Сучасная педагогіка сёння разглядае адукацыю як працэс, які накіраваны на самаразвіццё асобы вучня, на пашырэнне яго магчымасцей кампетэнтнага выбару свайго жыццёвага шляху. У адпаведнасці з актуальнымі запатрабаваннямі часу, галоўнай задачай агульнаадукацыйнай установы з’яўляецца падрыхтоўка адукаванага і творчага грамадзяніна, здольнага да пастаяннага развіцця і самаадукацыі. Вядома, гэта патрабуе ад сучаснага настаўніка беларускай мовы і літаратуры пошуку новых метадаў, прыёмаў і форм навучання. Менавіта таму ў 2014/2015 навучальным годзе я выбрала наступную тэму па самаадукацыі — “Выкарыстанне элементаў тэхналогіі педмайстэрняў на вучэбных занятках па беларускай мове і літаратуры”.
Вучыцца — значыць прыдумваць
Педагагічная майстэрня — гэта нестандартная форма арганізацыі адукацыйнага працэсу, што стварае творчую атмасферу, псіхалагічны камфорт, які садзейнічае росту вучня і настаўніка, дорыць радасць.
На аснове аналізу метадычнай і навуковай літаратуры па навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення і практычных матэрыялаў быў вызначаны наступны механізм адзінства навучання і выхавання: веды і ўзроставыя ўяўленні + матывацыя да вывучэння прадмета + унутраныя пачуцці і адносіны да вызначанага пытання + вучэбныя навыкі і штодзённыя звычкі + учынкі і паводзіны дзіцяці ў пазаўрочнай дзейнасці = якасць асобы.
Асабліва шмат прыхільнікаў тэхналогіі педмайстэрняў сярод настаўнікаў, якія выкладаюць прадметы гуманітарнага цыкла, бо іх прадметы прадугледжваюць свабодныя зносіны, абмен думкамі, уздзеянне на душу і розум вучня.
Вядома, што чалавек здольны асэнсавана ўспрымаць мастацтва толькі ў тым выпадку, калі ў яго ёсць патрэба ў чытанні, калі ён можа разумець тое, што чытае. Але з кожным годам усё менш становіцца вучняў, якія з захапленнем чытаюць творы беларускай літаратуры. Таму задача настаўніка беларускай мовы і літаратуры заключаецца ў тым, каб дапамагчы школьнікам навучыцца чытаць літаратуру, знаходзіць у кнізе блізкае сваім думкам і пачуццям, адкрываць для сябе разнастайны свет чалавечых адносін. Настаўніку неабходна стварыць атмасферу адкрытасці, добразычлівасці, навучыць школьнікаў гаварыць САМАСТОЙНА. Для гэтага патрабуецца толькі адно — слухаць і чуць аўтара мастацкага твора. Як мага лепш гэтая задача можа быць вырашана на занятках, пабудаваных па прынцыпе педагагічнай майстэрні, якія вядуць да калектыўнага пошуку і да адкрыцця новых ведаў.
Гэтая тэхналогія падкрэслівае сваю актуальнасць дзякуючы наступным ПРЫНЦЫПАМ:
1) абавязковае стварэнне педагогам атмасферы шчырасці, добразычлівасці і сутворчасці на ўсіх этапах урока;
2) настаўнік павінен звяртацца да асабістых пачуццяў школьніка, абуджаць яго персанальную зацікаўленасць у вывучэнні тэмы;
3) на працягу заняткаў не ацэньваць работу вучня, а на апошнім этапе даць яму магчымасць самому ацаніць сябе;
4) пажадана чаргаваць індывідуальную работу вучняў з калектыўнай, даць ім права выбару відаў дзейнасці;
5) педагогу важна не спяшацца адказваць самому на пастаўленыя пытанні, бо галоўнае не так вынік, як сам працэс пошуку ведаў;
6) неабходна дабівацца роўнасці ў адносінах паміж школьнікамі і настаўнікам.
