Экалагічная адукацыя “па-жураўлінаму”

Напрыканцы навучальнага года адбыўся 51-ы Рэспубліканскі семінар-акцыя “Настаўнік года” — адукацыі Шаркаўшчынскага раёна”. Германавіцкая школа гасцінна адкрыла дзверы гасцям — удзельнікам конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” розных гадоў, кіраўнікам устаноў адукацыі, метадыстам, спецыялістам РАА, педагогам Шаркаўшчынскага раёна.

Семінар мае адметныя асаблівасці. Па-першае, у Шаркаўшчыну завіталі чатыры пераможцы конкурсу розных гадоў: Ірына Клявец, Юрый Андрэйчык, Інеса Зубрыліна, Віктар Жук. Па-другое, упершыню ў рэспубліканскім семінары прынялі ўдзел адначасова дзве настаўніцы пачатковых класаў — удзельнікі Віталіна Папковіч і Святлана Емяльянава-Раманоўская. І, нарэшце, — і гэта самае галоўнае! — гэта быў тэматычны выезд экалагічнага напрамку.

Чаму менавіта тут, у Германавіцкай школе, адбылася такая падзея? Таму што ўстанова стала месцам для адпрацоўкі магчымасцей рэалізацыі адукацыйных практык у школах Беларусі па кіраванні воднымі і біялагічнымі рэсурсамі. Ініцыятарамі новаўвядзенняў выступілі Праграмы развіцця ААН у Беларусі ў супрацоўніцтве з Мінпрыроды Беларусі, фондам “Кока-Кола”, аддзелам адукацыі Шаркаўшчынскага раёна, а таксама 11 педагогаў — членаў клуба “Крыштальны журавель”.
“Месца правядзення такіх заняткаў абрана невыпадкова, — падкрэсліў Мікалай Чэркас, тэхнічны каардынатар праекта ПРААН — “Кока-Кола”, у сваёй прамове да прысутных. — Балота Ельня займае важнае месца ў прыродаахоўнай дзейнасці нашай краіны. Хочацца верыць, што школы Шаркаўшчынскага і Мёрскага (дарэчы, тут таксама працавалі “жураўлі”) раёнаў зоймуць значнае месца ў экалагічнай адукацыі Беларусі”.

На незвычайных занятках прысутнічала звыш 50 педагогаў раёна. Усе ўрокі членаў Рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель” былі падпарадкаваны адной тэме: “Балоты Беларусі — наша нацыянальнае багацце”. Настаўнікі-практыкі прадэманстравалі магчымасці розных вучэбных прадметаў для рэалізацыі экалагічнага выхавання. Захаванне балот — наш агульны клопат. Гэтую ідэю імкнуўся раскрыць сродкамі свайго прадмета кожны настаўнік.

Інеса Зубрыліна і Аляксандр Сарока правялі майстар-клас на тэму “Экалагічная кампетэнцыя і спосабы яе фарміравання на ўроках замежнай мовы”. У інтэрактыўнай форме яны паказалі, як можна разгледзець унікальнасць беларускіх балот на прыкладзе балота “Ельня”. Камунікатыўная мэта — пераканаць англамоўнага сябра наведаць заказнік Ельня.

Настаўнікі набылі каштоўны вопыт эфектыўных практыкаванняў па такіх пытаннях, як роля візуалізацыі на ўроку, развіццё маналагічнасці мовы на аснове тэксту, даследчая дзейнасць, эмпірычнае навучанне, эфектыўныя прыёмы навучання маўленню, міжнародныя інтэрнэт-праекты, акцыя “Глабальны ўрок”, акцыя “Захавальнікі вады”.

На ўроках у пачатковых класах вучні разглядалі праблему захавання балот з дзвюх пазіцый. Трэцякласнікі разам з Віталінай Папковіч склалі калаж балота на мясцовым матэрыяле з яго разнастайным раслінным і жывёльным светам на ўроку па курсе “Чалавек і свет”. Мясцовыя відэасюжэты стварылі эфект прысутнасці. Напрыканцы вучні мелі гатовую схему “Значэнне балота Ельня” і прапанавалі свае думкі наконт яго захавання для будучых пакаленняў.

Святлана Емяльянава-Раманоўская праводзіла ўрок рускай мовы ў 4 класе. Мясцовыя фотаздымкі дабавілі каларыту ў вучэбны працэс, усе практыкаванні настаўніца распрацавала на матэрыяле балота Ельня. Плённа папрацаваўшы на ўроку, вучні прыйшлі да высновы, што яны ў адказе за захаванне балот.

Матэматыка — мова лічбаў, на якой прырода паведамляе нам аб сваіх праблемах. Менавіта такія высновы зрабілі вучні 6 класа разам з Аленай Пратасевіч. На ўроку дзеці паўтаралі тэкставыя задачы, у цэнтры ўвагі трымалі кароткі запіс умоў рознага тыпу задач. Вучні разам з настаўнікам працавалі перакладчыкамі: перакладалі тэкст умовы на мову кароткага запісу (падыходы В.І.Герасімава) і наадварот, перакладалі мову лічбаў на мову прыроды. Дзякуючы зместу задач, сталі суразмоўцамі з прыродай, паядналіся з ёй, каб вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць на беларускіх балотах па розных прычынах.

