Хімія — дзівосная і цікавая навука. Многія з’явы ў нашым жыцці можна растлумачыць з пункту гледжання хіміі, а кожны навучэнец у школе любіць выконваць практычныя і лабараторныя работы. Менавіта хімічны эксперымент дазваляе школьніку пазнаёміцца з характарыстыкай рэчываў і хімічнымі працэсамі. А яго практычная значнасць заключаецца ў глыбокай зацікаўленасці навучэнцаў у вывучэнні прадмета “Хімія”.
Разам з тым некаторыя хімічныя “цуды” могуць быць даступны для кожнага дома. Навучэнцам важна памятаць: выконваць дамашні эксперымент неабходна асцярожна, не спяшаючыся, у прысутнасці дарослых, выконваючы асноўныя правілы тэхнікі бяспекі!
Прапаную наступныя простыя цікавыя доследы з выкарыстаннем прадуктаў харчавання, хімічных рэчываў і іх ператварэнняў.
1. Прыгатаванне “лізуна”.
Зараз, напрыклад, у магазінах вялікая разнастайнасць модных цацак — “лізуноў”, але значна цікавей будзе зрабіць іх у дамашніх умовах. Для вырабу “лізуна” неабходны: клей ПВА, крухмал, шкляначкі; ёмістасць для змешвання, харчовы фарбавальнік.
Інструкцыя па правядзенні доследу: развесці крухмал у вадзе, адмераць аднолькавую колькасць клею, вадкага крухмалу і вады. Разліць па шкляначках з рознымі рэчывамі. Наліць ваду ў ёмістасць і дабавіць ПВА, старанна перамяшаць. Далей дабавіць у прыгатаваную сумесь фарбавальнік, перамяшаць. Можна змяшаць некалькі фарбавальнікаў, каб атрымаць цікавыя адценні. Потым дабавіць вадкі крухмал, размяшаць сумесь. Пасля перамешвання “лізун” гатовы. Захоўваць неабходна ў закрытай ёмістасці.
2. Дослед з ёдам, чаем, зялёнкай і актываваным вугалем.
Вядома, што актываваны вугаль валодае вельмі добрымі сарбцыйнымі ўласцівасцямі. На гэтай асаблівасці заснавана выкарыстанне самых розных вугальных фільтраў.
Для правядзення доследу неабходна: пальчаткі, ёд, зялёнка, чайны пакецік, пласцінка таблетак актываванага вугалю і тры празрыстыя ёмістасці з вадой.
Інструкцыя па правядзенні доследу: па кроплі зялёнкі, ёду капнуць у ваду, каб атрымаліся злёгку афарбаваныя растворы. Прыгатаваць чайны раствор. Потым раздрабніць некалькі таблетак актываванага вугалю і высыпаць у кожную з ёмістасцей. Усё перамяшаць і пакінуць на суткі.
Пасля заканчэння доследу ўсе растворы стануць значна святлейшымі, а магчыма, абсалютна празрыстымі. Для правядзення можна выкарыстоўваць самыя розныя рэчывы: сродак для падсіньвання бялізны (сіньку), чарніла.
3. Дослед “Медны цвік”.
Вам неабходна: жалезны цвік, ёмістасць з салявым растворам, воцат, харчовая сода, кавалак меднага дроту.
Інструкцыя па правядзенні доследу: дабавіць да салявога раствору воцат, перамяшаць. Змясціць у ёмістасць кавалак меднага дроту на 10—15 мінут. Жалезны цвік пачысціць содай, апусціць у падрыхтаваную раней ёмістасць. Праз 30 мінут цвік пакрыецца меддзю, а паверхня дроту стане чыстай і бліскучай.
4. Дослед “неядомы тамат-начнік”.
Вам спатрэбіцца: тамат, шпрыц, сера, мыйны сродак “Белізна”, перакіс вадароду.
Інструкцыя па правядзенні доследу: у невялікую ёмістасць насыпаць серу і дабавіць “Белізну”. Пакінуць на 25—30 мінут, пакуль не ўтворацца 2 пласты. Потым з дапамогай шпрыца напоўніць тамат гатовым растворам. Далей вельмі акуратна ўвесці ў самы цэнтр тамата перакіс вадароду. Пры адсутнасці святла тамат свеціцца. Эксперымент выкананы!
Дзейнічайце, тут ёсць дзе праявіць фантазію. Поспехаў вам у вывучэнні навакольнага свету!
Яўгенія ГУДАЧ,
настаўніца хіміі Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.