Адэкватная ацэнка ў самаразвіцці

Пачынаецца новы навучальны год, і актуальным становіцца пытанне аб прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў праз асваенне псіхалагічных прынцыпаў арганізацыі кантрольна-ацэначнай дзейнасці. Якія б змены ні праходзілі ў адукацыі, у канчатковым выніку яны замыкаюцца на педагогу, якому ва ўсе часы належала вядучая роля ў выхаванні падрастаючага пакалення, здольнага жыць у гармоніі з навакольным асяроддзем і да сябе падобнымі. Арганізаваць любую дзейнасць, у тым ліку вучэбна-пазнавальную, без ацэнкі немагчыма, таму што ацэнка з’яўляецца адным з кампанентаў дзейнасці, яе рэгулятарам, паказчыкам выніковасці.

Вядомы псіхолаг Б.Г.Ананьеў лічыў, што “разумовае развіццё дзіцяці ў школе ажыццяўляецца настаўнікам не толькі праз прадмет і метады навучання, але і з дапамогай ацэнкі, якая ўяўляе сабой факт самага непасрэднага кіраўніцтва вучнем”. Сучасныя псіхолагі лічаць, што галоўны недахоп існуючай сістэмы ацэнак і адзнак — гэта іх магчымы траўміруючы ўплыў на дзіця.

Аб’яўлення адзнак навучэнцы заўсёды чакаюць з трывогай і хваляваннем, спешна перагортваюць лісты ў пошуках атрыманых балаў на кантрольных работах. З псіхалагічнага пункту гледжання асабліва важнай ўяўляецца стымулюючая функцыя, якая ўздзейнічае на афектыўна-валявую сферу праз перажыванні поспеху ці няпоспеху, фарміраванне прэтэнзій і намераў, учынкаў і адносін. Успрыманне адзнакі кожным дзіцем індывідуальнае: ад непрыхаванай радасці да слёз.

Чаму ж адзнака і ацэнка такія важныя ў жыцці дзіцяці? Перш за ўсё таму, што яны цесна звязаны з псіхалагічнымі характарыстыкамі самаацэнкі, матывацыі дасягнення, трывожнасці, эмацыянальнага камфорту, узаемаадносін з навакольнымі, творчасці.

Псіхолагамі даўно даказана, што паспяхова дзейнічае і дасягае вынікаў чалавек, у якога сфарміравана адэкватная высокая самаацэнка, і менш паспяховыя ў жыцці, як правіла, людзі з нізкай самаацэнкай. Меркаванне педагога пра дзіця фарміруе яго самаўспрыманне. Кожны зніжаны бал змяншае ў вачах дзіцяці яго ўласную каштоўнасць.

Актуальнай праблемай для навучэнца з’яўляецца яснасць і зразумеласць адзнакі. Дзеці не заўсёды разумеюць, за што ім выстаўлена нізкая адзнака, таму што неабходных тлумачэнняў ад педагога не атрымліваюць. Не аддзяляючы сябе ад прадукту сваёй дзейнасці, дзіця бачыць ў зніжанай ацэнцы сцвярджэнне таго, што яно дрэннае. І тут уключаюцца механізмы псіхалагічнай абароны: калі чалавек непаспяховы ў адной галіне, то ён будзе шукаць поспеху ў іншай, часам не самай лепшай (дваровыя кампаніі і г.д.).

І наадварот, пры высокіх адзнаках дзіця адчувае сябе здольным, любімым — тым самым фарміруецца высокая самаацэнка. Ацэначная дзейнасць педагога таксама можа ўздзейнічаць і на матывацыю дасягнення як на імкненне да паляпшэння вынікаў, настойлівасць пры дасягненні сваіх мэт.

Рыхтуючыся пераступіць парог школы, кожнае дзіця бачыць сябе выдатнікам і спачатку шчыра імкнецца ім стаць. Аднак калі настаўнік — прыхільнік строгасці пры выстаўленні адзнак, ужо ў малодшых класах школьнік разумее, што ў яго нічога не атрымалася, некаторы час смуткуе, а потым вырашае “махнуць рукой”. У такога дзіцяці патрэба ў дасягненні мэты не сфарміруецца, таму што любы чалавек імкнецца да чагосьці толькі пры станоўчай ацэнцы сваёй дзейнасці. У сітуацыі пастаянна адмоўнага ацэнь-вання слабее матыў дасягнення поспеху. Імкненне да поспеху спачатку замяняецца станам напружання, а потым абыякавымі адносінамі.

