Напярэдадні свайго 10-гадовага юбілею члены клуба “Крыштальны журавель” правялі рэспубліканскі семінар-акцыю “Настаўнік года” — Цэнтральнаму раёну Мінска”, які адбыўся ў сценах сталічнай гімназіі № 24. На сустрэчу з пераможцамі і лаўрэатамі конкурсу педагагічнага майстэрства розных гадоў прыйшлі кіраўнікі і настаўнікі ўстаноў адукацыі Цэнтральнага раёна.
Гэты выязны семінар стаў 55-м мерапрыемствам, якое за час дзейнасці клуба правялі “жураўлі” пад кіраўніцтвам начальніка Цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Івана Фёдарава. Распаўсюджанне перадавога педагагічнага вопыту, стварэнне ўмоў для развіцця ініцыятывы і творчасці, узбагачэнне прафесійных зносін, павышэнне прэстыжу настаўніцкай прафесіі — даволі не поўны пералік задач, якія ставяць перад сабой клубаўцы.
Гімназіі № 24 пашчасціла больш за ўсе навучальныя ўстановы, якія прымалі “жураўлёў”. Па-першае, ніколі такой колькасці клубаўцаў не збіралася на “выезд”, па-другое, ні разу не прысутнічалі на падобных мерапрыемствах у адной установе пяць пераможцаў конкурсу — Ігар Якіменка (2004), Ірына Клявец (2006), Юрый Андрэйчык (2009), Інеса Зубрыліна (2011), Віктар Жук (2014). Акрамя таго, вялікая рэдкасць убачыць на “выездзе” адразу двух братоў Якіменка — Івана і Ігара.
“Нам выпаў гонар сустракаць у нашай установе адукацыі тых людзей, якіх аб’ядноўвае любоў і павага да дзяцей, велізарны прафесіяналізм і пастаяннае імкненне да ўдасканалення, — адзначыла, адкрываючы мерапрыемства, дырэктар гімназіі № 24 Мінска Таццяна Лукша. — Упэўнена, што наша сустрэча будзе значнай, памятнай, карыснай не толькі ў прафесійным плане, але і ў чыста чалавечых зносінах”.
Да прывітальных слоў далучыўся начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска Валянцін Канаплёў, фіналіст конкурсу “Настаўнік года — 2009”, які таксама з’яўляецца членам клуба “Крыштальны журавель”:
— Сёння мы рады вітаць “жураўлёў”, настаўнікаў-майстраў, прафесіяналаў сваёй справы, якія на працягу 10 гадоў садзейнічаюць развіццю ініцыятывы, павышаюць прэстыж прафесіі педагога, распаўсюджваюць перадавы педагагічны вопыт. І самае галоўнае — пры сустрэчах у калектывах наладжваюцца прафесійныя зносіны. Настаўнікі, якія прысутнічаюць на ўроках і майстар-класах клубаўцаў, заўсёды падсілкоўваюцца той энергіяй, пераймаюць тыя прыёмы, метады развіцця пазнавальнай актыўнай дзейнасці навучэнцаў, ламаючы стэрэатыпы ў сваёй рабоце, укараняючы новыя сучасныя тэхналогіі. Упэўнены, што пасля сустрэчы ў настаўнікаў Цэнтральнага раёна яшчэ больш расправяцца крылы, ім таксама захочацца паляцець разам з жураўлямі па прасторах Беларусі.
Гісторыя клуба — гэта гісторыя конкурсу. Членамі клуба з’яўляюцца фіналісты, пераможцы і лаўрэаты конкурсу розных гадоў. Самы ўзроставы член клуба — лаўрэат конкурсу 1992 года настаўнік фізічнай культуры Валерый Варанцоў, самы малады — настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Віктар Жук (пераможца конкурсу 2014 года). Клуб — арганізацыя добраахвотная. Прайшло дастаткова многа конкурсаў, аднак не ўсе тыя, хто ўдзельнічаў у іх, хочуць працаваць у клубе. І гэта зразумела, гэтая работа патрабуе поўнай самааддачы, энергіі, каласальнай падрыхтоўкі.
