Кіраванне пазнавальнай дзейнасцю

Вучэбная дзейнасць па-сапраўднаму развіццёвай і асобасна значнай стане тады, калі будзе звязана з вырашэннем праблем у выніку актыўнай сумеснай або самастойнай дзейнасці.

Сучасны ўрок нельга ўявіць без выкарыстання актыўных метадаў навучання, якія прадугледжваюць разнастайнасць відаў, форм і спосабаў дзейнасці, сярод якіх важнае месца займаюць праблемна-пошукавыя, што ствараюць сітуацыі для самастойнага пошуку і свабоднага выбару, практычныя, наглядныя. Немагчымы сучасны ўрок і без нестандартных і творчых заданняў.

Любую, нават самую дасканалую методыку напаўняюць новым зместам не толькі ідэі аўтара, але і асоба педагога. З мноства існуючых прыёмаў выбіраю тое, што блізка мне.

Для таго каб навучэнцы былі актыўна ўцягнуты на занятках у працэс, патрэбна прадуманая кіруючая дзейнасць настаўніка на ўсіх этапах урока. Пазнавальная актыўнасць навучэнцаў на ўроку магчыма пры ўмове, калі дзейнасць, якой яны займаюцца, для іх цікавая. Так, на ўроках у 5 класе стараюся дасягнуць максімальна магчымага эмацыянальнага ўсплёску. Здзіўленне — гэта пачатковая фаза развіцця пазнавальнага інтарэсу. Вялікае значэнне мае яркі пачатак урока: “А ці ведаеце вы, што…”, “Увага! Чорная скрыня”, “Увага! Гэта цікава”. Выкарыстоўваючы гэтыя метадычныя прыёмы, паведамляю навучэнцам новыя звесткі, цікавыя факты, запальваючы тым самым агеньчык цікавасці ў вачах дзяцей.
Павышае матывацыю на этапе мэтапастаноўкі прыём “Асацыяцыі”. У 6 класе ў пачатку вывучэння тэмы “Японская цывілізацыя” запытваю навучэнцаў, якія асацыяцыі выклікае ў іх слова “Японія”. У адказ атрымліваю доўгі шэраг імёнаў, слоў. Гавару, што пра некаторыя словы і імёны мы ўжо сёння даведаемся шмат новага і цікавага, а з астатнімі абавязкова сустрэнемся на наступных уроках. І тут жа стаўлю задачу — папоўніць калекцыю ведаў і ўяўленняў пра Японію. На ўроку абагульнення вяртаемся да асацыятыўнага рада, параўноўваем, наколькі змяніўся спіс асацыяцый.

У 6—7 класах пры вывучэнні паняццяў прапаноўваю навучэнцам скласці асацыятыўны рад з якім-небудзь паняццем. На этапе замацавання дзеці пішуць апавяданне, выкарыстоўваючы асацыяцыі як апорныя словы.
Як актуалізаваць веды навучэнцаў па тэме? Ёсць многа метадычных прыёмаў. Адзін з іх — “Рэстаўрацыя”. Перад тым як прапанаваць заданне, ствараю інтрыгу: “Археолагі знайшлі пісьмовую крыніцу, чарніла выцвіла. Давайце дапаможам вучоным прачытаць дакумент або старонкі летапісу, скрутка”.

Эфектыўны на гэтым этапе ўрока таксама метад “Знайдзі памылку”. Навучэнцам раздаю тэкст з гістарычнымі памылкамі, якія яны павінны выправіць. Праверку задання ажыццяўляю рознымі спосабамі, часта ў выглядзе самакантролю або ўзаемаправеркі з выкарыстаннем мультымедыйнага экрана. Іншы раз тыя, хто жадае выступіць у ролі рэстаўратара, самі агучваюць памылкі ў тэксце.

Навучэнцы не заўсёды любяць выходзіць адказваць да дошкі. На дапамогу прыходзіць прыём “Гістарычны футбол”. Навучэнец выклікаецца да дошкі, “становіцца на вароты”. Аднакласнікі задаюць яму па чарзе пытанні, якія складалі дома па параграфе. Колькі “галоў” адбіў навучэнец, столькі балаў і атрымаў. Кожнаму навучэнцу дазваляецца забіць дзесяць “галоў”. Гэты прыём выкарыстоўваю і пры замацаванні новага матэрыялу.

