Не ўпусціць час

Работу па падрыхтоўцы вучняў да ЦТ праводжу даўно. Методыка выпрацоўвалася шляхам аналізу памылак, удасканальвання педагагічных прыёмаў, вывучэння навінак метадычнай літаратуры, знаёмства з вопытам іншых педагогаў.

Нельга сказаць, што гэта нейкі алгарытм, схема. Усё мяняецца з часам, з’яўляецца штосьці новае. Трэба ўлічваць і псіхалагічны стан вучня, і асаблівасці яго характару, і адносіны бацькоў з дзіцем, і шмат чаго іншага.

Падрыхтоўку да ЦТ праводжу ў тры этапы.
Першы этап мае ўмоўную назву “Вывучэнне вучэбнай матывацыі вучняў, павышэнне іх цікавасці да прадмета “Беларуская мова” (заняткі з навучэнцамі 5—6 класаў).
На гэтым этапе імкнуся сфарміраваць матывацыю дзіцяці да вучобы, вызначыць узровень яго імкнення да вывучэння прадмета. І тут нельга абысціся без цеснай сувязі з настаўнікам пачатковых класаў, класным кіраўніком, школьным псіхолагам, бацькамі.
Работа праводзіцца ў асноўным на ўроку, дзе з улікам узроставых асаблівасцей вучняў імкнуся выкарыстоўваць гульнявыя моманты, што дазваляе актывізаваць іх разумовую дзейнасць. Гэта такія заданні, як “Прыгадай слова і запішы”, “Арфаграфічная бітва”, “Лексічная сямейка” і шмат іншых. Але адных урокаў тут не хапае. Патрэбна і разнастайная пазакласная работа: моўныя святы, прадметныя алімпіяды, выкарыстанне камп’ютарных моўных гульняў, удзел у конкурсе “Буслік”. Неабходна зрабіць так, каб як мага большая колькасць вучняў прыняла ўдзел у ім, бо гэта першая спроба самастойнага выканання тэставага задання. Прымаючы ўдзел у конкурсе, вучань набывае не толькі новыя веды, але і атрымлівае першыя навыкі самастойнай працы, што ў будучыні абавязкова спатрэбіцца яму пры выкананні заданняў ЦТ. Заўсёды праводжу з вучнямі аналіз заданняў конкурсу “Буслік” не толькі за гэты год, але і за папярэднія.
Асаблівая ўвага ў нашай школе ўдзяляецца прадметнай алімпіядзе, у межах якой абавязкова праводзіцца тэсціраванне ва ўсіх класах. Пры гэтым заданнні нагадваюць тыя, што выкарыстоўваюцца пры ЦТ, толькі ўлічваецца ўзрост вучня і тэмы, якія ўжо пройдзены імі па школьнай праграме.

Другі этап падрыхтоўкі да ЦТ ахоплівае навучэнцаў 7—9 класаў і мае ўмоўную назву “Выкарыстанне патэнцыяльных магчымасцей урока і разнастайных форм дадатковых заняткаў для павышэння адукацыйнага ўзроўню вучня”. Мэта — садзейнічаць павышэнню якасці навучання праз выкарыстанне ў працэсе выкладання прадмета інавацыйных і камп’ютарных тэхналогій.
На гэтым этапе ўсе віды маёй дзейнасці як настаўніка накіраваны на засваенне вучнямі праграмнага матэрыялу, выпрацоўку навыкаў выкарыстання тэарэтычнага матэрыялу (правіл) пры выкананні практычных заданняў, тэстаў.
Зноў жа асноўнай формай дзейнасці з’яўляецца ўрок. Але тут аднымі гульнявымі тэхналогіямі не абысціся, інакш вучню стане проста “сумна вучыцца”. Неабходна як мага часцей выкарыстоўваць камп’ютарныя тэхналогіі, магчымасці інтэрактыўнай дошкі, іншыя актыўныя метады выкладання прадмета. У гэтым узросце ў вучняў закладваецца база неабходных ведаў і навыкі самастойнай працы, і калі ўпусціць гэты час (навучанне ў 7—9 класах), то ўжо далей будзе намнога цяжэй падрыхтаваць вучня да ЦТ: веды слабыя, сам працаваць не ўмее. Гэты перыяд, на мой погляд, з’яўляецца асноўным і найбольш важным.
У названы перыяд навучання вучні таксама працягваюць складанне апорных канспектаў па правілах, якія яны вядуць з 5 па 9 клас, а выкарыстоўваюць іх нават у 11 класе пры падрыхтоўцы да здачы ЦТ.
Тут неабходна звярнуць увагу на тое, што апорны канспект — гэта не перапісванне правіл у сшытак, а складанне алгарытму іх запамінання, звязанага з асацыяцыямі, зрокавай памяццю і г.д., з мэтай выкарыстання іх пры выкананні практычнага задання. У 5—6 класах я дапамагаю вучням складаць апорныя канспекты, а ўжо ў далейшым толькі праводжу карэкцыйную работу.
Пры прывядзенні ўрокаў па абагульненні набытых ведаў абавязкова праводжу тэставую работу.
Разам з адміністрацыяй школы імкнуся прыцягнуць да ўдзелу ў дыягнастычным тэсціраванні як мага больш вучняў. Таксама ў 7—9 класах пры магчымасці неабходна ў поўнай ступені задзейнічаць факультатыўныя заняткі.
Што атрымліваецца ў выніку? Вучань пасля 9 класаў набывае трывалыя веды па вучэбнай праграме, навыкі выканання тэста як з практычнага боку, так і з псіхалагічнага. Настаўнік ведае ўзровень падрыхтаванасці кожнага вучня, яго так званыя слабыя месцы (дзеля гэтага вядзецца спецыяльная табліца), асаблівасці падыходу (з псіхалагічнага боку) да кожнага. І калі прааналізаваць вынікі апошніх гадоў, то можна адзначыць, што вучні, якія ў будучыні вырашаюць вучыцца далей, ужо на гэтым этапе падрыхтоўкі набіраюць мінімальныя прахадныя балы па тэстах ЦТ (каля 20—25).

