Свята, якое заўсёды з табой, ці Дзесяць месяцаў радасці!

Дыялог з чытачом

Першы месяц навучальнага года пралятае хутка і праходзіць святочна! Сустрэча пасля доўгай канікулярнай паўзы — феерверк эмоцый! Любаванне вынікамі рамонту будынка школы, дагледжанай тэрыторыяй, якая вітае яшчэ па-летняму яркімі фарбамі кветак і кустоў. Нарэшце можна насіць новае адзенне, абутак, упрыгажэнні, аксесуары, прымяніць новыя падручнікі, што­дзённікі, разнастайныя школьныя прылады, тэхніку. У верасні пасля адпачынку і канікул усе поўныя сіл і энтузіязму. Ці гэта не свята?! І кастрычнік мы пачнём са станоўчых эмоцый, сустракаючы сваё прафесійнае свята, дзе з новай сілай адчуем, што педагог — цэнтральная фігура адукацыі. Так было, ёсць і будзе!

Калі наша асоба мае такое вялікае значэнне ў адукацыйным працэсе, значыць, варта ўдзяліць ёй асаблівую ўвагу. Якія бакі асобы педагога, якія яе характарыстыкі больш за ўсё выпрабоўваюцца ў час навучальнага года? Не стану спрачацца з адказамі, якія чытачы зной­дуць для сябе. І ўсё ж, калі трэба вылучыць штосьці адно, я назвала б такую характарыстыку, як гібкасць. Гібкасць характарызуе і мысленне, і эмацыянальную сферу, і паводзіны. У нейкай меры можна назваць яе стрыжнем прафесіянала, які, дзякуючы гэтай характарыстыцы, адчувае сябе ў прафесіі ўпэўнена і камфортна. А таксама дазваляе цудоўна адчуваць сябе ў зносінах з педагогам вучням, бацькам, калегам. Варта патрэніраваць гібкасць. Жыццё — адзін з найлепшых трэнераў, аднак яго ўрокі могуць быць жорсткімі. Прапануем трэніроўку бяспечную і радасную. Яе варта правесці індывідуальна ці ў групе з калегамі. Вырашайце самі. А можа, вам спадабаюцца прапанаваныя практыкаванні для вашых вучняў ці бацькоў?

Практыкаванне “Завяршыце сказы”. Дадатковыя эфекты ад практыкавання: дапамагае пачаць зносіны; высвечвае розныя грані асобы, якія маглі б лёгка выпасці з-пад вашай увагі пры іншых умовах; дазваляе ўзнікнуць цікавасці да іншага чалавека. Закончыце сказы самастойна ці чаргуючыся з партнёрам. Даверцеся сваёй інтуіцыі, гаварыце ці пішыце тое, што адразу прыходзіць у галаву. Давайце некалькі варыянтаў адказаў, калі атрымліваецца. На заканчэнне прыдумайце некалькі падобных няскончаных сказаў самі. Закончыце гэтыя сказы, чаргуючыся з партнёрам. Працуйце хутка. Дайце некалькі варыянтаў адказаў для сказаў, адзначаных зорачкай.

Калі б я быў птушкай…

Калі б я быў кветкай…

Калі б я быў каштоўным каменем…

Калі б я быў музычным інструментам…

Калі б я быў транспартным сродкам…

Калі б я быў вядомым будынкам…

Калі б я быў інструментам працы…

Калі б я быў дарогай…

Калі б я быў зверам…

Калі б я быў часткай адзення…

Калі б я быў вынаходнікам…*

Калі б я быў зусім іншым чалавекам…*

Калі б я быў нябачным…*

Свае прапановы…

Якія адказы здаліся вам самымі цікавымі? Якія здзівілі? Ці абудзіліся якія-небудзь успаміны, жаданні?

Практыкаванне “Унутры і звонку”. Трэніруем уменне глядзець на праблемы з новага пункту гледжання. Гэта карысна для зніжэння стрэсу, у праблемнай сітуацыі і для прыняцця адэкватных простых рашэнняў. Выконваць практыкаванне можна індывідуальна ці ў пары.

Высветліце прынцып, па якім літары змясцілі ўнутры ці звонку круга.

Рашэнне праблемы: унутры круга размешчаны літары, якія складаюцца толькі з прамых ліній, усе астатнія змяшчаюцца звонку.

Што вы адчувалі ў час практыкавання?

Наколькі вялікімі былі часавыя прамежкі паміж рашэннямі?

Які прынцып трэба прымяніць для рашэння праблемы?

Што вы робіце ў жыцці для таго, каб развіваць свой патэнцыял?

Практыкаванне “Бяру і аддаю”. Акрамя гібкасці, шліфуецца ўменне дася­гаць балансу, гармоніі; усведамлення крыніцы праблем і асабістых рэсурсаў. Вазьміце два лісты паперы рознага колеру. На адным запішыце ці намалюйце тое, што вы хацелі б атрымаць ад навакольнага свету, на другім — тое, што хацелі б даць навакольнаму свету. Напішыце акраверш, у якім першыя літары кожнага радка будуць складаць асобнае слова, словазлучэнне ці сказ (напрыклад, ключавое слова (словы) па нашай тэматыцы “Бяру і аддаю”).

Гульні-практыкаванні на аснове метафарычных карт “Ён”, “Яна” (К.Кругер, В.Кірдзій ці іншых набораў).

Практыкаванне “Гэта добра, і гэта ж дрэнна, і гэта зноў добра”. Развіваем варыятыўнасць мыслення. Працуем індывідуальна ці ў групе. Вымайце з набору карткі як стымулы. Каменціруйце па­дзею, адлюстраваную на картцы, як добрую, потым як дрэнную, пасля зноў як добрую.

Выканайце заданні самі і прапануйце іншым удзельнікам адукацыйнага працэсу як такія, што развіваюць мысленне. Яго гібкасць, бегласць і арыгіналь­насць. Дадатковым трэніровачным эфектам будзе і добры настрой.

Заданні:

1. Стварыце максімальна падрабязную (не менш за 10 варыянтаў, а больш — лепш) ацэначную шкалу ад “дрэнна” да “добра” і ад “няправільна” да “правільна”.

2. Прыдумайце неіснуючыя бытавыя прыборы.

3. Складзіце спіс наступстваў ад сітуацыі, калі машыны пачнуць разумець мову чалавека.

4. Ператварыце лічбы ад 0 да 9 у прадметы так, каб выява лічбы была максімальна замаскіравана. Зрабіце 10 выяў. Калі можаце, то ўключыце ўсе свае ідэі ў адзін малюнак.

Практыкаванне “Схаваныя падручнікі”. Паслухайце гісторыю і прапануйце свае варыянты рашэнняў. Гісторыя: “У адной навучэнкі ўзнікла праблема. Трое аднакласнікаў кожны дзень хавалі яе падручнікі, лічачы гэта вясёлым жартам. Прось­бы спыніць гэта рабіць не дапамагалі. Тады дзяўчынка паспрабавала ігнара­ваць дзеянні хлопчыкаў. Але яны ўсё роўна працягвалі хаваць падручнікі. Гэта было вельмі непрыемна, але скар­дзіцца настаўніцы не хацелася. Нарэшце, дзяўчынка сама знайшла нечаканае рашэнне”.

Якая ідэя з’явілася ў дзяўчынкі? Распрацуйце стратэгію, з дапамогай якой можна карэктна і эфектыўна вырашыць сітуацыю.

Варыянт вырашэння: “Дзякуй. Мне падабаецца, што вы хаваеце мае падручнікі і мне не прыходзіцца выконваць дамашнія заданні. Было б міла з вашага боку хаваць таксама яшчэ мае сшыткі. За гэта я буду вам дзякаваць цукеркамі”. Хлопчыкі хавалі падручнікі і сшыткі, а дзяўчынка “аплачвала” іх працу. Праз некалькі дзён дзяўчынка сказала, што больш не можа “плаціць” за работу, а хлопчыкі рашуча адмовіліся ха­ваць яе школьныя прылады.

Мы не будзем хваліць вас за працэс і вынікі выканання практыкаванняў.

У час сваіх эксперыментаў псіхолагі высветлілі, што калі ўзнагароджваць чалавека за тое, што ён ахвотна робіць сам, то ён страчвае цікавасць да дзейнасці. Нам бы гэтага не хацелася. Наадварот, наша мэта — паспрыяць таму, каб мы з вамі атрымлівалі задавальненне ад прафесіі педагога, а нашы дзеці і падлеткі вучыліся з радасцю. Рэкамендуем скласці спіс ідэй аб тым, што можа быць менавіта для вас нагодай для радасці і натхнення ў навучальным годзе. Такім чынам, у кожным з 10 месяцаў прафесійнага года нас чакаюць свае натхняльныя эмоцыі і перамогі.

Святлана РАДЗЬКОВА.