Школьная трывожнасць, якую псіхолагі часта выяўляюць у вучняў, таксама непасрэдна звязана з ацэньваннем і адзнакамі. Прычым трывожным можа быць і выдатнік, і двоечнік. Дзіця можа баяцца не адпавядаць чаканням навакольных, часам узнікае страх самавыяўлення, страх перад канкрэтным настаўнікам, з імем якога звязаны негатыўны вопыт. Як паказваюць даследаванні, самы вялікі страх у школе — гэта страх праверкі ведаў.

Велізарны ўплыў аказвае ацэньванне на развіццё творчых здольнасцей дзіцяці. Вельмі часта дзіця, якое думае нестандартна, сутыкаецца ў школе з неразуменнем. “Табе што, больш за ўсіх трэба?” — гавораць яму аднакласнікі. “Ты робіш не так, як усе, і не так, як я патрабую”, — гаворыць настаўнік. Вынік, які адрозніваецца ад стандарту, далёка не заўсёды заслугоўвае высокай ацэнкі. Натуральна, хутка вучню становіцца зразумела, што працэс добры, калі ён прыводзіць да атрымання высокай адзнакі. Тым самым закладваюцца асновы стылю паводзін, пры якіх галоўнае — мэта, а сродкі яе дасягнення другарадныя, прычым стандартныя — лепш.

Змена ўнутранай матывацыі на знешнюю адбываецца вельмі хутка. Можа, знешняя матывацыя не такая ўжо і дрэнная, калі прыводзіць да павышэння адукацыйнага ўзроўню? Але нельга адукоўваць не выхоўваючы, бо закладзеная ў школе матывацыя асноўнай дзейнасці вызначае якасць усяго наступнага жыцця. Ад гэтай матывацыі залежыць, ці будзе чалавек рабіць сваю работу толькі за зарплату ці, зыходзячы з унутранай патрэбнасці, раскрыецца ў поўную сілу сваіх магчымасцей.

І, нарэшце, значны ўплыў ацэньванне аказвае на ўзаемаадносіны дзяцей з навакольнымі. Адзнакі могуць быць і прычынай высокага і нізкага аўтарытэту сярод равеснікаў, крыніцай канфлікту. У самай страшнай сваёй праяве адзнака можа быць прычынай суіцыду.

Камунікатыўны фактар ацэнкі і адзнакі вельмі важны. Пра што пытаюцца бацькі ў свайго дзіцяці, якое вярнулася са школы? Пра адзнакі. Пра што больш за ўсё гаворыць настаўнік, паведамляючы вынікі правераных работ? Пра адзнакі. Што даўжэй усяго абмярковаўюць педагогі? Адзнакі.

Адзнакі ператварыліся ў нейкую мову, зразумелую ўсім. Там, дзе ад іх адмовіліся, бацькі часта скардзяцца, што ім цяжка зразумець патрабаванні педагога і ўявіць сабе ўзровень дасягненняў дзіцяці. Здавалася б, у якасці сродку камунікацыі адзнака мае нямала станоўчых якасцей. Адначасова такое спрашчэнне пагражае стратай асноўнага сэнсу зносін бацькоў і педагога, якія прадугледжваюць узаемадапамогу ў працэсе выхавання дзіцяці.

Зыходзячы з вышэйсказанага, хацелася б падкрэсліць, што ў вашых руках, настаўнікі, вялікая сіла, якая можа рухаць наперад развіццё вучняў, прымушаць іх верыць у свае сілы, а можа і знішчыць. Таму асаблівую важнасць набывае псіхалагічны аспект ацэньвання.

Можа ўзнікнуць пытанне: “Што, цяпер увогуле дрэнных адзнак не ставіць?” Не, ставіць часам трэба, але адзнакі і ацэнкі павінны быць аб’ектыўнымі. Існуе шэраг псіхалагічных фактараў, якія могуць паўплываць на аб’ектыўнасць ацэньвання.

Негатыўная ўстаноўка

Часам выкладчык, прыслухоўваючыся да негатыўных водзываў сваіх калег пра вучня, міжвольна пераносіць іх меркаванне на сваё ацэньванне яго ведаў. Таму раўназначны адказ навучэнцаў можа быць ацэнены па-рознаму. Каментарыі да дрэнага адказу станоўчага навучэнца: “Так, сёння ён дрэнна падрыхтаваўся, але ўвогуле ж ён здольны вучань. Напэўна, штосьці перашкодзіла”. Каментарыі да дрэнага адказу адмоўнага навучэнца: “Так, адказвае ў меру сваіх магчымасцей. На большае не здольны, як бы ні стараўся”.

