Мілана Будзько — настаўніца французскай мовы сталічнай гімназіі № 28. З дзяцінства захапляецца мовай, літаратурай і мастацтвам Францыі. Скончыла сярэднюю школу № 148 Мінска з паглыбленым вывучэннем французскай мовы і рамана-германскае аддзяленне філфака БДУ. Зараз вучыцца ў аспірантуры ўніверсітэта, рэцэнзуе падручнікі для школьнікаў, піша вершы і казкі на розных мовах, малюе.
“Па дыпломе я выкладчык французскай і нямецкай моў, філолаг і перакладчык. Пасля ўніверсітэта некаторы час працавала на папулярных у Мінску курсах замежных моў і ў сярэдняй школе № 148 Мінска. Два гады назад прыйшла ў беларускамоўную гімназію № 28, якой кiруе Алеся Мiкалаеўна Зяневiч, — расказала Мілана. — Асноўная замежная мова ў нашай установе французская. Калектыў педагогаў таксама папулярызуе беларускую культуру, што адразу адчуваецца ў афармленні памяшканняў з выкарыстаннем арнаменту і нацыянальных сімвалаў, выяў васілька, рэалізуе праекты па павышэнні якасці адукацыі, развіцці білінгвальнага асяроддзя. На сваіх уроках я маю зносіны з вучнямі або па-французску, або па-беларуску”.
Мілана Будзько стварыла камфортнае адукацыйнае асяроддзе ў сваім кабінеце, арганізавала ўтульны куток камунікатыву. Сцяну ў кабінеце ўпрыгожыла сваёй карцінай, на якой адлюстраваны сельскі пейзаж — домікі і лавандавае поле. Работа была створана па матывах падарожжаў у Францыю (рэгіён Праванс), дзе ў Міланы ёсць сябры — сям’я, у якой яна гасцявала, з 14 гадоў. Спачатку ездзіла ў краіну па абмене, а затым — на стажыроўкі. Яшчэ адна карціна знаходзіцца ў холе другога паверха побач з кабінетам французскай мовы. Яна прысвечана знакамiтаму літаратурнаму твору “Маленькі прынц”.
Мілана Будзько вядзе ўрокі ў паралелі 2, 5 і 6 класаў, а таксама дадатковыя заняткі па развіцці творчых здольнасцей у 2-х класах, па мастацкім чытанні і драматызацыі ў 5-х класах і заняткі для дашкольнікаў па суботах. Тым, хто толькі пачынае асвойваць французскую мову, прапаноўвае развучваць дзіцячыя песенькі, бярэ іх з сайта mondedespetits.fr., рэкамендаванага Пасольствам Францыі ў нашай краіне, стварае інтэрактыўныя відэа і прэзентацыі. Педагог супрацоўнічала з Мінскай абласной бібліятэкай імя А.С.Пушкіна, дзе сабрана багатая французская медыятэка і рэгулярна праходзяць заняткі і мерапрыемствы для дзяцей. У цяперашні час ставіць з вучнямі тэатральныя пастаноўкі, лялечныя спектаклі на французскай мове. Змайстравала лялечны тэатр на аснове батлеечнай канструкцыі. Ва ўтульнай творчай атмасферы кабінета французскай мовы вучні рэпеціруюць, абмяркоўваюць сцэнарыі, выконваюць спецыяльныя практыкаванні на дыханне, імправізуюць. У гімназіі ёсць франкафонны тэатр “Сюрпрыз”, творчую дзейнасць якога курыруюць калегі Міланы, а ролі ў ім выконваюць вучні старшых класаў. Кожны год іх выступленні атрымліваюць гран-пры конкурсу франкамоўных тэатраў, які ладзіць Пасольства Францыі ў Беларусі. Вучні Міланы сёлета прынялі ўдзел у анлайн-алімпіядзе па французскай мове для 5—7 класаў, якая праходзіла ў Расіі. Заданні выканалі на 50 і больш працэнтаў — гэта не пераможны, але вельмі дастойны вынік. З дзевяцікласніцай Аляксандрай Грыневіч у мінулым годзе настаўніца рыхтавала даследчую работу па тэме “Праблемы сучаснай моладзi”, з якой дзяўчына выступала на навукова-практычнай канферэнцыi раёна.
