Тэмы для зносін з чытачамі ўзнікаюць у працэсе гутарак з педагогамі Мінска, калегамі-псіхолагамі, у выніку чытання кніг спецыяльных і агульначалавечых. Імпульсам для сённяшняга дыялогу паслужылі дзве кнігі паважаных кампетэнтных людзей — доктара медыцыны і пісьменніка Г.Лівінгстона “Вельмі рана пастарэў, вельмі позна паразумнеў” і вядомага эксперта ў галіне лідарства Д.Максвела “17 якасцей каманднага гульца”. “Як гэта можа нам спатрэбіцца?” — спытае чытач. “Усё, што развівае нас як чалавека, дадае мудрасці, вопыту, проста цікава — садзейнічае развіццю прафесіяналізму. Усё, што мы сёння абмяркуем, будзе садзейнічаць асобаснаму росту, без якога немагчыма працягваць заставацца сапраўдным настаўнікам, цікавым чалавекам, справядлівым, які ўплывае на розумы і душы, быць канкурэнтаздольным”, — такі адказ.
Дыялог з чытачом
Адна важная ісціна, якую варта помніць, — “Усе працэсы, якія аказваюць важны ўплыў на наша жыццё, патрабуюць часу і, як правіла, працяглага: навучанне новаму, змена старых мадэлей паводзін, пабудова даверлівых адносін, выхаванне дзяцей”. Вось чаму цярпенне і рашучасць адносяцца да галоўных вартасцей педагога. Добра пачынаць з цярпення і рашучасці, але куды яны павінны прывесці? Да набыцця яшчэ больш каштоўных характарыстык нашай асобы, якія дазваляюць быць кампетэнтным і прыкметным у калектыве педагогаў, здольным стварыць уласную каманду калег, навучэнцаў, сямейную каманду. Д.Максвел сцвярджае, што такіх якасцей сямнаццаць. Прачытаўшы рэкамендаваную вышэй кнігу, можна пазнаёміцца з усімі сямнаццаццю. Зараз абмяркуем самыя значныя якасці для чалавека, які займаецца педагагічнай дзейнасцю з пункта погляду псіхолага, які вядзе рубрыку. Гэта ўменне быць гнуткім, адаптавацца; быць здольным да супрацоўніцтва, энтузіястам; быць кампетэнтным, браць на сябе абавязацельствы; умець садзейнічаць росту іншых.
Чаму такая важная наяўнасць інтэлектуальнай, эмацыянальнай і паводзінскай гнуткасці? Адсутнасць гнуткасці — адна з найгоршых чалавечых якасцей. Яе адсутнасць нясе насенне разбурэння. Стварае гнуткасць творчы падыход да справы, праблемы. Адсутнасць гнуткасці можна хутка вызначыць у сабе і іншых па рэакцыі на новую ідэю. Людзі, якія страцілі здольнасць прыстасоўвацца, адаптавацца, адчуваюць амаль фізічны дыскамфорт. Ім непрыемна нават падумаць пра тое, каб зрабіць нешта інакш, па-новаму. Людзі, якія рэагуюць па-іншаму, не адчуваюць ні боязі, ні душэўных пакут ад пошуку альтэрнатыўных рашэнняў. Іх можна назваць сапраўды гнуткімі, творчымі, якія адаптуюцца. А што вы адчуваеце, калі гаворка ідзе пра ўменне адаптавацца? Як вы паглядзіце на неабходнасць змяніць уласныя звычкі дзеля паляпшэння якасці функцыянавання педагагічнай, вучнёўскай, сямейнай каманды?
Нават калі вы ўжо гнуткі і адаптыўны, не зашкодзіць патрэніравацца. Развівайцеся на рабоце і дома.
Практыкаванне “Выпрацуйце ў сабе звычку да навучання”. Штодзень даведвайцеся нешта новае, запісвайце ў блакнот. Напрыканцы дня падзяліцеся інфармацыяй ці ідэяй з кім-небудзь з калег ці сяброў. Гэтая інфармацыя абавязкова спатрэбіцца вам у будучыні. Дзякуючы гэтаму цікаваму прыёму, у вас выпрацуецца звычка знаходзіць нешта такое, чаму можна павучыцца.
Практыкаванне “Нанова ацаніць сваю ролю”. Вызначце, якую вы іграеце ролю ў педагагічнай камандзе, сямейнай. Потым пашукайце, ці няма нечага такога, што вы маглі б выконваць гэтак жа добра ці нават лепш. Гэтыя намаганні могуць падштурхнуць да змен. Але калі нават і не, то ментальнае практыкаванне зробіць нас больш гнуткімі.
