Упрыгожце прыметнікамі назоўнік “голуб”

Народнае, мудрае, спадчыннае — вось што ў першую чаргу дапаможа маладым душам не проста стаць відушчымі, але і надзеліць неацэнным дарам прадбачання, духоўнасці. З гэтага вынікае неабходнасць перагледзець многія падыходы да выхавання адукаванага, свядомага і маральна актыўнага чалавека. Адказнасць тут кладзецца на ўсё грамадства і ў значнай меры на настаўнікаў. Поспех будзе спадарожнічаць тым, хто не прывык замыкацца толькі ў рамкі ўрока. Без выхаду ў жыццё пазнавальныя і выхаваўчыя магчымасці навучання рэзка памяншаюцца, застаюцца не да канца рэалізаванымі.

На аснове аналізу ўзроўню развіцця кагнітыўнага (пазнавальнага) кампанента вучняў 7 класа было выяўлена праблемнае поле дзейнасці: пашырэнне ўяўленняў пра гарады Беларусі, славутыя мясціны краіны, геральдыку, флору і фаўну, культурную спадчыну беларускага народа, сямейныя каштоўнасці, традыцыі, фарміраванне асэнсаваных пабуджэнняў да сацыяльна значнай дзейнасці.

На аснове гэтага была распрацавана сістэма, якая садзейнічае ліквідацыі пералічаных хібаў у ведах вучняў на ўроках беларускай мовы і літаратуры, у пазакласнай рабоце, а таксама на занятках па інтарэсах. Што датычыцца літаратуры, то на гэтых уроках значна прасцей уключыць праблемныя пытанні, тым больш што творы адносна невялікія і маюць разнастайную тэматыку. Як жа можна пашырыць уяўленні, абазначаныя ў праблемным полі на ўроках мовы, калі абавязкова трэба засвоіць пэўную тэму?

Я пачала развіваць лексічную тэму. Напрыклад, пры вывучэнні “Прыметніка як часціны мовы” вучні не толькі асэнсоўвалі спецыфіку прыметніка, але і пашыралі ўяўленні пра птушак Беларусі. Дзецям прапаноўваліся разнастайныя практыкаванні:

  • упрыгожыць прыметнікамі назоўнік “голуб”;
  • параўнаць тэксты-апісанні пэўнай птушкі з прыметнікамі і без іх;
  • знайсці ў тэкстах прыметнікі, вызначыць іх граматычныя формы і сінтаксічную ролю;
  • падабраць да малюнкаў птушак прыметнікі, вызначыць іх канчаткі;
  • аднавіць легенду пра бусла ў мастацкім стылі. На месцы пропускаў уставіць патрэбныя прыметнікі;
  • выправіць памылкі ва ўжыванні прыметнікаў і прачытаць выпраўлены тэкст “Птушка года ў Беларусі”.

Нават арфаграфічная хвілінка і фізкультхвілінка мелі дачыненне да птушак.

Напрыканцы ўрока была агучана “просьба” птушак: зрабіць і павесіць кармушкі каля школы ці каля дома і рэгулярна іх папаў­няць, а вясной развесіць штучныя “домікі”. І тады наш аграгарадок і парк бу­дуць заўсёды напоўнены прыгожымі птушынымі песнямі. Дзеці з адказнасцю аднесліся да гэтай прось­бы, падключылі сваіх бацькоў, і ў выніку — у нашым парку цэлая алея птушыных навасёлаў.

Пры вывучэнні “Поўных і кароткіх форм прыметніка” выкарыстоўваліся тэксты беларускіх народных песень. Вучні не толькі працавалі з моўным матэрыялам, знаходзячы пэўныя формы, але і змаглі паслу­хаць музычныя творы.

Для пераказу з элементамі апісання памяшкання быў падабраны тэкст “Беларуская хата”, які знаёміў з асаблівасцямі быту беларускага селяніна. У час слоўнікавай работы давалася тлумачэнне незразумелых рэчаў, якое суправаджалася фотаздымкамі ці рэальнымі прадметамі са школьнай музейнай экспазіцыі.

Цяпер я распрацавала сістэму ўрокаў па раздзеле “Дзеепрыслоўе”, але крыху ў іншым ракурсе: з пашырэннем уяўленняў пра абласныя гарады Беларусі, паходжанне іх назваў, славутыя мясціны, геральдыку. Зум-набліжэнне, якое ўласціва прэзентацыі Prezi, дазволіла па-сучаснаму ўспрымаць наглядны матэрыял. У канцы кожнага ўрока дзеці атрымлівалі ў падарунак закладку са звесткамі пра месцазнаходжанне пэўнага горада, яго тэрыторыю, колькасць насельніцтва і фотаздымкамі знакамітых мясцін. У выніку ў кожнага атрымаўся цэлы набор закладак.

У цэлым, уключэнне лексічных тэм на праведзеных уроках садзейнічала фарміраванню пазнавальных уяўленняў вучняў і павышэнню цікавасці да беларускай мовы. Падлеткаў захапіў новы змест урокаў, на якіх яны не толькі вывучалі моўную тэму, а маглі даведацца пра гарады Беларусі, птушак, якія нася­ляюць нашу тэрыторыю, якія занесены ў Чырвоную кнігу, а таксама пра тых, якія з’яўляюцца сімвалам пэўнага года. Асаблівую цікавасць выклікалі тэмы, звязаныя з культурнай спадчынай беларускага народа: традыцыйнымі святамі і абрадамі, песнямі, бытам.

Іна МЯДЗВЕДСКАЯ, 
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Капачоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.