“Дзеці павінны не проста запамінаць словы, але і бачыць прадметы, якія яны абазначаюць, — адзначае Мілана Будзько. — Таму я актыўна выкарыстоўваю наглядны матэрыял. Напрыклад, для вывучэння тэмы “Дом” вырабіла міні-домік з прадметамі дамашняга інтэр’ера, у які пасяліла невялічкіх лялек, што зрабіла з палімернай гліны. Разам з вучаніцай 5 класа Янай Жарскай змайстравала арт-бук “Франкурс” па граматыцы цяперашняга часу. Дзяўчынка праілюстравала дапаможнік. Галоўны герой арт-бука — Мішка Франкурс (імя з’явілася ў выніку гульні слоў “французскі” і “урс”, што значыць мядзведзь па-французску). Атрымалася гісторыя пра медзведзяня ў малюнках, пад кожным — пэўнае правіла і граматычнае практыкаванне да яго, якое па змесце адпавядае сюжэту карцінкі. Напрыклад, Франкурс спіць на дрэве, а побач з ім лётаюць матылькі. Вучням трэба паставіць дзеяслоў, які адпавядае дзеянню медзведзяняці, у форму цяперашняга часу. У арт-буку таксама прадстаўлены ўсе выключэнні з правіл. Па гэтым дапаможніку вучні 5—6 класаў за 60 хвілін могуць цалкам вывучыць тэму, пачынаючы з простых дзеясловаў і заканчваючы выключэннямі. У самым канцы запаўняецца табліца кантролю ведаў. Таксама распрацаваны дадатковыя лэпбукi па тэмах “Жывёлы” i “Колер”для 2 класа”.
Методыка выкладання педагога камунікатыўная, уключае выкарыстанне аўтэнтычных аўдыя- і відэаматэрыялаў. Заняткі грунтуюцца на такіх прыёмах, як поўны фізічны водгук, лексічны падыход i інш. Камунікатыўны падыход Мілана асвоіла, калі працавала на моўных курсах, дзе стала аўтарам-складальнікам курса для школьнікаў для заняткаў летам, а таксама інтэнсіўнага курса ТСF-Канада, разлічанага на 4,5 месяца для асоб ад 16 гадоў. “Граматыка — гэта база для таго, каб можна было правільна размаўляць на замежнай мове, — адзначае Мілана. — Задача педагога падчас кожнага ўрока — выйсці на камунікатыў з вучнямі. Мой урок будуецца наступным чынам: прыходзяць дзеці, я вітаюся з імі і ў кожнага на французскай мове даведваюся, як іх справы. Вучнi дзеляцца са мной навінамі. Пры неабходнасці дапамагаю ім агучыць думкі на французскай мове правільна. Гэта называецца ўвядзеннем у сітуацыю іншамоўных зносін. Далей я ўдакладняю, якая сёння дата, надвор’е, і пачынаецца моўная размінка з выкарыстаннем творчых заданняў, скорагаворак, прыказак і прымавак, вершаў і малюнкаў, дынамічных гульняў. Гэта дапамагае вывучыць складаныя лексічныя адзінкі, звароты i спецыфічныя граматычныя канструкцыі французскай мовы. Напрыклад, на дошцы запісваецца верш (гэта можа быць уласны верш вучня), які сумесна прачытваецца. Затым адно за адным словы ў вершы сціраюцца, а на іх месцы прымацоўваюцца карцінкі, якія адпавядаюць гэтым словам. Перад вучнямі стаіць задача замяніць малюнкі словамі і ўспомніць верш. Работа выконваецца калектыўна, дзеці дапамагаюць адно аднаму”.
У асноўнай частцы ўрока ідзе работа па падручніку. У залежнасці ад пастаўленай задачы выкарыстоўваюцца і пісьмовае, і вуснае маўленне (выказванне), відэа- і аўдыяматэрыялы для замацавання матэрыялу. І ў канцы ўрока вучні абавязкова выходзяць на маўленне: адказваюць на пытанні да тэксту, вусна выконваюць граматычныя практыкаванні. Калі вывучаецца прошлы час, а апошняя тэма, якая разбіралася на ўроках, прысвечана кнігам, то праводзіцца размова з вучнямі пра тое, якая кніга была прачытана імі ці педагогам нядаўна. Для Міланы галоўнае, каб дзеці не сумавалі і не былі вымушаны губляць час. Калі адзін вучань у пэўны момант заняты камунікацыяй (з настаўнікам або чытае ўголас), то іншыя ў гэты час выконваюць сваё заданне па тэме. Такім чынам, актывізуюцца ўсе віды дзейнасці, і пры гэтым правільна размяркоўваецца часавы рэсурс. Мілана лічыць, што максімум інфармацыі дзіця павінна атрымаць на ўроку, а дома — вывучыць новыя словы або замацаваць іх, выконваючы практыкаванні. Але дамашняе заданне не павінна быць вельмі аб’ёмным і складаным. Педагог можа папрасіць дзяцей пераказаць тэкст, але не даслоўна, а вылучыць у тэксце неабходныя фразы. Папярэдне гэты тэкст на ўроку прапрацоўваецца, перакладаецца, праслухоўваецца на аўтэнтычным запісе. Калі на кожным уроку ўводзіць вучня ў камунікатыў, тлумачыць мадэлі пабудовы сказаў, то яму не прыйдзецца зубрыць.
“Настаўнік павінен натхняць вучняў, — упэўнена Мілана Будзько. — Каб дзеці прыходзілі на заняткі з бляскам у вачах, чакалі ўрокаў, каб ім хацелася даведацца штосьці новае, выканаць творчую работу, агучыць мульцік, падрыхтаваць спектакль, зманціраваць відэа да пастаноўкі, зняць кліп. У матываваных дзяцей велізарнае жаданне вучыцца. У школьнай праграме ёсць пэўныя зазоры, якія можна запоўніць на дадатковых занятках. Напрыклад, на такіх занятках мы можам абмеркаваць з вучнямі і параўнаць французскія і рускія казкі. У працэсе размовы хтосьці раптам скажа пра тое, што Пушкін — вялікі паэт. Чаму? Чым, напрыклад, казка пра рыбака і рыбку асаблівая? Там тры сюжэты і вельмі важны эмацыянальны складнік. Паэт спачатку піша пра сіняе мора, а пад канец, з узрастаннем жаданняў старой, яно цямнее і становіцца чорным. А ці спрабавалі дзеці паглядзець на гэтую казку не з пазіцыі старога ці рыбкі, а з пазіцыі беднай жанчыны? Дзеці звычайна характарызуюць яе выключна як негатыўны персанаж. Але ў кожнага свая праўда, і Пушкін не быў бы геніяльным, калі б у яго творах усё было так адназначна. Вучні моцна дзівяцца таму, напрыклад, што вядомыя ім аўтарскія казкі братоў Грым і Шарля Перо на самай справе мелі не такія канцоўкі, якія прадстаўлены ў дыснееўскіх варыяцыях, а наадварот, былі жахлівымі. Зараз з вучнямі мы працуем над агучкай папулярнага мульціка “Маленькі поні”. Галасы дзяцей будуць гучаць па-французску, а субцітры зробім беларускамоўныя. Я вазьму на сябе самыя складаныя аўтарскія словы. Мы пераклалі тэкст мульцiка з рускай мовы на французскую. Каб зняць свой, арыгінальны (а такі вопыт у мяне з вучнямі быў), патрэбны каласальныя выдаткі часу і матэрыяльных рэсурсаў. Яны не заўсёды ёсць. Але мы з задавальненнем праводзім паэтычныя вечары, творчыя гасцёўнi, выставы і майстар-класы. Пры падрыхтоўцы да такіх мерапрыемстваў стараемся не выкарыстоўваць фота ці відэа з інтэрнэту, здымаем самі, аддаём перавагу аўтарскім вершам і сцэнарыям. Фотазоны афармляем уручную, інакш ва ўсім гэтым не будзе душы, унікальнасці, самарэалізацыі. Часта фармат такіх творчых мерапрыемстваў выязны, што яшчэ больш цікава”.