Трэці этап (10—11 класы) — “Удасканальванне, апрацоўка механізма выканання тэставых заданняў; падрыхтоўка вучня да здачы цэнтралізаванага тэсціравання”.
На гэтым этапе пачынаецца работа па наступным алгарытме:
1) Складанне плана падрыхтоўкі да ЦТ з улікам агульнашкольнага плана. Пры распрацоўцы апошняга прымаюць удзел адміністрацыя школы, сацыяльны педагог, школьны псіхолаг, настаўнікі-прадметнікі.
2) Абавязковае выкарыстанне факультатыўных заняткаў пачынаючы з 10 класа, бо матэрыял вучэбнай праграмы, які вывучаецца на ўроках у 10 класе, паўтараецца ўжо больш паглыблена на факультатыўных занятках у 11 класе. А ў наступным годзе адбываецца ўсё наадварот: спрацоўвае метад “перакрыжаванага паўтарэння”, які выкарыстоўваецца ў многіх краінах.
3) Падбор неабходных дапаможнікаў для самападрыхтоўкі вучняў.
4) Паведамленне вучням і іх бацькам электронных адрасоў у інтэрнэце, дзе можна выконваць тэставыя работы ў анлайн-рэжыме, з наступным аналізам.
Асноўнымі відамі дзейнасці на трэцім этапе з’яўляюцца наступныя:
1) Работа на ўроках і факультатыўных занятках.
2) Індывідуальныя заняткі з вучнямі.
3) Аналіз выканання заданняў РТ з абавязковым складаннем плана індывідуальнай работы вучняў па яго выніках.
4) Падтрымка цеснай узаемасувязі з настаўнікам рускай мовы. На сваіх уроках ён больш увагі ўдзяляе паўтарэнню тых правіл пунктуацыі, якія выклікаюць у вучняў найбольшую цяжкасць пры выкананні тэставых заданняў па беларускай мове.
5) Таксама я наведваю заняткі па падрыхтоўцы вучняў да тэсціравання іншых настаўнікаў беларускай мовы нашага раёна, а таксама выкладчыкаў падрыхтоўчых курсаў пры ГДУ імя Францыска Скарыны.
6) Пытанню падрыхтоўкі да ЦТ вялікая ўвага ўдзяляецца і на семінарах настаўнікаў беларускай мовы нашага раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму. У час іх правядзення праводзіцца аналіз заданняў РТ, знаходзяцца аптымальныя шляхі іх выканання.
7) Ну і, зразумела, вялікую ўвагу ўдзяляю вывучэнню новых метадычных распрацовак па падрыхтоўцы вучняў да здачы ЦТ.
Толькі такая мэтанакіраваная і сістэматызаваная работа можа даць пэўныя вынікі. Напрыклад, выпускнікі 2014 года за два гады навучання ў 10—11 класах толькі ў школе выканалі больш за 20 трэніровачных тэстаў. У выніку сярэдні бал на ЦТ — 60 (тры вучні). У гэтым годзе навучэнцы 11 класа выканалі ўжо каля 15 тэстаў. І хоць клас даволі слабы, калі можна так сказаць, але назіраюцца пэўныя вынікі нашай работы. ЦТ здаюць 4 вучні, пасля заканчэння 10 класа сярэдні бал 30, пасля першага РТ — 37, пасля другога — 46.
На заканчэнне хочацца сказаць, што ў аснове добрых вынікаў здачы вучнямі ЦТ ляжыць работа ўсяго калектыву школы. І гэтая работа павінна быць сістэматызаванай, прадуманай і абавязкова творчай.

Сяргей САЗОНАЎ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры Акцябрскай
сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці.