Камунікатыўная граматыка

На ўроках замежнай мовы самымі нелюбімымі для вучняў з’яўляюцца граматычныя тэмы. Яны, як правіла, выклікаюць у дзяцей вялікія цяжкасці. Ды і ўрокі па граматыцы, па прызнанні саміх школьнікаў, чамусьці праходзяць сумна і нецікава. Пра тое, як зрабіць працэс фарміравання граматычных навыкаў нямецкай мовы цікавым і яркім, а сам моўны матэрыял прадставіць наглядна і зразумела, наш карэспандэнт гутарыць з настаўніцай нямецкай мовы пачатковай школы № 29 Мінска суаўтарам вучэбна-метадычных комплексаў па нямецкай мове для агульнаадукацыйных навучальных устаноў Інай Ювінальеўнай УРБАНОВІЧ.

— Я вырасла ў педагагічнай сям’і, — расказвае Іна Ювінальеўна. — Мае бацькі — выкладчыкі ВНУ. Калі закончыла школу, то пытання “Кім быць?” у мяне не стаяла. Гэта адназначна была педагагічная ВНУ, але складана было вызначыцца са спецыяльнасцю. Мама — выкладчык замежнай мовы аўтар ВМК па нямецкай мове Антаніна Піліпаўна Будзько — вельмі хацела, каб я паступала ў інстытут замежных моў. Аднак я зрабіла па-свойму і паступіла ў БДПУ імя МаксімаТанка на вельмі ў той час прэстыжную спецыяльнасць “Педагогіка і методыка выкладання ў пачатковых класах”. Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1992 годзе пайшла працаваць настаўніцай. І зараз мой педагагічны стаж складае больш за 20 гадоў. Я ніколькі не шкадую, што звязала сваё жыццё са школай, бо працаваць з дзецьмі — гэта заўсёды радасць. Тым больш што дзеці пачатковага школьнага ўзросту даюць табе аванс — аванс любові, даверу, і ты прыходзіш да іх, купаешся ў гэтай любові і імкнешся апраўдаць іх давер. Вельмі прыемна, калі ідзеш па калідоры, а дзеці бягуць табе насустрач, абдымаюць, дзеляцца навінамі або крычаць табе на вуліцы: “Прывітанне!” Ёсць розныя адносіны да прафесіі педагога, але мне здаецца, што сам працэс вучыць дзяцей вельмі прыемны. Асабіста ў мяне ў прафесіі няма нічога такога, што не дае расправіць крылы, таму я з задавальненнем прыходжу на работу. Так было заўсёды, з першай хвіліны, і працягваецца па сённяшні дзень.

— Як вы сталі выкладаць замежную мову?
— Некаторы час мне давялося працаваць у недзяржаўнай гімназіі “Мока”. Часта я прысутнічала на ўроках англійскай мовы ў пачаткоўцаў, і мне заўсёды здавалася, што выпускнікі лінгвістычнага ўніверсітэта, якія выкладалі ў малодшых школьнікаў, не вельмі разумеюць, што прыйшлі да маленькіх дзяцей, якія не валодаюць складанымі лінгвістычнымі паняццямі нават на рускай мове. І мне гэта хацелася выправіць. Акрамя таго, пасля пэўнага прамежку часу наступае перыяд у жыцці, калі ты вырастаеш з таго, што робіш, і хочацца паспрабаваць штосьці новае. А паколькі мама працягвала настойваць на вывучэнні нямецкай мовы, у 2005 годзе я скончыла факультэт перападрыхтоўкі МДЛУ па спецыяльнасці “Нямецкая мова”. У тым жа годзе прыйшла выкладаць нямецкую мову ў пачатковую школу № 29 і тады ж уключылася ў работу па стварэнні вучэбных дапаможнікаў для пачаткоўцаў.

— Іна Ювінальеўна, якіх прынцыпаў вы прытрымліваецеся ў рабоце з малодшымі школьнікамі?
— Мая асноўная задача — прывіць дзецям любоў да нямецкай мовы, уменне самастойна атрымліваць веды, даць аснову, на якой па цаглінках можна выстройваць далейшы будынак ведаў. Ёсць такі выраз: “Добра ператраўліваецца тая ежа, якая паглынаецца з задавальненнем”. Я заўважыла, што тое, што ты робіш сам з задавальненнем, прыносіць задавальненне выхаванцам і адкладваецца ў іх галовах. Таму для мяне першасным з’яўляецца рабіць усё, каб дзеці вучыліся з задавальненнем, каб кожны ўрок быў ім у радасць.

