Навучанне школьнікаў замежнай мове сёння будуецца ў адпаведнасці з прынцыпамі камунікатыўна-кагнітыўнага асобасна арыентаванага падыходу, які з’яўляецца вядучым у сучаснай айчыннай методыцы. Вынікам яго рэалізацыі становіцца дасягненне генеральнай мэты моўнай адукацыі ў нашай краіне — фарміраванне полікультурнай шматмоўнай асобы, здольнай да міжкультурных зносін. Замежная мова неабходна ў першую чаргу для таго, каб мець зносіны. Стварэнне атмасферы зносін на ўроку зараз не чарговая мода, а патрабаванне, якое вынікае з праграмных мэт і заканамернасцей навучання.
Як часта ў жыцці кожнага чалавека ўзнікаюць сітуацыі, калі ёсць неабходнасць выказаць свой пункт гледжання, даступнай і зразумелай для суразмоўцы мовай растлумачыць сваю пазіцыю па тым ці іншым пытанні? Практычна кожны дзень. Але ці ўсе здольны не толькі выказаць свае адносіны да тэмы, што абмяркоўваецца, але і аргументавана даказаць сваю слушнасць, а не адказваць “таму што” ці “я так лічу”?
Паколькі навучэнцам часам складана ўявіць, як падрыхтаваць добрае аргументаванае выказванне на англійскай мове, такое, якое напэўна выкліча ўражанне ў слухача (слухачоў) і заслужыць высокую ацэнку, спачатку ім трэба разабрацца з тым, што ж гэта за выступленне і чым яно адрозніваецца ад звычайнага маналагічнага выказвання.
1. Выказванне, у якім навучэнцам трэба будзе выказваць сваё меркаванне па заяўленым пытанні.
2. Выказванне, у якім навучэнцам трэба будзе падмацаваць сваё меркаванне фактамі.
3. Выказванне, у якім навучэнцам таксама прыйдзецца прадставіць і супрацьлеглы вашаму пункт гледжання.
Надзвычайны па сваім патэнцыяле інтэрактыўны прыём, накіраваны на рэфлексію навучэнцаў, быў створаны прафесарам права Дэвідам Макойд-Мэйсанам з ПАР. Па-англійску ён пішацца наступным чынам: PRES (бел. ПАПМ-формула), дзе:
P — Position (пазіцыя), дзе той, хто гаворыць, заяўляе пра сваю пазіцыю па праблеме, што абмяркоўваецца, выказвае сваё меркаванне, выступае за ці супраць заяўленага сцвярджэння. Галоўнае пытанне, на якое павінен адказаць навучэнец: “Ці згодны вы з гэтым сцвярджэннем?”.
R — Reason (абгрунтаванне, тлумачэнне). Тут патрабуецца аргументаваць свой пункт гледжання. Адказ павінен быць абгрунтаваным, а не пустаслоўным. У ім павінны быць закрануты моманты з вывучанай тэмы, раскрыты азначэнні і паняцці. У гэтым блоку асноўнае пытанне: “Чаму вы так думаеце?”.
E — Example (прыклад). Навучэнец павінен прывесці прыклады, доказы, факты ў падтрымку свайго меркавання, прычым іх павінна быць не менш за тры. Гэты пункт раскрывае ўменне навучэнцаў даказаць слушнасць сваёй пазіцыі на практыцы. У якасці прыкладаў можна выкарыстоўваць як уласны вопыт, нават, можа, надуманы, так і веды з курса гісторыі ці грамадазнаўства, напрыклад. Можна таксама выкарыстоўваць цытаты, статыстычныя даныя, даныя навуковых даследаванняў і інш. Галоўнае, каб яны былі пераканаўчымі. Пытанне, на якое трэба адказаць: “Чым вы можаце пацвердзіць свае аргументы?”.
S — Summary (меркаванне, выснова). Выступовец вяртаецца да заяўленай тэмы абмеркавання і/ці падводзіць вынік вышэйсказанаму, ці прыводзіць новыя аргументы, доказы і прыклады. Навучэнец павінен адказаць на пытанне: “Якую выснову можна зрабіць?”.
Такім чынам, атрымалася графічная мадэль, якая можа быць выкарыстана пры навучанні дзяцей аргументаванай прамове. Выкарыстоўваючы гэтую схему, навучэнцы без цяжкасцей могуць скласці лагічнае і паслядоўнае выказванне па пэўнай праблеме. Знакі “плюс” і “мінус” азначаюць згоду ці нязгоду таго, хто гаворыць, з гэтым сцвярджэннем або аргументы ў падтрымку ці ў абвяржэнне тэзіса, які абмяркоўваецца.
Гэты прыём не быў бы тэхналагічным, не валодаў бы закончанасцю, калі б не быў прапанаваны пачатак сказаў. Да кожнага пункта навучэнцам прапануецца набор фраз, маўленчых клішэ, якія дапамогуць ім правільна і лагічна выбудаваць сваё выказванне.
USEFUL LANGUAGE Giving opinion I strongly/firmly believe/think/feel… In my opinion/view… To my mind…/It seems to me that… My opinion is that…/I (completely) agree/disagree that… As far as I am concerned… I could not agree more that… Listing viewpoints Firstly/ Secondly…/Moreover… Also…/In addition…/Furthermore… Introducing opposing viewpoints However…/On the one hand…/On the other hand… Introducing reasons and examples For example…/For instance…/In this way… In particular…/Since/as/because… Introducing results Therefore…/As a result…/Then… Consequently…/In this way Concluding All in all…/To conclude…/ All things considered…/In conclusion… |
Так, першы са сказаў (пазіцыя) можа пачынацца словамі “Тэма, якая прапануецца для абмеркавання, гэта… Я думаю, што…/Я згодны/ не згодны з гэтым сцвярджэннем…”. Другі сказ (тлумачэнне, абгрунтаванне сваёй пазіцыі) павінен пачынацца са слоў: “Я лічу так, таму што…”. Трэці сказ (прыклад, пацвярджэнне) арыентаваны на ўменне даказаць слушнасць сваёй пазіцыі на практыцы, пачынаецца са слоў: “Я магу гэта даказаць на прыкладзе…”, “Згодна са статыстычнымі данымі…”, “Па выніках даследавання/апытання…”. І, нарэшце, апошні сказ (вынік, высновы) пачынаецца са слоў: “Зыходзячы з гэтага, я раблю выснову аб тым, што… Такім чынам, мы бачым, што…”.
Каштоўнасць гэтага прыёму ў тым, што дазваляе навучэнцам коратка і ўсебакова выказаць сваю пазіцыю ў сціслай форме па той ці іншай тэме і зрабіць гэта вельмі хутка. Апошні фактар адыгрывае немалаважную ролю для кожнага настаўніка, чыя работа абмежавана строгімі часавымі рамкамі ўрока. Тэхналогію можна выкарыстоўваць на занятках любога тыпу, ад уводных да кантрольных, і практычна па любой тэме.
Плюсы выкарыстання гэтага прыёму для настаўніка відавочныя. Ён можа:
· за кароткі час апытаць некалькіх навучэнцаў;
· атрымаць інфармацыю пра глыбіню разумення дзіцем тэмы;
· даведацца, якую маральную ацэнку дае вучань той ці іншай падзеі, з’яве.
Плюсы для навучэнцаў. Выкарыстанне PRES-формулы дапамагае:
· фарміраваць ацэначнае мысленне ў дзяцей;
· вучыць дзяцей лаканічна выказваць свае думкі;
· структураваць ідэі.
Больш за тое, школьнікі вучацца працаваць самастойна, адчуваючы пры гэтым свабоду творчасці, што важна для развіцця іх крэатыўнасці.
PRES-формула з’яўляецца эфектыўным прыёмам і для складання выказвання на ўроку англійскай мовы, асабліва ў старшых класах, калі тэмы набываюць дыскусійны характар.
Напрыклад, выказванне па тэме “Should mobile phones be banned at school?” (“Ці трэба забараніць мабільныя тэлефоны ў школе?”):
P — The increasing number of teenagers who use a mobile phone in schools has become a major concern. However, mobile phones should not be banned in schools.
R — There is no reason to neglect benefits of mobile phones by possible potential problems. It is no doubt that using mobile phones has many advantages. One reason is that using mobile phones in schools provide a new platform for education systems similarly as laptops, desktops and personal digital assistant.
E — For example, use mobile phones may help people to download a lot of information. Moreover, mobile phones are used to check class schedules or take quizzes on the way to schools. The other reason is that students may have a good communication with their parents by using mobile phones during school time even for emergency situations. Furthermore, it is likewise a human right for students.
S — Considering all these ways, use mobile phones in schools should be allowed. Students should be encouraged to bring mobile phones to school. It is a basic right for students.
PRES-формула — інтэрактыўны прыём зваротнай сувязі. Яе складовыя часткі дазваляюць разабраць вучэбную праграму, замацаваць пройдзены матэрыял. Гэты прыём можа стаць выдатным інструментам вядзення дыскусіі. Ён дазваляе пабудаваць сваё выступленне сцісла, лаканічна, аргументавана, з усімі адпаведнымі высновамі, што, безумоўна, выклікае цікавасць у аднакласнікаў і падахвочвае іх да дзелавой спрэчкі.
PRES-формула дазваляе вучню навучыцца правільна выкладаць свае думкі, выказваць ідэі і імкнуцца да пазнання новага, абапіраючыся на ўласны вопыт. А педагог, навучыўшы школьнікаў правільна карыстацца тэхналогіяй складання адказу па такой схеме, атрымлівае магчымасць больш эфектыўна і якасна выкарыстоўваць час урока.
Аксана БЕРАСНЕВА,
настаўніца англійскай мовы гімназіі № 24 Мінска.
Фота аўтара.