Гарызонты баранавіцкіх гімназістаў

Некалькі гадоў назад па тэлебачанні маю ўвагу прыцягнула перадача пра юных талентаў нашай краіны. У эфіры ўдзельнічалі старшакласнікі гімназіі № 5 Баранавіч. Яны наведвалі гурток “Юны даследчык”, дзе заняткі праводзіць настаўнік фізікі Андрэй Канстанцінавіч Любас. Мяне як былога настаўніка фізікі і матэматыкі зацікавіла гэта. Тады дырэктар згаданай установы адукацыі Таццяна Шастак (цяпер яна ўзначальвае гарадское ўпраўленне па адукацыі) гаварыла аб А.К.Любасу, што ён удалая знаходка для педкалектыву, бо педагог, як кажуць, ад Бога і з’яўляецца прыкладам для настаўнікаў і вучняў.

Удзельнікі Маскоўскага форуму “Патэнцыял” Іван Віктаравіч Унукаў — старшыня аргкамітэта; дырэктар гімназіі № 5 Аляксей Бычкоўскі; навучэнцы: Мікіта Ла­пуць, Данііл Сабалеўскі, Аляксей Астроўскі; настаўнік фізікі Андрэй Любас.

У школьныя гады Андрэй Любас наведваў гурток па радыёэлектроніцы ў сярэдняй школе № 24 Брэста, кіраўніком якога быў В.С.Сліва. Ён прывіў Андрэю цікавасць да радыёэлектронікі. А.Любас скончыў у 2014 годзе Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна, атрымаў дыплом па спецыяльнасці “Фізіка: навукова-педагагічная дзейнасць”. Пазней ён атрымаў яшчэ адзін дыплом Інстытута бесперапыннай адукацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “Эканамічная кібернетыка” і набыў кваліфікацыю матэматыка-эканаміста.

Як кіраўнік навукова-даследчай дзейнасці таленавітай моладзі педагог умее зацікавіць сваіх выхаванцаў творчым пошукам. Пад кіраўніцтвам Андрэя Канстанцінавіча ў гімназіі працуе творчае аб’яднанне па інтарэсах “Юны даследчык. Асновы робататэхнікі і радыёэлектронікі”. Наведваюць заняткі навучэнцы 8—11-х класаў. Юныя таленты тут стварылі сваю дынамічную сістэму сачэння за перамяшчэннем Сонца. Яна ўяўляе сабой сукупнасць сонечных батарэй, устаноўленых на нерухомай апорнай канструкцыі. Як вядома, на працягу светлавога дня Сонца рухаецца па нябеснай сферы, у выніку чаго мяняецца вугал падзення яго прамянёў на паверхню сонечных батарэй. Неабходнай і абавязковай умовай атрымання максімальнай магутнасці сонечнай электрастанцыі з’яўляецца вугал падзення прамянёў на паверхню сонечных батарэй. Каб атрымаць найбольшую аддачу, вугал падзення павінен быць максімальна набліжаны да 90 градусаў. Але ж стацыянарна ўсталяваныя сонечныя батарэі не дазваляюць адсочваць перамяшчэнне Сонца. У выніку сонечная электрастанцыя губляе частку магутнасці. Гэта павялічвае тэрміны акупнасці і пагаршае рэнтабельнасць такіх праектаў. На дапамогу юным даследчыкам прыйшла распрацаваная імі робатызаваная сістэма сачэння за перамяшчэннем Сонца. Такая сістэма дазваляе ў рэжыме рэальнага часу аўтаномна адсочваць траекторыю перамяшчэння Сонца і арыентаваць сонечныя батарэі такім чынам, каб вугал падзення сонечных прамянёў быў максімальна блізкі да 90 градусаў, што дае магчымасць павысіць магутнасць, а адпаведна і рэнтабельнасць.

