Мець зносіны ці не  мець — вось у чым пытанне?!

“У кожным жарце ёсць толькі доля жарту”. Часам чуем мы такое выказванне ад вастрасловаў. У цяперашні момант мы з гэтым згодны на ўсе сто. Адчуем на сабе гэты незвычайны ракурс успрымання быццам бы несур’ёзнага занятку, пройдзем іспыты выбарам метафары. Уявіце, што перад вамі яйка. Якога яно колеру і памеру, не мае значэння, галоўнае — вызначыцеся, каму яно належыць: чарапасе, змяі, дыназаўру ці курыцы. Выбралі? Цяпер можна і даведацца, што гэта азначае. Паколькі яйка — гэта сімвал будучага пакалення, то выбар яйка паказвае, чаго мы чакаем ад дзяцей у недалёкай будучыні.

Дыялог з чытачом

Змяя сімвалізуе мудрасць, адукаванасць і багацце. Таму мары пра такую будучыню хутка не мо­гуць спраўджвацца. Гэта, хутчэй за ўсё, самая аддаленая перспектыва.

Чарапаха — сімвал здароўя і даўгалецця. Тыя, хто выбраў яйка чарапахі, асабліва клапоцяцца пра гэты аспект будучыні дзяцей. Хто б з імі не пагадзіўся?!

Выбар яйка дыназаўра сведчыць пра мару бачыць дзяцей унікальнымі асобамі. Канечне, яны будуць рабіць памылкі, але тыя, хто выбраў дыназаўра, спадзяюцца, што гэтыя памылкі будуць прынамсі арыгінальнымі.

Выбар курынага яйка свед­чыць, што звязаных з дзецьмі амбіцыйных чаканняў няма. Дастаткова таго, што яны ёсць. У гэтым выбары таксама ёсць свая муд­расць. Які б ні быў наш пасыл чаканняў у будучыню, не варта забываць: чаго б мы ні жадалі нашым дзецям, ­якія б ні малявалі ў сваім уяўленні карціны іх “заўтра”, яны самі выбе­руць свой шлях у жыцці.

Тым не менш перад педагогамі заўсёды стаіць задача зазіраць у будучыню сваёй краіны, у будучыню сваіх вучняў, уласную будучыню. Такі погляд не толькі цікавы, але і неабходны, каб ацаніць не толькі змест адукацыі, але і асобасныя якасці, уменні, неабходныя ў “цудоўным далёка”. Убачыць, ства­рыць умовы, каб уключыць матэрыял, развіць якасці. Развіваючы новыя ўменні, уключаючы новую інфармацыю ў змест адукацыі, мы спадзяёмся на тое, што ўсё, што было натуральным і цудоўна развітым учора, захаваецца і перанясецца аўтаматычна ў заўтрашні дзень. Добра б, канечне, аднак так здараецца не заўсёды. Усё часцей гу­чаць апасенні баць­коў, педагогаў, што дзеці менш чытаюць, менш часу право­дзяць на прыродзе, менш уключаюцца ў непасрэдныя зносіны адно з адным. Інтэрнэт стракаціць фотаздымкамі, малюнкамі, плакатамі, карыкатурамі; рэкламнымі ролікамі, дзе мы бачым, што школьны перапынак — гэта не рухальная актыўнасць, як раней, а адасабленне з мабільным тэлефонам; дзе людзі, якія прайшлі праз мабільны, як праз металашукальнік, выходзяць уніфікаванымі, аднолькавымі, хаця ўвахо­дзілі рознымі, дзе на экране чалавек, які частуе чаем сяброў, забірае ў іх з рук мабільнікі са словамі: “Дзвюма рукамі зручней”. Значыць, праблема дэфіцыту сітуацый непасрэдных зносін, наяўнасці ўменняў мець зносіны актуальная. Мы радзей хо­дзім з нашымі дзецьмі ў госці адно да аднаго, каб мець зносіны непасрэдна. Атрымліваецца, што ствараюцца ўмовы для раз’яднанасці. Гэта прыводзіць да таго, што дзяцей і падлеткаў неабходна ­вучыць мець зносіны, каб яны канчаткова не развучыліся вельмі важнаму ўменню для чалавека сучаснасці і будучыні, крыніцы яго развіцця? Нават калі менавіта для вашых вучняў гэтая пагроза пакуль яшчэ ўяўная, будзем рабіць захады зага­дзя. Знойдзем час на перапынку, на пазакласным мерапрыемстве, выкарыстаем класную гадзіну, прымераем як гульнявую абалонку на ўроку для правядзення практыкаванняў, якія прапануюцца намі для развіцця ўмення мець зносіны ва ўсіх нюансах і тонкасцях.