— Сёння ў грамадстве больш запатрабавана англійская мова. Каб дзеці пайшлі вывучаць нямецкую мову, іх, а таксама іх бацькоў трэба зацікавіць. Як вы гэта робіце?
— Нямецкая мова ў нас знаходзіцца ў стане падчаркі. На жаль, меркаванне, якое склалася аб першараднай важнасці англійскай мовы ў любой прафесійнай сферы, прыводзіць да таго, што бацькі хочуць, каб іх дзеці абавязкова вывучалі англійскую мову. Гэта выклікае недавер, скептычныя адносіны да нямецкай мовы з боку бацькоў, групы для яе вывучэння часта фарміруюцца з навучэнцаў, якія маюць нізкую матывацыю. Каб прыцягнуць як мага больш дзяцей да вывучэння нямецкай мовы, у нас у школе арганізоўваюцца факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў свет замежнай мовы” для другакласнікаў. Імкнуся, каб мае заняткі былі не толькі інфарматыўнымі, адукацыйнымі, але яшчэ і цікавымі. На іх звычайна выкарыстоўваецца многа музыкі, вершаў, дыдактычных гульняў, тыя прыёмы і метады работы, якія на звычайных уроках не прымяняюцца. І калі напрыканцы навучальнага года прыходзяць бацькі і гавораць, што дзецям падабаецца нямецкая мова і яны выберуць яе для далейшага вывучэння ў 3 класе, гэта вельмі прыемна.
Павысіць інтарэс да вывучэння нямецкай мовы дазваляе і пазакласная работа, якая арганізоўваецца ў школе. Напрыканцы кожнай чвэрці для малодшых школьнікаў праводзяцца віктарыны. Абавязкова штогод праходзіць тыдзень замежнай мовы, у якім задзейнічана ўся ўстанова і на якім дзеці могуць праявіць свае веды ў нестандартнай форме. У гэты час педагогі праводзяць нестандартныя ўрокі. Вучні развучваюць сцэнкі, ладзяць міні-спектаклі на нямецкай мове. Сёлета, напрыклад, быў арганізаваны музычны флэш-моб, праведзены конкурс на веданне прыказак.

— Іна Ювінальеўна, адной з прычын, па якой вучні не вельмі ахвотна вывучаюць нямецкую мову, з’яўляецца складаная граматыка. Як выкладаюцца граматычныя тэмы ў пачатковых класах?
— Вопыт работы з навучэнцамі пачатковых класаў паказвае, што вывучэнне нямецкай мовы выклікае цяжкасці па некалькіх прычынах. Першая прычына звязана сапраўды з граматычнай складанасцю моўнай сістэмы нямецкай мовы, другая — з імкненнем настаўнікаў вучыць вучняў 3—4 класаў па методыцы арганізацыі навучання ў старшай школе. Методыка фарміравання граматычных навыкаў у 3—4 класах у яе традыцыйным выкарыстанні прыводзіць толькі да нязначных станоўчых вынікаў. Указанне настаўніка, напрыклад, “Запомніце правіла” ці “Запомніце спражэнне дзеясловаў” патрабуе напружання памяці і не заўсёды прыводзіць да чакаемага выніку, што, несумненна, уплывае на матывацыю вывучэння замежнай мовы. Больш за тое, гэта выклікае ў навучэнцаў боязь памылак. Як вынік — нежаданне ўдзельнічаць у зносінах. Усё гэта з’явілася пабуджальным фактарам пошуку новых шляхоў і магчымасцей фарміравання граматычных навыкаў.

Гісторыя 1. “Першы ўказ Каралевы Граматыкі” (“Der erste Befehl der Königin Grammatik”)
Цудоўны, разумны народ насяляе Каралеўства Нямецкай Мовы — словы-прадметы, словы-прыкметы, словы-дзеянні. Усе словы займаюцца сваёй справай: складаюць словазлучэнні, будуюць сказы, тэксты. Толькі справа гэтая ў іх спачатку не вельмі ладзілася. Вельмі ж часта спрачаліся словы і сварыліся адно з адным. І сказы, якія яны будавалі, атрымліваліся нейкімі незразумелымі. Тады ў справу ўмяшалася Каралева Граматыка. “Так далей справа не пойдзе! Я павінна навесці парадак у сваім Каралеўстве!” — падумала яна і выдала “Першы ўказ Каралевы Граматыкі”: “Ад сённяшняга дня і назаўсёды ўсе дзеясловы з’яўляюцца ў сказе выказнікам і атрымліваюць ганаровае другое месца! Яны будуць стаяць пасля дзейніка ці пасля даданага члена сказа. А ў пытанні-перапытванні, у пытанні без пытальнага слова будуць увогуле забягаць наперад і знаходзіцца на самым першым месцы”.
Узрадаваліся дзеясловы: “Ура! У рэшце рэшт мы атрымалі сваё законнае месца, ды яшчэ якое! Ганаровае другое! Ура! Слава нашай мудрай Каралеве Граматыцы!” — і пабеглі хутчэй займаць свае другія месцы.

