Восем пунктаў, за якія вы можаце атрымаць свае заслужаныя балы

Заключны этап конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2020”, які праходзіць раз у тры гады, завяршыўся. Амаль два тыдні ў Мінску з 20 верасня па 2 кастрычніка 56 педагогаў з розных абласцей краіны ў 8 намінацыях змагаліся за званне лепшага настаўніка. Былі абвешчаны лаўрэаты, пераможцы ў сваіх намінацыях, а таксама абсалютны пераможца конкурсу, якому дастаўся галоўны прыз — аўтамабіль. Вынікі падведзены, выяўлены памылкі, моцныя і слабыя бакі канкурсантаў, над якімі трэба будзе карпатліва папрацаваць. А значыць, пара пачынаць падрыхтоўку да наступнага конкурсу.

Давайце разбяром усе восем пунктаў, за якія вы можаце атрымаць свае заслужаныя балы. Два конкурсныя ўрокі, акрамя ўласна іх ацэнкі, уключаюць яшчэ і самааналіз, на якім вы можаце скарэкціраваць свае недахопы і адыграць патэнцыяльна страчаныя балы.

Сістэма педагагічнай дзейнасці — 60 балаў

Пачаць неабходна з вызначэння тэмы свайго педагагічнага вопыту. Менавіта яна прой­дзе чырвонай ніццю па ўсім вашым расцяглым конкурсным шляху.

Тут павінны быць прадстаўлены вашы вынікі, дасягненні, пуб­лікацыі ў друкаваных выданнях і інтэрнэт-рэсурсах, выступленні на канферэнцыях і семінарах, удзел у алімпіядным руху, распаўсюджванне вашага педагагічнага вопыту ў гарадской, абласной і рэспуб­ліканскай супольнасці. Увогуле ўсё, у чым вы дасягаеце поспеху, а адпаведна, і вашы вучні. Спрабуйце знайсці арыгінальную тэму і адысці ад банальных і шырока распаўсюджаных тэм, якія кампетэнтнае журы наўрад ці высока ацэніць.

Самапрадстаўленне абласных каманд — 20 балаў

Гэты этап ацэньваецца найменшай колькасцю балаў. Аднак не варта скідваць яго з рахунку, бо ў фінале розніца паміж лаўрэатамі ці пераможцамі ў намінацыях можа складаць менш чым адзін бал. Гэта своеасаблівая заяўка кожнага ­ўдзельніка. Вас убачаць, а самае галоўнае — запомняць. Гэта тое, з чаго вы пачынаеце дастаткова працяглы і напружаны шлях. Творчы конкурс ацэньваецца адзіным балам у адносінах да ўсёй каманды з вобласці. І кожны ўдзельнік каманды атрымае гэты самы бал. Каманда павінна дзейнічаць, як адзіны механізм. Вельмі не рэкаменду­юць запрашаць на самапрадстаўленне прафесійныя танцавальныя ці пеўчыя калектывы. Яны адцягнуць шмат увагі ад вас і не будуць ацэнены журы. Палова каманд на гэтым і пагарэла. Хачу адзначыць, што журы правільна ацэньвала ўдзельнікаў, іх больш цікавілі канкурсанты, а не перформансы, якія правадзіліся пабочнымі людзьмі.

Урок-загатоўка — 100 балаў. Самааналіз — 25 балаў

Гэты ўрок рыхтуецца загадзя. З ім вы прыязджаеце на конкурс. У вас ёсць дастаткова часу, каб улічыць усе нюансы, падрыхтаваць раздатачны матэрыял і, самае галоўнае, прарэпеціраваць яго як мага большую колькасць разоў. Вы маеце права самі выбраць тэму ўрока, якая найлепш падыходзіць вам і ў якой вы маглі б максімальна раскрыць свой патэнцыял, паказаць свой педагагічны ўзровень. Сярод канкурсантаў існуе меркаванне, што ўрок-загатоўка павінен быць эфектыўны і ў меншай ступені эфектны. З гэтым дазволю сабе не пагадзіцца, бо я лічу, што любы конкурс, які ацэньвае журы, павінен быць эфектны. Так, большая колькасць галасоў у прадметнага журы, і менавіта яно будзе дамінаваць у выніку. Але журы іншых вучэбных прадметаў таксама ўносіць свой уклад у агульную колькасць балаў, і для іх эфектнасць можа стаяць на першым месцы. Ідэальным стане той урок, у якім паспяхова будуць сумяшчацца абодва гэтыя кампаненты: эфектнасць і эфектыўнасць.

На самааналізе выкарыстоўвайце шаблон. Аднак калі ў вас узніклі якія-небудзь праблемы падчас урока, паспрабуйце растлумачыць членам журы, чаму так адбылося. Глыбока не капайце: магчыма, вашы недахопы не зрабілі негатыўнага ўражання на судзейскую калегію. Вызначце дробныя недахопы, гэта ўкажа на тое, што вы бачыце свае памылкі і гатовы іх прызнаваць і выпраўляць.