Эфектыўнай формай работы, цікавай для навучэнцаў, з’яўляецца прыём “Пераблытаная табліца”, якую паспяхова выкарыстоўваю на этапе абагульнення ведаў і спосабаў дзейнасці. Кожны навучэнец атрымлівае табліцу, у якой пераблытаны, напрыклад, прозвішчы першаадкрывальнікаў і адкрыцці, якія яны здзейснілі. Навучэнцы прыводзяць табліцу ў адпаведнасць.

Стымулююць работу вучняў, спрыяюць развіццю лагічнага мыслення, увагі на этапе замацавання прыёмы “Завяршы фразу”, “Напішы тэкст”, “Задай пытанне”, “Суаднясенне паняццяў”.

Адным з найбольш эфектыўных сродкаў актывізацыі мыслення з’яўляецца праблемнае навучанне. Уключэнне вучняў у вырашэнне праблемных пытанняў на ўроках гісторыі спрыяе актывізацыі іх пазнавальнай дзейнасці. Пачатковым момантам разумовага працэсу, як правіла, служыць праблемная сітуацыя. Амаль ва ўсе свае ўрокі ўключаю элементы праблемнасці. Перад тым як перайсці да вывучэння новай тэмы, стаўлю нечаканыя, цікавыя пытанні, на якія неабходна адказаць у канцы ўрока: “Чаму маленькая і раздробленая Грэцыя змагла перамагчы магутную Персію?”

Вялікі патэнцыял для стварэння сітуацыі пошуку мае выкарыстанне супярэчлівых фактаў. Урок у 8 класе “Эпоха Пятра Вялікага” пачынаю з праблемнага пытання: “Хто ж такі Пётр І: цуд або пачвара?” Арганізоўваю работу з гістарычнымі крыніцамі, выказваннямі пра Пятра І, уключаю ва ўрок фрагмент відэафільма. Падчас дыскусіі кожны навучэнец мае права выказваць свой пункт гледжання, абапіраючыся на фактычны матэрыял. Пры гэтым канчатковага заключэння аб правільнасці або памылковасці адказаў пакуль не даю. У канцы ўрока разам робім абагульненне: асоба Пятра І аказала вялікі ўплыў на развіццё Расіі, аднак цана яго рэформ занадта высокая.

Уключэнне дзяцей у вырашэнне праблемнай сітуацыі, пастаноўка праблемнага пытання забяспечваюць пазнавальную матывацыю навучэнцаў, якія ў гэты час супрацоўнічаюць з настаўнікам, выказваюць свае думкі, абмяркоўваюць прапановы аднакласнікаў і адбіраюць з дапамогай настаўніка той змест, які навукова абгрунтаваны.

Па магчымасці стаўлю сваіх вучняў у сітуацыю выбару: “А на чыім баку хацелі б быць вы і чаму?”, “Што б вы зрабілі, калі…”. Адказы на гэтыя пытанні ставяць школьнікаў у сітуацыю прыняцця рашэння, а гэта адзін са спосабаў забеспячэння асобаснага росту.

Высокі ўзровень пазнавальнай актыўнасці дасягаецца падчас самастойнай работы, калі навучэнец можа карыстацца падручнікам, апорнай табліцай, гістарычнымі крыніцамі, звярнуцца да настаўніка. Дапамагае забяспечыць работу ўсіх без выключэння навучэнцаў прыём “Пытанні да тэксту”. Прапаноўваю навучэнцам самастойна прачытаць фрагмент параграфа або гістарычнага дакумента і скласці для аднакласнікаў пытанні па тэме.

Нямецкі філосаф І.Кант пісаў: “Уменне ставіць разумныя пытанні ўжо ёсць важная і неабходная прымета розуму або праніклівасці”. Прадумваю пытанні так, каб сярод іх абавязкова былі творчыя, такія, што прымушаюць дзяцей мысліць, аргументаваць, прагназаваць развіццё сітуацый: “Калі б у гісторыі ВКЛ не было Вітаўта, то…” (прыём “Незакончаны сказ”).

