Якая сувязь паміж “Сіндромам Фальксвагена” і біялогіяй

Ёсць тры сілы, якія прымушаюць дзяцей вучыцца: паслухмянасць, захапленне і мэта. Паслухмянасць падштурхоўвае, мэта вабіць, а захапленне рухае. Вопыт работы паказаў, што павысіць цікавасць да біялогіі можна, паказаўшы навучэнцам, як веды, атрыманыя на ўроках, можа прымяніць у звычайным жыцці. Такім чынам, практыка-арыентаваная скіраванасць навучання біялогіі актывізуе разумовую дзейнасць навучэнцаў, развівае цікаўнасць, дазваляе павысіць узровень біялагічнай падрыхтаванасці, што стварае перадумовы да паўнавартаснага выкарыстання магчымасці біялогіі ў сферы эканомікі, культуры і побыту, абароны навакольнага асяроддзя для захавання бяспечнай жыццядзейнасці сучаснага чалавека.

Для рэалізацыі ў адукацыйным працэсе кампетэнтнаснага падыходу могуць быць выкарыстаны практыка-арыентаваныя заданні, якія спрыя­юць фарміраванню прадметных кампетэнцый. Менавіта такія заданні дазваляюць слу­жыць стымулам для развіцця жадання вучыцца, пазнання новага.

Аб’ектамі вывучэння біялогіі ў 7—8 класах з’яўляюцца расліны і жывёлы. У 13—14 гадоў у падлеткаў на першы план выхо­дзяць зносіны з равеснікамі, жаданне зацвердзіцца ў сваім асяроддзі. У гэты перыяд цікавасць да навучання страчваецца, таму настаўніку неабходна стварыць умовы для закладання фундаменту ведаў і каштоўнасцей, якімі ён зможа скарыстацца на працягу жыцця.

Незвычайная фармулёўка ведаў, практычнае выкарыстанне ведаў. Міжпрадметныя сувязі спрыяюць інтэграцыі ведаў, падахвочваюць скарыстацца пошукам дадатковай літаратуры, фарміруюць правільнае экалагічнае мысленне, якое дапаможа ацаніць уклад кожнага чалавека ў захаванне будучыні планеты. Практыка-арыентаваныя заданні грунтуюцца на асобасным вопыце вучня і выкарыстанні існуючых ведаў на практыцы.

Пры вывучэнні найбольш значных тэм па вучэбным прадмеце “Біялогія” ў 7, 8 класах можа быць выкарыстана наступная сі­стэма практыка-арыентаваных заданняў. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Гетэра­трофныя пратысты” прапануецца прачы­таць апавяданне “Гісторыя амёбы звычайнай” і спрагназаваць лёс амёбы: “У адным закінутым рове на самым дне жыла амёба звычайная. Яна была невялікіх памераў, харчавалася і размнажалася. Аднойчы, скарыстаўшыся сваімі лжэножкамі, адправілася ў дарогу. Хуткасць яе перамяшчэння была невялікай, яркае сонечнае святло яе раздражняла. А пры надыходжанні халадоў стала круглай і пера­стала харчавацца. “Вось і канец”, — падумала амёба і заснула моцным сном”.

Навучэнцам прапануецца адказаць на пытанні: якія працэсы жыццядзейнасці адбываюцца ў аднаклетачных арганізмах? Спрагназуйце далейшы лёс і растлумачце значэнне цысты ў жыцці амёбы.

Многім навучэнцам тэма “Плесневыя грыбы” здасца даволі простай і цікавай, бо большасці механізм гэтага цуду, хлебапя­чэння, знаёмы з дзяцінства. Прапаную прааналізаваць наступную сітуацыю: “Бацькі Ганны вырашылі адкрыць невялікую пякарню. На прэзентацыі пякарні яна згатавала піражкі з выкарыстаннем дражджэй. Растлумачце, чаму піражкі атрымаліся лёгкімі і смачнымі”.

Пры вывучэнні тэмы “Бактэрыі” прапаную ўспом­ніць традыцыйную беларускую страву —  кіслую капусту і растлумачыць, якую ролю адыгрываюць бактэрыі ў працэсе гатавання гэтай стравы.