“Менавіта па ініцыятыве ўдзельнікаў конкурсу быў створаны клуб “Крыштальны журавель”. А нездарма ж гавораць: тое, што нараджаецца знізу, мае магчымасць прабіць сабе шлях да зорак, — падкрэсліў куратар клуба Іван Фёдараў. — Што прыцягвае ў членах клуба? Гэта неўтаймоўнае жаданне працаваць, пастаянна вучыцца, дзяліцца вопытам уласнай педагагічнай дзейнасці з іншымі педагогамі. Нездарма сімвалам конкурсу з’яўляюцца два жураўлі, якія ўвасабляюць прынцып “роўны навучае роўнага”. Хтосьці, наведаўшы ўрок, можа сказаць: я не горш працую. І гэта вельмі добра. Няхай з урокаў і майстар-класаў “жураўлёў” хтосьці возьме 5—10 працэнтаў і гэта будзе добра. Убачыць, што я працую не горш, — гэта таксама адна з мэт работы клуба”.
Члены клуба падрыхтавалі для сваіх калег самапрадстаўленне, якое прайшло ярка, нязмушана, эмацыянальна. Нягледзячы на тое, што не першы дзень ведаеш гэтых людзей, усё роўна з кожнай новай сустрэчай адкрываеш у “жураўлях” усё новыя грані і разумееш, якія яны творчыя, таленавітыя, захопленыя, па-сапраўднаму ўлюбёныя ў сваю справу. Так, для Галіны Сухавай 55-ы выезд — сапраўднае выпрабаванне ў нестандартнай сітуацыі, бо звычайна клубаўцы прыязджаюць напярэдадні, знаёмяцца з настаўнікам, бачаць кабінет, у якім ім давядзецца працаваць. А тут трэба даваць урок што называецца “з калёс”. Галіна Анатольеўна пераканана, што такія экстрэмальныя сітуацыі толькі загартоўваюць, і чым больш іх, тым больш прафесійнага росту.
Ігар Якіменка са шматлікіх выездаў клуба вынес такую ісціну: не мае значэння, хто знаходзіцца ў аўдыторыі, важны настаўнік — дырыжор, які спраектаваў свой урок, арыентуючыся не на канкрэтнага Васю ці Колю, якія могуць ці не могуць, а спраектаваў урок на перамогу, на атрыманне ведаў, на набыццё таго, што мае сам. “Вось гэта сапраўды экстрым і задавальненне, якое атрымлівае настаўнік. І скажу, што ўрокі ў чужых школах праводзіць намнога цікавей і лягчэй: няма дагматычнага ціску прысутнасці вось гэтых Васі і Колі, ты разумееш, што можна зацікавіць любога. Прычым звычайна дзеці, якія атрымліваюць “двойкі” ў сваіх настаўнікаў, у нас на “выездах” атрымліваюць “дзясяткі”, таму што яны таксама разнявольваюцца”, — адзначыў І.В.Якіменка.
Юрый Андрэйчык мяркуе, што перамагчы ў конкурсе яму дапамагло жаданне заставацца самім сабой, бо ніколі не варта прымяраць адзенне, якое табе не падыходзіць. Для Алены Пратасевіч работа ў клубе — свайго роду спорт, што і дазваляе заставацца маладой, прыгожай, энергічнай.
Інеса Зубрыліна сёння лічыць сябе практыкуючым трэнерам, таму што з раніцы выкладае ўрокі ў школе, а потым працуе з настаўнікамі, якіх вучыць у ІПКіПК МДЛУ. Удзел у праекце канала СТВ “Дзве зоркі” — авантура, своеасаблівы спосаб пазбавіцца прафесійнага выгарання. Знаёмства з беларускім шоу-бізнесам прывяло педагога да высновы застацца працаваць у школе. Інеса Уладзіміраўна падрыхтавала прысутным падарунак — прэм’еру песні, якую напісала ў суаўтарстве з А.Сухаравым, “Песня настаўніка”.
Праца ў школе для Святланы Емяльянавай-Раманоўскай — гэта хобі, а захапленнем з’яўляецца работа. Сваім хобі яна займаецца штосекундна, штогадзінна, штодзённа, а вось работай — летам. І ў яе сям’і гэта стала ўжо афарызмам: усё, што педагог не паспявае зрабіць зараз, ён зробіць летам.
За гады прафесійнай дзейнасці Ірына Клявец зразумела, што паспяховасць — гэта калі ты маеш магчымасць любіць тое, што табе падабаецца і дастаўляе задавальненне, калі ты атрымліваеш задавальненне ад таго, што ты робіш. Разам з І.У.Зубрылінай Ірына Рамуальдаўна вывела формулу прафесіяналізму: пасля бяссоннай ночы выглядаць так, нібы прыехаў з адпачынку.
