Індывідуальна, ярка, фантазійна

Нетрадыцыйныя тэхнікі малявання ў пачатковай школе

Ужо 21 год я працую настаўніцай пачатковых класаў. Праводзячы ўрокі выяўленчага мастацтва, звярнула ўвагу на тое, што дзецям не хапае ўпэўненасці ў сабе, фантазіі, самастойнасці. Дзіцяці патрэбны і важны вынік, які выклікае ў яго радасць, здзіўленне, захапленне сваёй работай.

Вырашыла паспрабаваць выкарыстоўваць на ўроках выяўленчага мастацтва прыёмы нетрадыцыйнага малявання. Іх незвычайнасць у тым, што яны дазваляюць дзецям дасягнуць жаданага выніку. Нетрадыцыйнае маляванне прыцягвае сваёй прастатой і даступнасцю, раскрывае магчымасць выкарыстання добра вядомых прадметаў у якасці мастацкіх матэрыялаў. Нетрадыцыйнае маляванне адыгрывае важную ролю ў агульным псіхічным развіцці дзяцей. Бо галоўным з’яўляецца не канчатковы прадукт — малюнак, а развіццё асобы — фарміраванне ўпэўненасці ў сабе, у сваіх здольнасцях. Ідэя майго вопыту — сфарміраваць здольнасці навучэнцаў выяўляць успрыманне навакольнага свету, удасканальваць іх інтэлектуальныя і творчыя здольнасці з дапамогай нетрадыцыйных тэхнік малявання.

Пазнаёміўшыся з метадычнай літаратурай розных аўтараў, я знайшла многа цікавых ідэй і паставіла перад сабой наступныя задачы:

1) вучыць дзяцей выкарыстоўваць у маляванні разнастайныя матэрыялы і тэхнікі;

2) развіваць эстэтычныя адчуванні формы, колеру, рытму, кампазіцыі, творчую актыўнасць, жаданне маляваць;

3) фарміраваць творчыя здольнасці праз выкарыстанне нетрадыцыйных тэхнік малявання.

У выніку праведзенай работы я прыйшла да высновы, што нестандартныя падыходы да арганізацыі ўрокаў выклікаюць у вучняў жаданне маляваць, дзеці становяцца больш раскаванымі, упэўненымі, што іх работа лепшая. У іх развіваюцца фантазія, творчае ўяўленне, мысленне, цікаўнасць і індывідуальнасць. Навучэнцы атрымліваюць магчымасць перадаць у малюнку свае пачуцці, думкі, перажыванні, эмоцыі. Дзеці ў нечаканых спалучэннях колеравых плям, ліній вучацца бачыць вобразы. Самастойна афармляюць гэтыя вобразы да пазнавальных, паглыбляюцца ў дзівосны свет творчасці.

Стараюся даць кожнаму дзіцяці свабоду для мастацка-творчага вырашэння агульнай задачы. Вялікую ўвагу на ўроках удзяляю абмеркаванню дзіцячых работ з пункту гледжання іх зместу, выразнасці, арыгінальнасці, што спрыяе актывізацыі ўвагі. Гэта захапляючая, чароўная дзейнасць. Галоўная ўмова — самастойна думаць, а задача настаўніка — не ўмешвацца ў працэс работы, а карэкціраваць яго.

У сваёй рабоце выкарыстоўваю такія формы арганізацыі і правядзення ўрокаў, як гутаркі, падарожжы па казках, назіранні, фотавыставы, выставы малюнкаў, конкурсы, а таксама метады: наглядны, слоўны, практычны. Веды, якія набываюць дзеці, складаюцца ў сістэму. Школьнікі вучацца заўважаць змены, якія ўзнікаюць у выяўленчым мастацтве ад прымянення ў працэсе работы нестандартных матэрыялаў. Набыўшы вопыт малявання ў нетрадыцыйных тэхніках і такім чынам пераадолеўшы страх перад няўдачай, дзіця ў далейшым будзе атрымліваць задавальненне ад работы.

Дыдактычныя гульні, якія прымяняю на этапе знаём­ства з нетрадыцыйнымі тэхнікамі малявання,  — “Пафантазіруем”, “Цёпла — холадна”, “Скончы карцінку”, “Пазнай і дамалюй”.