У 7 класе на ўроку біялогіі Ірыны Клявец навучэнцы паўтаралi сiстэматычныя катэгорыi i жыццёвыя формы, адначасова вызначалі раслiны, якія жывуць на верхавым балоце Ельня. Вучням было цiкава прымераць на сябе ролю балотных раслін. Усе прысутныя змаглi пачуць інтэрв’ю ад iмя балотных раслiн аб тым, з кім яны сябруюць, якую карысць маюць ад сваіх суседзяў на балоце, якія цяжкасці сустракаюцца ў iх жыцці, парады аб тым, як гэтыя цяжкасцi пераадолець.

Вучнi 8 класа на пазакласных занятках па бiялогii абагульнялi веды па тыпе хордавыя на прыкладзе прадстаўнiкоў фаўны ландшафтнага заказнiка Ельня. Называліся заняткі “Усякі кулік сваё балота хваліць”. Цi ёсць чым пахвалiцца жывёлам, якiя жывуць у нялёгкiх умовах верхавога балота? Каб адказаць на гэтае пытанне, навучэнцы выкарыстоўвалi для самастойнага здабывання інфармацыi розныя крыніцы, выконвалi творчыя заданнi. Напрыканцы заняткаў групы прэзентавалi вынiкi сваёй работы.

Дрыгва зацягвае толькі жывыя аб’екты, нежывыя застаюцца ляжаць на паверхні. Гэты вядомы факт стаў прадметам вывучэння на ўроку фізікі ў 9 класе “Балота: сябар або вораг?”. Марына Дудойць прапанавала заданні, якія дапамаглі вучням знайсці адказы на ключавыя пытанні: чаму дрыгва паводзіць сябе так нечакана, як яна адрознівае жывыя аб’екты ад нежывых, як выратавацца, калі вы трапілі ў дрыгву?

Фізічную мадэль дрыгвы вучні атрымалі, размяшаўшы крухмал з вадой. З дапамогай гэтай мадэлі вывучылі фізічныя ўласцівасці вадкасці, якая паводзіць сябе зусім не так, як звычайная вада. Патлумачыўшы вынікі эксперымента, вучні назвалі фізічныя асаблівасці, якія адрозніваюць твань ад вады. Галоўны вывад, які зрабілі навучэнцы,— гэта тое, што кожны чалавек можа зрабіць навакольнае асяроддзе сваім сябрам, калі будзе вывучаць яго і прымяняць свае веды ў жыцці.

Галіна Сухава з дзесяцікласнікамі разважала аб тым, ці можна балота лічыць сімвалам Беларусі. На ўроку стала скразной дыскусія па пытаннях: балота ад Бога ці д’ябла, ці ёсць сувязь паміж балотам і нацыянальным характарам беларусаў? Дзеці шукалі аргументы на карысць свайго выбару ў творах беларускай літаратуры, фальклоры, моўным матэрыяле.

Урок Віктара Жука па тэме “Меліярацыя: рэтраспектыва і сучасны погляд” стаў спробай асэнсавання праблемы асушэння балот праз прызму часу.

Пасля заняткаў педагогі абмеркавалі найбольш эфектыўныя падыходы ўвядзення прыродаахоўнай тэматыкі ў існуючыя школьныя курсы з іх наступным распаўсюджваннем. Плануецца, што вынікам сумеснай работы стане распрацаваны матэрыял для выкарыстання ўсімі школамі рэспублікі.

Асаблівыя словы падзякі хочацца выказаць вучням Германавіцкай школы і іх настаўнікам. Верыцца, што ў іх усё атрымаецца, бо ідуць яны разам і ў адным кірунку. Поспехаў вам у такой важнай справе!

На Шаркаўшчыне жывуць гасцінныя, ветлівыя людзі, якія з павагай ставяцца да прыроднага багацця Беларусі. Нам было вельмі цікава зазірнуць у музеі горада, дзе захаваліся народныя традыцыі, культура і побыт беларусаў. Асабліва ўразіла мастацкая галерэя былой настаўніцы Ады Райчонак, якая на ўласныя сродкі заснавала такі музей. Увесь час з намі былі начальнік аддзела адукацыі Мікалай Рубацкі і яго намеснікі Кацярына Міхнёнак і Наталля Арэшкава. Якую цудоўную вылазку на балота яны нам падарылі! Мы ўдыхнулі сапраўдны водар балот з квітнеючым багуном, журавінамі і падвеем. Убачылі цікавую расліну — расіцу. Колькі фотаздымкаў прыгажосці Ельні кожны з нас павёз сваім вучням!

Верыцца, што такая справа будзе жыць і прыносіць карысць нашай зямлі і асалоду яе людзям.

Марына ДУДОЙЦЬ,
Віталіна ПАПКОВІЧ,
удзельніцы выезду, члены клуба “Крыштальны журавель”.