Ад фантастычных да эмпірычных

Работа над навуковай праблемай развівае інтэлектуальныя і асобасныя якасці навучэнцаў. А менавіта: здольнасць да генерацыі самастойных ідэй; лагічнасць і доказнасць меркаванняў; уменне абагульняць, вылучаць галоўнае, фармуляваць; уменне абараняць і аргументаваць уласную пазіцыю; мэтанакіраванасць і настойлівасць у дасягненні мэты; памяркоўнасць да іншай думкі; адэкватную самаацэнку і шэраг іншых якасцей.

З гэтай мэтай у 2002 годзе ў нашай гімназіі № 174 Мінска было створана навуковае таварыства навучэнцаў, у рамках якога каардынуецца, накіроўваецца, рэцэнзуецца ўся навуковая работа гімназістаў.
Дзякуючы таварыству, рэалізоўваецца ўзаемадзеянне педагогаў і навучэнцаў як партнёраў у самастойным даследаванні. За пяць апошніх гадоў навучэнцы гімназіі правялі шмат даследаванняў па розных прадметах і тэмах. Пад кіраўніцтвам педагогаў яны паспяхова ўдзельнічаюць у раённых, гарадскіх, міжуніверсітэцкіх і міжнародных навукова-практычных канферэнцыях.
На наш погляд, сакрэт поспеху работы ў гэтым напрамку заключаецца ў сістэмнай рабоце па арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці. З гэтай мэтай у 2005 годзе быў распрацаваны праект “Стварэнне ўмоў для выяўлення і развіцця інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў”, які ўдастоены гранта Мінгарвыканкама, а з 2010 года ў гімназіі рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі комплекснага педагагічнага суправаджэння індывідуальнага развіцця высокаматываваных навучэнцаў”.
У рамках інавацыйнай дзейнасці работа з высокаматываванымі дзецьмі ў пачатковых класах была арганізавана наступным чынам:

  •  у паралелі 3 класаў былі выбраны два напрамкі — руская мова і матэматыка;
  •  з усімі навучэнцамі педагог-псіхолаг правёў дыягностыку здольнасцей і інтарэсаў, а класныя кіраўнікі выявілі дзяцей, якія жадаюць дадаткова займацца рускай мовай ці матэматыкай;
  •  з дзяцей, у якіх супалі здольнасці, інтарэсы, жаданне, сфарміраваліся групы.

Першапачаткова група па матэматыцы складалася з 11 чалавек, па рускай мове — з 13 чалавек. Былі навучэнцы, якія наведвалі заняткі як па матэматыцы, так і па рускай мове. У ходзе работы колькасны склад груп змяніўся. Матэматыкай засталіся займацца 7 чалавек, рускай мовай — 9.
Работа ўключала стымулюючыя заняткі па прадметах, арганізацыю праектна-даследчай работы, удзел у конкурсах па прадметах, алімпіядах, падрыхтоўку агітвыступленняў перад навучэнцамі паралелі.
Сваёй работай мы стараліся накіраваць дзейнасць навучэнцаў у патрэбнае і карыснае для іх рэчышча. Як паказаў вопыт, створаная сістэма дзейнасці аказала пазітыўны ўплыў не толькі на навучэнцаў, уключаных у групы інтэлектуальна адораных, але і на ўвесь вучнёўскі калектыў.
Распрацаваная мадэль комплекснага педагагічнага суправаджэння індывідуальнага развіцця высокаматываваных навучэнцаў дазваляе ажыццяўляць узаемадзеянне педагогаў, бацькоў, сацыяльных службаў і дзіцяці ў інтарэсах апошняга на ўзроўні сям’і, класа, паралелі, гімназіі, соцыуму. Рэалізацыя праекта дапамагае вырашаць праблемы пераемнасці, садзейнічае развіццю інтэлектуальнай актыўнасці навучэнца, навучанню самарэфлексіі і самарэгуляцыі.

Методыка даследчай дзейнасці арыентавана перш за ўсё на гімназістаў другой і трэцяй ступені навучання, калі прадметныя інтарэсы ў іх ужо сфарміраваліся. Пачатковая школа ўсё-такі засталася крыху ўбаку, але ж менавіта ў ёй павінен закладвацца фундамент ведаў, уменняў і навыкаў актыўнай, творчай, самастойнай дзейнасці навучэнцаў, прыёмаў аналізу, сінтэзу і ацэнкі вынікаў сваёй дзейнасці, і праектна-даследчая работа — адзін з найважнейшых шляхоў вырашэння гэтай праблемы. Мэта праектна-даследчай работы там — стымуляваць развіццё інтэлектуальна-творчага патэнцыялу малодшага школьніка праз развіццё і ўдасканаленне даследчыцкіх здольнасцей і навыкаў даследчыцкіх паводзін.
Спецыфіка даследчай работы ў пачатковай школе заключаецца ў сістэматычнай кіруючай, стымулюючай і карэктуючай ролі настаўніка. Галоўнае для настаўніка — захапіць і “заразіць” дзяцей, паказаць ім значнасць іх дзейнасці і даць упэўненасць у сваіх сілах, а таксама прыцягнуць бацькоў да ўдзелу ў школьных справах свайго дзіцяці. Многія бацькі ніколі не мелі магчымасці ўдзельнічаць у якіх-небудзь справах, не звязаных з іх прафесіяй ці чыста бацькоўскай дзейнасцю. Мы даём ім магчымасць зблізіцца са сваімі дзецьмі праз удзел у даследчыцкай дзейнасці. Гэтая работа становіцца для многіх бацькоў цікавай і захапляльнай справай. Яны разам з дзецьмі робяць фотаздымкі, выконваюць нескладаныя даследаванні, назіраючы за развіццём раслін, надвор’ем, падбіраючы інфармацыю для тэарэтычнага абгрунтавання праектаў, дапамагаючы дзіцяці падрыхтаваць абарону сваёй работы. Работы атрымліваюцца вельмі цікавымі, бо гэта агульны інтарэс і сумесная праца дзіцяці і бацькоў.
Любая праектна-даследчая работа складаецца з некалькіх этапаў: выбар тэмы, пастаноўка мэты і задачы, гіпотэза даследавання, арганізацыя даследавання, падрыхтоўка да абароны і абарона работы.