Пачынаючы з 1 класа далучаю дзяцей да мастацтва, уводжу розныя нетрадыцыйныя тэхнікі малявання. Сярод іх многа такіх, якія даюць самыя нечаканыя, непрадказальныя вынікі мастацкай выявы. Уводзіць дзіця ў свет мастацтва трэба як мага раней. У гэтым мне дапамага­юць гульні на ўроках выяўленчага мастацтва. Любы матэрыял, трапляючы ў рукі дзіцяці, становіцца цацкай і набывае новае жыццё і сэнс. Такія заданні не толькі зніжаюць стамляльнасць, развіваюць творчыя здольнасці дзяцей, але і матывуюць іх на навучанне. Выкарыстоўваючы фактар займальнасці, далучаю дзяцей да творчага пошуку, уцягваю іх у актыўнае супрацоўніцтва, абуджаю цікавасць і пазнавальную актыўнасць.

Часта мы праводзім конкурсы ў класе. Выбіраем найлепшыя творчыя работы. З гэтай мэтай выставачныя работы нумаруем, потым выстаўляем урну для галасавання, і любое жадаючае дзіця можа напісаць нумар работы, якая яму спадабалася, і кінуць ва урну. Потым галасы падлічваем і тым, чые работы набралі найбольшую коль­касць галасоў, прысуджаем месцы. Гэта стымулюе дзіцячую творчасць: дзецям вельмі хочацца, каб іх работа спадабалася больш, чым іншыя.

Спынюся больш падрабязна на некаторых нетрадыцыйных тэхніках малявання, якія выкарыстоўваю на ўроках выяўленчага мастацтва.

Пераадолець негатыўныя перажыванні, зняць эмацыя­нальнае напружанне, трывожнасць дапамагае тэхніка манатыпіі. Манатыпія — унікальны адбітак у адзіным экзэмпляры, адбітак у люстраным адлюстраванні. Пакідаем некалькі кропель фарбы на лісце, потым згінаем ліст напалам і шчыльна сціскаем. Атрымліваем люстраны адбітак. Гэтая тэхніка малявання абуджае фантазію і ўяўленне дзіцяці.

Вялікай цікавасцю карыстаюцца ў маіх вучняў гульні з кляксамі. Яны развіваюць вакамер, каардынацыю рухаў, фантазію і ўяўленне, а таксама знімаюць напружанне ў дзяцей. Такая тэхніка, асновай якой з’яўляецца клякса, называецца кляксаграфіяй. На паперу ставім кляксу вадкімі фарбамі і спрабуем разгледзець у ёй мудрагелістыя ўзоры.

Нетрадыцыйнае маляванне, напрыклад гульня ў кляксы, захапляе дзяцей, а чым мацней дзіця захоплена, тым яно больш засяроджваецца.

Яшчэ адной даволі цікавай тэхнікай малявання з’яўляецца ніткаграфія. Выкарыстоўваюцца простыя ніткі, гуаш розных колераў, папера для малявання. Адзін адрэзак ніткі абмакваем у фарбу і водзім па лісце паперы, потым бяром другі адрэзак, абмакваем у іншы колер і выконваем тое ж самае.

Нетрадыцыйныя выявы жывёл і прадметаў могуць атрымацца пры маляванні соллю. Папярэдне на паперы робім эскізы, змочваем ліст вадой з дапамогай пэндзля, пасыпаем соллю, чакаем, пакуль соль убярэ ваду, лішнюю соль трэба ссыпаць. Калі ўсё падсохне, элементы, якіх не хапае, трэба дамаляваць і размаляваць. Соллю добра маляваць птушак, матылькоў, медуз, васьміногаў.

Хочацца расказаць пра яшчэ адзін від малявання — гэта маляванне бульбай. Звычайны ў выкарыстанні матэрыял прымяняецца для малявання жывёл. Для гэтага з бульбы выразаем выяву прадмета, прыціскаем да падушкі з фарбай і наносім адбітак на паперу. Гэтая тэхніка дазваляе шматразова маляваць адзін і той жа прадмет, складаючы з яго адбіткаў розныя кампазіцыі.

Вельмі цікавым і простым у выкарыстанні здаўся мне прыём работы з ватнымі палачкамі. Можна пачынаць такую работу з вучнямі 1 класа. Для выканання работы бяром пучок ватных палачак, для зручнасці я звязала іх скотчам. Абмакваем у фарбу адпаведнага колеру і штурхялямі наносім узор. Прыгожыя работы атрымліваюцца пры маляванні асенняга дрэва.

