У чым паратунак ад стомленасці і прафесійнага выгарання?

Напэўна, кожнаму чалавеку хочацца, каб работа была любімай і выклікала станоўчыя эмоцыі. Аднак часам даводзіцца чуць скаргі: назапасіліся негатыў і напружанасць, нават пасля адпачынку не становіцца лягчэй, і работа больш не выклікае цікавасці. Наколькі часта ў сучасных педагогаў назіраюцца сіндром хранічнай стомленасці і прафесійнае выгаранне? Як пераадолець гэтыя цяжкасці і вярнуць матывацыю, каб жыць і працаваць прадукцыйна і з радасцю? Разбіраемся ў сітуацыі з педагогам-пісіхолагам вышэйшай катэгорыі, кандыдатам псіхалагічных навук, дацэнтам кафедры псіхалогіі і прадметных методык Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Лідзіяй Васільеўнай Арловай.

— У апошнія гады даводзіцца даволі часта чуць пра прафесійнае выгаранне. Як  і чаму яно ўзнікае?

— Тэрмін “прафесійнае выгаранне” сапраўды стаў актуальным і нават модным. Упершыню яго выкарыстаў амерыканскі псіхіятр Герберт Фрэйдэнберг. Доктар увёў яго для абазначэння душэўнага стану, калі адчуваюцца расчараванне, апусташэнне, якія суправаджаюцца нарастаючай абыякавасцю да работы. У айчыннай псіхалогіі такі тэрмін з’явіўся некалькі пазней і быў занесены ў рубрыку праблем, звязаных з цяжкасцямі кіравання сваім жыццём. І тут варта звярнуць асаблівую ўвагу менавіта на слова “кіраванне”. Яно падкрэслівае ролю самога чалавека, тое, што многае ў яго руках. Я абсалютна згодна з такой пазіцыяй: ахвярай прафесійнага выгарання кожны становіцца па ўласнай маўклівай згодзе. Амерыканскі пісьменнік Карлас Кастанеда неяк сказаў: “Увесь фокус у тым, на што арыентавацца! Мы самі робім сябе ці няшчаснымі, ці моцнымі. Аб’ём неабходнай працы адзін і той жа”. Так што неабходна траціць сілы на тое, каб не быць няшчаснымі і не атрымаць прафесійнага выгарання, а не наадварот!

Спачатку важна зразумець, што ёсць праблема, і затым пачаць разбірацца, у чым жа ў кожным канкрэтным выпадку яе прычына. Навукоўцы вылучылі наступныя асноўныя заканамернасці, на якія варта звярнуць увагу: знікае прафесійная матывацыя, зніжаецца працаздольнасць. Самае яркае праяўленне прафесійнага выгарання — поўнае знікненне цікавасці да работы. 

Прычыны, па якіх адбываецца прафесійнае выгаранне, вучоныя прааналізавалі і аб’ядналі ў тры блокі. Першы носіць назву інтэрперсанальны. Сюды адносіцца дэфармацыя міжасобасных адносін ва ўсіх яе праяўленнях. Часам чалавек не ўмее будаваць зносіны. У выніку адчуваюцца і нарастаюць напружанасць і нервовасць, сістэматычна ўзнікаюць розныя канфлікты, з’яўляюцца стэрэатыпы паводзін, якія зноў жа прыводзяць да непаразуменняў. Аказваць негатыўны ўплыў можа і эмацыянальна насычаны фон педагагічнай дзейнасці. В.А.Сухамлінскі ахарактарызаваў работу настаўніка як працу сэрца і нерваў. Гэта, безумоўна, патрабуе вялікага запасу сіл. А значыць, калі не навучыцца спраўляцца з сітуацыяй, стомленасць і напружанасць могуць быць прычынай канфліктнасці і агрэсіўнасці.

