Нямецкая мова з краязнаўчым кампанентам

Эфектыўнасць моўнай дзейнасці навучэнцаў шмат у чым вызначаецца наяўнасцю ў школьнікаў цікавасці і матывацыі да вывучэння замежнай мовы. Галоўнай мэтай навучання замежным мовам на сучасным этапе з’яўляецца фарміраванне здольнасці і магчымасці ажыццяўляць рэальныя зносіны. Краязнаўчы матэрыял з’яўляецца сродкам навучання і выхавання, ён набліжае іншамоўную камунікацыю да асабістага вопыту навучэнцаў і дазваляе ім у вучэбнай гутарцы аперыраваць звесткамі і фактамі са свайго жыцця.

Жаданне навучэнцаў расказаць і даведацца пра тое, што ім блізка і знаёма, павышае эфектыўнасць вучэбнай маўленчай дзейнасці на ўроку замежнай мовы. На жаль, пры навучанні замежнай мове магчымасць засваення нацыянальнай культуры народа выкарыстоўваецца не ў поўнай меры. Мае назіранні паказваюць, што матывацыя да вывучэння нямецкай мовы становіцца практычна насычанай, калі авалоданне іншамоўнымі зносінамі суправаджаецца вывучэннем сваёй рэспублікі, горада, вёскі, у якой школьнікі жывуць.

У вучэбна-метадычным комплексе па нямецкай мове прадугледжаны тэмы, звязаныя з гісторыяй, геаграфіяй, славутасцямі, традыцыямі нямецкамоўных краін. Можна атрымаць шырокую інфармацыю, фотаздымкі, карціны ў інтэрнэце. Што да вывучэння сваёй краіны, то гэтаму адводзіцца значна менш часу і ў падручніках, і на ўроках. Яшчэ менш увагі ўдзяляецца вывучэнню родных краю, горада, вёскі. У выніку навучэнцы не заўсёды могуць расказаць пра свой край так падрабязна, як, напрыклад, пра Германію ці Дрэздэн. Навучэнцы не маюць дастатковай інфармацыі для выказвання сваіх адносін да падзей, якія адбываюцца ў сваім краі, горадзе, вёсцы.

Перад настаўнікам ставіцца задача распрацоўваць уласныя дыдактычныя матэрыялы для пачатковага, сярэдняга і старшага звяна ўстановы адукацыі, прызначаныя забяспечыць навучэнцаў і настаўніка інфармацыяй і заданнямі на нямецкай мове з улікам псіхалагічных асаблівасцей навучэнцаў розных узроставых груп. Змест і тэмы вучэбна-метадычнага комплексу па нямецкай мове патрабуюць ад педагога пастаяннага звароту да краязнаўчага матэрыялу, які дапамагае фарміраваць пачуццё любові да роднага краю, да сваёй малой радзімы, свядомыя адносіны да навакольнага свету. Таму ў мяне таксама ўзнікла неабходнасць распрацаваць і дапоўніць дыдактычныя матэрыялы па краязнаўстве Мсціслаўскага раёна і вёсак Курманава, Несцерава і Шамава на нямецкай мове, сістэматызаваць работу з гэтым матэрыялам на ўроках, рыхтаваць тэксты для чытання і аўдзіравання, практыкаванні, заданні і праекты.

З 2017 года я стала ўдзельнікам рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі вуснагістарычных даследаванняў малавядомых старонак гісторыі роднага краю як сродку фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый”, над якім у нашай школе працуюць з 2015 года. У рамках гэтага праекта на ўроках нямецкай мовы развіваю камунікатыўна-пазнавальную дзейнасць навучэнцаў праз вывучэнне малавядомых старонак побыту, культуры, гісторыі роднага краю.

Выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу дае магчымасць навучэнцам працаваць самастойна, шукаць фотаздымкі, карціны і інфармацыю ў інтэрнэце і наведваць школьны і раённы музеі, таму што тут сабраны вялікі матэрыял пра вёскі і раён. Таксама школьнікі з задавальненнем маюць зносіны з жыхарамі старэйшага пакалення. У выніку дзеці ствараюць свае прэзентацыі, калажы і праекты, абараняюць іх, выказваюць свае ідэі. Выкарыстанне мясцовага і рэгіянальнага матэрыялу дазваляе значна пашырыць і паглыбіць веды і ўяўленні дзяцей пра навакольны свет, набыць уменні праводзіць краязнаўчыя і іншыя даследаванні.

Да ўрокаў распрацоўваюцца матэрыялы, якія могуць быць часткай, этапам заняткаў, асобным урокам, могуць мець больш шырокія рамкі. Вялікае месца адводзіцца вывучэнню сваёй школы, яе традыцый і звычаяў. Асабліва цікавая гэтая тэма для навучэнцаў 3 класа, якія яшчэ толькі пачынаюць засвойваць нямецкую мову. Гэтую тэму мы пачынаем з экскурсіі па школе. Выкарыстоўваючы прэзентацыю ўстановы, вучымся запамінаць новыя словы. Як вядома, дзеці лепш запамінаюць матэрыял, калі ён падаецца ў маляўнічай форме. Расказ суправаджаецца прэзентацыяй.

Unsere Schule befindet sich im Dorf Rasdel. Die Schule ist nicht besonders groß, aber schön und modern. Das ist ein dreistöckiges Gebäude. Im ersten Stock liegen eine Garderobe, eine Speisehalle, eine Turnhalle, ein Kindergarten, zwei Toiletten und die Klassenräume für die Grundschule. Im zweiten Stock sind ein Lehrerzimmer, einige Fachkabinette. Das sind Mathematik, Physik, Belorussisch und eine Computerklasse. Im drittten Stock sind ein Museum, eine Bibliothek, einige Fachkabinette. Das sind Deutsch, Russisch, Geschichte, Biologie und eine Werkklasse. Hier lernen die Schüler der fünften und der elften Klassen. Alle Räume sind hell und sauber. Überall sind viele Blumen. Wir machen viel, um unsere Schule schön zu bleiben.

Для падрастаючага пакалення вялікае значэнне мае літаратура. У наш час, калі моладзь амаль не чытае, важна прывіваць ёй любоў да чытання. Пры рабоце над тэмай Literatur у 8 класе многа ўвагі ўдзяляю выдатнаму класіку белаускай літаратуры нашаму земляку Максіму Гарэцкаму. Навучэнцы рыхтуюць рэфераты па гэтай тэме і вусныя выказванні, робяць прэзентацыі. Чытаем творы на беларускай мове і падбіраем іх нямецкія эквіваленты.

Пры вывучэнні тэмы “Горад, вёска” навучэнцы рыхтуюць міні-праекты пра родны горад, сваю вёску. Потым праводзім абагульняльны ўрок па тэме “Падарожжа па сваім мікрараёне”. Выкарыстанне праектнай методыкі ў навучанні дазваляе прымяняць маўленчыя навыкі і ўменні на практыцы. Праектная дзейнасць навучэнцаў з’яўляецца прыярытэтнай, таму што яны вучацца самастойна здабываць неабходную інфармацыю, карыстацца рознымі крыніцамі. Роля настаўніка зводзіцца да кансультавання школьнікаў пры рабоце над праектамі.

Уключэнне краязнаўчага кампанента ў змест навучання замежным мовам і культуры не толькі павышае якасць адукацыі, але і добра ўплывае на матывацыю навучання. На ўроках выкарыстоўваю розныя наглядныя сродкі: фотаздымкі, слайды, рэпрадукцыі карцін, кніжныя ілюстрацыі, прэзентацыі. У абагульняльныя ўрокі ўключаю віктарыны, кантрольныя тэсты, заданні абагульняльнага характару, якія выконваюцца ў форме спаборніцтва.

Краязнаўства з’яўляецца важным сродкам павышэння якасці ведаў, які спрыяе фарміраванню ў школьнікаў навуковага светапогляду, выхаванню маральнасці. Выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу актывізуе разумовую дзейнасць навучэнцаў, дазваляе рабіць разнастайнай методыку ўрокаў, робіць выкладанне канкрэтным і пераканаўчым.

Наталля ТРАПАЧОВА,
настаўніца нямецкай мовы
Курманаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.