Беларуская літаратура — гэта дысцыпліна, якая паслядоўна і сістэматычна далучае вучняў да мастацтва. Літаратура ў школе — сродак эстэтычнага спасціжэння жыцця, яго маральных норм і каштоўнасцей.
Урок літаратуры — гэта працэс жыццепазнання, скіраваны на выпрацоўку крытычнага і мадэлюючага мыслення. На гэтай аснове адбываецца фарміраванне асобы з глыбока гуманістычным і дэмакратычным светапоглядам, самастойным мысленнем, з развітым высокакультурным пачуццём нацыянальнай і асабістай самапавагі, адданасцю агульначалавечым ідэалам, здольнай ператварыць эстэтычнае ўспрыманне ў стымул для самаўдасканалення, інтэлектуальнага і духоўнага развіцця.
Пры вывучэнні літаратурных твораў трэба абавязкова ўлічваць жанр твора і ўзроставую катэгорыю вучняў, бо дакладна вядома, што творы розных жанравых катэгорый у розным узросце ўспрымаюцца па-рознаму. Так, для вучняў старэйшага школьнага ўзросту падбіраюцца творы з заглыбленым псіхалагізмам, шматлікімі фабульнымі лініямі і вялікай колькасцю персанажаў, шырокім тэматыка-праблематычным колам, бо ў гэтым узросце якраз адбываецца станаўленне асобы чалавека, пераасэнсоўваюцца маральна-этычныя прынцыпы і амаль цалкам мяняецца погляд на жыццё. Перад падлеткамі аўтаматычна паўстае дастаткова шырокае кола праблем, і ў гэты час яны здольны ўспрымаць складаныя і вялікія творы, тым больш што там яны знаходзяць адлюстраванне хвалюючых праблем, а таксама прыкладныя варыянты іх вырашэння.
Менавіта ў старшых класах у праграму па літаратуры ўводзіцца такі жанр, як ліра-эпас. Узроставая катэгорыя вучняў дазваляе прапанаваць ім для вывучэння творы шматпластавыя паводле тэматыкі, праблематыкі і жанравай прыналежнасці. Але методыка вывучэння ліра-эпічных твораў мае пэўныя асаблівасці, абумоўленыя формай і жанрам твора. Для таго каб было больш зразумела, чаму мы вылучаем ліра-эпас і асобна разглядаем методыку яго вывучэння, трэба акрэсліць сутнасць гэтага роду літаратуры і ўдакладніць, якія жанры да яго адносяцца.
Ліра-эпічныя жанры, паводле “Слоўніка літаратуразнаўчых тэрмінаў” пад рэдакцыяй М.Лазарука і Л.Ленсу, — гэта сукупнасць твораў паэзіі, у якіх спалучаюцца адзнакі двух літаратурных родаў — лірычнага і эпічнага. Да гэтых жанраў адносяць паэму, баладу, вершаваныя аповесць і раман і інш. Так, В.Рагойша да ліра-эпічных жанраў адносіць і такія жанры, як байка, дума, гістарычная песня і ліра-эпічная паэма. Ліра-эпічныя творы характарызуюцца наяўнасцю сюжэта, акрэсленых вобразаў-характараў і разам з тым шырокім выяўленнем аўтарскіх адносін да паказанага праз эмацыянальнае апавяданне або шляхам увядзення ў твор разгорнутых лірычных адступленняў.
Адным з найбольш пашыраных жанраў ліра-эпасу з’яўляецца паэма. У “Слоўніку літаратуразнаўчых тэрмінаў” пад рэдакцыяй М.Лазарука і А.Ленсу падаецца наступнае азначэнне гэтага жанру: “Паэма — гэта ліра-эпічны жанр літаратуры. У вызначэнні жанру паэмы няма адзінства ў літаратурнай навуцы. Існуе погляд, што паэма — гэта ўсякі вялікі сюжэтны твор, напісаны вершаванай мовай. Але больш правільным будзе азначэнне паэмы як буйнога вершаванага, часцей сюжэтнага твора, які адлюстроўвае жыццё “ў яго вышэйшых момантах” (В.Бялінскі), расказвае пра важныя падзеі, выяўляе глыбокія перажыванні аўтара і яго герояў, выкліканыя гэтымі падзеямі або з’явамі грамадскага жыцця. Паэма пазбягае падрабязных апісанняў жыцця, побыту, яна ўздымаецца над паўсядзённасцю, шукае ў жыцці гераічнага, узвышана-паэтычнага, імкнецца да філасофска-гістарычнага асэнсавання жыцця”.
Наступным жанрам ліра-эпасу з’яўляецца байка. Байка — гэта невялікі, часцей вершаваны твор сатырычнага зместу з алегарычным сюжэтам і вывадам (мараллю) у канцы або, значна радзей, у пачатку. Зместам байкі з’яўляюцца пэўныя з’явы грамадскага жыцця або чалавечых адносін, але пра іх расказваецца ў алегарычнай форме. Дзеючымі асобамі звычайна з’яўляюцца жывёлы, адухоўленыя прадметы, рэчы, за паводзінамі якіх лёгка ўгадваюцца рысы характару людзей.
