Адзінота — праблема, паратунак ці рэсурс?!

Не важна, у якой краіне, але важна, што з’явіўся ў чалавецтва незвычайны чыноўнік — міністр па адзіноце. Значыць, ёсць у людзей такая праблема, такая бяда, такі дыскамфортны стан, ад якога многія хацелі б пазбавіцца, перастаць адчуваць боль раз’яднанасці. Гаворка пойдзе не пра фізічную ці інфармацыйную ізаляцыю і не пра недахоп іншых людзей побач, а пра розныя варыянты раз’яднанасці душ і як з гэтым быць.

Дыялог з чытачом

Падумаем, калі чалавек упершыню можа адчуць адзіноту? Магчыма, калі ён наро­дзіцца і яму перарэжуць пупавіну? А можа, ён адчувае яе больш востра кожны раз, калі пераходзіць з узросту ва ўзрост? Як ні парадаксальна, але адзінота поўная супярэчнасцей і ў самых цесных зносінах, сярод сяброў і родных можа ўкалоць сваім вастрыём або агарнуць страшэнным холадам. Праблема адзіноты заўсёды хвалявала чалавецтва, заманьваючы вучоных, пісьменнікаў, філосафаў у свае лабірынты. Менавіта яны, эксперты па адзіноце, апісалі для нас, што гэта такое: “Адзінота — перажыванне стану аддаленасці чалавека ад грамадства”. Па словах Э.Фрома, гэты стан можна разглядаць як універсальнае, устойлівае перажыванне, уласцівае свабоднай асобе на ўсіх этапах яе развіцця.

На думку іншых даследчыкаў, стан адзіноты — гэта адчуванне ўласнай аўтаномнасці, якое часова ўзнікае, і таму яго не варта расцэньваць як феномен, які мае ўніверсальны характар. Вучоныя дапамагаюць нам зразумець, што адзінота і адасобленасць — не адно і тое ж, і лёгка адно без аднаго абыхо­дзяцца. Дзіцяці, каб не адчуваць сябе адзінокім, трэба адчуваць цела мамы. Ад года да двух дастаткова, каб мама была ў полі зроку і часам брала на рукі. Пасля 3—4 гадоў малыш можа па некалькі гадзін на дзень быць у малазнаёмым асяроддзі без мамы.

Упершыню стан адзіноты найбольш востра ўсведамляецца ў падлеткавым узросце. Гэта звязана з сацыяльнымі патрэбамі, якія пашыраюцца:

— у наладжванні значных міжасобасных адносін;

— у пашырэнні сяброўскіх сувязей, у знаёмстве з людзьмі розных сацыяльных арыентацый і сацыяльнага вопыту;

— у дачыненні, прызнанні і знаёмстве з розным сацыяльным вопытам, з жаданнем быць прынятым рознымі сацыяльнымі групамі.

Акрамя спакойнай, прыміранай адасобленасці для падлетка існуе пакутлівая і напружаная адзінота — туга, суб’ектыўны стан духоўнай і душэўнай ізаляцыі, незразумеласці, пачуццё незадаволенай патрэбы ў зносінах, чалавечай блізкасці.

Падлеткі і юнакі часцей за людзей старэйшага ўзросту адчуваюць сябе адзінокімі і незразуметымі. Пачуццё адзіноты, звязанае з узроставымі цяжкасцямі станаўлення асобы, выклікае ў падлеткаў няўтольную прагу зносін з равеснікамі, у асяроддзі якіх яны знаходзяць ці спадзяюцца знайсці спантаннасць, эмацыянальную цеплыню, паратунак ад суму і прызнанне сваёй значнасці.

Адзін шукае ў асяроддзі равеснікаў падмацаванне самапавагі, прызнання сваёй чалавечай каштоўнасці. Другому важна пачуццё эмацыянальнай прыналежнасці, злучнасці з групай. Трэці чэрпае ў кампаніі аднагодкаў інфармацыю, якой не хапае, і камунікатыўны вопыт. Чацвёрты задавальняе патрэбу ўладарыць, камандаваць. Матывы пераплятаюцца і не ўсведамляюцца. Камунікатыўныя рысы і стыль зносін юнакоў і дзяўчат не аднолькавы. Адрозненні паміж поламі ва ўзроўні таварыскасці не столькі колькасныя, колькі якасныя. Валтузня і сілавыя гульні прыносяць хлопчыкам велізарнае эмацыянальнае задавальненне, у іх звычайна прысутнічае дух спаборніцтва. Уласны поспех у гульні, зносінах значыць для хлопчыкаў больш, чым наяўнасць індывідуальнай сімпатыі да іншых удзельнікаў гульні. Зносіны дзяўчынак выглядаюць больш дружалюбнымі і выбіральнымі.

