Урок геаграфіі: цікава і займальна

Умовы сучаснага жыцця, вялікі аб’ём інфармацыі патрабуюць, каб школа рыхтавала вучняў, здольных самастойна здабываць веды, вылучаць галоўнае, хутка арыентавацца ў пэўнай сітуацыі. Зрабіць вучэбную дзейнасць неабходнай і радаснай для кожнага вучня можна, стаўшы на пазіцыю педагогікі супрацоўніцтва, пры якой настаўнік і вучань працуюць разам, каб дасягнуць агульнай мэты. Пры гэтым вучань з’яўляецца як бы суаўтарам адзінага творчага працэсу. Выкарыстанне на ўроках розных відаў гульні спрыяе калектыўнай рабоце класа і развівае ў дзяцей вучэбныя навыкі. Магчыма, невыпадкова ў старажытных рымлян слова ludus азначала адначасова “школа” і “гульня”.

Апрабаваўшы ў сваёй рабоце многа форм і метадаў, я прыйшла да наступнага вываду: штодзённая праца вучня павінна весці да свята, дзе ён можа прадэманстраваць усе свае веды, паказаць сябе з найлепшага боку. Для мяне і маіх навучэнцаў такой формай работы сталі гульні-спаборніцтвы накшталт “Шчаслівага выпадку”, “Сваёй гульні”, “Што? Дзе? Калі?”, “Павуціны”, урока-каруселі, брэйн-рынга, КВЗ, падарожжа па станцыях і інш.

Гульні-спаборніцтвы выкарыстоўваю як у вучэбнай, так і пазакласнай рабоце. Яны аднолькава цікавыя для вучняў розных узроставых груп і прыцягваюць дзяцей магчымасцю выйграць.

Адна з асаблівасцей такіх гульняў — аб’яднанне індывідуальнай і калектыўнай, групавой формы работы.

Гульням-спаборніцтвам уласціва займальнасць, бо такія заняткі адрозніваюцца незвычайнай формай правядзення, характарам заданняў, а таксама своеасаблівай ацэнкай дзейнасці вучняў. Выключнае значэнне ў гульні мае аб’ектыўнасць ацэнкі ўзроў­ню ведаў.

Уключэнне ў навучанне, стварэнне на ўроку гульнявой сітуацыі прыводзіць да таго, што вучні, захопленыя гульнёй, непрыкметна для сябе і без асаблівага напружання здабываюць пэўныя веды, уменні і навыкі па геаграфіі. Аднак гульня не павінна быць самамэтай, а павінна стаць сродкам развіцця цікавасці да прадмета.

Гульні не толькі дапамагаюць вырашэнню вучэбных задач, але і спрыяюць выхаванню асобы дзіцяці, прывіваюць навыкі правільных паводзін у калектыве. На кожнага вучня кла­дзецца адказнасць за вынік гульні ў цэлым.

Не лічу, што выкарыстанне займальнага матэрыялу на ўроках геаграфіі дапамагае вучням авалодаць геаграфіяй “лёгка і шчасліва”, але неабходна выкарыстоўваць усе сродкі, каб дзеці вучыліся з цікавасцю, бачылі прывабныя бакі геаграфіі, яе магчымасці для ўдасканальвання разумовых здольнасцей. Падчас гульні ў вучняў выпрацоўваецца прывычка засяроджвацца, мысліць самастойна, развіваць увагу. Зацікавіўшыся, дзеці не заўважаюць, што вучацца: пра нешта даведваюцца, запамінаюць новае, арыентуюцца ў непрывычных сітуацыях, папаў­няюць запас уяўленняў, паняццяў, развіваюць фантазію. Нават самыя пасіўныя навучэнцы ўключаюцца ў гульню з вялікім жаданнем, прыкладваюць усе намаганні, каб не падвесці сяброў па гульні. У гэты час дзеці, як правіла, вельмі ўважлівыя, дысцыплінаваныя.

Сістэматычнае выкарыстанне займаль­нага матэрыялу на ўроках геаграфіі з’яўляецца эфектыўным сродкам актывізацыі вучэбнай дзейнасці школьнікаў, спрыяе павышэнню якасці іх ведаў, развівае разумовую дзейнасць і выхаванасць, гэта значыць, адбываецца усебаковае развіццё асобы.

Прывяду прыклад абагульняючага ўрока па тэме “Атмасфера. Надвор’е і клімат” у 6 класе

Мэты:

  • замацаваць і пашырыць асноўныя фізіка-геаграфічныя паняцці і заканамернасці;
  • навучыць разумець існуючыя ўзаемасувязі паміж атмасфернымі з’явамі;
  • развіваць пазнавальную актыўнасць вучняў;
  • фарміраваць асобу вучняў ва ўмовах калектыўнай дзейнасці.

Абсталяванне: фізічная карта паўшар’яў, атласы.

Ход урока

І. Арганізацыйны момант (знаёмства з тэмай і мэтамі ўрока)

ІІ. Геаграфічная размінка

Настаўнік. Урок мы правядзём у выгля­дзе гульні “Павуціна”. Але спачатку я запрашаю ўсіх вас на геаграфічную размінку. Назавіце, калі ласка, новыя словы, з якімі вы пазнаёміліся, вывучаючы тэму “Атмасфера. Надвор’е і клімат”.

Пачынаем… (Вучні называюць словы.)