На пазнавальную актыўнасць навучэнцаў уплывае падбор матэрыялу. Вучэбная праграма па гісторыі Беларусі прадугледжвае вывучэнне краязнаўчага матэрыялу, прызначанага для асвятлення мясцовых асаблівасцей гістарычнага развіцця (рубрыка “Наш край”). Гістарычнае мінулае вёскі Церуха мае многа магчымасцей для арганізацыі пошукава-даследчай дзейнасці дзяцей. Павысіць цікавасць да тэмы, разумовую актыўнасць навучэнцаў на ўроку “Адукацыя і навука ў 60-я гг. ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя” ў 9 класе дазваляе апора на дакументальныя і фотаматэрыялы пра стварэнне і дзейнасць царкоўнапрыходскай школы ў вёсцы Церуха ў ХІХ стагоддзі. Працуючы на ўроку з копіяй дакумента 1867 года, які захоўваецца ў школьным музеі, навучэнцы зрабілі нечаканае адкрыццё: высветлілі, чаму 148 гадоў назад адна з вуліц Церухі называлася Папоўка. Гэта натхніла іх на далейшую работу па вывучэнні матэрыялаў пра гісторыю назваў вуліц вёскі, вынікі даследаванняў прадставілі на ўроку “Наш край” у форме прэзентацыі.

Трэба дарыць навучэнцам цікавыя ўрокі, якія аказваюць на дзяцей вялікае эмацыянальнае ўздзеянне. Гэтай мэце служаць нетрадыцыйныя ўрокі, у тым ліку ўрокі-гульні. Важныя складнікі такога ўрока — нестандартныя заданні, самастойны пошук.

Гульня — універсальны спосаб заахвочвання і падтрымання цікавасці да матэрыялу, які вывучаецца, а гульнявыя прыёмы дапамагаюць настаўніку праверыць веды навучэнцаў у цікавай для іх форме. Пры навучанні гісторыі гульні можна выкарыстоўваць на кожным этапе ўрока. Пра тое, што ўрок-абагульненне будзе праходзіць у форме конкурсу, навучэнцам паведамляю загадзя. Спаборніцкі дух натхняе дзяцей, дзеля перамогі хлопцы і дзяўчаты рыхтуюцца да такога ўрока грунтоўна: знаходзяць інфармацыю ў часопісах, энцыклапедыях, інтэрнэце.

Навучэнцы павінны ведаць падзеі, якія вывучаюцца, месца і час іх ажыццяўлення, удзельнікаў. У многіх дзяцей памяць, якую неабходна развіваць. Актывізаваць дзейнасць у гэтым напрамку, лепш засвоіць гістарычныя тэрміны і даты дапамагае такі гульнявы прыём, як “Гістарычнае лато”. На картках напісаны падзеі, імёны гістарычных дзеячаў, даты. Карткі выкладваю на парту, навучэнцы па чарзе падыходзяць да стала і ўтвараюць “тройку”. Выйграе тая каманда, якія ўтварыла больш правільных “троек”.

Падабаюцца дзецям і такія формы работы ў камандзе, як “Слоўнікавая дуэль”, “Храналагічная дуэль”. У адпаведнасці з узроставай спецыфікай навучэнцаў другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі на першы план у падлеткаў выходзяць мэты асваення камунікатыўных навыкаў. Гэтаму шмат у чым спрыяе работа ў групах, у камандзе.

Навучэнцы 6—9 класаў паспяхова спраўляюцца з апераджальным заданнем самім падрыхтаваць пытанні для каманды-саперніцы. Гульнявыя прыёмы патрэбны для актывізацыі ўвагі, павышэння цікавасці да работы навучэнцаў як 5-х, так і 9-х класаў. Для гэтага выкарыстоўваю прыём “Чыстая дошка”. На дошцы вывешваю пытанні. У працэсе вывучэння тэмы і адказаў пытанні знімаюцца з дошкі, і ў канцы ўрока яна становіцца чыстай.

Павысіць цікавасць да тэмы, зрабіць працэс навучання такім, які запамінаецца, дапамагаюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Пры вывучэнні ў 5 класе тэмы “Старажытнагрэчаскі тэатр і святы” прапаноўваю паглядзець мультфільм “Зорная алімпіяда Гуфі”. Папярэдне даю мэтавую ўстаноўку: быць вельмі ўважлівымі, таму што пасля прагляду трэба будзе адказаць на прапанаваныя пытанні.

Выкарыстанне ІКТ на ўроках гісторыі спрыяе стварэнню сітуацый для творчасці і самастойнага пошуку. Адбылася экскурсія навучэнцаў школы ў Мірскі замак, сярод удзельнікаў былі сямікласнікі. Фотаздымкі, зробленыя ў час экскурсіі, ляглі ў аснову прэзентацыі. Такім чынам, стала магчымай віртуальная экскурсія ў Мірскі замак пры вывучэнні ў 7 класе тэмы “Культура XIV—XV стагоддзяў”. Усе навучэнцы не толькі ўбачылі прыгажосць і веліч замка, але і пачулі яркія ўражанні навучэнцаў, якія наведалі яго. Такі ўрок назаўсёды захавае ў памяці яркі вобраз помніка культуры Беларусі.