Другі блок прычын прафесійнага выгарання — арганізацыйны. Ад таго, як наладжана работа ва ўстанове, таксама залежаць матывацыя і дасягненні кожнага супрацоўніка. Калі на лекцыях закранаю гэты момант, у аўдыторыі адразу становіцца ажыўлена. Некаторыя пачынаюць крытыка­ваць, маўляў, у нас і стыль кіравання занадта жорсткі ці эмацыянальны, і ў калектыве пануе фаварытызм, і крытэрыі якасці работы няправільныя… Пэўныя пытанні вырашаюцца толькі на ўзроўні кіраўніцтва. Магчыма, часам нават ёсць рэзон змяніць месца працы. Але гэта толькі адзін бок медаля. Пачынаць трэба з  працы над уласнымі паводзінамі. Калі мы вырашаем праблемы, спраўляемся з імі, то становімся больш моцнымі і мудрымі.

Самым важным блокам прычын, безумоўна, з’яўляецца трэці — экзістэнцыяльны (дэфармацыя сэнсаў): знікае сэнс таго, што робіш, і жыцця ў цэлым. Такое адчуванне небяспечна для здароўя. У гэтай сітуацыі неабходна працаваць над сваім светаўспрыманнем.

— Хто знаходзіцца ў групе рызыкі і, адпаведна, мае самыя вялікія шансы падхапіць гэты непрыемны вірус “прафесійнага выгарання”?

— Перш за ўсё хачу адзначыць: не варта думаць, што ў падобнай сітуацыі могуць апынуцца толькі педагогі, якія адпрацавалі некалькі дзесяцігоддзяў. Прафесійнае выгаранне можа быць і ў маладых, якім бы парадаксальным гэта ні здавалася на першы погляд. Прычына гэтага — у несупадзенні сваіх чаканняў, мар і рэальнай сітуацыі адукацыйнай практыкі. Можа з’явіцца расчараванне, а за ім і адчуванне нерэалізаванасці, якое з часам перарасце ў прафесійнае выгаранне. Таксама могуць не супадаць патрабаванні прафесіі і магчымасці, асабістыя якасці педагога. Напрыклад, у школу прыйшоў глыбокі інтраверт, а яму як настаўніку неабходна пастаянна быць у актыўных зносінах на розных узроўнях: з вучнямі, бацькамі, калегамі, кіраўніцтвам. Безумоўна, такому чалавеку будзе некамфортна.

У групе рызыкі знаходзяцца людзі, у якіх ярка выяўлены асаблівасці халерычнага і меланхалічнага тэмпераментаў. Аднак гэта не значыць, што яны абавязкова сутыкнуцца з прафесійным выгараннем. Асаблівасці свайго тэмпераменту можна накіроўваць у розныя бакі і праца­ваць паспяхова. Сярод знакамітасцей халерыкі — А.С.Пушкін, Д.І.Мендзялееў, А.В.Сувораў. А яркія асобы-меланхолікі — М.В.Го­галь, С.А.Ясенін, М.Ю.Лермантаў, П.І.Чайкоўскі. Таксама ў групе рызыкі людзі з экстэрнальным тыпам паводзін. Да іх адносяцца тыя, хто не бярэ на сябе адказнасць за вынік. Напрыклад, настаўнік дае адкрыты ўрок і пасля атрымлівае заўвагі. Для аднаго гэты непрыемны факт становіцца нагодай для самааналізу, абдумвання зробленых памылак. Такім чынам педагог бярэ на сябе адказнасць і ў сабе шукае прычыну гэтых памылак. У яго інтэрнальны тып паводзін. А ў другім выпадку настаўнік бачыць прычыну сваёй няўдачы ў іншых: камісія прыйшла не ў настроі ці некампетэнтная, не той клас для адкрытага ўрока і г.д. Тут ужо іншы, экстэрнальны тып паво­дзін. Педагог сябе апраўдаў, і яму стала лягчэй. Аднак уявіце: праз час прыйдзецца зноў даваць адкрыты ўрок. Інтэрнал ужо правядзе яго лепш з улікам аналізу раней дапушчаных памылак, а ў экстэрнала няўдалая сітуацыя будзе паўтарацца раз за разам. Як кажуць у народзе, ён будзе зноў і зноў наступаць на адны і тыя ж граблі. А затым можа зрабіць катэгарычны вывад: “Я выбраў не тую работу, яна мне не па­трэбна і не прыносіць задавальнення”. Так крок за крокам ён і трапляе ў сітуацыю прафесійнага выгарання замест таго, каб развіваць прафесійныя кампетэнцыі.