Эфект арэолу

Напрыклад, несімпатычнае знешне, неахайнае, з нядобранадзейнай сям’і дзіця можа ў нашай свядомасці звязацца з вобразам няздольнага вучня.

Для таго каб дзіця нават адмоўную адзнаку ўспрыняла як справядлівую, някрыўдную, можна выкарыстоўваць простае правіла: пры ацэньванні спачатку чалавеку гаворыцца пра добрае, станоўчае, што ёсць у яго дзейнасці. Потым падносіцца крытыка ў вельмі тактоўнай форме, не закранаючы асобу (нельга гаварыць “ты неразумны, ты гультай”). Ацэньваецца толькі дзеянне, а не асоба (не “ты гультай”, а “ты паленаваўся” — адчуваеце розніцу?). Тут ёсць сэнс растлумачыць, чаму менавіта такая адзнака пастаўлена. І далей трэба паказаць дзіцяці перспектыву (што трэба рабіць, каб палепшыць вынік) і абавязкова выказаць веру ў сілы дзіцяці (“у цябе абавязкова атрымаецца”, “я веру ў цябе” — такія словы педагога здольны здзейсніць пераварот у душы вучня).

Хваліце! Пахвала павінна ўзнікаць спантанна, яе не варта планаваць. Пахвала павінна быць залужана. Пахвала павінна быць дакладна адрасавана. Удзячнасць атрымаць заўсёды прыемней, калі яна адрасавана не ў агульную масу, а табе аднаму цёплымі словамі.

Звяртайцеся да самалюбства. Няма людзей, згодных хадзіць усё жыццё ў няўдачніках. Прымусьце вучня вымавіць: “І я не горшы за іншых!”

Бярыце максімум стымулаў з памылак: “Цудоўная памылка! Тваё меркаванне не зусім правільнае, але ёсць над чым паразважаць”. Неабходна памятаць, што любы чалавек мае права на памылку. Ёсць яшчэ адно псіхалагічнае правіла, якое павінна стаць законам для любога настаўніка: дзіця параўноўваецца толькі з ім самім, а не з іншымі.

Стрэсавай сітуацыяй для навучэнцаў з’яўляюцца кантрольныя работы. Траўміруючы ўплыў можна зменшыць. Важны псіхалагічны настрой на работу. Для гэтага часам дастаткова ўсміхнуцца, сустракаючы дзяцей ля дзвярэй класа, цёпла павітаць, выказаць веру ў іх сілы.

У час кантрольнай работы настаўнік можа падысці да вучня, які сутыкаецца з цяжкасцю (ступень дапамогі фіксуецца настаўнікам), часам можна даць дадатковы час на работу (асабліва гэта тычыцца вучняў-флегматыкаў). Кожная работа павінна завяршацца самаправеркай. Самастойна знойдзеныя і выпраўленыя памылкі не з’яўляюцца нагодай для зніжэння адзнакі.

Калі нельга ставіць адмоўныя адзнакі:
 нельга караць адзнакай (ставіць “2” за дрэнныя паводзіны);
 калі мы ведаем, што ў дзіцяці ў гэты момант складаная жыццёвая сітуацыя, якая сама па сабе траўміруе, то адносіцца да адзнак трэба вельмі асцярожна, каб не справакаваць суіцыд ці нядобрую спантанную рэакцыю;
 калі адзнака спрэчная, то ставім на карысць дзіцяці.

Выстаўляючы дзіцяці адзнаку, не трэба думаць, як вы будзеце выглядаць у вачах калег, адміністрацыі, а думайце пра тое, што дзіця будзе рабіць сёння, заўтра пасля гэтай адзнакі: ці возьмецца за кнігу, стане больш працавітым, ці гэтая адзнака не будзе стымуляваць яго да работы, пакіне абыякавым.

Як пісаў Л.М.Талстой: “Для таго каб вучань вучыўся добра, трэба, каб ён вучыўся ахвотна, каб яго душэўныя сілы былі ў найлепшых умовах”.

Дзіяна НАВАГРОДСКАЯ,
педагог-псіхолаг гімназіі Шчучына Гродзенскай вобласці.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.