Практыкаванне “Выхад за рамкі звыклага мыслення”. Шукайце незвычайныя рашэнні кожны раз, калі сутыкаецеся з якой-небудзь праблемай. І калі вы пастаянна бу-дзеце рабіць гэта, то хутка здзівіцеся, якім творчым, а значыць, гнуткім чалавекам вы сталі. Практыкуйцеся штодзень.
Наступная якасць, якой варта ўдзяліць увагу, — здольнасць да супрацоўніцтва. Супрацоўніцтва — гэта прымнажэнне. Вы супрацоўнічаеце, калі ўспрымаеце іншых як супрацоўнікаў, а не сапернікаў; калі ў вас ёсць давер да іншых, жаданне падтрымліваць; калі вы канцэнтруеце ўвагу на іншых, а не на сабе; калі вы накіраваны на вынік.
Абдумаем сітуацыю. Ці схільны вы да супрацоўніцтва? Ці дабаўляеце каштоўнасці свайму калектыву? Калі вы ўцягнуты ў калектыўную работу, ці становіцца яна больш эфектыўнай? Пры любым раскладзе будзем развіваць уменне супрацоўнічаць, выконваючы заданні-практыкаванні.
Практыкаванне “Мысліць як пераможца”. Калі вы ўспрымаеце кагосьці як свайго саперніка, падумайце над словамі цара Саламона пра тое, што жалеза жалеза вострыць, а чалавек думку іншага чалавека. Пагаварыце з тым, каго бачыце як саперніка. Высветліце, як можаце з ім абменьвацца інфармацыяй, вопытам і працаваць разам так, каб была карысць і вам абодвум, і калектыву ў цэлым.
Практыкаванне “Хваліце іншых”. Пахвала будзе заключацца не ў словах, а ў справах. Наладзьце супрацоўніцтва з тым, хто валодае моцнымі бакамі ў тым напрамку, у якім вы слабыя, і наадварот. Знайдзіце ў калектыве таго, хто валодае нейкімі дадатковымі талентамі ці здольнасцямі, папрацуйце разам з ім.
Здольнасць браць на сябе абавязацельствы — важны складнік эфектыўнага каманднага работніка. Нават звычайныя людзі, якія бяруць на сябе абавязацельствы, могуць аказаць незвычайны ўплыў на гэты свет. Важна ведаць, што рашучасць узяць абавязак не залежыць ад талентаў і здольнасцей. Не трэба ні празмерных здольнасцей, ні вялікіх фантастычных магчымасцей. Проста выкарыстайце тое, што ёсць. Калі мы возьмем абавязацельствы развіваць свае здольнасці, то нечакана выявім, што ў нас ёсць і іншыя таленты, якія мы можам прапанаваць свайму калектыву ці сям’і. Цікавы прыклад Джонаса Солка, які лічыў абавязковым для сябе дапамагаць людзям. Спачатку марыў аб кар’еры адваката, потым выбраў прафесію ўрача. Аказалася, што самы вялікі яго талент ляжаў у галіне навуковых даследаванняў. На другім курсе Солк патраціў год на даследаванні. У 1947 годзе Джонас стаў кіраўніком лабараторыі па даследаванні вірусаў ва ўніверсітэце Пітсбурга. Менавіта там ён пачаў вывучаць вірус поліаміеліту. Гэтая хвароба была жудаснай бядой у тыя часы. У 1952 годзе, пасля больш чым 4 гадоў нястомнай работы, Солк і яго каманда стварылі вакцыну. Летам 1952 года Джонас Солк зрабіў засцерагальную прышчэпку здаровым людзям, якія добраахвотна пагадзіліся прайсці гэты тэст. У гэтую групу ўваходзіў ён сам, яго жонка і двое сыноў. Солк не запатэнтаваў створаную ім вакцыну, каб яе можна было выкарыстоўваць ва ўсім свеце. Такім чынам, камандай, за якую ён узяў на сябе адказнасць, стала чалавецтва ў цэлым.
Каб завастрыць пачуццё ўласнай адказнасці, карысна звязваць свае абавязацельствы з асабістымі каштоўнасцямі. Абавязацельствы — заўсёды рызыка. Можна пацярпець няўдачу. Сябры па камандзе могуць падвесці. Імкненне да мэты можа не прывесці да жаданых вынікаў. І ўсё ж рызыкніце. Ніводны чалавек, які аддаваў сябе справе, не пашкадаваў аб гэтым. Цяпер ёсць сучаснае паняцце “паток”. Трапіць у паток — значыць, захапіцца справай і працаваць з задавальненнем і самааддачай. Помніце, калі мы не гатовы браць абавязацельствы, каб прынесці карысць іншым, то і для нас не знойдзецца адказнага чалавека, гатовага ўзяць на сябе абавязацельства, якое прынесла б карысць нам!