У групе рызыкі і педагогі-перфекцыяністы. Фразу “я перфекцыяніст” яны гавораць з гордасцю, быццам тлума­чаць, што трэба працаваць бездакорна. Здавалася б, усё так і якія тут могуць быць праблемы. Аднак на справе перфекцыянізм — гэта не проста спакойнае жаданне зрабіць сваю справу на найвышэйшым узроўні, а хваравітае імкненне, якое перашкаджае чалавеку. Працаваць добра не зна­чыць ідэальна і без памылак. Імкненне да ідэалу ва ўсім часта прыводзіць да незадаволенасці сабой, забірае шмат сіл. Яго спадарожнікамі становяцца трывожнасць, бяссонніца, а можа здарыцца і прафесійнае выгаранне.

Сімптаматыка хранічнай стомленасці

* Хуткая стамляльнасць

* Працяглыя галаўныя болі

* Бяссонніца

* Мышачная слабасць

* Дэпрэсіўны фон настрою

* Беспрычынныя ўспышкі раздражняльнасці

— Як часта ў сучасных педагогаў развіваецца прафесійнае выгаранне?

— Калі толькі пачынаю гаварыць на гэтую тэму, адразу ж чую ад прысутных: “Усе мы ўжо выгаралі”. Аднак на самай справе педагогі перабольшваюць. Як паказваюць вынікі анкетавання, прафесійнае выгаранне бывае вельмі рэдка, можна сказаць, што з ім сустракаюцца адзінкі. А вось знясіленасць, сіндром хранічнай стомленасці назіраюцца ў многіх, асабліва ў канцы вучэбнага года.

Калі непакоіць унутраны стан, варта разабрацца, у чым справа: з’явіўся сіндром хранічнай стомленасці ці прафесійнае выгаранне? Пра апошняе сведчыць наяўнасць не адной, а адразу некалькіх прымет. Самае страшнае — расчараванне ў прафесіі. На шчасце, я вельмі люблю тое, чым займаюся, не ўяўляю сябе без аказання псіхалагічнай дапамогі людзям, таму ўпэўнена, што прафесійнае выгаранне мне не пагражае, а вось стомленасць бывае.

Асноўны паказчык прафесійнага выгарання — эмацыя­нальная знясіленасць, аднак не толькі яна адна. Далучаецца дэперсаналізацыя — частковае ці поўнае адхіленне ад зносін з калегамі, вучнямі, іх бацькамі. Гэтая з’ява можа быць абароннай рэакцыяй на эмацыянальную перагружанасць і су­праваджацца раздражняльнасцю. Усе могуць пазбягаць кантактаў падчас стомленасці, адчуваць неабходнасць пабыць у адзіноце. Аднак калі гэта становіцца заканамернасцю і дабаўляюцца яшчэ цынічныя адносіны да людзей, варта біць трывогу. Трэці ж фактар, які сведчыць пра прафесійнае выгаранне, — гэта рэдукцыя дасягненняў (адсутнасць веры ў сябе і свае поспехі, негатыўнае самаўспрыманне).

Калі падсумаваць, прафесійнае выгаранне — гэта стан, калі чалавек абыякавы да работы, эмацыянальна спустошаны, нікога не хоча бачыць і пры гэтым яшчэ і не верыць у сябе, свае поспехі. Гэта сапраўды страшная ўстаноўка, своеасабовы тупік, і, хутчэй за ўсё, не толькі прафесійны, бо ўсё гэта будзе пераносіцца і на іншыя сферы жыцця. Як паказваюць вынікі анкетавання i мая шматгадовая практыка, спалучэнне ўсіх трох фактараў у нашых педагогаў, на шчасце, бывае вельмі рэдка. Часта сустракаецца першы, часам далучаецца другі (у выглядзе толькі часовага жадання пабыць аднаму і мінімізаваць зносіны), а вось трэці — вельмі рэдка.

— Што рабіць тым, хто сапраўды, як гэта ні сумна, прафесійна выгараў? Ці можна выправіць сітуацыю, вярнуць былую матывацыю і добрыя адносіны да працы?