Атмасфера тэхналогіі педмайстэрняў
• спрэчка вучня з самім сабой — самая запаветная мара;
• новыя веды важна далучаць да таго, што вучань ужо ведае;
• настаўнік мусіць зрабіць дзяцей здольнымі пражыць моманты пошуку ведаў, аналізу сітуацыі, каб на выхадзе са школы яны самі маглі канструяваць веды;
• чалавек усведамляе сябе, калі ён піша;
• у задачу настаўніка ўваходзіць стварэнне ў класе атмасферы адкрытасці;
• дзіця, безумоўна, можа (і павінна) рабіць памылкі, але памылкі не павінны высмейвацца;
• вучыцца — значыць прыдумваць;
• выкінем з працэсу атрымання ведаў усе метады, звязаныя з прыніжэннем годнасці вучня;
• замест падказкі трэба знайсці яшчэ адну сітуацыю, каб дзеці развівалі тое слушнае, што знайшлі, і пакінулі памылковыя ідэі;
• настаўнік сам імкнецца выціснуць з сябе страх, які ён звычайна ў “мiнулым жыцці” хаваў за сваёй аўтарытарнасцю;
• свабода настаўніка развівае свабоду вучня;
• пазнанне не ёсць паслухмянасць;
• у майстэрні павінна быць прастора для думак.
Задача настаўніка — прадставіць не павярхоўную інфармацыю, а прыдумаць такую праблемную сітуацыю, якая б прывяла да разрыву паміж папярэднімі ведамі і новай інфармацыяй, выклікала б свабодны пошук, захапляльнае паляванне за скарбам новых ведаў.
На майстэрні важна не столькі паведаміць і засвоіць інфармацыю, колькі навучыць тварыць, дапамагчы кожнаму ўдзельніку майстэрні сцвердзіць самога сябе. На вялікі жаль, тэхналогію педагагічных майстэрняў цяжка апісаць. Майстэрню неабходна ўбачыць, быць удзельнікам яе “будаўніцтва”.
Урок пазакласнага чытання па аповесці Уладзіміра Караткевіча “Сівая легенда” ў 10 класе (па тэхналогіі педмайстэрняў)
Пасля вывучэння тэмы “Уладзімір Караткевіч. Чазенія” праграмай рэкамендавана правесці ўрок пазакласнага чытання па аповесці “Сівая легенда”. На маю думку, на гэтых занятках варта выкарыстаць метады, прыёмы і формы работы паводле тэхналогіі педагагічных майстэрняў.
Урок пазакласнага чытання варта пачаць (не аб’яўляючы яго тэму, задачы і этапы) з індукцыі (“навядзення”) удзельнікаў на тэму ці праблему, якую ўзняў пісьменнік у мастацкім творы. Выклікаць у вучняў эмацыянальны настрой, пачуцці, асацыяцыі, якія б спрыялі ўдумліваму стаўленню да прадмета абмеркавання, — асноўная задача першага этапу. Удалым індуктарам можа стаць мастацкае чытанне заключнай сцэны аповесці — “Сустрэча закаханых Рамана Ракутовіча і Ірыны на замкавым двары” (пачынаючы ад слоў “Ударыў недзе першы далёкі ўдар звана” да радка “І твар ваяўніка плакаў без слёз”).
Пасля паўзы настаўнік пачынае ажыццяўляць другі этап урока-майстэрні — самаканструкцыю, што скіроўвае вучняў на індывідуальную работу па стварэнні гіпотэзы, тэксту, малюнка, праекта на пошук вырашэння, адказу.
Настаўнік прапаноўвае вучням у сшытку па літаратуры абвесці ручкай сваю далонь і на кожным графічным пальцы ў адзін радок запісаць пачуцці (магчымы розныя часціны мовы), якія ўзніклі падчас слухання ўрыўка. У асацыятыўны рад, верагодна, трапяць словы “страх”, “боль”, “нянавісць”, “трывога”, “шкадаванне”, “радасць” і інш. Кожны вучань зачытвае запісаныя ім словы і дапаўняе гэты рад іншымі, названымі астатнімі ўдзельнікамі майстэрні. Такое заданне ўключае дзесяцікласнікаў у творчы працэс, які прымушае ў гэтым выпадку зразумець трагізм таго, што адбылося з закаханымі. Потым настаўнік просіць перачытаць яшчэ раз запісанае, а адно слова, самае галоўнае і важнае, запісаць у цэнтры далоні.
3 мэтай вывучэння ўспрымання вучнямі самастойна прачытанай аповесці настаўнік прапаноўвае прыгадаць на галоўнае слова эпізоды, якія выклікалі ў чытачоў гэтае пачуццё, і расказаць пра ўражанні пасля прачытання твора.
Вусныя адказы даюць настаўніку магчымасць пераканацца, наколькі добра дзесяцікласнікі ведаюць змест аповесці “Сівая легенда”. Школьнікі адзначаюць, што душэўныя пакуты і просьбы Рамана Ракутовіча, выказаныя Аляхно Кізгайлу, каб той вызваліў Ірыну, выклікаюць шкадаванне і спачуванне; напад паўстанцаў на Кісцянёўскі замак — радасць і трывогу; бойка Рамана з Кізгайлам — пачуццё хвалявання за жыццё лірычнага героя.
Супярэчлівыя думкі і пачуцці вучні могуць выказаць пры абмеркаванні сцэны размовы пані Любкі з Ракутовічам, а потым і з Ірынай: адны спачуваюць першай з-за яе няспраўджанага кахання, другія спрабуюць аргументаваць сваю нянавісць да пані, трэція ацэньваюць вернасць усіх герояў каханню. Практычна ўсе ўдзельнікі майстэрні выказваюць боль і трывогу, калі згадваюць эпізод пакарання закаханых Рамана і Ірыны пасля суда.
Наступныя два этапы педагагічнай майстэрні — сацыяканструкцыя і творчасць — зыходзячы з задач гэтага ўрока будуць аб’яднаны. Вучнёўскі калектыў трэба арганізаваць у міні-каманды ці майстэрні. Я прапаную заданні для пяці міні-груп. Кожнай групе вучняў настаўнік дае заданне, запісанае на асобных картках ці на дошцы.
Першай групе, назавём яе ўмоўна майстэрняй “гісторыкаў”, прапаноўваецца вызначыць час і месца падзей, асаблівасці эпохі, апісаныя ў “Сівой легендзе”.
Другой — “тэатральных дзеячаў” — даецца наступнае заданне: “Як вядома, аповед у творы “Сівая легенда” вядзецца ад імя швейцарца Канрада Цхакена, які 9 гадоў пражыў на Беларусі як наёмны ваяр. Безумоўна, за такі час у яго склаліся свае ўражанні і думкі пра характар беларускага народа. На аснове старонак твора складзіце дыялог з героем-апавядальнікам на гэтую тэму і праінсцэніруйце яго перад аднакласнікамі”.
Трэцяй — “літаратурным крытыкам” — прапанавана даць сціслую характарыстыку галоўнаму герою Раману Ракутовічу на аснове яго выказванняў у найбольш значных эпізодах.
Чацвёртая майстэрня — “ваенных тактыкаў і стратэгаў” — выконвае такое заданне: “Адметнасць сюжэта аповесці “Сівая легенда” — падрабязны паказ У.Караткевічам батальных сцэн штурму, абароны і захопу замка ў Кісцянях. На дошцы ці на аркушы паперы намалюйце ўмоўнымі знакамі карту ходу бітвы паўстанцаў і абаронцаў крэпасці. Якія вашы высновы пасля аналізу баталіі?”
Апошнюю групу складаюць вучні — “мастакі-ілюстратары”. Настаўнік просіць стварыць на аркушы два партрэты Рамана Ракутовіча (у барвяным плашчы на белым кані пасля бою і на замкавым двары ў Магілёве), а таксама партрэт пакаранай Ірыны. (З мэтай эканоміі часу карту ходу і малюнкі асобныя вучні рабілі дома.)
Выкананыя праекты і ілюстрацыі мацуюцца на дошцы для агляду і абмеркавання. Кожная вучнёўская група дэманструе і абараняе свой праект, творчае заданне. Гэтыя справаздачныя этапы ў тэхналогіі называюцца сацыялізацыя і афішаванне. Ідэальны варыянт абароны праекта той, у якім удзельнічаюць усе члены групы. Астатнія вучні ўважліва слухаюць, пры неабходнасці задаюць пытанні і ў сшытках па літаратуры занатоўваюць свае пачуцці і ўражанні.
На этапе “разрыву” як бы замыкаецца кола ходу ўрока-майстэрні па аповесці “Сівая легенда”: ён пачаўся з мастацкага чытання ўрыўка пра трагічны эпізод сустрэчы Рамана і Ірыны і заканчваецца гэтай сцэнай, але ўжо асэнсаванай з пункту погляду літаратуразнаўцы.
Потым настаўнік скіроўвае ўвагу вучняў на самае першае запісанае ў цэнтры далоні галоўнае слова, якім яны выказалі сваё ўражанне ад прачытанага, і прапаноўвае, калі ў гэтым ёсць неабходнасць, замяніць яго іншым.
Заканчваецца ўрок рэфлексіяй — апошнім этапам гэтай тэхналогіі. Рэфлексія — зварот “назад”, усведамленне і асэнсаванне кожным удзельнікам уласнай дзейнасці. Настаўнік просіць вучняў выказаць пачуцці, уражанні і заўвагі, якія ўзніклі ў працэсе заняткаў.
Сняжана БРЫТАНАВА,
настаўніца беларускай мовыі літаратуры
Суражскай сярэдняй школы Віцебскага раёна.