На Х Рэспубліканскім конкурсе “Энергамарафон” у намінацыі “Праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні” лепшым стаў навучэнец гімназіі № 5 Ула­дзіслаў Ліс (навуковы кіраўнік А.К.Любас). Праект быў прадстаўлены разам з распрацоўкай “Робатызаваная сістэма сачэння за перамяшчэннем Сонца. Аптымізацыя сонечных электрастанцый”. За гэта Уладзіслаў быў удастоены дыплома І ступені Дэпартамента энергаэфектыўнасці Камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь. На VIII Рэспубліканскім конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект” за распрацоўку “Дынамічная сістэма сачэння за перамяшчэннем Сонца” хлопец таксама быў узнагароджаны дыпломам І ступені. Поспехі гімназіста далі яму права быць залічаным на першы курс ВНУ.

— А ў якім стане электрастанцыя цяпер? — цікаўлюся ў А.К.Любаса.

— Гэта ўжо пройдзены этап нашых даследаванняў, — адзначае настаўнік. — Цяпер яе магутнасць невялікая. Раней мы ставілі мэту мець у гімназіі сваю электрастанцыю і дасягнулі яе. Зараз набытыя сонечныя батарэі забяспечваюць электраэнергіяй два вучэбныя класы.

 — А калі ўзяць выхаваўчы бок праблемы, то электрастанцыя апраўдала сябе маральна, — заўважае дырэктар гімназіі А.У.Бычкоўскі. — Юныя даследчыкі, знахо­дзячыся ў пастаянным пошуку, гартавалі свае характары. Яны вучыліся выказваць свае думкі на праблему, працаваць у калектыве, дзе кожны паважае погляды свайго таварыша і гатовы да спакойнага, разважлівага дыялогу.

  З верасня 2019 года на базе гімназіі пачаў сваю работу цэнтр мейкерства (рэсурсны цэнтр). Там дзеці вывучаюць робататэхніку, радыёэлектроніку, альтэрнатыўную энергетыку, 3D-мадэляванне і друк. Дарэчы, у 2015 годзе Андрэй Любас сабраў сваімі сіламі ЗD-прынтар. Зараз ён важны не толькі для навучання, але і для дапамогі медыкам у барацьбе з каранавірусам. Цяпер ва ўстанове друкуюцца перахаднікі для апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх.

— У Беларусі канцэпт STREAM стаў выкарыстоўвацца і распаўсюджвацца ў апошнія гады, — расказвае пра дзейнасць цэнтра Андрэй Любас. — STREAM — маркер выхаду адукацыі на новы ўзровень пошуку, доступу да прарыўных, інавацыйных тэхналогій як для ўсяго грамадства, так і для асобнага чалавека. STREAM — комплекс акадэмічных і прафесійных дысцыплін у натуральных, тэхналагічных, інжынерных навуках і матэматыцы, накіраваных на падрыхтоўку спецыя­лістаў з новым тыпам мыслення, без якіх немагчыма развіццё інавацыйнай эканомікі. 

Пад кіраўніцтвам таленавітага настаўніка гімназісты штогод заваёўваюць узнагароды на спаборніцтвах самага рознага ўзроўню. Так, напрыканцы 2019 года на міжнародным турніры па робататэхніцы RoboTex, які прайшоў у Таліне, зборная рэспублікі атрымала дыплом ІІІ ступені.  На XXIX Міжнароднай адкрытай маскоўскай інжынернай канферэнцыі школьнікаў “Патэнцыял” Мікіта Лопуць удастоены дыплома ІІ ступені.

— Я ўдзячны лёсу, што прывёў мяне ў гімназію, дзе я працую ў дружным калектыве, якім кіруюць энтузіясты сваёй справы, і шчаслівы тым, што маю зносіны з юнымі талентамі — гэтымі шчырымі, вясёлымі і цікаўнымі навучэнцамі. З такімі ў навуковую разведку можна смела ісці, бо поспех гарантаваны, — падкрэслівае Андрэй Любас.

Канстанцін СТАНКЕВІЧ,
ветэран журналістыкі.