ІІІ. Гульня “Павуціна”

На дошцы намалявана павуціна. На ёй пішуцца ў адвольным парадку нумары (колькі пытанняў, столькі і нумароў). У гульні ўдзель­нічаюць адначасова 2 ці 3 каманды. Права першага ходу разыгрываецца. Затым удзель­нікі называюць нумар. Вядучы выцірае нумар з павуціны і зачытвае пытанне пад гэтым нумарам. Трэба прадугледзець пытанні па тэме. 7 нумароў — “павук” (пераход ходу), 2 нумары — “жамчужына” (каманда атрымлівае бал і працягвае гульню), 3 нумары — “кропля вады” (змываюцца ўсе набраныя да гэтага балы). Колькасць нумароў можа быць адвольная.

За кожны правільны адказ каманда атрымлівае 1 бал і працягвае гульню. Калі адказвае няправільна — пераход ходу.

1. Як вы думаеце, чаму з усіх планет Сонечнай сістэмы жыццё ёсць толькі на Зямлі?

2. У чым заключаецца праблема азонавых дзірак на планеце?

3. Якая сіла ўтрымлівае атмасферу планеты?

4. Якое значэнне мае атмасфера?

5. “Павук”.

6. Як адбываецца награванне паветра?

7. Якая існуе залежнасць паміж вышынёй сонца над гарызонтам і колькасцю цяпла, што паступае на Зямлю?

8. З якіх слаёў складаецца атмасфера?

9. Як мяняецца тэмпература паветра ў залежнасці ад вышыні?

10. Што называецца амплітудай тэмпературы?

11. “Павук”.

12. Як вылічыць сярэднямесячную тэмпературу?

13. Чаму большасць жывых арганізмаў сканцэнтравана ў трапасферы?

14. Як размяркоўваецца тэмпература паветра на Зямлі?

15. “Жамчужына”.

16. Якія ўчасткі зямной паверхні лепш паглынаюць сонечныя прамяні, а  якія — горш?

17. Што такое атмасферны ціск? Які атмасферны ціск прымаецца за нармальны?

18. Як мяняецца аб’ём паветра пры награванні і ахаладжэнні?

19. “Павук”.

20. Якімі прыладамі вымяраецца атма­сферны ціск і ў якіх адзінках?

21. Як мяняецца атмасферны ціск у залежнасці ад вышыні?

22. Як пры дапамозе барометра можна вымераць вышыню будынка?

23. “Кропля вады”.

24. Як размяркоўваецца атмасферны ціск на зямной паверхні?

25. Якая прыродная з’ява называецца ветрам?

26. Якімі прыладамі вымяраюць напрамак і сілу ветру?

27. Чаму тэмпература паветра ў адной і той жа мясцовасці ў адзін і той жа час над сушай і воднай паверхняй розная?

28. Чаму ўзнікае вецер? Ад чаго зале­жыць хуткасць ветру?

29. “Павук”.

30.  Якія па скорасці бываюць вятры?

31. Што такое брыз? Як ён узнікае?

32. Начарціце бакі гарызонту. Пакажыце паўночна-заходні вецер.

33. Якую работу выконвае вецер?

34. Што такое пасаты? Як яны ўзнікаюць?

35. “Жамчужына”.

36. Што такое мусоны? Як яны ўзнікаюць?

37. Якія вятры пераважаюць ва ўмераных шыротах?

38. Дзе на планеце зафіксаваны максімальная і мінімальная тэмпература паветра?

39. Назавіце цеплавыя паясы. У якім цеплавым поясе мы жывём?

40. “Павук”.

41. Якія вятры ўтвараюць агульную цыркуляцыю атмасферы?

42. Чаму летні мусон прыносіць ападкі, а зімовы — не?

43. Якія мясцовыя вятры вам вядомы?

44. “Кропля вады”.

45. Якія вятры характэрны для Беларусі?

46. Як тэмпература ўплывае на ўтрыманне вадзяной пары ў атмасферы?

47. У чым адрозненне паміж абсалютнай і адноснай вільготнасцю паветра?

48. Як вымяраюць вільготнасць паветра?

49. Якія віды атмасферных ападкаў вам вядомы?

50. “Павук”.

51. Якая існуе заканамернасць у размеркаванні ападкаў па шыротах?

52. Дзе на планеце знаходзяцца самае вільготнае і самае сухое месца?

53. Якія метэаралагічныя элементы характарызуюць надвор’е?

54. На якія групы падзяляюцца метэаралагічныя з’явы?

55. Прывядзіце прыклады небяспечных метэаралагічных з’яў.

56. “Павук”.

57. Чым клімат адрозніваецца ад над­вор’я?

58. Якія фактары з’яўляюцца кліматаўтва­ральнымі?

59. У якіх сферах гаспадарчай дзейнасці важна ўлічваць клімат мясцовасці?

60. У чым праяўляецца глабальнае пацяпленне на планеце? Якія яго магчымыя прычыны і вынікі?

ІV. Падвядзенне вынікаў гульні

V. Рэфлексія

Настаўнік. Калі стан чалавека ў пэўны перыяд часу можна параўнаць з надвор’ем (як стан атмасферы ў пэўны перыяд часу), то як вы апісалі б ваш стан пасля ўрока?

Таццяна МАЛАШЭВІЧ,
настаўніца геаграфіі Суткаўскага дзіцячага сада — базавай школы Уздзенскага раёна.