Бясцэнная якасць для педагога — садзейнічаць росту іншых. Важнейшая, чым мэта перамагаць самому, — мэта расці і дзяліцца ведамі і вопытам з іншымі. Людзі, якія садзейнічаюць росту іншых, і самі няўхільна развіваюцца. Немагчыма аддаць іншым тое, чаго не маеш сам. Абдумайце сітуацыю. Як успрымаюць вас іншыя члены калектыву, навучэнцы? З вамі яны становяцца лепшымі? Вы з’яўляецеся для іх крыніцай натхнення і стымулам да работы? Вы дабаўляеце каштоўнасці сваім калегам, навучэнцам? Садзейнічаць росту іншых — значыць:
— паверыць у іншых яшчэ раней, чым яны павераць у вас і ў сябе;
— заўважаць усё асаблівае, унікальнае, цудоўнае ў іншых і паведамляць ім пра гэта (пазітыўная думка садзейнічае росту самаацэнкі, упэўненасці, дасягненням);
— рабіць нешта карыснае для іншых раней, чым яны нешта зробяць для вас.
Відавочна, што людзі цягнуцца да тых, хто садзейнічае іх развіццю, і пазбягаюць тых, хто іх недаацэньвае. Вы можаце садзейнічаць росту іншых, распазнаючы моцныя бакі партнёраў па ўзаемадзеянні і дапамагаючы засяродзіцца на іх. Важна заахвочваць людзей выйсці з зоны камфорту, але толькі не з зоны ўласных здольнасцей.
Людзі забываюць, як хутка мы зрабілі тую ці іншую работу, але яны памятаюць, наколькі добра мы яе выканалі. Значыць, кампетэнтнасць надзвычай важная для нас і іншых членаў калектыву — педагогаў, навучэнцаў, бацькоў. Наша кампетэнтнасць азначае здольнасць на найвышэйшым узроўні выконваць сваю работу. Гэта значыць, што кампетэнтны чалавек не задаволіцца пасрэдным вынікам, будзе ўдзяляць увагу дэталям, мець пастаянную патрэбу вучыцца новаму.
Ад работы педагогу трэба значна больш, чым проста зарплата. Нам трэба яшчэ ўнутранае задавальненне ад вынікаў. Без задавальнення не дасягнуць чагосьці каштоўнага, не выклікаць цікавасці і станоўчых адносін іншых людзей. Нішто вялікае ніколі не дасягаецца без энтузіязму. А што можа быць большым, чым падрыхтоўка да жыцця новага пакалення?! Чалавек можа дасягнуць поспеху амаль ва ўсім, да чаго ставіцца з энтузіязмам. Энтузіязм нічым нельга замяніць. Якім чынам можна набыць яго? Вядома, не чакаць з мора пагоды і таго, што ў вас сам па сабе з’явіцца тонус, адданасць справе. Вось найлепшы шлях да энтузіязму: падумайце пра ўсе магчымыя аспекты сваёй работы. Калі вы верыце ў тое, што робіце, і засяроджваецеся на пазітыўных выніках, то зможаце дзейнічаць і гаварыць пра сваю работу з агеньчыкам. Раздувайце “агеньчык”, а потым пастаянна падтрымлівайце яго. Праводзьце час з людзьмі поўнымі энтузіязму.
Аўтар кнігі па псіхалогіі поспеху Д.Уотлі адзначаў: “Энтузіязм заразлівы. Цяжка заставацца нейтральным ці абыякавым у прысутнасці чалавека, які пазітыўна мысліць. Калі сабраць каманду кампетэнтных энтузіястаў, то магчымасці нашы будуць бязмежныя”. Кіраўнік Microsoft Біл Гейтс адзначаў: “Што я раблю лепш за ўсё, дык гэта дзялюся сваім энтузіязмам”. Калі спытаць у сябе: “Ці аказваю я падобны ўплыў на сваіх вучняў, калег?” Што вы адкажаце? Каб павысіць градус уласнай актыўнасці, якая непазбежна паўплывае і на іншых удзельнікаў працэсу, уявіце сабе, што трэба рабіць нешта тэрмінова. Вось добры спосаб распаліць унутраны агеньчык. Пастаўце для сябе сціслыя тэрміны этапаў той ці іншай справы. Падштурхоўваючы сябе такім чынам, можна стаць больш засяроджаным, сабраным, энергічным. Паэксперыментуйце. Выканайце даручаную вам справу і яшчэ нешта звыш. А потым паглядзіце, як гэта паўплывала на атмасферу ў вашай педагагічнай ці сямейнай камандзе. Паназірайце за сваім успрыманнем такой жа сітуацыі ў калектыве навучэнцаў.
У нашым сённяшнім дыялогу было пастаўлена шмат пытанняў, у тым ліку і самыя важныя: “навошта?” і “чаму б і не?”. Некаторыя лічаць, што поспех у жыцці залежыць ад таго, ці ведаеш, якое менавіта пытанне варта задаць цяпер: “навошта?” ці “чаму б і не?”.