Выкананне гімна “жураўлёў”, калі ўсе клубаўцы выстраіліся ў радок, мяне асабіста вельмі кранула і расчуліла. Як у рэтраспектыве, прамільгнулі незабыўныя моманты работы ў “Настаўніцкай газеце”: перамога Ігара Якіменкі на конкурсе 2004 года, імкненне па гарачых слядах узяць у яго інтэрв’ю (а паколькі “Настаўнік года” быў нарасхват, то паўдня давялося “суправаджаць” педагога ў яго раз’ездах у Міністэрства адукацыі, у АПА, на тэлебачанне); камандзіроўка ў Бабруйскі раён і гутарка з Вольгай Счасновіч; сустрэча ў Асіповіцкай гімназіі з Таццянай Амбрушкевіч; яркая і незабыўная лекцыя ў МАІ РА Святланы Гін; размова на пачатку конкурсу ў 2009 годзе са сціплым дырэктарам ганцавіцкай сярэдняй школы № 2 Юрыем Андрэйчыкам (тады я курыравала Брэсцкую вобласць) і яго словы, што на ўд зел у конкурсе падштурхнула імкненне развеяць міф пра тое, што дырэктар — гэта гаспадарнік; на самай справе дырэктар — найперш настаўнік настаўнікаў, які ўласным прыкладам павінен пацвярджаць гэта; каментарый дэлегата ад Гродзенскай вобласці Інесы Зубрылінай (яшчэ да заключнага этапу конкурсу) на жнівеньскай педагагічнай нарадзе ў 2011 годзе з удзелам прэзідэнта. Здаецца, усё гэта было як учора. Аднак гады ляцяць, іх не спыніць. Праўда, злавіла сябе на думцы, што “жураўлі” ніколечкі не змяніліся, яны такія ж маладыя, прыгожыя, абаяльныя. Нездарма ж гавораць, што, працуючы з дзецьмі, настаўнік застаецца маладым.
Праграма семінара-акцыі ўключала адкрытыя ўрокі па рускай мове і літаратуры, беларускай літаратуры, англійскай мове, інфарматыцы, гісторыі, біялогіі, матэматыцы і фізіцы, майстар-класы педагогаў-метадыстаў.
Ці маюць астролагі адносіны да астраў? Ці перавозяць танкеры танкі? Высвятлялі пяцікласнікі на ўроку рускай мовы Святланы Германовіч па тэме “Адназначныя і мнагазначныя словы”. Таццяна Амбрушкевіч правяла вельмі пранікнёны ўрок рускай літаратуры, які не пакінуў абыякавым ні вучняў, ні настаўнікаў, і быў прысвечаны творчасці Б.Пастарнака. Выбар педагога быў не выпадковым, бо прадмет “Руская літаратура”, які нясе духоўнасць, на жаль, зжывае сябе, і важна, каб маральны патэнцыял сённяшняга маладога пакалення не згас. Апроч таго, настаўнікі-філолагі добра ведаюць, наколькі складаны гэты ўрок, бо сам Пастарнак, яго творчасць уяўляюць сабой асаблівы пласт філасофіі і філалогіі.
На пытанне, чаму часта ў памяшканнях крывыя сцены і як гэтага пазбавіцца, паспрабавалі адказаць дзесяцікласнікі на ўроку геаметрыі Івана Якіменкі па тэме “Прыметы перпендыкулярнасці плоскасцей”. Урок інфарматыкі ў 11 класе правяла Вольга Счасновіч па тэме “Стварэнне табліц на мове HTML”, а Галіна Сухава прадэманстравала калегам урок па беларускай літаратуры “А.Куляшоў. Балада “Маці”. Алена Ананчыкава прапанавала дзевяцікласнікам урок фізікі па новай тэме “Работа сілы. Магутнасць”, на якім звярнула ўвагу на сродкі навучання, якія лічыць эфектыўнымі пры падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання, прапанавала варыянты работы з гэтымі сродкамі. Педагог выкарыстоўвае стратэгію актыўнай ацэнкі, элементы якой і былі прадэманстраваны на занятках. Задачы ўрока па развіцці ўменняў вучняў выяўляць заканамернасці, абагульняць былі паспяхова вырашаны.
Чаму ўсім важна быць медыяпісьменнымі? На гэтае пытанне адказалі вучні на ўроку англійскай мовы Аляксандра Сарокі, які педагог правёў у 10 класе па тэме “Сродкі масавай інфармацыі”. Урок-квест па адной з тэм у раздзеле “Электронная кніга” прадставіла сваім калегам Інеса Зубрыліна.