“Я заўсёды гавару сваім вучням, што мова — гэта не прафесія, а інструмент для самарэалізацыі ў любой сферы. Ніколі не ведаеш, калі табе спатрэбіцца замежная мова, тым больш цяпер, калі актыўна развіваюцца сувязі паміж краінамі, — гаворыць Мілана. — Ведаючы французскую, якая з’яўляецца раманскай мовай, прасцей вывучыць італьянскую, іспанскую і некаторыя іншыя мовы. Я, напрыклад, магу гаварыць на французскай мове, нямецкую ведаю, але яна знаходзіцца ў пасіве, асэнсавана магу чытаць на ўсіх еўрапейскіх мовах. Такім чынам, валодаючы адной германскай мовай і адной раманскай, вы атрымліваеце вялікія магчымасці для самаўдасканалення”. Мілана Будзько піша казкі і вершы на розных мовах, пераважна любоўную лірыку. Яе натхняе творчасць сучасных мадэрністаў, урбаністычная паэзія Веры Палазковай і Святланы Лаўрэнцьевай (Кот Басё). Хутка плануе выдаць зборнік сваіх вершаў, сама робіць ілюстрацыі да яго. Мілана малюе з дзяцінства. Мастацкую школу не заканчвала, карціны нараджаюцца ў яе самі па сабе — з галавы, душы і сэрца. Выставы яе работ і мiнiяцюр былi арганізаваны сёлета да 70-годдзя Ленінскага раёна Мінска.
Быў перыяд, калі я наведвала мастацкую студыю (летні лагер) Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. Калі мне было 8 гадоў, мая карціна адправілася ў Лондан, дзе заняла 2-е месца на выставе сучаснага мастацтва. Гэта была работа ў стылі Пікаса, аб чым нагадвалі маленькія квадрацікі, кружочкі, завітушкі. На карціне намалявана дзяўчына на кані. Мая старэйшая дачка займалася ў студыі вядомага мастака Рышарда Мая. Калі чакала яе з заняткаў, то папрасіла дазволу ў мастака што-небудзь намаляваць. Так узнікла карціна, якая адкрыла выставу сучаснага мастацтва ў Мінску ў 2014 годзе. Зараз работа знаходзіцца ў прыватнай калекцыі. Некалькі разоў я выстаўлялася ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва. Пераважная тэматыка маёй творчасці — дзяўчаты і коні. Коні — маё захапленне і дзіцячая мара, а дзяўчына — традыцыйны сімвал прыгажосці і вясны. Яшчэ адзін мой шчыры інтарэс — французская і руская літаратура і мастацтва. Я перакладаю раманы з французскай на рускую мову, тыя, што яшчэ не перакладзены. Напрыклад, кнiгi М.Бар’ер i М.Дэборд. Пішу навуковыя артыкулы па рускай літаратуры, даследавала рускі рок i сучасную паэзiю, літаратуру блізкага замежжа, выступаю на навуковых канферэнцыях. У маіх публікацыях часта прасочваецца вобраз Леанарда да Вінчы ў сусветнай літаратуры. Напрыклад, тэма маёй апошняй работы гучыць так: “Значэнне пралогаў у рамане Карын Эсэкс “Лебедзі Леанарда”. Мной уведзена паняцце “леонардодавинческий пласт”. Ёсць артыкулы метадычнага характару: “Стварэнне штучнага білінгвізму (білінгвальнага асяроддзя) і правядзенне музейных заняткаў”. Некалi былi распрацаваны музейныя заняткі-экскурсіi ў доме-музеі Ваньковічаў на беларускай і французскай мовах з элементамі інтэрактыву, у якіх фігурыруюць цікавыя беларуска-французскія запазычанні.
У 2018 годзе прафесар філфака БДУ Ірына Сцяпанаўна Скарапанава запрасіла мяне ў магістратуру, а затым у аспірантуру БДУ, дзе я зараз вучуся завочна на кафедры рускай літаратуры па мэтавым накіраванні гімназіі. Паралельна з’яўляюся студэнткай цэнтра квантытатыўнай філалогіі Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Не ведаю, як складзецца маё далейшае прафесійнае жыццё, але пакуль у маіх планах — працягваць ствараць у гімназіі цёплую сяброўскую атмасферу, якая выклікае інтарэс да вывучэння французскай мовы. Вельмі прыемна бачыць, калі вучні прыходзяць да цябе ў кабінет і расслабляюцца, гатовы падоўгу тут знаходзіцца і падтрымліваць нязмушаныя зносіны”.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.