У 9 класе пры вывучэнні тэмы “Жывапіс і архітэктура Беларусі ў 1860-х гг. — пачатку ХХ ст.” выкарыстоўваю прэзентацыю. На наступным уроку на этапе актуалізацыі вывучанага ўключаю тую ж прэзентацыю і выказваю здзіўленне, што на адным слайдзе адсутнічае імя мастака, на другім — назва жанру, у якім працуе мастак, а таксама назвы карцін. Задача навучэнцаў — узнавіць страчаную інфармацыю.

Значна павышае цікавасць да ўрока ўвядзенне відэапаведамленняў, відэапытанняў, падрыхтаваных настаўнікамі іншых дысцыплін і навучэнцамі школы. У рамках дэкады педагагічнага майстэрства “Творчы настаўнік — творчаму вучню” да ўрока ў 6 класе па тэме “Гаспадарка, рамяство і гандаль усходніх славян” у якасці апераджальнага задання прапанавала навучэнцам падрыхтаваць відэапаведамленне аб промыслах усходніх славян. Паведамленні пра рыбалоўства навучэнцы знялі каля ракі, пра бортніцтва — у лесе. Гэты прыём на ўроку ў 6 класе выкарыстоўваўся ўпершыню, выклікаў вялікі інтарэс і шмат пытанняў да аўтараў відэапаведамленняў.

Пры вывучэнні тэм па культуры і мастацтве навучэнцам прапаноўваюць відэапытанні настаўніка беларускай літаратуры, музыкі. На занятках актыўна выкарыстоўваю тэставыя заданні, але больш не як форму кантролю якасці ведаў, а як сродак актывізацыі, гэта дапамагае аператыўна выявіць праблемы ў ведах навучэнцаў і арганізаваць работу па іх карэкцыі.

Для большасці вучняў дамашнія заданні — нудная і нецікавая неабходнасць. Актывізаваць інтарэс да дамашняга задання дапамагае метадычны прыём “Здабудзь адказ”: навучэнцы атрымліваюць пытанні па тэме ўрока, адказаў на якія ў параграфе няма. Часам прапаноўваю выканаць дамашняе заданне на ўласны выбар (прыём “Ідэальнае заданне”): скласці крыжаванку, падрыхтаваць малюнак, напісаць міні-сачыненне. Пры вывучэнні ў 7 класе тэмы “Княжанне Вітаўта” прапаноўваю творчае дамашняе заданне: “Суаднясіце духоўнае багацце дзяржавы пры Вітаўце і сёння”. Такое заданне, да ўсяго іншага, накіравана на фарміраванне каштоўнасных арыентацый навучэнцаў, патрыятычных якасцей.

З захапленнем вучні рыхтуюць дома творчыя заданні, звязаныя з тэмай урока: прылады працы старажытных людзей, макеты замкаў і гаспадарчых пабудоў сярэдніх вякоў, караблёў і г.д. Вырабы навучэнцаў, важная частка інтэр’ера кабінета гісторыі, мэтанакіравана выкарыстоўваюцца на вучэбных занятках.

Аналіз анкетавання, праведзенага ў 5—9 класах, паказвае: больш за ўсё на ўроках гісторыі навучэнцам падабаюцца наступныя віды работ: творчыя заданні, складанне прэзентацый, падрыхтоўка відэапаведамленняў, гульні і конкурсы. Выкарыстанне на ўроках гісторыі эфектыўных метадаў і прыёмаў актывізацыі пазнавальнай дзейнасці аказвае ўплыў на якасць ведаў, спрыяе развіццю творчай асобы.

Навучэнцы ўстановы штогод становяцца пераможцамі і прызёрамі другога этапу Рэспубліканскай і абласной алімпіяд па гісторыі, раённай навукова-практычнай канферэнцыі. Выніковасць таксама праяўляецца ў прадуктах творчай самастойнай дзейнасці навучэнцаў: паведамленнях на матэрыяле даследаванняў, прэзентацыях, крыжаванках.

Ірына ЕЎТУШЭНКА,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства
Церухскай сярэдняй школы Гомельскага раёна.