Святлана Емяльянава-Раманоўская за 45 хвілін навучыла чацвёртакласнікаў рашаць задачы на знаходжанне невядомага па дзвюх рознасцях на перфакартах. Спачатку вучні разам з настаўніцай запоўнілі ўніверсальную табліцу, потым паспрабавалі выканаць работу ў парах, а затым — самастойна. Педагогу ўдалося ўключыць усіх дзяцей у работу. Яны актыўна паднімалі рукі, адказвалі. З дапамогай крытэрыяў выніковасці, якія былі прапанаваны настаўніцай на пачатку ўрока, дзеці ацанілі сваю работу. Было відаць, што ўрок сапраўды атрымаўся, задаволенымі былі ўсе: і вучні, і настаўнік.
— Вельмі пазітыўныя ўражанні пакінуў урок, — на перапынку падзялілася сваімі думкамі настаўніца сярэдняй школы № 95 Тамара Ігнацьеўна Кордзюк. — Мне спадабаліся яго дынаміка, маўленне педагога, сабранасць і сканцэнтраванасць дзяцей. Безумоўна, мэты ўрока былі дасягнуты. Метадычны прыём “Работа з перфакартамі” мне вельмі спадабаўся. З задавальненнем вазьму яго на ўзбраенне.
На ўроку Віктара Жука па гісторыі Беларусі ў 9 класе на тэму “Прамысловае развіццё і стан гарадоў, развіццё гандлю, фінансаў, транспарту ў 60-х гг. ХIX — пачатку XX стагоддзя” вучні правяралі дамашняе заданне з дапамогай слайдаў, фармулявалі мэты заняткаў і пытанні, на якія хацелася б атрымаць адказ, устанаўлівалі прычынна-выніковыя сувязі, працавалі з табліцамі і дыяграмамі, з тэкстам падручніка, праводзілі слоўнікавую работу, разгадвалі крыжаванку. Віктар Эдуардавіч вельмі даходліва і наглядна імкнуўся патлумачыць асноўныя моманты ўрока. І, гледзячы на рэакцыю і адказы дзяцей, яму гэта ўдалося. Старшакласнікі прыводзілі аргументы на карысць таго, каб назваць адну з вуліц Мінска імем Караля Фон Гутэн-Чапскага. У многім цікавасць дзяцей падтрымлівалася і тым, што педагог умела праводзіў паралелі з сучаснасцю. Вучні атрымалі дамашняе заданне даведацца старыя дарэвалюцыйныя назвы добра знаёмых вуліц Мінска. Урок быў вельмі дынамічным, вучні шмат чаго паспелі зрабіць.
Вельмі цікавымі і карыснымі былі і майстар-класы “жураўлёў”. Так, Алена Пратасевіч і Іван Якіменка правялі сумесны майстар-клас і прадэманстравалі, як ажыццяўляць кампетэнтнасны падыход у выкладанні матэматыкі і інфарматыкі. Як разнастаіць розныя віды дзейнасці для слабых і моцных вучняў у профільных групах, дыферэнцыраваць працэс навучання, расказалі Інеса Зубрыліна і Аляксандр Сарока. Святлана Германовіч з Таццянай Амбрушкевіч прадэманстравалі калегам, як навучыць дзяцей планаваць сваю дзейнасць, працаваць на ўроку самастойна і самім сабе ставіць адзнакі. Майстар-клас па кіраўніцкай дзейнасці правёў Ігар Якіменка.
Пасля наведвання адкрытых урокаў і майстар-класаў у вачах педагогаў чыталася шчырая ўдзячнасць, захапленне, натхненне. Яны адзначалі, што зарадзіліся новай энергіяй, пачарпнулі цікавыя ідэі, запазычылі новыя тэхнікі і прыёмы, якія будуць выкарыстоўваць у сваіх класах, атрымалі імпульс для далейшага росту і развіцця.
Крыху стомленымі, але шчаслівымі і задаволенымі выглядалі “жураўлі”. Па іх водзывах, такія традыцыйныя “выезды” дапамагаюць не збаўляць хуткасць, расці прафесійна, ісці наперад. Клуб дае жыццёвыя сілы, энергію, магчымасць для самавыяўлення, ён запальвае новыя зоркі і дапамагае не згаснуць старым.
55-ы выезд адышоў у гісторыю, аднак пакінуў незабыўныя ўражанні, яркія эмоцыі і пачуцці. Будзем чакаць новых мерапрыемстваў. Шчаслівага палёту, “Крыштальны журавель”!
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.