Я зыходзіла з таго, што ў навучэнцаў малодшага школьнага ўзросту ярка выяўлена наглядна-вобразнае мысленне, творчае ўяўленне, здольнасць да імітавання і г.д. Адным з праяўленняў творчага ўяўлення з’яўляецца персаніфікацыя — наданне жывёлам, прадметам, адцягненым паняццям чалавечых якасцей і ўласцівасцей. На аснове персаніфікацыі былі створаны 13 граматычных гісторый па тэмах, якія прадугледжаны вучэбнай праграмай. Сярод гэтых гісторый — “Першы ўказ Каралевы Граматыкі” (“Der erste Befehl der Königin Grammatik”), “У горадзе Назоўнікі, ці Патрабуецца Паж!” (“In der Substantiv-Stadt oder man braucht еinen Pagen!”), “Новыя жыхары горада Дзеяслоў — мадальныя дзея-словы” (“Neue Einwohner der Verb-Stadt — die Modalverben”) і інш.
Сутнасць гэтых гісторый заключаецца ў перадачы граматычнага правіла ў добра знаёмай дзецям казачнай форме, дзе героі прымаюць на сябе функцыі граматычных паняццяў, а іх дзеянні адлюстроўваюць тое ці іншае правіла. Казачныя гісторыі аб’яднаны агульным сюжэтам і суправаджаюцца наглядным матэрыялам у выглядзе гарадоў у Каралеўстве Нямецкай Мовы. У гарадах жывуць жыхары-фігуркі, якія потым выкарыстоўваюцца для трэніроўкі граматычнай з’явы. Схемы, напрыклад, нямецкага сказа закадзіраваны з дапамогай фігурак-чалавечкаў рознага колеру. Маніпулюючы фігуркамі, навучэнцы бяруць іх у рукі, перастаўляюць, дабаўляюць, што дазваляе авалодаць структурным афармленнем многіх тыпаў сказаў. Такім чынам, асаблівая ўвага ўдзелена візуалізацыі граматычных з’яў.

— Як вы працуеце на ўроку з граматычнымі гісторыямі?
— Работа з граматычнымі гісторыямі пачынаецца ўжо на першых занятках увядзення ў вучэбны прадмет. Я дэманструю навучэнцам карту Каралеўства Нямецкай Мовы і расказваю гісторыю: “Каралеўства Нямецкай Мовы насяляюць розныя жыхары, якія называюцца дзеясловы, назоўнікі, займеннікі, прыметнікі. Яны аб’ядналіся ў невялікія аднайменныя гарады. Дзеясловы жывуць у горадзе Дзеяслоў (Verb-Stadt), назоўнікі — у горадзе Назоўнікі (Substantiv-Stadt) і інш. Жыхары гэтых незвычайных гарадоў адрозніваюцца характарам і ладам жыцця. З імі вы будзеце знаёміцца, вывучаючы нямецкую мову. Вы даведаецеся многа цікавых гісторый з жыцця гэтага каралеўства і яго жыхароў”.
З гісторыяй аб першым указе Каралевы Граматыкі навучэнцы 3 класа знаёмяцца на ўроку па тэме “Wie heißt du?”. Паколькі ў рускай і беларускай мовах месца дзеяслова ў сказе не з’яўляецца пастаянным, навучэнцы адчуваюць цяжкасці пры пабудове камунікатыўных выказванняў на нямецкай мове. Фігуркі-чалавечкі фарміруюць у малодшых школьнікаў пэўны стэрэатып на этапе азнаямлення з граматычнай структурай. У далейшым схемы-чалавечкі дапамагаюць выбудаваць выказванне, а настаўніку дастаткова толькі паказаць на сінюю фігурку-выказнік, каб выправіць памылкі.

— Іна Ювінальеўна, а якія вынікі выкарыстання такой формы прадстаўлення граматычнага матэрыялу вы назіраеце?
— Пачынаючы з 2010 года я сістэмна выкарыстоўвала гэтую методыку ў сваёй рабоце. Мне здаецца, такім чынам я знімаю стрэс у дзяцей, яны не баяцца будаваць выказванні. Навучэнцы дапускаюць менш памылак у дыялагічным маўленні. Пра павышэнне матывацыі да нямецкай мовы сведчыць тое, што ўсё больш школьнікаў выказваюць жаданне паўдзельнічаць у конкурсе “Лінгвісцяня”.
Перавагі граматычных гісторый заключаюцца ў тым, што яны стымулююць маўленчамысліцельную актыўнасць навучэнцаў. Выкладзеная ў казачнай форме граматычная гісторыя правакуе навучэнца на самастойнае суаднясенне казачнага сюжэта і граматычнага правіла.
Сітуацыі, якія мадэлююцца з дапамогай граматычных гісторый, ствараюць гульнявыя матывы зносін, што дазваляе зрабіць працэс вывучэння граматычных тэм цікавым і яркім, зняць манатоннасць і стомленасць навучэнцаў. Назвы гісторый, іх сюжэты дазваляюць забяспечыць міжвольнае запамінанне граматычных з’яў, істотна аблягчыць разуменне абстрактных граматычных паняццяў.

— На вашу думку, ці рэальна да канца навучання ў школе навучыць дзіця свабодна размаўляць на замежнай мове?
— Размаўляць на замежнай мове дзіця навучыць можна толькі ў тым выпадку, калі яно само гэтага хоча. Як у вядомай прыказцы: “Можна падвесці каня да вадапою, але нельга прымусіць яго напіцца”. Калі дзіця чагосьці хоча, то яно абавязкова гэтага дасягне!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.