Яшчэ адным цікавым для нас жанрам ліра-эпасу з’яўляецца балада. Гэты жанр бярэ свой пачатак яшчэ ў Сярэднявеччы і не страчвае цікавасці для аўтараў і сёння. У літаратуразнаўчым слоўніку пад рэдакцыяй М.Лазарука і А.Ленсу балада вызначаецца як сюжэтны верш гераічнага, легендарнага або бытавога зместу, у якім расказваецца пра незвычайнае здарэнне; для балады характэрны напружаны, драматычны, з элементамі фантастыкі сюжэт з трагічнай развязкай.
Так, на падставе даследаванняў псіхолагаў мы можам сцвярджаць, што дзеці (вучні) не аднолькава ўспрымаюць вучэбны матэрыял, і гэта абумоўлена асаблівасцямі развіцця ў іх пэўных здольнасцей, фарміраваннем свядомасці, што залежыць ад іх узросту. Школьная праграма па літаратуры ўлічвае гэты аспект, і таму літаратурная адукацыя ў школе заснавана на канцэнтрычным падыходзе, што прадугледжвае завершанасць кожнага этапу.
Звернем увагу на псіхолага-педагагічныя асаблівасці вывучэння літаратуры непасрэдна ў старшых — 9, 10 і 11 — класах. В.Багданава адзначае, што, як і ў астатніх класах, праграма вывучэння літаратуры пабудавана па канцэнтрычным і храналагічным прынцыпе. Тут пададзены звесткі з жыцця і творчасці пісьменнікаў, але матэрыял па тэорыі літаратуры больш складаны, бо пачынаючы з 9 класа вучні ўжо рыхтуюцца да вывучэння літаратуры на гісторыка-літаратурнай аснове.
Пачынаючы з 8 класа, паводле меркаванняў В.Багданавай, вучні разглядаюць твор з пункту гледжання яго жанравых і родавых асаблівасцей. Перад вучнямі стаіць задача зразумець жанравыя асаблівасці гістарычных і лірычных песень, аповесцей, апавяданняў і інш. Асаблівую ўвагу ў разглядзе паэтыкі мастацкага твора і выкарыстанні тэарэтыка-літаратурных паняццяў набывае пытанне кампазіцыі і яе элементаў.
У 9—11 класах літаратура вывучаецца ў дынаміцы, у кантэксце агульнакультурнай сітуацыі ў грамадстве, вучні ўжо выкарыстоўваюць назапашаныя раней веды з тэорыі літаратуры пра паэтыку аўтарскага тэксту, пра значэнне аўтарскага бачання свету ў творы, пра асноўныя кампаненты мастацкага цэлага, пра паняцці вобраза, кампазіцыі, стылю. Вучні пачынаюць усвядомлена падыходзіць да аналізу твора, павышаецца цікавасць да самастойнай пошукавай дзейнасці. У падлеткавым узросце, а якраз у такім узросце знаходзяцца вучні 9—11 класаў, дзяцей пачынае цікавіць не відавочнае, а прыхаванае, не знешняе, а ўнутранае; іх хвалююць пытанні больш псіхалагічнага і філасофскага кшталту, яны цікавяцца заглыбленым псіхалагізмам твора. Адбываецца пераасэнсоўка ўсяго навакольнага, і ўзнікае вялікая колькасць складаных псіхолага-філасофскіх пытанняў.
Так, можна зрабіць вывад, што вучні 9—11 класаў маюць добрую літаратуразнаўчую аснову, знаёмы з большасцю асноўных літаратуразнаўчых пытанняў, арыентуюцца ў кампазіцыі твора і яго родава-жанравай прыналежнасці, могуць самастойна вылучаць першасных і другасных персанажаў, здольны самастойна аналізаваць твор, вылучаючы асноўныя вобразы. Усё гэта і дае нам падставу і магчымасць вывучаць у 9—11 класах творы, якія належаць да ліра-эпічных жанраў. Вучні старшых класаў падрыхтаваны да ўспрымання падобных твораў. Яны здольны вылучыць лірычнае і эпічнае, разгалінаваць вобразныя сістэмы і вылучыць тэматыка-праблематычны пласт, усвядомлена могуць займацца пошукавай, даследчай дзейнасцю.
Узроставыя асаблівасці дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту не дазваляюць ім усвядоміць глыбіню, псіхалагізм і філасафічнасць падобных твораў. Да таго ж такія творы ў большасці сваёй маюць занадта вялікі памер. У вучняў сярэдняга школьнага ўзросту проста не хопіць вытрымкі дачытаць яго, а для цэласнага аналізу тэксту ў іх не хапае тэарэтычных ведаў.
Вывучэнне ж ліра-эпічных твораў адрозніваецца тым, што іх трэба разглядаць з двух бакоў: як лірычныя творы і як эпічныя творы.
Пры разглядзе лірычнага складніка ліра-эпічнага твора ў ім вылучаецца ў першую чаргу эмацыянальны настрой, суб’ектыўны аўтарскі погляд на падзеі і герояў. Тут трэба вылучыць найбольш эмацыянальна афарбаваныя часткі твора, якія нясуць у сабе агульны настрой. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на лірычныя адступленні, развагі герояў і ўнутраныя маналогі, а таксама пейзажныя замалёўкі.
