сям’і прад’яўляюцца празмерныя патрабаванні  Пастаянна ўзнікаюць канфлікты  
Члены сям’і маюць шмат шкодных звычак  Члены сям’і падтрымліваюць адно аднаго  Дзеці не паважаюць бацькоў  
Маюцца сямейныя рытуалы і правілы  Ёсць члены сям’і з алкагольнай залежнасцю  Сям’я право­дзіць сумесна вольны час  
Бацькі не займаюцца выхаваннем дзяцей  Члены сям’і клапоцяцца адно пра аднаго  Сям’я не мае маральных каштоўнасцей  

Пасля падрыхтоўкі сваіх адказаў удзельнікі павінны правесці пад імі лінію. Пасля заканчэння адведзенага на адказы часу на працягу 30 секунд удзельнікам трэба будзе сабраць як мага больш адказаў у сваіх сяброў. Яны рухаюцца па пакоі, знаходзяць пару не са сваёй каманды, становяцца побач і запісваюць адказ, якога ў іх няма. Калі такі адказ ужо ёсць, то можна яго адзначыць птушачкай. Усе павінны сустрэцца некалькі разоў з партнёрамі і сабраць як мага больш варыянтаў адказаў. Адказы запісваюць ужо пад праведзенай лініяй. Усе ўстаюць, засоўваюць крэслы. Засякаецца час. Калі час скончыцца, садзяцца на свае месцы. Пасля ўсіх напісаных адказаў праводзіцца другая лінія. Пачынаецца праверка: зачытае нам свае адказы, напрыклад, удзельнік А пад нумарам 1 стала № 2. І ўдзельнікі, слухаючы адказы, дадаюць тыя, якіх няма, але запісваюць ужо пад другой лініяй.

8. Куіз — куіз — трэйд (“Апытай — апытай — абмяняйся карткамі”) — структура, у якой удзельнікі правяраюць і вучаць адно аднаго па пройдзеным матэрыяле, выкарыстоўваючы карткі з пытаннямі і адказамі па тэме. Мэта — фарміраванне навыкаў хуткага фармулявання пытання і адказу на пастаўленае пытанне з мэтай абмену інфармацыяй.

Прадоўжы прыказкі: У сваім доме і сцены … (дапамагаюць), У гасцях добра, … (а дома лепш), Слаўная хата не вугламі, … (а пірагамі), Дом весці … (не барадой трэсці), Не патрэбны скарб, … (калі ў сям’і лад), Кожны кулік … (сваё балота хваліць), Перш папрацуй, … (а тады патанцуй), Не хлебам адзіным … (жыве чалавек).

Удзельнікі працуюць у парах з тымі, хто побач. Кожнай пары раздаюцца карткі: цотным нумарам — пытанні, няцотным нумарам — адказы. Правяраюць адно аднаго ў веданні прыказак, выкарыстоўваючы загадзя падрыхтаваныя карткі.

V. Рэфлексіўна-ацэначны этап

У канцы майстар-класа майстар праводзіць рэфлексію з мэтай вызначэння значнасці сінгапурскай методыкі для выкарыстання ў далейшай рабоце. Прыём “Святлафор”.

Такім чынам, выкарыстанне вучэбных структур сінгапурскага метаду навучання дае магчымасць фарміраваць навыкі камунікатыўных зносін, прыводзіць да ўзаемадзеяння вучня з вучэбным матэрыялам і ўзаемадзеяння вучня з вучнем. З дапамогай узаемадзеяння вучня з вучэбным матэрыялам мы спрыяем узнік­ненню сітуацыі, калі школьнікі працуюць на ўроку больш за настаўніка. Менавіта вучні, апрацоўваючы інфармацыю, разважаюць над ёй і ствараюць сувязі з тым, што яны ўжо ведаюць. На такіх уроках у дзяцей фарміруецца камунікацыя, супрацоўніцтва, крытычнае мысленне і крэатыўнасць, а самае галоўнае — у іх з’яўляецца цікавасць да прадмета, што спрыяе паспяховаму навучанню.

Ганна ПАКАЛА,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства, настаўнік-метадыст сярэдняй школы № 4 Івацэвіч Брэсцкай вобласці.
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ.