Валоданне камунікатыўнымі кампетэнцыямі дазваляе вучням наладжваць прадукцыйнае ўзаемадзеянне з рознымі групамі людзей, развівае ўменне зразумела і пераканаўча выказваць свае думкі, працаваць у камандзе, а таксама дапамагае быць паспяховымі і канкурэнтаздольнымі ў розных сферах жыцця. У кантэксце кампетэнтнаснага падыходу навучанне ў школе сёння накіравана не на перадачу пэўных ведаў і навыкаў, а на развіццё ў вучняў ключавых, метапрадметных і прадметных кампетэнцый. Адным са шляхоў выканання пастаўленых перад сістэмай адукацыі задач з’яўляецца інавацыйная дзейнасць, якая садзейнічае асобаснаму і прафесійнаму развіццю педагога, а таксама дазваляе абнавіць змест адукацыі і метады навучання.
Новым кірункам у адукацыі з’яўляецца стварэнне і рэалізацыя медыяпадарожжа — праграмна-інфармацыйнага прадукту, прызначанага для інтэграванага прадстаўлення інфармацыі. “Медыя (ад лац. medium) — “пасрэднік”, “сродак”. Тэрмін можа мець розныя значэнні ў залежнасці ад кантэксту. Аднак у кантэксце медыяпісьменнасці тэрмін “медыя” тычыцца толькі сродкаў масавай камунікацыі (СМК), да якіх традыцыйна адносяць друк, прэсу, тэлебачанне, кінематограф, радыё, гуказапісы і інтэрнэт”, — адзначаецца ў дапаможніку для настаўнікаў “Медыяадукацыя ў школе: фарміраванне медыяпісьменнасці вучняў”, які выйшаў пад рэдакцыяй М.І.Запрудскага.
Зварот да мультымедыйных тэхналогій дазваляе не нагружаць вучняў інфармацыяй, а дапамагчы ім сарыентавацца ў яе знаходжанні і актыўным прымяненні. Зараз, у эпоху развіцця інфармацыйнай культуры, фарміраванне ў вучняў навыкаў эфектыўнага ўзаемадзеяння з інфармацыйным асяроддзем становіцца ўсё больш неабходным.
Прымяненне адукацыйных медыяпадарожжаў — гэта актуальны кірунак у арганізацыі як вучэбнага, так і выхаваўчага працэсу. Пагадзіцеся, вучня лягчэй зацікавіць і навучыць, калі ён успрымае інфармацыю адначасова ў форме гукавых і зрокавых вобразаў, і пры гэтым на яго аказваецца не толькі інфармацыйнае, але і эмацыянальнае ўздзеянне.
Работа над стварэннем адукацыйнага медыяпадарожжа складаецца з некалькіх этапаў:
1. Выбар тэмы.
2. Пастаноўка мэт і планаванне работы.
3. Подбор матэрыялу (тэкставая інфармацыя, відэа, аўдыя, фота). Аналіз і апрацоўка матэрыялу.
4. Афармленне медыяпадарожжа.
5. Подбор заданняў, тэстаў, якія дазваляюць ацаніць узровень засваення матэрыялу.
6. Прэзентацыя.
7. Падвядзенне вынікаў работы па стварэнні і рэалізацыі медыяпадарожжа.
Выбіраючы тэму турыстычна-краязнаўчага медыяпадарожжа, можна спыніцца як на асобным гістарычным або культурным аб’екце (напрыклад, “Магілёўскі абласны драматычны тэатр”, “Магілёўская ратуша”, “Мемарыяльны комплекс “Буйніцкае поле”, “Фестываль “Магутны Божа” ў Магілёве” і інш.), так і на пабудове краязнаўчага маршруту па мікрараёне, горадзе, вобласці, краіне. Таксама адным з варыянтаў можа быць стварэнне медыяпадарожжа на аснове біяграфічных даных гістарычных асоб, дзеячаў культуры, знакамітых суайчыннікаў (“Пушкін і Магілёў”, “Стаўка Мікалая ІІ ў Магілёве”, “Дарогамі К.М.Сіманава”, “Дняпроўскія хвалі Аляксея Пысіна”, “Алея Славы” і інш.).
Як паказвае практыка, працэс стварэння турытычна-краязнаўчага медыяпадарожжа доволі працаёмкі, таму мэтазгодна работу над праектам даручаць калектыву вучняў. На этапах выбару тэмы і планавання рэкамендуецца размеркаваць абавязкі паміж вучнямі: падбор матэрыялу ў бібліятэцы, архіве, інтэрнэце, інтэрв’ю з удзельнікамі падзей, падбор фота, відэа- і аўдыяматэрыялаў, напісанне тэксту, вёрстка медыяпадарожжа і г.д. Работа над стварэннем мультымедыйнага электроннага прадукту дазваляе зрабіць вучэбны працэс больш эфектыўным, садзейнічае медыяадукацыі вучняў. Мерапрыемствы, арганізаваныя з прымяненнем медыяпадарожжаў, становяцца больш нагляднымі, мабільнымі, цікавымі і наведвальнымі.
Сумесная работа па стварэнні і рэалізацыі медыяпадарожжаў садзейнічае фарміраванню ў вучняў такіх неабходных якасцей і ўменняў, як творчы падыход да справы, крытычнае мысленне, камунікабельнасць, ініцыятыўнасць, самастойнасць і адказнасць. Працуючы над праектам, дзеці вучацца культуры зносін, у тым ліку і ў сетцы інтэрнэт, удасканальваюць сваё вуснае і пісьмовае маўленне, пашыраюць слоўнікавы запас. Прэзентацыя створанага мультымедыйнага падарожжа прадугледжвае валоданне навыкамі выступлення перад аўдыторыяй, аратарскім майстэрствам.
Такім чынам, работа па стварэнні і рэалізацыі медыяпадарожжаў у адукацыйным працэсе садзейнічае развіццю камунікатыўных кампетэнцый вучняў, сярод якіх развіццё вуснага і пісьмовага маўлення, веданне спосабаў наладжвання ўзаемадзеяння з людзьмі, набыццё навыкаў работы ў групе, валоданне рознымі сацыяльнымі ролямі.
Інавацыйная дзейнасць прадугледжвае стварэнне педагагічных новаўвядзенняў, іх асваенне, укараненне, прымяненне, распаўсюджванне. У перспектыве прымяненне медыяпадарожжаў у адукацыйным працэсе будзе садзейнічаць прафесійнаму самавызначэнню вучняў. Магчыма, тыя з іх, хто сёння працуе над стварэннем мультымедыйнага падарожжа, заўтра будуць таленавітымі фатографамі, аператарамі, праграмістамі, капірайтарамі, журналістамі ці прадстаўнікамі новых, яшчэ пакуль невядомых прафесій.
Наталля ЗЯТКІНА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 19 Магілёва.