Штурхялі

Я пачынала з найбольш простых тэхнік і ўводзіла больш складаныя тэхнікі малявання на факультатыўных занятках “Кампазіцыя”. У сувязі з асаблівасцямі ўзросту на кожным уроку старалася выкарыстоўваць гульнявы прыём, пальчыкавыя гульні, рухавыя гульні, прэзентацыі. Заняткі арганізоўвала па прынцыпе “ад простага да складанага”.

У працэсе работы па маляванні ўзнікла ідэя прымянення непрыдатнага матэрыялу як выяўленчага сродку. Мы сталі выкарыстоўваць у якасці мастацкіх матэрыялаў добра знаёмыя прадметы: коркі ад пластыкавых бутэлек, лісты дрэў, кветак; штампы і пячаткі з агародніны; саломінкі, порыстыя губкі, кавалкі мятай паперы.

Для тэхнікі “мяты малюнак” неабходна папера для малявання, каляровая васковая крэйда, пэндзаль, гуаш. На лісце паперы намаляваны прадмет, вакол прадмета васковай крэйдай зрабіць фон. Ліст неабходна замаляваць цалкам. Малюнак акуратна змяць, так, каб не падраць паперу, потым выпрастаць, замаляваць фон і карцінку гуашшу. Не чакаючы, пакуль фарба высахне, з дапамогай губкі пад праточнай вадой гуаш змыць. Фарба павінна застацца ў трэшчынах паперы.

Складанай тэхнікай для выканання работ з’яўляецца напырск. Замест пэндзля можна выкарыстоўваць зубную шчотку і стэк. Зубной шчоткай у левай руцэ набяром крыху фарбы, а стэкам будзем праводзіць па паверхні шчоткі хуткімі рухамі ў напрамку да сабе. Пырскі паляцяць на паперу. Пры гэтым можна мяняць напрамак. Выкарыстоўваючы трафарэты, можна выканаць выявы самых разнастайных жывёл. З гэтай тэхнікай я знаёміла навучэнцаў на факультатыўных занятках “Кампазіцыя”.

Многія вышэйпералічаныя тэхнікі можна выкарыстоўваць разам у калажы. У цэлым важна наступнае: добра, калі дзіця не толькі знаёма з рознымі прыёмамі выяўлення, але і не забывае пра іх, а дарэчы выкарыстоўвае, выконваючы зададзеную мэту.

Варта адзначыць, што поспех навучання нетрадыцыйным тэхнікам у многім зале­жыць ад таго, якія метады і прыёмы бу­дзе выкарыстоўваць педагог, каб данесці да дзяцей пэўны змест.

У рамках тыдня творчасці настаўнікаў пачатковых класаў я правяла майстар-клас для калег “Нетрадыцыйныя прыёмы малявання на ўроках выяўленчага мастацтва”. Выкарыстоўваючы прэзентацыю і ўзоры выкананых мной і маімі навучэнцамі работ, я пазнаёміла калег з існуючымі тэхнікамі. Потым прапанавала ім паспрабаваць сябе ў якасці мастакоў і ўкараніць гэтыя тэхнікі ў сваіх малюнках. Калегі з задавальненнем і цікавасцю пачалі працаваць. Малявалі асенняе дрэва, выкарыстоўваючы метад штурхяля ватнымі палачкамі, адбітак штампам, выкарыстоўвалі ўтулку ад паперы, пластыкавы відэлец для малявання вожыкаў. Работы атрымаліся індывідуальныя, яркія, фантазійныя.

Нетрадыцыйнае маляванне дазваляе раскрыць творчы патэнцыял дзіцяці, пастаянна павышаць цікавасць да мастацкай дзейнасці. Кожная з тэхнік — маленькая гульня. Іх выкарыстанне дазваляе дзецям адчуваць сябе раскаванымі, смялейшымі, развівае ўяўленне, дае поўную свабоду для самавыяўлення.

А для мяне важна, каб на кожным уроку кожны вучань адкрываў для сябе новае, фантазіраваў, не баяўся цяжкасцей, здзіўляў сваімі работамі. Ствараючы ўмовы, якія падахвочваюць дзіця да заняткаў мастацтвам, можна раскрыць яго творчыя здольнасці і талент.

Ала ГРЫГАРОВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 5  Жодзіна Мінскай вобласці.