Мы ўсе паглыблены ў соцыум і ведаем, як важна мець мару. Мець аўтамабіль — мара многіх школьнікаў. Вывучаючы тэму “Бактэрыі”, прапаную навучэнцам супаставіць факты: разнастайнасць форм бактэрый і знешні выгляд машыны “Фальксваген-жук”. А адказ даволі просты: “Знешні выгляд бактэрый пастаянны на працягу мільярда гадоў. А іх унутраны змест мяняецца. Такі феномен атрымаў назву “Сіндром Фальксвагена”. А, як вядома, машына — “Фальксваген-жук” — нязменная сорак гадоў”.

У большасці людзей ёсць прысядзібныя ўчасткі, на якіх мы працуем з вясны да восені. Прапаную пабываць у ролі садавода-аматара. Уявіце, што ў вас на дачным участку расце многа ліставой агародніны (кроп, шпінат, салата, пятрушка). У які час сутак лепш збіраць гэтыя культуры і чаму?

Адказ: лепш збіраць вечарам, бо да гэтага часу назапасіцца многа арганічных рэчываў, якія ўтварыліся днём у выніку працэсу фотасінтэзу.

Ці: гаспадыня трымае трусоў і корміць іх зялёнымі лістамі капусты. Ці мэтазгодна гэта? Чаму?

Адказ: не, няправільна. Зялёныя лісты качана не нясуць каштоўнасці, бо арганічныя рэчывы назапашваюцца ў белых лістах качана.

Усе мы цэнім чорныя парэчкі за іх пажыўную каштоўнасць. Дапусцім, вы хочаце размножыць парэчкі гатунку “Дачніца”, якія даволі паспяхова растуць у вашай суседкі. Вы б таксама хацелі вырошчваць іх на сваім прысядзібным участку. Успомніўшы спосабы вегетатыўнага размнажэння ў кветкавых раслін, любы жадаючы зможа пасадзіць гэтыя парэчкі ў сябе на прысядзібным участку, запасціся вітамінам С на зіму.

Напэўна, цяжка знайсці дачу, на якой вясной не цвітуць півоні. Яны могуць жыць да 10 гадоў на адным месцы. Чаму ж пасля пасадкі куст вялікі і зялёны, а кветак няма? А адказы на гэтае пытанне мы знойдзем пры вывучэнні главы “Вегетатыўныя органы пакрытанасенных раслін”.

Узгодненасць мэт навучання з уласнымі мэтамі навучэнцаў дазваляе забяспечваць адзінства вучэбнага і выхаваўчага працэсаў, разуменне значнасці ўласнага выхавання і ўласнай культуры для яго жыцця.

Як сказаў Эпікур, “самай галоўнай прыметай поўнага ведання чалавека, які дасягнуў дасканаласці, з’яўляецца ўменне хутка карыстацца ведамі”. А сучаснаму грамадству патрэбны людзі, якія здольны прымяніць свае веды ў зменлівым свеце, таксама самаадукоўвацца на працягу ўсяго жыцця.

Практыка-арыентаваныя заданні можна выкарыстоўваць на розных стадыях урока, напрыклад, пры актуалізацыі ведаў, пры вывучэнні новых ведаў, пры замацаванні вывучанага матэрыялу. Выкарыстоўваючы іх, настаўнік зможа сфарміраваць у навучэнцаў прадметныя кампетэнцыі.

З самага дзяцінства мы знаёмімся не толькі з раслінным светам, але і з жывёльным. А курс біялогіі ў 8 класе дапаможа нам прыадкрыць таямніцу жывёльнага свету.

Так, пры вывучэнні тэмы “Лад жыцця, асаблівасці будовы і разнастайнасць галаваногіх малюскаў” прапануецца заданне: пакажыце сувязь, якая можа існаваць паміж сігнальнай вяроўкай з цяжкім каменем на адным канцы, кошыкам, драўляным кап’ём.

Адказ: у гісторыі вядомы факт пра тое, што ля берагоў Японіі ў пачатку ХІХ стагоддзя пацярпела катастрофу адно судна з дарагім карэйскім фарфорам. Недзе праз сто гадоў адзін рыбак прыдумаў ідэю, як скарыстацца гэтымі скарбамі. Для гэтага абвязвалі вяроўкай васьмінога, апускалі яго ў ваду, потым разам з ім падымаюць скарбы на верх судна.

Пры вывучэнні бруханогіх малюскаў можна прапанаваць прывесці прыклады скан­струяваных тэхнічных сістэм чалавекам на аснове ідэй, запазычаных у жывой прыроды. Напрыклад, прыбор для ацэньвання якасці агародніны (смоўж беспамылкова выбірае самую лепшую агародніну і садавіну), усюдыход (смоўж рухаецца з адной хуткасцю незалежна ад напрамку і паверхні), вадамёт (рэактыўны рух кальмара).

У цяперашні час даволі модным з’яўляецца ўтрыманне ахатын у хатніх умовах як аб’екта, які мае эстэтычнае значэнне. Амаль у кожным класе знойдзецца навучэнец, у якога дома ёсць ахатыны. Вывучыўшы тэму “Лад жыцця, асаблівасці будовы і разнастайнасць бруханогіх малюскаў” навучэнцы змогуць растлумачыць прычыны неабходнасці выканання правіл асабістай гігіены пры доглядзе гэтых стварэнняў. (Бруханогія малюскі могуць быць прамежкавымі гаспадарамі паразітычных пляскатых чарвякоў.)

А хто не захапляецца рыбалоўствам? Большасць хлопчыкаў з бацькамі ходзяць летам на возера, сажалку, вадаём, дзе захапляюцца лоўляй рыбы. Выканаўшы наступнае заданне, навучэнец зможа прапанаваць ідэю вынаходства скрыні для дажджавых чарвякоў, якая дазваляе браць іх, не забруджваючы рук. Скрыня, дзе захоўваюцца чарвякі, павінна мець некалькі накрывак. Паколькі чарвякі зарываюцца ў зямлю, то трэба перавярнуць скрыню, чарвякі будуць над зямлёй, і вы зможаце дастаць іх, пакінуўшы чыстымі рукі.

Вучоныя нацыянальных універсітэтаў Гарварда і Сеула распрацавалі робата дажджавога чарвяка, які называецца Meshworm (сеткаваты чарвяк). Прапануйце і абгрунтуйце варыянты выкарыстання гэтага робата ў сучасным жыцці (эндаскопы, пратэзы, мабільныя тэлефоны, партатыўныя камп’ютары, аўтамабілі).

А колькі цікавай інфармацыі тояць у сабе мастацкія творы, мультыплікацыйныя фільмы.

Перш чым разглядаць біялагічныя асаблівасці насякомых, успомнім Алісу, гераіню Л.Кэрала, і яе размову з Вусенем. Падчас размовы Алісы з Вусенем мы даведаліся, якія змены адбыліся з ёй і як можна растлума­чыць ператварэнне вусеня ў кукалку. Аказваецца, у гэтым няма нічога страшнага, а ўсё тлумачыцца паняццем “метамарфоз”. Менавіта гэтая прымета характэрна для атрадаў насякомых з поўным ператварэннем.

А веды, атрыманыя пры вывучэнні тэмы “Насякомыя”, змогуць дапамагчы пераўвасобіцца ў ролю ўрача-анестэзіёлага. Як трэба ўсыпіць хрушча, маючы вату і медыцынскі эфір?

Адказ: для гэтага трэба абматаць брушка ватай, намочанай у эфіры, бо на брушку ёсць дыхальцы (адтуліны выхаду трахей).

А дабрадушны герой мультыплікацыйнага фільма кот Леапольд раптам ператвараецца ў страшнага героя, які дапаможа ўспо­мніць навучэнцам, што такое метамарфоз і ў чым яго біялагічны сэнс.

Для паспяховай вучэбнай дзейнасці неабходна ведаць, умець, хацець, верыць. І тады навучэнец, які авалодаў гэтымі характарыстыкамі, здольны самасцвердзіцца, працаваць у камандзе, нестандартна думаць і вынаходзіць новае. Менавіта ад настаўніка залежыць, бу­дзе кожны навучэнец актыўным удзельнікам даследаванняў ці не, ці захочацца яму зрабіць усё магчымае, каб дася­гнуць сваёй мэты.

Алена КРАМАРЭНКА,
настаўніца біялогіі, бакалаўр прыродазнаўчых навук сярэдняй школы № 28 Віцебска.