Нават самыя яркія і папулярныя падлеткі сумняваюцца ў сабе. Каб палегчыць ход падлеткавага ўзросту і не затрымацца на самаадчуванні адзіноты, трэба параіць падлетку:

  1. Вывучай самога сябе. Шукай прычыны незадаволенасці зносінамі.
  2. Чытай інфармацыю па гэтай тэме.
  3. Шукай чалавека, які зможа цябе зразумець і з якім табе лёгка быць адкрытым.
  4. Не бойся пагаварыць пра сваю праблему з тым, каму ты давяраеш. Праблемы ёсць у кожнага, і ўсе яны рашаюцца.
  5. Шукай захапленне даспадобы.
  6. Знаёмся з новымі людзьмі.
  7. Неабавязкова мець многа сяброў, дастаткова аднаго-двух.
  8. Для таго каб мець сяброў, трэба самому быць сябрам.
  9. Разумей, што кожны чалавек унікальны і цікавы па-свойму.
  10. Каб на цябе звярнулі ўвагу, стань цікавым чалавекам.
  11. Неабходна памятаць, што для некаторых адзінота — актыўны творчы стан, добрая магчымасць для зносін з самім сабой і крыніца сілы.
  12. Чалавек — глыбокі і невычэрпны. Не шкадуй сіл і часу на вывучэнне самога сябе.
  13. Памятай пра тое, што ў адзіноты ёсць многа граней.
  14. Калі ты адзінокі, не шукай прычыны адзіноты ў іншых, шукай іх у сабе.
  15. Калі ты адчуваеш, што адзінокі, знайдзі ў гэтым плюсы. І працуй над яе пераадоленнем.

Як рухацца ад непажаданай адзіноты да жаданага яднання з іншымі?

  • Ісці насустрач іншым. Браць на сябе ініцыятыву новых адносін. Рабіць першы крок насустрач, наладжваць кантакт з тымі, хто сімпатычны. Дапамагаць таму, хто просіць аб дапамозе. Дзяліцца з навакольнымі прадметамі і пачуццямі.
  • Павярніся да знешняга свету. Не зацыклівайся на сабе: цікаўся іншымі людзьмі, задавай ім пытанні. Прыглядайся да людзей уважлівей. Навучыся цаніць навакольных.
  • Не слухай свае страхі. Навучыся расслабляцца.
  • Не пераставай прыкладаць намаганні.

Папрактыкуйся быць шчаслівым, усвядом, што ў жыцці ёсць многа рэчаў і заняткаў, здольных падарыць нам асалоду, ад­чуць “смак жыцця”.

Практыкаванне “Спіс задавальненняў”.

1 этап. Складзіце спіс усяго таго, чым вы займаецеся і займаліся ў жыцці. 2 этап. З гэтага спіса пакіньце толькі тое, чым вы часта займаецеся ў штодзённым жыцці. 3 этап. Напішыце ўсё тое, чым вы хацелі б заняцца ў жыцці, пры гэтым памятайце, што гэта павінны быць рэальныя справы, якія адпавядаюць вашым магчымасцям. 4 этап. Прааналізуйце вашы спісы.

Гэтае практыкаванне дапаможа адрэфлексаваць, пазнаць сябе і сваё жыццё, усвядо­міць свае нерэалізаваныя магчымасці і жаданні. Практыкаванне варта паўтараць рэгулярна, гэта звязана з тым, што мяняюцца нашы густы, з’яўляецца новы жыццёвы вопыт і г.д.

Часам нам можа дапамагчы практыкаванне “Заклінанне на забыванне” (У.Леві). Яно ўяўляе сабой вершатэрапію ў спалучэнні з магічным рытуалам. Спачатку трэба ўважліва прачытаць абедзве часткі запар некалькі разоў. Можна вывучыць напа­мяць. Потым першае чатырохрадкоўе сваёй рукой перапісаць на чысты ліст паперы і зверху напісаць у давальным склоне імя адрасата — каму (крыніцы болю, напрыклад). Лісток спаліць, попел выкінуць. Потым паўтараць толькі другую частку.

Тебя не было,

нет и не будет

никогда — никогда — никогда,

и душа твое имя забудет

навсегда — навсегда — навсегда.