Калі ж разглядаць эпічны бок ліра-эпічных твораў, то варта звяртаць увагу на ўнутраную будову твора, бо менавіта на гэтым узроўні і праяўляецца эпічнае ў ліра-эпічных творах. Ліра-эпічныя творы часцей за ўсё сюжэтныя, а значыць, трэба звярнуць увагу на сюжэт твора, а таксама на персанажаў першасных і другасных. Цікавым з’яўляецца і тэматыка-праблематычны пласт твора. Дарэчы, колькасць тэм, як і колькасць праблем, у ліра-эпічных творах не абмежавана і можа быць дастаткова шырокай. Таксама трэба звярнуць увагу на асобу аўтара ў творы, на яго месца і ролю, вызначыцца з ідэальнымі і антыідэальнымі, на думку аўтара, персанажамі. Нельга забывацца пра аналіз вобразнай сістэмы твора.
Пры вывучэнні ліра-эпічных твораў вялікае значэнне мае слова настаўніка. Менавіта настаўнік павінен патлумачыць гістарычныя ўмовы напісання твора, а таксама коратка акрэсліць гістарычны фон мастацкага твора.
Аналіз ліра-эпічнага твора ў многім залежыць ад таго, да якога віду ён адносіцца: балада, байка ці паэма.
Для баек характэрны невялікі памер. Яны адрозніваюцца лаканізмам апавядання, у іх адсутнічае разгорнутая характарыстыка дзеючых асоб. Прачытанне байкі на ўроку з’яўляецца абавязковым этапам. Чытаць можна па ролях, бо байкі вельмі часта пабудаваны ў форме дыялогу. Не трэба спяшацца з раскрыццём алегорыі байкі: вучні павінны асэнсаваць ідэйны змест твора, яго мастацкую арыгінальнасць, вобразную сістэму, адметнасці кожнага героя. Настаўнік павінен зрабіць усё, каб вучні захапіліся майстэрствам байкапісца: жывасцю і лаканічнасцю апавядання байкі, натуральнасцю паводзін герояў, афарыстычнасцю мовы. Важна, каб у працэсе аналізу быў асэнсаваны не толькі канкрэтна-гістарычны сэнс байкі, але і агульначалавечы.
Пры вывучэнні балад, як правіла, значнае месца займае слова настаўніка (найперш для ўвядзення навучэнцаў у гістарычны кантэкст твора). Лірычны бок у баладзе займае значна большае месца, чым, напрыклад, у паэме.
Пры вывучэнні паэм трэба ў роўнай ступені звяртаць увагу на адзнакі лірычнага і эпічнага пачатку: вобразную сістэму, эмацыянальны настрой твора і аўтара ў ім, сюжэтную лінію, а таксама тэматыка-праблематычнае кола. Не менш важнае месца займае тлумачэнне гістарычных асаблівасцей адлюстраванай эпохі, а таксама гісторыі напісання твора, знаёмства з біяграфіяй аўтара.
Паэмы можна аналізаваць у двух напрамках: “ідучы за аўтарам” і “разглядаючы вобразную сістэму твора”. На вывучэнне паэмы адводзіцца дастатковая колькасць гадзін, таму настаўнік, выбраўшы другі варыянт аналізу паэмы, можа адзін урок зрабіць уводным, аглядным, на якім і высвятляюцца ўсе тэарэтычныя пытанні, астатнія ўрокі прысвячаюцца вобразам, і абавязкова праводзіцца заключны — падагульняючы — урок.
Калі аналізавць паэму паводле першага варыянта, трэба правесці ўводны ўрок, а на астатніх разглядаць раздзелы твора, на якія яна падзелена аўтарам або настаўнікам паводле тэматычных пластоў.
Праз творы роднай літаратуры фарміруецца асоба чалавека, таму ўрокам па літаратуры трэба ўдзяляць асаблівую ўвагу. Але пры вывучэнні мастацкіх твораў неабходна ўлічваць узроставыя псіхалагічныя асаблівасці вучняў, менавіта па гэтай прычыне ліра-эпічныя жанры вывучаюцца толькі ў старшых класах.
Методыка вывучэння ліра-эпічных твораў складаецца, па сутнасці, з сінтэзу методыкі вывучэння лірыкі і методыкі вывучэння эпасу. Па вялікім рахунку, методыка вывучэння літаратуры павінна выконваць сваю асноўную задачу — данесці ў зразумелай форме да вучняў ідэйны змест твора, навучыць вылучаць тэматыка-праблематычнае кола, а таксама разгаліноўваць віды і жанры літаратуры. Калі вучні зразумеюць, пра што напісаны твор, яны змогуць зразумець яго філасофскі змест і пафас, а значыць, праз літаратуру выхаваюць у сабе пачуццё нацыянальнай свядомасці і патрыятызм, што і з’яўляецца асноўнай мэтай і задачай літаратуры.
Хрысціна КАЛЯДА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Курманаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.