Практыкаванне “Многавугольнік у тумане”

Група становіцца ў круг. Удзель­нікі заплюшчваюць вочы. Ля ног удзельнікаў ляжыць вяроўка. Просім каманду знайсці і ўзяць вяроўку. Калі ўсе ўдзельнікі будуць трымаць вяроўку ў руках, група павінна скласці з вяроўкі розныя геаметрычныя фігуры. Важна выконваць правілы: вяроўку павінны трымаць усе ўдзельнікі; члены групы мо­гуць гаварыць адно з адным, але ­ніхто не павінен расплюшчваць вочы. Заданне групе: зрабіце з вяроўкі квадрат! Не дапамагайце групе ў час работы. Спытайце ўдзельнікаў, ці не ствараецца ўражанне, што квадрат гатовы. Калі група пагадзілася, то можна расплюшчыць вочы і ацаніць вынік. Калі ацэняць якасць квадрата, то могуць на працягу пяці мінут абмеркаваць тактыку пабудовы іншай фігуры.

Наступнае заданне: ­стварыць роўнастаронні трохвугольнік, скла­сці любую трапецыю.

Пытанні для абмеркавання:

  • Ці ўзнікалі праблемы ўзаема­дзеяння з партнёрамі?
  • Ці засталося ў кагосьці адчуванне, што яго не пачулі ці яго ідэю не сталі разглядаць? Чаму так адбылося?
  • Хто ўзяў на сябе ролю лідара? У чым гэта выявілася? Які быў стыль кіраўніцтва?
  • Ці можна правесці паралелі паміж сённяшняй гульнёй і сітуа­цыямі ў штодзённым жыцці?

Практыкаванне “Імгненная характарыстыка”

Вядучы перакідвае мяч удзель­нікам у крузе. Як толькі хтосьці ­атрымаў мяч, ён хутка гаворыць што-небудзь пра сябе, напрыклад:

— “Я цікаўны”;

— “Часам я трымаюся высакамерна”;

— “На мінулым тыдні я хадзіў у тэатр”;

— “Я адзінае дзіця ў сям’і”.

Гулец можа ўтрымліваць мяч не больш за 5 секунд, потым ён павінен кінуць яго вядучаму.

Гулец, які затрымаў мяч, мяняецца месцамі з вядучым.

Прасіце групу знайсці агульны рытм і паступова паскараць тэмп гульні.

Практыкаванне “Юнак з саксафонам”

Кожны прыдумляе і запісвае кароткую гісторыю на адну з дзвюх прапанаваных тэм: “Дзяўчына з саксафонам” ці “Юнак з саксафонам”. Гісторыя павінна быць з 5 ці 10 сказаў. Прапануем сачыняць хутка і не спрабаваць напісаць шэдэўр. На выкананне —10 мінут.

Усе гульцы садзяцца ў круг. Збярыце ўсе гісторыі і зачытвайце адну за адной. Пасля кожнага прачытання ўгадвайце, хто гэта напісаў. Пажадана, каб кожны абгрунтаваў сваё меркаванне. Праз некаторы час аўтар прадстаўляецца сам. Калі аўтар угаданы правільна, то ён павінен пракаменціраваць сказанае пра яго раней.

Практыкаванне “Ідзём усляпую”

Уся група выстройваецца вялікім колам і глядзіць унутр яго. Добраахвотніка з заплюшчанымі вачыма праводзяць у сярэдзіну кола, адкуль ён можа рухацца ў любым напрамку ў сваім тэмпе.

Калі “сляпы” падыходзіць да краю кола, яго асцярожна спыняюць і разварочваюць, каб ён зноў мог прайсці праз унутраную прастору кола.

Практыкаванне паўтараюць з іншым удзельнікам. Важна, каб ва ўсіх была магчымасць пахадзіць унутры кола.

У канцы гульні ўдзельнікі адказваюць на пытанні:

  • Як вы сябе адчувалі ў ролі сляпога? Наколькі ўпэўнена?
  • Як удавалася арыентавацца ў гэтай няпростай сітуацыі?
  • Наколькі вы можаце разліч­ваць на дапамогу іншых удзельнікаў? Што вас здзівіла ў паводзінах ­іншых удзельнікаў?

На якую меру надзейнасці і ўзаемадапамогі вы хацелі б разліч­ваць у гэтай групе?

Перад педагогам стаяць сур’ёз­ныя задачы: ён дапамагае членам групы вучыцца супрацоўнічаць адно з адным, знаходзіць новыя магчымасці, выпрацоўваць навыкі. Педагог можа ўдасканальваць свой стыль работы, калі прыкладзе намаганні для таго, каб заняткі групы прыносілі яшчэ і задавальненне. Клаус Фопель, нямецкі псіхолаг, аўтар прапанаваных намі практыкаванняў, раіць: “Каб абудзіць жаданне гуляць, вы можаце задаць лінію паводзін, якую я назваў бы спакушаючай кампетэнтнасцю. Што разумеецца пад гэтым паняццем? Будзьце радаснымі, упэўненымі ў сабе, каб члены групы захацелі актыўна ўдзельнічаць у гульні. Адначасова дакажыце сваю кампетэнтнасць, дзейнічаючы натуральна, кіруйце групай лёгка і ненадакучліва. Час ад часу актывізуйце групу пэўнай порцыяй разумнай эксцэнтрыкі, прапануючы гульню, якая можа здацца ўдзельнікам экстравагантнай, практыкаванне, якое не ставіць ніякіх сур’ёзных мэт, а проста прыносіць задавальненне”. Мудры настаўнік пастаянна клапоціцца пра “вокны”, паўзы ў вучэбным працэсе. Гульня, псіхалагічнае практыкаванне — гэта добрая магчымасць для аднаўлення сіл, паляпшэння настрою, развіцця ўмення мець зносіны.

“Псіхалагічнае люстэрка”

Пад небам блакітным

“Какалогія” — модная японская гульня, якая ўяўляе сабой серыю захапляльных псіхалагічных тэстаў, уваходзіць сёння ў лік найпапулярнейшых бестселераў.

Какалогія — навука, якая займаецца вывучэннем “какаро”, што па-японску значыць “розум”, ці “дух”, — прапануе вам бяскрыўдныя на першы погляд пытанні, пасля чаго выдае на аснове атрыманых адказаў апісанне характару, думак і пераваг…

Той, хто хоча лепш пазнаць сябе, можа гуляць у гэтую гульню самастойна. Той жа, хто адчувае сябе дастаткова смелым, можа згуляць у яе з сябрамі. Какалогія дапамагае настроіцца на зносіны і пастарацца зразумець адно аднаго. Яна дазваляе развіваць і паглыбляць узаемаадносіны, стымулюе інтэлект і абуджае ўяўленне. Але галоўнае, яна наглядна дэманструе, як многа паміж намі агульнага, дапамагаючы паверыць у тое, што мы зусім не адзінокія ў гэтым свеце.

Гэтыя методыкі разлічаны на тое, што вы не будзеце доўга задумвацца над прапанаванымі пытаннямі і не будзеце фармуляваць адказы так, як калі б сядзелі перад экзаменатарам. Тут няма правільных ці няправільных адказаў. Любы адказ — гэта проста адказ. Так што гаварыце першае, што прыходзіць у галаву.

Не старайцеся ­прадугадаць адказы. Цалкам натуральна, што часам у вас будзе ўзнікаць жаданне перахітрыць той ці іншы тэст і паспрабаваць угадаць схаваны сэнс пытанняў, якія задаюцца. Будзьце вельмі сумленнымі. Какалогія, як і любая добрая гульня, можа дапамагчы вам адкрыць у сабе штосьці новае. У какалогіі, як і ў жыцці, важна не разумець усё занадта літаральна. Калі вы гуляеце з іншымі, скарыстайцеся гэтым зручным выпадкам, каб даведацца пра іх што-небудзь новае, а можа, і нават навучыцца чамусьці цікаваму. Свет быў бы такім сумным, калі б мы былі падобнымі адно да аднаго! Такім чынам, уявіце сабе чыстае блакітнае неба без ніякага воблачка. Адна толькі думка пра гэта павінна хоць крыху палепшыць настрой. Цяпер акіньце вачамі свядомасці навакольны ландшафт. Якая з пералічаных ніжэй карцін выглядае для вас найбольш заспакаяльнай і расслабляючай?

1. Белая заснежаная раўніна.

2. Блакітны марскі прастор.

3. Пакрытыя зеленню горы.

4. Поле, парослае жоўтымі кветкамі.

Ключ да тэста

Блакітны колер валодае здольнасцю супакойваць душу. Нават калі вы проста ўявіце сабе нейкую карціну ў блакітных тонах, то адчуеце, як ваш пульс запавольваецца, дыханне становіцца больш глыбокім. Іншыя колеры таксама маюць пэўнае значэнне. Карціна, якую вы намалявалі ў сваёй свядомасці, раскрывае ваш схаваны талент, які знаходзіцца ў глыбінях вашай спакойнай свядомасці.

  1. Белая заснежаная раўніна

Вы надзелены асаблівай успрымальнасцю, якая дазваляе вам з аднаго погляду разумець сітуацыі і разблытваць складаныя праблемы без якіх-небудзь доказаў і тлумачэнняў. Вы валодаеце ўсім неабходным для таго, каб быць праніклівым і рашучым чалавекам, нават крыху празорліўцам. Давярайце сваёй інтуіцыі, яна заўсёды будзе весці вас да правільных рашэнняў.

Вы — чалавек-сузіральнік.

  1. Блакітны марскі прастор

У вас ёсць прыродны талент да міжасобасных узаемаадносін. Людзі паважаюць вашу здоль­насць мець зносіны з іншымі і тое, як вы дапамагаеце людзям розных груп аб’ядноўвацца. Адной сваёй прысутнасцю вы дапамагаеце іншым працаваць больш спакойна і эфектыўна, што робіць вас каштоўным членам любога праекта ці любой каманды. Калі вы гаворыце: “Добрая работа. Працягвайце” — лю­дзі ведаюць, што вы на самай справе так лічыце. І для іх гэта набывае яшчэ большае значэнне.

Вы — чалавек-арганізатар.

  1. Пакрытыя зеленню горы

Вы валодаеце дарам экспрэ­сіўных зносін. Здаецца, вы заў­сёды можаце падабраць неабходныя словы, каб выказаць тое, што адчуваеце, і людзі вельмі хутка пачынаюць усведамляць, што яны адчувалі дакладна тое ж самае. Гавораць, падзеленая радасць прымнажаецца, падзелены смутак змяншаецца. Здаецца, вы заўсёды ў стане дапамагчы іншым знайсці правільны бок гэтага ўраўнення.

Вы — чалавек-псіхатэрапеўт.

  1. Поле, парослае жоўтымі кветкамі

Вы — крыніца ведаў і творчасці, перапоўненая ідэямі і маючая практычна бясконцы патэнцыял. Заставайцеся ў гармоніі з іншымі людзьмі і ніколі не спыняйцеся працаваць над увасабленнем сваёй мары, тады не будзе нічога немагчымага, чаго б вы не змаглі дасягнуць.

Вы — чалавек — генератар ідэй.

Святлана РАДЗЬКОВА.