Пастаноўка праблемы, ці як выбраць тэму даследавання?

Ад правільнага выбару тэмы ў значнай ступені залежыць вынік работы. Тэмы могуць быць:

  •  фантастычныя (арыентаваныя на распрацоўку неіснуючых, фантастычных аб’ектаў і з’яў);
  •  тэарэтычныя (арыентаваныя на работу па вывучэнні і абагульненні фактаў, матэрыялаў, якія змяшчаюцца ў розных крыніцах, гэта тое, што можна спытаць у людзей, што напісана ў кнігах і інш.);
  •  эмпірычныя (прадугледжваюць уласныя назіранні і эксперыменты).

Пры выбары тэмы неабходна прытрымлівацца шэрагу правіл.
Тэма павінна захапляць дзіця. Даследчая работа, як і любая творчасць, магчымая і эфектыўная толькі на добраахвотнай аснове. Тэма, навязаная дзіцяці, якой бы важнай яна ні здавалася нам, дарослым, не дасць належнага эфекту, замест жывога захапляльнага пошуку дзіця атрымае добраахвотна-абавязковае мерапрыемства. Неабходна прапанаваць дзіцяці тую ідэю, у рэалізацыі якой яно раскрые лепшыя бакі свайго інтэлекту, атрымае новыя карысныя веды, уменні і навыкі, — задача складаная, але без яе вырашэння гэтая работа губляе сэнс.
Уменне вылучаць гіпотэзы. Гіпотэзы — гэта прыкладныя, імаверныя веды, яшчэ не даказаныя лагічна і не пацверджаныя вопытам. Для таго, каб сфарміраваць уменне выпрацоўваць гіпотэзы, можна выкарыстоўваць практыкаванне “Давайце разам падумаем”. Выказваючы меркаванні, выкарыстоўваем словы: “імаверна…”, “дапусцім…”, “магчыма…”, “што калі…”.

Арганізацыя даследавання ўключае ў сябе пэўныя этапы

Падумаць самастойна: Што я пра гэта ведаю? Якія думкі я магу выказаць пра гэта? Якія высновы магу зрабіць з таго, што мне ўжо вядома?
Прагледзець кнігі і перыядычныя выданні, прагледзець тэлематэрыялы па тэме, выкарыстаць інтэрнэт.
Спытаць у іншых людзей.
Паназіраць. Запісаць цікавую інфармацыю, атрыманую пры дапамозе назіранняў, дзіўныя факты і парадоксы. Па магчымасці зрабіць фотаздымкі.
Правесці эксперымент. Запісаць план і вынікі эксперыменту.
Абарона работы. Любы даследчы праект павінен быць абаронены. Для гэтага патрэбна падрыхтоўка. Падрыхтоўка да абароны ўключае наступныя этапы:
— Вылучэнне з тэксту асноўных паняццяў, вызначэнне гэтых паняццяў: тлумачэнне пры дапамозе прыкладу, апісанне, характарыстыка, параўнанне, адрозненне.
— Класіфікацыя асноўных прадметаў, працэсаў, з’яў і падзей.
— Выяўленне ўсіх заўважаных парадоксаў.
— Расстаноўка асноўных ідэй па важнасці.
— Прапанаванне параўнанняў і метафар.
— Фармулёўка вывадаў.
— Указанне на магчымыя шляхі далейшага вывучэння праблемы.
— Падрыхтоўка тэксту даклада.
— Падрыхтоўка сродкаў нагляднага прадстаўлення даклада.
Самому дзіцяці падрыхтавацца да абароны вельмі цяжка, патрэбна дапамога настаўніка і бацькоў. Нават добра падрыхтаваныя дзеці на публіцы губляюцца. Дапамагае мультымедыйнае суправаджэнне, у якім варта адлюстраваць асноўныя моманты работы, можна запрасіць бацькоў, гэта супакоіць навучэнца і ўмацуе сувязь сям’і і школы.
Выключную важнасць набывае адна ўмова: не перавялічваць магчымасці навучэнцаў, засцерагаць іх ад скараспелых меркаванняў, ад самаўпэўненасці.
Калі мы хочам, каб працэс развіцця і самаразвіцця асобы малодшага школьнага ішоў інтэнсіўна, нам неабходна стымуляваць яго даследчыцкую актыўнасць, падтрымаць прагу да новых уражанняў, цікаўнасці, імкненне эксперыментаваць, самастойна шукаць ісціну. Натуральна, што адной падтрымкі недастаткова. Дзіця неабходна вучыць спецыяльным ведам, уменням і навыкам даследчай дзейнасці.

Тамара РЭЗНІКАВА,
настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 174 Мінска.