“Я добра чытаю! Мяне слухаюць аднакласнікі! Я магу!” Ці не гэта хочуць чуць настаўнікі і бацькі ад дзяцей, бачыць у іх зіхатлівых вачах радасць і задавальненне? Поспех неабходны маленькаму чалавеку! Менавіта поспех нараджае радасць і стварае матыў “я хачу чытаць, бо ў мяне атрымліваецца”.
Добра, калі вучні пачатковых класаў маюць навыкі правільнага, беглага, выразнага чытання! Дзеці лепш засвойваюць вучэбны матэрыял, яны гатовы да розных творчых заданняў, а настаўніку не трэба думаць, каго выклікаць чытаць. Вучні, якія слаба чытаюць, неўзабаве пачынаюць адставаць па большасці прадметаў, а ў старшых класах пераходзяць у разрад непаспяваючых. Каб пазбегнуць такой негатыўнай з’явы, трэба з самага пачатку зацікавіць шасцігадовае дзіця чытаннем і прыкласці дастаткова намаганняў, каб яно навучылася чытаць.
Як дапамагчы шасцігодкам справіцца з цяжкасцямі пры навучанні чытанню? Узровень дзяцей, якія прыходзяць сёння ў першы клас, самы розны.
Пачынаю з таго, што высвятляю, ці могуць дзеці назваць літары, прачытаць склад ці слова. Адказы абавязкова фіксую для таго, каб бачыць рост кожнага вучня ў далейшым навучанні чытанню. Губляць час нельга, і ўжо на занятках па курсе “Уводзіны ў школьнае жыццё” паступова выкарыстоўваю разнастайныя гульнявыя прыёмы дабукварнага перыяду: распазнаць гук, прыдумаць слова, сказ, прачытаць склад, назваць гукі ў словах, распазнаць мяккі, цвёрды гук у слове і г.д.
Аднаму даецца лягчэй, другому — цяжэй. Апошнім неабходна пастаянная дапамога настаўніка. Як навучыць дзяцей адасабляць склад? Вось адзін з прыёмаў. Настаўнік прапануе першакласнікам падзяліць слова “машына” на склады па радах. Адзін рад вучняў называе першы склад ма-, другі рад -шы-, трэці — -на. А затым ідзе падлік складоў. Другі прыём: вучань моўчкі прагаворвае “непатрэбныя” склады, а ўголас — “патрэбны” (напрыклад, другі, трэці). Такім чынам, праводзячы разнастайную работу са складамі, вельмі важна бачыць і ўсведамляць, што дасягаецца тым ці іншым тыпам практыкаванняў.
Вельмі важна своечасова пашырыць поле зроку вучня. Не сакрэт, што многія дзеці бачаць адначасова толькі 2—3 літары. За першы год навучання неабходна пашырыць поле зроку да 8 літар. На пачатковым этапе навучання грамаце можна выкарыстоўваць палоскі рознай даўжыні з рознай колькасцю друкаваных літар, якія абазначаюць зычныя гукі. На першых 2—3 уроках адпрацоўваецца вымаўленне на адным дыханні літар першай палоскі (перад пачаткам — удых). На наступных уроках — другой палоскі (большая колькасць літар) і г.д. Калі дзеці змогуць хутка называць літары (як гукі), то палоскі можна ставіць адну за другой.
Ужо ў перыяд навучання грамаце неабходна пачынаць выпрацоўку маўленчых навыкаў. Тут дапамогуць заданні, накіраваныя на развіццё ў дзяцей маўленчага апарату, на пастаноўку артыкуляцыі гукаў. Шасцігодкі з задавальненнем завучваюць і паўтараюць розныя чыстагаворкі, скорагаворкі. У рабоце з імі можна выкарыстоўваць практыкаванне “Раскіданыя скорагаворкі”, лато з чыстагаворак або скорагаворак. Добра развіты моўны слых з’яўляецца асновай для авалодвання мовай як сродкам зносін. Каб мэтанакіравана і без прымусу ўздзейнічаць на выпрацоўку ў першакласнікаў моўнага слыху, карысна ствараць гульнявыя сітуацыі. У якасці прыкладу можна прывесці практыкаванне “Чуйныя вушкі”. Настаўнік папарна называе словы: лапа — ліпа, валы — вілы, гара — гіра, кот — кіт. Вучні на слых вызначаюць, чым адрозніваюцца першыя гукі, вылучаюць пары зычных гукаў па цвёрдасці/мяккасці. На наступных уроках практыкаванне ўскладняецца. Настаўнік вымаўляе парамі словы: стол — столь, старана — старонка, бубен — бусел, кручок — стручок, рэчка — грэчка. Дзеці тлумачаць значэнні слоў, выдзяляюць гукі, якімі яны адрозніваюцца. Пры гэтым адзначаюцца ўсе несупадзенні ў гукавой структуры слоў. Такім чынам, дзеці, з аднаго боку, атрымліваюць ад настаўніка ўзор арфаэпічна правільнага гучання слоў і шляхам пераймання засвойваюць яго, з другога — у вучняў паступова фарміруецца своеасаблівы кантроль слыху, які дазваляе адзначыць агульнае і адчуць адметнае ў вымаўленні розных слоў.
У авалоданні навыкам чытання дзейнічае прынцып паступовага нарастання складанасці. Паскорыць работу з усім класам і ў той жа час забяспечыць слабых вучняў матэрыялам, адпаведным спосабу чытання, якім яны валодаюць, дапамогуць разнастайныя табліцы, дзе матэрыял для чытання пэўным чынам сістэматызаваны.
Першыя табліцы — складовыя. Прынцып іх стварэння вельмі просты: у верхнім радку размешчаны галосныя, у першым слупку — зычныя, а на скрыжаванні гарызанталі і вертыкалі — прамыя адкрытыя склады (зліццё). Іх асноўнае прызначэнне заключаецца ў тым, каб забяспечыць эфектыўнае фарміраванне навыку чытання прамога адкрытага складу.
З дапамогай табліцы можна арганізаваць гульні і гульнявыя практыкаванні. Напрыклад, дзеці чытаюць склады, якія паказвае настаўнік. Калі ў складзе зычны мяккі, трэба прысесці, калі цвёрды — падскочыць. Можна даваць наступныя заданні: прачытаць склады з зычным (р, п), з цвёрдым зычным, з мяккім зычным; злучыць два склады і прачытаць слова. Такія заданні даюць магчымасць настаўніку праверыць не толькі навык чытання, але і ўменне дзяцей арыентавацца ў характарыстыцы гукаў і літар.
Пры чытанні трохлітарнага аднаскладовага слова, двухскладовых слоў можна карыстацца невялікімі табліцамі, на якіх паслядоўна прадстаўлены літара, якая абазначае зычны гук, склад-зліццё з гэтай літарай, трохлітарныя і чатырохлітарныя двухскладовыя словы, якія пачынаюцца з гэтага зліцця.
У час работы з табліцамі карысна выкарыстоўваць прыём “снежны камяк”. Табліца вывешваецца на дошцы і закрываецца. Настаўнік адкрывае адну літару (адзін склад, адно слова) — тое, што размешчана ў першым радку слупка. Вучань, якога выклікалі, чытае першы радок. Настаўнік выклікае наступнага вучня. Ён чытае тое, што толькі што было прачытана аднакласнікам, і другі радок, які адкрываецца на табліцы. Кожны наступны вучань чытае тое, што было прачытана яго папярэднікамі, і матэрыял новага радка або слупка, як бы намотваючы на прачытанае новы пласт і павялічваючы аб’ём для чытання, — катае снежны камяк.