Псіхалагічнае люстэрка
Уплыў на ўсё жыццё
Матывацыя дасягнення (поспеху, мэты) выяўляецца ў імкненні да паляпшэння вынікаў, настойлівасці ў дасягненні мэт і аказвае ўплыў на ўсё жыццё чалавека. Чым больш чалавек актыўны і скіраваны на дасягненні, тым больш патрэба ў дасягненні ператвараецца ў асобасную ўласцівасць, устаноўку. Людзі з высокім узроўнем патрэбнасці ў дасягненнях вылучаюцца настойлівасцю ў дасягненні сваіх мэт; імкненнем зрабіць справу лепш, чым раней; схільнасцю моцна захапляцца работай; імкненнем перажыць задавальненне ад поспеху; няздольнасцю дрэнна працаваць; патрэбнасцю вынаходзіць новыя прыёмы ў выкананні самых звычайных спраў; адсутнасцю духу саперніцтва; жаданнем, каб і іншыя разам з імі перажылі поспех і дасягненне вынікаў; гатоўнасцю прыняць дапамогу і дапамагаць іншым пры вырашэнні цяжкіх задач, каб разам перажыць радасць поспеху. Вымераць узровень уласнай матывацыі дасягнення можна пры дапамозе методыкі, распрацаванай Ю.М.Арловым у 1978 годзе.
Пазнаёмцеся са сцвярджэннямі. Калі вы згодны з выказваннем, то побач з яго нумарам пастаўце знак “+”, калі не згодны — “–”.
1. Думаю, што поспех у жыцці хутчэй залежыць ад выпадку, чым ад разліку.
2. Калі я пазбаўлюся любімага занятку, жыццё для мяне страціць усялякі сэнс.
3. Для мяне ў любой справе важны не працэс яе выканання, а канчатковы вынік.
4. Лічу, што людзі больш пакутуюць ад няўдач на рабоце, чым ад дрэнных узаемаадносін з блізкімі.
5. На маю думку, большасць людзей жывуць далёкімі мэтамі, а не блізкімі.
6. У маім жыцці было больш поспехаў, чым няўдач.
7. Эмацыянальныя людзі мне падабаюцца больш, чым дзейсныя.
8. Нават у звычайнай рабоце я стараюся ўдасканаліць некаторыя яе элементы.
9. Захоплены думкамі пра поспех, я магу забыць пра меры перасцярогі.
10. Мае блізкія лічаць мяне гультаём.
11. Думаю, што ў маіх няўдачах вінаваты хутчэй акалічнасці, а не я сам.
12. Цярпення ўва мне больш, чым здольнасцей.
13. Мае бацькі залішне строга кантралявалі мяне.
14. Лянота, а не сумненні ў поспеху, вымушае мяне часта адмаўляцца ад сваіх намераў.
15. Думаю, што я ўпэўнены ў сабе чалавек.
16. Дзеля поспеху я магу рызыкнуць, нават калі шансы невялікія.
17. Я старанны чалавек.
18. Калі ўсё ідзе гладка, мая энергія ўзмацняецца.
19. Калі б я быў журналістам, я пісаў бы хутчэй пра арыгінальныя вынаходніцтвы людзей, чым пра здарэнні.
20. Мае блізкія звычайна не падзяляюць маіх планаў.
21. Узровень маіх патрабаванняў да жыцця ніжэйшы, чым у маіх сяброў.
22. Мне здаецца, што настойлівасці ўва мне больш, чым здольнасцей.
23. Я мог бы дасягнуць большага, вызваліўшыся ад бягучых спраў.
Ключ да тэста-апытальніка.
Адказы “Так” (“+”) на пытанні 2, 3, 6, 7, 8, 16, 17, 18, 19, 22, 23.
Адказы “Не” (“-”) на пытанні 1, 4, 5, 9, 11, 12, 13, 14, 15, 20, 21.
За кожны адказ, які супадае з ключом, ставіцца 1 бал, адказы падсумоўваюцца.
0 — 6 балаў — нізкая патрэбнасць у дасягненнях.
7 — 9 балаў — паніжаная патрэбнасць у дасягненнях.
10 — 15 балаў — сярэдняя патрэбнасць у дасягненнях.
16 — 18 балаў — павышаная патрэбнасць у дасягненнях.
19 — 23 балы — высокая патрэбнасць у дасягненнях.
Вы заўважылі, што спісы якасцей і характарыстык паспяховага чалавека па Д.Максвелу і Ю.М.Арлову падобныя. Жадаю чытачам, прымерыўшы на сябе гэты вобраз, пераканацца, што ён вам падыходзіць, што ён вам па душы.
Святлана РАДЗЬКОВА,
дацэнт кафедры псіхалогіі і прадметных методык
Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі.