Напэўна, кожнаму чалавеку хочацца, каб работа была любімай і выклікала станоўчыя эмоцыі. Аднак часам даводзіцца чуць скаргі: назапасіліся негатыў і напружанасць, нават пасля адпачынку не становіцца лягчэй, і работа больш не выклікае цікавасці. Наколькі часта ў сучасных педагогаў назіраюцца сіндром хранічнай стомленасці і прафесійнае выгаранне? Як пераадолець гэтыя цяжкасці і вярнуць матывацыю, каб жыць і працаваць прадукцыйна і з радасцю? Разбіраемся ў сітуацыі з педагогам-пісіхолагам вышэйшай катэгорыі, кандыдатам псіхалагічных навук, дацэнтам кафедры псіхалогіі і прадметных методык Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Лідзіяй Васільеўнай Арловай.
— У апошнія гады даводзіцца даволі часта чуць пра прафесійнае выгаранне. Як і чаму яно ўзнікае?
— Тэрмін “прафесійнае выгаранне” сапраўды стаў актуальным і нават модным. Упершыню яго выкарыстаў амерыканскі псіхіятр Герберт Фрэйдэнберг. Доктар увёў яго для абазначэння душэўнага стану, калі адчуваюцца расчараванне, апусташэнне, якія суправаджаюцца нарастаючай абыякавасцю да работы. У айчыннай псіхалогіі такі тэрмін з’явіўся некалькі пазней і быў занесены ў рубрыку праблем, звязаных з цяжкасцямі кіравання сваім жыццём. І тут варта звярнуць асаблівую ўвагу менавіта на слова “кіраванне”. Яно падкрэслівае ролю самога чалавека, тое, што многае ў яго руках. Я абсалютна згодна з такой пазіцыяй: ахвярай прафесійнага выгарання кожны становіцца па ўласнай маўклівай згодзе. Амерыканскі пісьменнік Карлас Кастанеда неяк сказаў: “Увесь фокус у тым, на што арыентавацца! Мы самі робім сябе ці няшчаснымі, ці моцнымі. Аб’ём неабходнай працы адзін і той жа”. Так што неабходна траціць сілы на тое, каб не быць няшчаснымі і не атрымаць прафесійнага выгарання, а не наадварот!
Спачатку важна зразумець, што ёсць праблема, і затым пачаць разбірацца, у чым жа ў кожным канкрэтным выпадку яе прычына. Навукоўцы вылучылі наступныя асноўныя заканамернасці, на якія варта звярнуць увагу: знікае прафесійная матывацыя, зніжаецца працаздольнасць. Самае яркае праяўленне прафесійнага выгарання — поўнае знікненне цікавасці да работы.
Прычыны, па якіх адбываецца прафесійнае выгаранне, вучоныя прааналізавалі і аб’ядналі ў тры блокі. Першы носіць назву інтэрперсанальны. Сюды адносіцца дэфармацыя міжасобасных адносін ва ўсіх яе праяўленнях. Часам чалавек не ўмее будаваць зносіны. У выніку адчуваюцца і нарастаюць напружанасць і нервовасць, сістэматычна ўзнікаюць розныя канфлікты, з’яўляюцца стэрэатыпы паводзін, якія зноў жа прыводзяць да непаразуменняў. Аказваць негатыўны ўплыў можа і эмацыянальна насычаны фон педагагічнай дзейнасці. В.А.Сухамлінскі ахарактарызаваў работу настаўніка як працу сэрца і нерваў. Гэта, безумоўна, патрабуе вялікага запасу сіл. А значыць, калі не навучыцца спраўляцца з сітуацыяй, стомленасць і напружанасць могуць быць прычынай канфліктнасці і агрэсіўнасці.
Другі блок прычын прафесійнага выгарання — арганізацыйны. Ад таго, як наладжана работа ва ўстанове, таксама залежаць матывацыя і дасягненні кожнага супрацоўніка. Калі на лекцыях закранаю гэты момант, у аўдыторыі адразу становіцца ажыўлена. Некаторыя пачынаюць крытыкаваць, маўляў, у нас і стыль кіравання занадта жорсткі ці эмацыянальны, і ў калектыве пануе фаварытызм, і крытэрыі якасці работы няправільныя… Пэўныя пытанні вырашаюцца толькі на ўзроўні кіраўніцтва. Магчыма, часам нават ёсць рэзон змяніць месца працы. Але гэта толькі адзін бок медаля. Пачынаць трэба з працы над уласнымі паводзінамі. Калі мы вырашаем праблемы, спраўляемся з імі, то становімся больш моцнымі і мудрымі.
Самым важным блокам прычын, безумоўна, з’яўляецца трэці — экзістэнцыяльны (дэфармацыя сэнсаў): знікае сэнс таго, што робіш, і жыцця ў цэлым. Такое адчуванне небяспечна для здароўя. У гэтай сітуацыі неабходна працаваць над сваім светаўспрыманнем.
— Хто знаходзіцца ў групе рызыкі і, адпаведна, мае самыя вялікія шансы падхапіць гэты непрыемны вірус “прафесійнага выгарання”?
— Перш за ўсё хачу адзначыць: не варта думаць, што ў падобнай сітуацыі могуць апынуцца толькі педагогі, якія адпрацавалі некалькі дзесяцігоддзяў. Прафесійнае выгаранне можа быць і ў маладых, якім бы парадаксальным гэта ні здавалася на першы погляд. Прычына гэтага — у несупадзенні сваіх чаканняў, мар і рэальнай сітуацыі адукацыйнай практыкі. Можа з’явіцца расчараванне, а за ім і адчуванне нерэалізаванасці, якое з часам перарасце ў прафесійнае выгаранне. Таксама могуць не супадаць патрабаванні прафесіі і магчымасці, асабістыя якасці педагога. Напрыклад, у школу прыйшоў глыбокі інтраверт, а яму як настаўніку неабходна пастаянна быць у актыўных зносінах на розных узроўнях: з вучнямі, бацькамі, калегамі, кіраўніцтвам. Безумоўна, такому чалавеку будзе некамфортна.
У групе рызыкі знаходзяцца людзі, у якіх ярка выяўлены асаблівасці халерычнага і меланхалічнага тэмпераментаў. Аднак гэта не значыць, што яны абавязкова сутыкнуцца з прафесійным выгараннем. Асаблівасці свайго тэмпераменту можна накіроўваць у розныя бакі і працаваць паспяхова. Сярод знакамітасцей халерыкі — А.С.Пушкін, Д.І.Мендзялееў, А.В.Сувораў. А яркія асобы-меланхолікі — М.В.Гогаль, С.А.Ясенін, М.Ю.Лермантаў, П.І.Чайкоўскі. Таксама ў групе рызыкі людзі з экстэрнальным тыпам паводзін. Да іх адносяцца тыя, хто не бярэ на сябе адказнасць за вынік. Напрыклад, настаўнік дае адкрыты ўрок і пасля атрымлівае заўвагі. Для аднаго гэты непрыемны факт становіцца нагодай для самааналізу, абдумвання зробленых памылак. Такім чынам педагог бярэ на сябе адказнасць і ў сабе шукае прычыну гэтых памылак. У яго інтэрнальны тып паводзін. А ў другім выпадку настаўнік бачыць прычыну сваёй няўдачы ў іншых: камісія прыйшла не ў настроі ці некампетэнтная, не той клас для адкрытага ўрока і г.д. Тут ужо іншы, экстэрнальны тып паводзін. Педагог сябе апраўдаў, і яму стала лягчэй. Аднак уявіце: праз час прыйдзецца зноў даваць адкрыты ўрок. Інтэрнал ужо правядзе яго лепш з улікам аналізу раней дапушчаных памылак, а ў экстэрнала няўдалая сітуацыя будзе паўтарацца раз за разам. Як кажуць у народзе, ён будзе зноў і зноў наступаць на адны і тыя ж граблі. А затым можа зрабіць катэгарычны вывад: “Я выбраў не тую работу, яна мне не патрэбна і не прыносіць задавальнення”. Так крок за крокам ён і трапляе ў сітуацыю прафесійнага выгарання замест таго, каб развіваць прафесійныя кампетэнцыі.
У групе рызыкі і педагогі-перфекцыяністы. Фразу “я перфекцыяніст” яны гавораць з гордасцю, быццам тлумачаць, што трэба працаваць бездакорна. Здавалася б, усё так і якія тут могуць быць праблемы. Аднак на справе перфекцыянізм — гэта не проста спакойнае жаданне зрабіць сваю справу на найвышэйшым узроўні, а хваравітае імкненне, якое перашкаджае чалавеку. Працаваць добра не значыць ідэальна і без памылак. Імкненне да ідэалу ва ўсім часта прыводзіць да незадаволенасці сабой, забірае шмат сіл. Яго спадарожнікамі становяцца трывожнасць, бяссонніца, а можа здарыцца і прафесійнае выгаранне.
Сімптаматыка хранічнай стомленасці
* Хуткая стамляльнасць
* Працяглыя галаўныя болі
* Бяссонніца
* Мышачная слабасць
* Дэпрэсіўны фон настрою
* Беспрычынныя ўспышкі раздражняльнасці
— Як часта ў сучасных педагогаў развіваецца прафесійнае выгаранне?
— Калі толькі пачынаю гаварыць на гэтую тэму, адразу ж чую ад прысутных: “Усе мы ўжо выгаралі”. Аднак на самай справе педагогі перабольшваюць. Як паказваюць вынікі анкетавання, прафесійнае выгаранне бывае вельмі рэдка, можна сказаць, што з ім сустракаюцца адзінкі. А вось знясіленасць, сіндром хранічнай стомленасці назіраюцца ў многіх, асабліва ў канцы вучэбнага года.
Калі непакоіць унутраны стан, варта разабрацца, у чым справа: з’явіўся сіндром хранічнай стомленасці ці прафесійнае выгаранне? Пра апошняе сведчыць наяўнасць не адной, а адразу некалькіх прымет. Самае страшнае — расчараванне ў прафесіі. На шчасце, я вельмі люблю тое, чым займаюся, не ўяўляю сябе без аказання псіхалагічнай дапамогі людзям, таму ўпэўнена, што прафесійнае выгаранне мне не пагражае, а вось стомленасць бывае.
Асноўны паказчык прафесійнага выгарання — эмацыянальная знясіленасць, аднак не толькі яна адна. Далучаецца дэперсаналізацыя — частковае ці поўнае адхіленне ад зносін з калегамі, вучнямі, іх бацькамі. Гэтая з’ява можа быць абароннай рэакцыяй на эмацыянальную перагружанасць і суправаджацца раздражняльнасцю. Усе могуць пазбягаць кантактаў падчас стомленасці, адчуваць неабходнасць пабыць у адзіноце. Аднак калі гэта становіцца заканамернасцю і дабаўляюцца яшчэ цынічныя адносіны да людзей, варта біць трывогу. Трэці ж фактар, які сведчыць пра прафесійнае выгаранне, — гэта рэдукцыя дасягненняў (адсутнасць веры ў сябе і свае поспехі, негатыўнае самаўспрыманне).
Калі падсумаваць, прафесійнае выгаранне — гэта стан, калі чалавек абыякавы да работы, эмацыянальна спустошаны, нікога не хоча бачыць і пры гэтым яшчэ і не верыць у сябе, свае поспехі. Гэта сапраўды страшная ўстаноўка, своеасабовы тупік, і, хутчэй за ўсё, не толькі прафесійны, бо ўсё гэта будзе пераносіцца і на іншыя сферы жыцця. Як паказваюць вынікі анкетавання i мая шматгадовая практыка, спалучэнне ўсіх трох фактараў у нашых педагогаў, на шчасце, бывае вельмі рэдка. Часта сустракаецца першы, часам далучаецца другі (у выглядзе толькі часовага жадання пабыць аднаму і мінімізаваць зносіны), а вось трэці — вельмі рэдка.
— Што рабіць тым, хто сапраўды, як гэта ні сумна, прафесійна выгараў? Ці можна выправіць сітуацыю, вярнуць былую матывацыю і добрыя адносіны да працы?
— Усё залежыць ад стадыі, на якой выяўлена праблема. Тут дзейнічае звычайны закон: чым раней — тым лепш, і больш шансаў на тое, што атрымаецца справіцца з сітуацыяй. У цяжкіх выпадках неабходна дапамога псіхолага. Аднак ёсць і такія сітуацыі, калі педагог стаіць перад выбарам — заставацца ў прафесіі ці не. Але ў любым выпадку самае важнае — гэта работа над сабой, сваімі адносінамі да сябе, жыцця і людзей.
Таксама можна параіць пераключыцца на нейкі іншы актыўны від дзейнасці. А вось пры сіндроме хранічнай стомленасці рэкамендацыі абсалютна іншыя. У чалавека страчаны рэсурс, ён нічога не можа рабіць, і справа не ў тым, што ён папросту лянуецца. Яму сапраўды патрэбны інертны адпачынак.
Стратэгіі пераадолення прафесійнага выгарання
* Праблемна-арыентаваная
(намаганні накіроўваюцца на вырашэнне праблемы, якая ўзнікла)
* Асобасна-арыентаваная
(змяненне ўласных установак у адносінах да сябе, наваколля, дзейнасці)
— Што можна параіць для прафілактыкі, каб, нягледзячы на ўсе цяжкасці, доўгія гады працаваць з добрым настроем, цікавасцю да прафесіі?
— Навукоўцы раяць “чысціць” сваю галаву. Нашы думкі ўплываюць на тое, што мы бачым і адчуваем, што з намі адбываецца. Таму і трэба навучыцца пераключацца. Менавіта гэта дапамагае нам захоўваць стабільнасць і адчуваць радасць, быць стрэсаўстойлівымі. На маю думку, у любой сітуацыі варта спачатку знайсці пазітыў і далей факусіравацца на ім. Трэба заўважыць усё добрае, усе плюсы ў сваёй прафесіі і рабоце. А затым ужо працаваць з праблемнымі момантамі, якія непакояць.
Таксама неабходна пазбаўляцца ад стэрэатыпаў, развіваць гібкасць мыслення і паводзін, крэатыўнасць. Для прафілактыкі раю перыядычна наведваць разнастайныя мерапрыемствы, якія гэтаму спрыяюць. Выбар іх сёння вялікі, калі няма магчымасці прысутнічаць асабіста, заўсёды можна выкарыстаць магчымасці інтэрнэту.
Увогуле для мяне мае вялікае значэнне гатоўнасць людзей не толькі папрасіць дапамогі і выслухаць рэкамендацыі, але і хаця б у мінімальной ступені пачаць іх выконваць. Калі сам чалавек не захоча, ніводная рэкамендацыя яму не дапаможа. Мне падабаецца мудрая фраза іспанскага драматурга Педра Кальдэрона дэ ла Барка: “Самая вялікая перамога чалавека — гэта перамога над самім сабой”. Абавязкова раю фізічную нагрузку: рабіце зарадку раніцай — гэта выдатны, просты, усім даступны сродак для ўмацавання фізічнага і псіхічнага здароўя. Аднак у адказ часцей за ўсё чую: “Што вы? Ды нам няма калі рабіць зарадку!” І гэта толькі адзін з прыкладаў. Аднак хіба пры жаданні не знойдзецца 15—20 мінут? Для мяне зарадка стала абавязковай часткай ранішняга рытуалу, такой жа важнай, як снеданне. Не на словах, а па ўласным вопыце ведаю, як яна дапамагае людзям разумовай працы быць у тонусе і пераключыцца, “асвяжыць” думкі.
Для прафілактыкі прафесійнага выгарання таксама вельмі карыснымі будуць дыхальная гімнастыка, рэгулярнае наведванне басейна. Фізічны і псіхічны станы вельмі цесна звязаны паміж сабой. Трэба загартоўваць сябе фізічна ў тым ліку і для таго, каб была моцная псіхіка. Напрыклад, прызнаюся, мне вельмі падабаецца скандынаўская хадзьба і пры магчымасці на прыродзе. Усім жадаю знайсці для сябе справу, якая будзе карыснай для душы і цела, заставацца здаровымі, не згубіць цікавасць да прафесіі і верыць, што практычна ўсё залежыць ад вас саміх!
Гутарыла Таццяна ШЫМКО.