Майстар-клас — 65 балаў

Падчас конкурснага майстар-класа вы дэманструеце для студэнтаў спецыялізаваных УВА ўвесь спектр свайго педагагічнага майстэрства. Тут павінна быць прадстаўлена інфармацыя па тэме вашага педагагічнага вопыту, якая абмяжоўваецца часам звычайнага ўрока.

Толькі помніце, што сярод студэнтаў могуць аказацца не толькі будучыя настаўнікі, але і тыя, хто будзе звязаны з прафесіяй, але не з навучэнцамі. Рабіце майстар-класы цікавымі для ўсіх, зноў разлічвайце на тое, каб ваш прадмет стаў прывабным для прадметнага і надпрадметнага журы. Калі ў вас даволі шмат сродкаў, метадаў, сістэм і прыёмаў, якія вы выкарыстоўваеце, то пастарайцеся выбраць самыя эфектыўныя, самыя важныя, самыя цікавыя і прадэманструйце іх удзельнікам майстар-класа і членам журы. Нагадаю, што галоўным з’яўляецца прадукт, які павінен атрымацца ў фінале. Менавіта з ім удзельнікі і павінны пайсці з метадычных заняткаў і ў далейшым рэалізоўваць яго ў сваёй педагагічнай дзейнасці. Што гэта будзе за прадукт, вырашаць вам.

Псіхолага-педагагічнае, прадметнае тэсціраванне — 80 балаў (30 + 50)

Самы неадназначны і спрэчны конкурс. На сённяшні дзень ён патрабуе значнай дапрацоўкі. Калі намінацыя аднародная, то ўсе ­ўдзельнікі знаходзяцца ў роўных умовах. Аднак калі ў намінацыі прадстаўлены адразу некалькі зусім розных вучэбных прадметаў, гаварыць пра аб’ектыўнасць не прыходзіцца. На конкурсе “Настаўнік года — 2020” тэсты аказаліся спрыяльныя да настаўнікаў вучэбнага прадмета “Музыка”. Адрыў, створаны за кошт тэстаў, астатнім удзельнікам адыграць так і не ўдалося. На маю думку, колькасць балаў на гэтым конкурсным этапе не павінна перавышаць 40—50.

Раіць вучыць штосьці канкрэтнае я не стану, бо занадта шмат інфармацыі неабходна вывучыць. Звярніце ўвагу на тэсты, якія прапануе АПА для прэтэндэнтаў на атрыманне вышэйшай катэгорыі. Менавіта яны і будуць арыенцірам у падрыхтоўцы да такога непрадказальнага тура.

Урок-імправізацыя (экспромт) — 100 балаў. Самааналіз — 25 балаў

Нездарма менавіта гэты конкурсны этап лічыцца самым складаным. Па-іншаму яго яшчэ называюць “начны ўрок”, бо завяршыць падрыхтоўку да яго атрымліваецца далёка за поўнач або канкурсанты наогул не кладуцца спаць, і на суд журы яны выходзяць з апошняй кропкай, пастаўленай у плане-канспекце. Гэты этап завяршае асноўную конкурсную праграму, і нярэдка становішча спраў у турнірнай табліцы пераварочваецца на ім з ног на галаву. Таму для падрыхтоўкі да яго вам неабходна заручыцца падтрымкай калег або тых настаўнікаў, якія, на вашу думку, здольны зрабіць ваш урок максімальна прывабным. Яшчэ раз нагадаю: як і на ўроку-загатоўцы, не забывайце пра эфектнасць. Су­дзейскай камісіі павінна быць цікава ўсё тое, пра што вы хочаце расказаць на ўроку, нават калі яны ніякага дачынення да вашага вучэбнага прадмета не ма­юць. А такіх можа аказацца 9 чалавек, акрамя трох суддзяў вашай спецыялізацыі. Часта менавіта за гэты ўрок канкурсанты атрымліваюць больш балаў, чым за ўрок-загатоўку.

Падводзячы вынікі, адзначу, што любы з удзельнікаў конкурсу застанецца ў выйгрышы, нават калі ён не змог атрымаць галоўны прыз. Бо менавіта прайшоўшы праз сіта цяжкай, карпатлівай працы, кожны настаўнік зможа стаць палепшанай версіяй самога сябе. Ён знаёміцца з вялікай колькасцю таленавітых педагогаў, спрабуе сябе ў творчых этапах, навукова-даследчай рабоце. На працягу 10 фінальных дзён кожны ўдзельнік атрымлівае багаж ведаў, які немагчыма было б атрымаць у іншай сітуацыі за год работы. Таму варта не баяцца конкурсу, а наадварот, шукаць магчымасці ў ім паўдзельнічаць.

Андрэй БЯЗЛЕПКІН,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя гімназіі № 3 Магілёва, лаўрэат конкурсу ў намінацыі “Музыка, выяўленчае мастацтва, мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура), працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”.