Многія дзеці адчуваюць вялікія цяжкасці пры чытанні складоў (ак, яс, ез, эн, оп, ёк), слоў са збегам двух ці трох зычных (куст, стол, рост), трохскладовых слоў (дарога, машына). Карыснымі цяпер будуць таксама заняткі па індывідуальных табліцах чытання, якія можна выкарыстоўваць у час размінкі на ўроках перад знаёмствам з новай літарай, пры замацаванні вывучанай літары. Пастаяннае выкарыстанне прапанаваных табліц дапаможа настаўніку ў перыяд навучання грамаце ўдасканальваць тэмп чытання першакласнікаў .
Пры чытанні трохскладовых і чатырохскладовых слоў выкарыстоўваю простае прыстасаванне (кардонны вугалок), якое выключае паўторы. Замест указкі вучань рухае кардонны вугалок пад словамі, закрываючы прачытаны склад. Ён застаецца ў дзіцяці да таго часу, пакуль яно не пяройдзе на плаўнае складовае чытанне. Затым пры чытанні можа карыстацца ўказкай або пальчыкам. Выкарыстанне падобных няхітрых прыстасаванняў дапамагае вучню паступова навучыцца канцэнтраваць сваю ўвагу, пазбягаць памылак падчас чытання, а таксама пазбаўляе страху перад чытаннем аб’ёмнага тэксту.
Для выпрацоўкі навыку чытання асаблівае значэнне мае шматразовасць чытання. Лічу, каб навучыцца чытаць, вучань павінен чытаць і чытаць. Практыка школы назапасіла нямала прыёмаў для паўторнага чытання.
Калі вучні пачалі чытаць першыя тэксты буквара, высветлілася, што іх мала, каб прадукцыйна арганізаваць работу на ўроку. Так з’явіліся лісткі-чытанкі з невялікімі тэкстамі на розныя тэмы: “Казкі”, “Звяры”, “Свойскія жывёлы”, “Зіма”, “Птушкі” і г.д. Такія лісткі зручныя тым, што дзеці могуць выбіраць тэму і чытаць у вольны ад заняткаў час.
Часта тэхніку чытання тармозіць слабаразвітая аператыўная памяць. Развіць аператыўную памяць дапамогуць зрокавыя дыктанты, якія я складаю па ўзоры тэкстаў прафесара І.Т.Федарэнка. У першым класе іх можна выкарыстоўваць у канцы навучальнага года, пасля таго, як дзеці навучацца пісаць усе літары. Сутнасць іх заключаецца ў тым, што за адведзены час вучням прапануецца запомніць сказ з вызначанай колькасцю літар, а потым яго запісаць. Для першакласнікаў у мяне падрыхтаваны 7 набораў па 6 сказаў. У кожным наборы ідзе павелічэнне даўжыні сказаў. Асаблівасць у наступным: калі першы сказ змяшчае ўсяго 2 словы — 8 літар, то апошні сказ 7 набору складаецца ўжо з 26 літар. Работа са зрокавымі дыктантамі дае добрыя вынікі як па паляпшэнні тэхнікі чытання, так і па выпрацоўцы навыкаў спісвання з дошкі.
На ўроках прытрымліваюся важнага прынцыпу: працаваць павінны ўсе вучні. Для гэтага ствараю сітуацыю поспеху, пры якой кожны вучань можа адчуць сябе паўнацэнным удзельнікам адукацыйнага працэсу.
У заключэнні хачу падкрэсліць, што беглае чытанне — гэта не самамэта, а інструмент, без якога дзіцяці вельмі цяжка вучыцца далей. А для мяне паказчыкам нялёгкай працы з’яўляецца пытанне вучня “Можна я і летам буду чытаць кожны дзень?”. І на пытанне “Што табе падарыць на дзень нараджэння?” чуць у адказ: “Вядома ж, кнігу!”
Таццяна МАРЧЫК,
настаўніца пачатковых класаў
Конькаўскага дзіцячага сада —сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.