На старт, увага — экзамен!

Набліжэнне заканчэння навучальнага года, падвядзенне вынікаў навучання, барацьба за новыя адукацыйныя перспектывы радуе і хвалюе старшакласнікаў з бацькамі і педагогаў. Гады навучання ў школе, сумеснае пераадоленне цяжкасцей, перажыванне поспехаў, прасоўванне па лесвіцы дасягненняў згуртоўваюць педагогаў, навучэнцаў, бацькоў, таму нам здаецца правільным аб’яднанне вучняў, бацькоў і педагогаў у такую супольнасць, як сям’я. Старшакласнікі з дарослымі, якія іх падтрымліваюць, зараз стаяць адначасова на фінішы і старце. Калі будзе ўдалым фініш, то і старт акажацца паспяховым. І няхай паняцце “поспех” у кожнага выпускніка напоўнена асабістым зместам, клопат усіх удзельнікаў працэсу — яго здабыць. Натуральна, што інфармацыя пра ўмовы, якія куюць поспех, цікавая, пажаданая, актуальная.

Дыялог з чытачом

Для добрага і выдатнага выніку на экзаменах, тэсціраванні важнай з’яўляецца эфектыўнасць запамінання інфармацыі. Якія тут ёсць сакрэты і нюансы? Эфектыўнасць запамінання залежыць ад эмацыянальнага стану чалавека. Калі працаваць над вучэбным матэрыялам са станоўчымі эмоцыямі, то якасць запамінання значна павышаецца. Як падтрымаць ці стварыць пазітыўны настрой выпускніку, што пачынае падрыхтоўку да экзамену, тэсціравання? Як стварыць свядомую і падсвядомую настройку на жаданае дасягненне? Як дапамагчы ўсвядоміць, што трэба рабіць для ўвасаблення мэты? Прапануем план дзеянняў. Абдумайце яго. Прымерайце да сваёй сітуацыі. Выконвайце яго ў гатовым выглядзе ці мяняйце, арыентуючыся на індывідуальныя патрэбы навучэнцаў.

Створым выдатны настрой і падсвядомую настройку з дапамогай методыкі “Дзьмём да мэты”. Запішыце на паперы, чаго хочаце дасягнуць. Скамечце ліст. Пакладзіце яго ў тым месцы класа, дзе захочацца. Вазьміце новы ліст паперы і напішыце выказванне, пачынаючы словамі “я ўжо дасягнуў…”, і зноў мэту, запісаную на першым лісце. Другі ліст таксама скамечце і змясціце так, каб адлегласць паміж першым і другім камячком складала не менш за тры метры. Далей трэба, прысеўшы на кукішкі, падзьмуць на камяк “я хачу дасяг­нуць” і дабіцца таго, каб прыгнаць яго да камяка “я ўжо дасягнуў”.

Якія эмоцыі адчулі старшакласнікі? Як мяняўся стан удзельнікаў па меры таго, як іх “я хачу дасягнуць” набліжалася да “я ўжо дасягнуў”?

А цяпер пракладзём рэальны, канкрэтны, індывідуальны маршрут да мэты, пабудуем “Лесвіцу да дасягнення высокага бала на тэсціраванні”. Методыка дазволіць працэс дасягнення разбіць на этапы і аблегчыць пераход ад намераў да дзеянняў. Намалюйце на лісце фармату А4 лесвічку з шасці прыступак. Ніжняя прыступка азначае стан пачатку руху да мэты. Завяршальная, шостая, прыступка — прастора мэты, якая цалкам ажыццявілася. Запішыце каля першай і апошняй прыступак па 2—3 прыметы асаблівасцей сітуацыі. Вызначыцеся, на якой прыступцы да дасягнення мэты вы знаходзіцеся ў цяперашні момант. Апішыце 2—3 яе галоўныя характарыстыкі. Калі выканана гэтая частка работы, трэба адказаць на галоўнае пытанне: “Што канкрэтна неабходна зрабіць, каб падняцца ў дасягненні мэты на адну прыступку вышэй?” Паразважайце некалькі хвілін і запішыце, замалюйце свае меркаванні. Завяршае дзеянні па методыцы новае пытанне: “Калі канкрэтна будзе зроблена тое, што трэба для набліжэння да мэты на адну прыступку?”

Педагогам і бацькам выпускнікоў важна дапамагчы ўсвядоміць, паказаць сістэму рэсурсаў, якія маюць іх падапечныя, для дасягнення мэты. Стварыце разам калаж “Мае рэсурсы для дасягнення мэты” ці прапануйце старшакласніку дзейнічаць самастойна. Вылучайце некалькі груп рэсурсаў:

— унутраныя (асобасныя, інтэлектуальныя і валявыя якасці, веды і ўменні, розныя элементы жыццёвага вопыту);

— сацыяльныя (людзі, здольныя дапамагчы ў пераадоленні цяжкасцей і дасягненні пастаўленых мэт, — сваякі, сябры, педагогі і г.д.);

— знешнія (месца жыхарства, месца вучобы, матэрыяльныя магчымасці і г.д.).

Пагаворым пра некаторыя сакрэты памяці. Каб добра запамінаць, важна канцэнтраваць увагу на матэрыяле і даваць сабе ўстаноўку на працяглае і поўнае запамінанне. Развіццё назіральнасці, зрокавай памяці дапаможа лепш засвойваць новы матэрыял і ўспамінаць ужо пройдзены. Трэніруйцеся так: стаўце перад сабой любую рэч і глядзіце на яе нейкі час. Потым заплюшчвайце вочы і ўяўляйце рэч максімальна дакладна. Расплюшчвайце вочы і адзначайце, што было прапушчана. Практыкаванне паўтарайце некалькі разоў да максімальнай дакладнасці запамінання вобраза прадмета.

Прынцып практыкавання можна выкарыстоўваць пры падрыхтоўцы да экзаменаў. Уяўляйце, што мозг — гэта фотаапарат і захоўвае тое, што трапляе ў поле яго аб’ектыва, а потым выбірае тое, што з’яўляецца значным. У час падрыхтоўкі да тэсціравання выкарыстоўвайце прыём асацыятыўнага запамінання. Запамінанне павінна быць арганізаваным. Разбівайце матэрыял на часткі. Важны спосаб падрыхтоўкі — паўтарэнне. Калі трэба запомніць матэрыял і аднавіць праз 3—4 дні, то яго трэба прачытаць і адразу ж паўтарыць. Падчас падрыхтоўкі неабходна даваць сабе адпачынак.

Запомніць матэрыял можа перашкодзіць неспакой, хваляванне перад экзаменам. Для зніжэння псіхалагічнага напружання скарыстайцеся методыкай “Збаў ток”.

Сядзьце, прыміце зручную позу, заплюшчыце вочы і расслабцеся. Уявіце сабе, што ў вас унутры — электрычны матор. Часам ён працуе нармальна, а часам, калі мы адчуваем напружанне, круціцца хутчэй і хутчэй. Ён шуміць, вібрыруе, пераграваецца, іскрыць. Прыкладна так адчувае сябе наш арганізм, калі мы нервуемся. Каб матор не зламаўся, мы не захварэлі ад напружання, працягвалі дзейнічаць эфектыўна, уявіце сабе, што ў вас у руках рэгулятар ад гэтага матора — рычажок, якім можна павялічыць ток, а можна і збавіць. А цяпер зменшым абароты, знізім напружанне. Нам становіцца камфортна і спакойна. Уявім сабе гэта ва ўсіх дэталях, патрэніруемся дабаўляць ток і збаўляць. Калі адчуваеце, што нервуецеся, уяўляйце сабе рэгулятар і ў думках збаўляйце ток.

Для больш глыбокага расслаблення і адпачынку сядзьце ў зручную позу, заплюшчыце вочы. Уявіце сабе, што ідзяце па шырокай лясной сцяжынцы. На лісці гуляюць сонечныя блікі, паветра свежае і прыемнае, спяваюць птушкі. Вам камфортна і лёгка. Наперадзе прасвет. Набліжайцеся да яго — і ўбачыце мора. Мяккі беласнежны пясок, ласкавая бірузовая вада. Уяўляйце, што ідзяце басанож па пляжы, пясок пад нагамі цёплы і аксаміцісты. Выберыце сабе месца, якое вам падабаецца, і кладзіцеся ў пясок. Вас песціць сонца, прыемна шуміць прыбой. Палюбуйцеся карцінай, якая вас акружае, пажывіце ў ёй некалькі хвілін… Можаце проста пазагараць на пляжы, а можаце акунуцца ў ласкавае цёплае мора. Атрымлівайце асалоду ад прыемных адчуванняў. У думках павольна заплюшчыце вочы і вярніцеся ў месца, дзе вы зараз сапраўды знаходзіцеся. Расплюшчыце вочы ўжо ў рэальнасці. Захоўвайце ў сабе тыя прыемныя адчуванні, якія атрымалі падчас падарожжа.

Варта ўлічыць вопыт чалавецтва па выкарыстанні пахаў раслін для гарманізацыі эмацыянальнага стану чалавека і стымуляцыі яго пазнавальных працэсаў. Некаторыя пахучыя рэчывы здольны нас супакой­ваць, знімаць стрэс, паляпшаць настрой, бадзёрыць, актывізаваць, паляпшаць сон. Масла ружы мае цудоўны пах, добра ўплывае на работу памяці, знімае напружанне. Масла рамонку рымскага знімае зласлівасць, неспакой. Масла бергамота падыходзіць да барацьбы са стрэсам, неспакоем, аказвае танізуючае ўздзеянне. Выкарыстоўвайце рэсурс водаратэрапіі, толькі калі ўпэўнены ў тым, што ў навучэнцаў няма алергічных рэакцый на пахі раслін.

Варта ўлічваць і добры ўплыў музыкі. Існуе “эфект Моцарта”, адкрыты амерыканскімі псіхолагамі: калі слухаць санеты Моцарта, трэба намнога менш часу, каб штосьці ўспомніць, бо ў час успрымання гэтай музыкі мозг чалавека здольны выбудоўваць складаныя сувязі паміж часткамі інфармацыі, якая ўспрымаецца.

Прымяняючы псіхалагічныя метады падрыхтоўкі да экзаменаў, тэсціравання, важна памятаць, што добрасумленнае навучанне, самастойная работа па ўпарадкаванні і сістэматызацыі атрыманых ведаў з’яўляюцца галоўнымі складнікамі поспеху. Гарманічнае спалучэнне педагагічных і псіхалагічных метадаў падрыхтоўкі да экзаменаў дазволіць старшакласнікам “дацягнуцца да зорак”: зрабіце тры глыбокія ўдыхы і выдыхі, уявіце сабе начное неба, усыпанае зоркамі. Знайдзіце тую, якая асацыіруецца з поспехам на экзамене, тэсціраванні. Падыміце рукі да неба і дацягніцеся да сваёй зоркі. Старайцеся з усіх сіл! Зніміце зорку з неба, апусціце рукі і клапатліва пакладзіце яе перад сабой у прыгожы кошык ці святочную скрыначку. У вас усё атрымаецца!

Псіхалагічнае люстэрка

Трывога на экзамене: сябар ці вораг?

Наколькі перашкаджае экзаменацыйная трывожнасць поспеху вучня, можна высветліць з дапамогай тэста экзаменацыйнай трывожнасці (Элперт і Хейбер). Некаторы ўзровень трывогі за вынікі экзамену можа адыграць мабілізуючую ролю. Даследуйце, як суадносяцца гэтыя працэсы для канкрэтных асоб у вашым класе.

1. Неспакой на экзамене ці пры тэсціраванні перашкаджае мне добра працаваць.

2. Найбольш плённа я працую тады, калі задача, якая рашаецца, мае вялікае для мяне значэнне.

3. Калі я не вельмі гатовы да лекцыі ці семінара, боязь майго няўдалага выступлення паралізуе ўсе мае разумовыя магчымасці.

4. Маё ўнутранае напружанне ўзрастае па меры таго, як падыходзіць час экзаменаў.

5. Калі я дрэнна падрыхтаваўся да экзамену ці тэста, я страчваю ўпэўненасць і раблю заданні горш, чым дазваляюць мае веды.

6. Чым важнейшы экзамен, тым менш паспяхова, як мне здаецца, я выконваю заданні.

7. Калі я ўпэўнены, што добра падрыхтаваўся да экзамену, мяне не мучыць страх.

8. Ва ўмовах асаблівай важнасці я хутчэй разумею, што да чаго.

9. Нават калі вынік экзамену мяне хвалюе, калі ён пачынаецца, я захоўваю спакой.

10. На экзамене ці тэсціраванні я бянтэжуся пры адказе на пытанні, на якія ў спакойнай атмасферы я лёгка знаходжу адказ.

11. Напружаная атмасфера на экзамене дапамагае мне лепш працаваць.

12. Калі я пачаў адказваць на пытанні тэста, мяне нішто не адцягвае ад гэтай работы.

13. У час экзамену ці тэсціравання я звычайна вельмі пацею.

14. Калі я ведаю, што адзнака на ўроку ці экзамене вырашальным чынам паўплывае на адзнаку за чвэрць, я працую значна лепш, чым іншыя.

15. Да пачатку экзамену я адчуваю, што мая галава цалкам пустая, мне трэба некалькі хвілін, каб уключыцца ў работу.

16. У сітуацыі экзамену я захоўваю ўпэўненасць у сабе.

17. Клопаты пры падрыхтоўцы да экзамену мяне так нагружаюць, што мне становіцца ўсё роўна, якім будзе яго вынік.

18. Абмежаванне ў часе на экзамене мяне збівае больш, чым іншых.

19. Я ў стане паспяхова рыхтавацца да экзаменаў, калі дзень яго здачы вельмі блізка.

20. Калі на экзамене трапляецца нечаканае пытанне, мяне само па сабе гэта бянтэжыць, і я паказваю вынік горшы, чым мог бы.

21. Цяжкі экзамен прыносіць мне больш задавальнення, чым лёгкі.

22. У вусным экзамене, мне здаецца, у мяне лепшыя вынікі, чым у пісьмовым.

23. Часта на экзамене я чытаю пытанне і не магу зразумець яго фармулёўку, таму прыходзіцца яго чытаць зноў.

24. Чым важнейшы экзамен ці тэст, тым лепш, як мне здаецца, я над ім працую.

25. У час экзамену ці тэста я ўвесь час адчуваю, як моцна б’ецца маё сэрца.

26. Калі ў пачатку экзамену я не спраўляюся з цяжкімі пытаннямі, то потым і на лёгкія пытанні даю ня­правільныя адказы.

27. Праз некаторы час пасля экзамену я са шкадаваннем успамінаю, што ўпусціў на ім.

Шкалы.

1. Апаскі, якія спрыяюць поспеху: пытанні пад нумарамі 2, 9, 11, 12, 14, 16, 19, 21, 24.

2. Апаскі, якія тармозяць поспех: пытанні пад гумарамі 1, 3, 5, 6, 10, 15, 17, 18, 23, 26.

Пытанні 4, 7, 8, 13, 20, 22, 25, 27 — буферныя.

Вызначыце суадносіны адказаў, якія спрыяюць і перашкаджаюць поспеху.

Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.