— Усё залежыць ад стадыі, на якой выяўлена праблема. Тут дзейнічае звычайны закон: чым раней — тым лепш, і больш шансаў на тое, што атрымаецца справіцца з сітуацыяй. У цяжкіх выпадках неабходна дапамога псіхолага. Аднак ёсць і такія сітуацыі, калі педагог стаіць перад выбарам — заставацца ў прафесіі ці не. Але ў любым выпадку самае важнае — гэта работа над сабой, сваімі адносінамі да сябе, жыцця і людзей.

Таксама можна параіць пераключыцца на нейкі іншы актыўны від дзейнасці. А вось пры сіндроме хранічнай стомленасці рэкамендацыі абсалютна іншыя. У чалавека страчаны рэсурс, ён нічога не можа рабіць, і справа не ў тым, што ён папросту лянуецца. Яму сапраўды патрэбны інертны адпачынак.

Стратэгіі пераадолення прафесійнага выгарання

* Праблемна-арыентаваная
(намаганні накіроўваюцца на вырашэнне праблемы, якая ўзнікла)

* Асобасна-арыентаваная
(змяненне ўласных установак у адносінах да сябе, наваколля, дзейнасці)

— Што можна параіць для прафілактыкі, каб, нягле­дзячы на ўсе цяжкасці, доўгія гады працаваць з  добрым настроем, цікавасцю да прафесіі?

— Навукоўцы раяць “чысціць” сваю галаву. Нашы думкі ўплываюць на тое, што мы бачым і адчуваем, што з намі адбываецца. Таму і трэба навучыцца пераключацца. Менавіта гэта дапамагае нам захоўваць стабільнасць і адчуваць радасць, быць стрэсаўстойлівымі. На маю думку, у любой сітуацыі варта спачатку знайсці пазітыў і далей факусіравацца на ім. Трэба заўважыць усё добрае, усе плюсы ў сваёй прафесіі і рабоце. А затым ужо працаваць з праблемнымі момантамі, якія непакояць.

Таксама неабходна пазбаўляцца ад стэрэатыпаў, развіваць гібкасць мыслення і паводзін, крэатыўнасць. Для прафілактыкі раю перыядычна наведваць разнастайныя мера­прыемствы, якія гэтаму спрыяюць. Выбар іх сёння вялікі, калі няма магчымасці прысутнічаць асабіста, заўсёды можна выкарыстаць магчымасці інтэрнэту.

Увогуле для мяне мае вялікае значэнне гатоўнасць лю­дзей не толькі папрасіць дапамогі і выслухаць рэкамендацыі, але і хаця б у мінімальной ступені пачаць іх выконваць. Калі сам чалавек не захоча, ніводная рэкамендацыя яму не дапаможа. Мне падабаецца мудрая фраза іспанскага драматурга Педра Кальдэрона дэ ла Барка: “Самая вялікая перамога чалавека — гэта перамога над самім сабой”. Абавязкова раю фізічную нагрузку: рабіце зарадку раніцай — гэта выдатны, просты, усім даступны сродак для ўмацавання фізічнага і псіхічнага здароўя. Аднак у адказ часцей за ўсё чую: “Што вы? Ды нам няма калі рабіць зарадку!” І гэта толькі адзін з прыкладаў. Аднак хіба пры жаданні не знойдзецца 15—20 мінут? Для мяне зарадка стала абавязковай часткай ранішняга рытуалу, такой жа важнай, як снеданне. Не на словах, а па ўласным вопыце ведаю, як яна дапамагае людзям разумовай працы быць у тонусе і пераключыцца, “асвяжыць” думкі.

Для прафілактыкі прафесійнага выгарання таксама вельмі карыснымі будуць дыхальная гімнастыка, рэгулярнае наведванне басейна. Фізічны і псіхічны станы вельмі цесна звязаны паміж сабой. Трэба загартоўваць сябе фізічна ў тым ліку і для таго, каб была моцная псіхіка. Напрыклад, прызнаюся, мне вельмі падабаецца скандынаўская хадзьба і пры магчымасці на прыродзе. Усім жадаю знайсці для сябе справу, якая будзе карыснай для душы і цела, заставацца здаровымі, не згубіць цікавасць да прафесіі і верыць, што практычна ўсё залежыць ад вас саміх!

Гутарыла Таццяна ШЫМКО.