* * *

Тень уходит — уходит — уходит,

ее нет — ее нет — ее нет,

на свободе — свободе — свободе

только свет — свет — свет,

только свет.

Скарыстайцеся псіхалагічнай тэхнікай “Шчасце” (Лаліта Волкава). Завядзіце маленькі блакнот. Напішыце на вокладцы: “Шчасце — гэта…”. А потым кожны дзень або некалькі разоў на дзень упісвайце чарговую фармулёўку, якая прыхо­дзіць у галаву. Не забывайце побач паставіць дату. У гэтых фармулёўках можа быць што хочаце: прачытаныя кнігі і блогі, прагледжаныя фільмы, падзеі жыцця. Не перажывайце, калі запісы паўтараюцца. Шчасце — гэта ваш шлях, а радасць — чарговая перамога на гэтым шляху, якая натхняе.

Важна памятаць, што мы, людзі, хвалі велізарнага і магутнага акіяна Чалавецтва. І ў гэтым сэнсе мы ніколі не адзінокія. Ільды і таросы адзіноты размякчае і ліквідуе любоў да нас бацькоў, сяброў, настаўнікаў. Адзінота рассейваецца і нейтралізуецца, калі мы перастаём яе баяцца. Давайце зараз разам здзей­снім вялікае адкрыццё — адзінота можа стаць асноўнай сілай, якая аб’ядноўвае лю­дзей і ўсё жывое, што хоча аб’яднацца. Усе партнёрствы, саюзы, каманды, аб’яднанні, сяброўства, любоў пачынаюцца з адзіноты. Такі закон жыцця.

Псіхалагічнае люстэрка

Ці адчуваеш ты сябе адзінокім?

Даследуем узровень суб’ектыўнага адчування чалавекам сваёй адзіноты. Стан адзіноты, які выяўляецца, можа быць звязаны з трывожнасцю, ізаляцыяй, дэпрэсіяй, нудой. Неабходна адрозніваць адзіноту як стан вымушанай ізаляцыі і як імкненне да адзіноты, патрэбу ў ёй.

Апытальнік распрацаваны Д.Раселам, Л.Пепло, М.Фергюсанам. Нам прапануецца шэраг сцвярджэнняў. Разгледзім паслядоўна кожнае і ацэнім з пункту гледжання частаты іх з’яўлення ў адносінах да нашага жыцця пры дапамозе чатырох варыянтаў адказаў: “часта”, “часам”, “рэдка”, “ніколі”.

  1. Я нешчаслівы, бо займаючыся столькімі рэчамі ў адзіночку.
  2. Мне няма з кім пагаварыць.
  3. Для мяне нясцерпна быць такім адзінокім.
  4. Мне не хапае зносін.
  5. Я адчуваю, быццам ніхто сапраўды не разумее мяне.
  6. Я чакаю, што людзі патэлефануюць ці напішуць мне.
  7. Няма нікога, да каго я мог бы звярнуцца.
  8. Я зараз больш ні з кім не блізкі.
  9. Тыя, хто мяне акружае, не падзяляюць мае цікавасці і ідэі.
  10. Я адчуваю сябе пакінутым.
  11. Я не здольны разнявольвацца і мець зносіны з тымі, хто мяне акружае.
  12. Я адчуваю сябе цалкам адзінокім.
  13. Мае сацыяльныя адносіны і сувязі павярхоўныя.
  14. Я ўміраю па кампаніі.
  15. У сапраўднасці ніхто, як трэба, не ведае мяне.
  16. Я адчуваю сябе ізаляваным ад іншых.
  17. Я няшчасны, бо такі адрынуты.
  18. Мне цяжка знаходзіць сяброў.
  19. Я адчуваю сябе выключаным і ізаляваным іншымі.
  20. Людзі вакол мяне, але не са мной.

Апрацоўка вынікаў і інтэрпрэтацыя

Падлічваем колькасць кожнага з варыянтаў адказаў. Сума адказаў “часта” памнажаецца на 3, “часам” — на 2, “рэдка” — на 1 і “ніколі” — на 0. Атрыманыя вынікі складваюцца. Максімальна магчымы паказчык адзіноты — 60 балаў.

Высокую ступень адзіноты паказвае сума ад 40 да 60 балаў, ад 20 да 40 балаў — сярэдні ўзровень адзіноты, а сума 0 да 20 балаў — нізкі ўзровень адзіноты.

Святлана РАДЗЬКОВА.