Паміж галоўным і самым галоўным

Старшакласнікі, іх бацькі і настаўнікі мараць аб поспе ху ў экзаменацыйных выпрабаваннях, якія ўжо не за гарамі. Вядома, яны не толькі мараць, але і прыкладваюць намаганні, каб яго дасягнуць. Мы ў сваю чаргу дапаможам зацікаўленым шукаць і знаходзіць спосабы дасягнення жаданага. На поспех можна паглядзець і як на магчымасць своечасова знайсці самае галоўнае паміж галоўным і самым галоўным. Будзьце ўпэўнены, што не спозніцеся, бо мы з вамі рыхтуемся загадзя.

Дялог з чытачом

Няма чалавека, які б не хваляваўся перад экзаменам, ЦТ ці перад прыняццем якога-небудзь важнага рашэння. Калі хваляванне занадта моцнае, яно перашкаджае канцэнтравацца, засяроджвацца, павышае агрэсію і фарміруе негатыўны эмацыянальны фон, які можа прывесці да стану затарможанасці і да нізкага выніку. Варта прыкласці намаганні, каб разабрацца ў тым, што непакоіць, і даведацца, як можна знізіць трывожнасць і актывізаваць свае дзеянні на экзаменацыйных выпрабаваннях.
Хваляванне можа быць звязана з навізной самой працэдуры экзаменаў, але яно лёгка сыходзіць, калі падрабязна расказаць пра тое, якім чынам праходзяць экзамены, ЦТ, як выглядаюць і як запаўняюцца бланкі адказаў. Асаблівае хваляванне можа быць звязана і з тым, што выпускныя экзамены супадаюць з перыядам прафесійнага самавызначэння, паступлення ў ВНУ. У сувязі з гэтым узнікае трывога з-за колькасці балаў, якія ўдасца атрымаць на экзамене, ЦТ. Важна падрыхтавацца да любога выніку, прадумваючы варыятыўныя адукацыйныя маршруты далейшага навучання. Выбірайце некалькі ВНУ з розным рэйтынгам папулярнасці, але аднолькавымі або сумежнымі факультэтамі, якія адпавядаюць выбранай прафесіі. Нават калі не атрымаецца адразу паступіць менавіта ў тую ВНУ, якую хацелі, пры добрай паспяховасці ў далейшым можна разгледзець варыянт пераводу.
Важна, каб старшакласнік адчуваў псіхалагічную падтрымку сям’і і школы. Такая падтрымка з’яўляецца найважнейшым фактарам, які вызначае паспяховасць. Падтрымліваць можна з дапамогай сумесных дзеянняў, фізічнага саўдзелу, выразу твару, дотыкаў і г.д. Існуюць пасткі падтрымкі: гіперапека, стварэнне залежнасці ад дарослага, навязванне нерэальных стандартаў, стымуляванне саперніцтва з равеснікамі. Залішняя мітусня, апека, татальны кантроль перашкаджаюць. Не трэба параўноўваць старшакласніка з равеснікамі, падкрэсліваючы іх поспехі, станоўчыя якасці, або старэйшымі братамі і сёстрамі, якія паспяхова прайшлі экзаменацыйныя выпрабаванні. Такія дзеянні не прывядуць да ўзнікнення жадання стаць лепшым або прытрымлівацца прыкладу, а створаць канфліктную сітуацыю ў сям’і ці ў класе. Такія метады, як параўнанне з іншымі, больш паспяховымі, раздражняюць, траўміруюць, перашкаджаюць нармальнаму развіццю асобы. Важна ўсім дарослым, тым, хто акружае старшакласнікаў у такі важны момант іх жыцця, адчуваць і паказваць веру ў сваё дзіця, вучня. Каб яе паказаць, неабходна рабіць наступнае: забыць пра мінулыя няўдачы дзіцяці; падтрымліваць упэўненасць, што яно справіцца; памятаць пра ранейшыя ўдачы і вяртацца менавіта да іх, а не да памылак.
Даволі часта здараецца, што мы без увагі адносімся да страхаў, саромеемся чуллівасці замест таго, каб цаніць яе. Да страхаў варта прыслухацца, прыгледзецца, пастарацца зразумець прычыну іх узнікнення. Псіхолагі мяркуюць, што ў страхаў дзіцяці ёсць дзве рэальныя крыніцы. Адна з іх — страх не выжыць. Другая — не атрымаць любові. Усе астатнія страхі — толькі адгалінаванні ад двух першых. У сілах дарослых развянчаць абодва страхі сваіх падапечных або хаця б зрабіць такія спробы.
У перыяд падрыхтоўкі да экзаменацыйных выпрабаванняў важна падтрымліваць упэўненасць юнакоў і дзяўчат у сабе. Знаходзьце і падказвайце старшакласнікам арыгінальныя, натхняльныя спосабы для падтрымання ўпэўненасці. Выкарыстоўвайце тэхніку “Самаацэнка”, якая прадугледжвае завяршэнне сказаў, размешчаных ніжэй.
Я захапляюся сабой, калі…
Я давяраю свайму…
Я непараўнаны(ая)…
У мяне выдатна атрымліваецца…
Мне вельмі падабаецца ў сабе…
Я ганаруся сабой, калі…
Я верны (верная) сабе ў…
Прапаноўвайце паспрабаваць выканаць практыкаванне “Касцюмчык”: “Апрані на сябе і на працягу ўсяго дня насі вобраз паспяховага чалавека, такога, якім хочаш быць, яго ўсмешку і паставу. Уяві, што ты ўжо такі”.
Прапаноўвайце і збірайце разам з дзецьмі “Афарызмы самадапамогі”. Пачніце калекцыю, напрыклад, з такіх выказванняў:
Няма смеласці без страху і без таго, каб прызнацца ў страху (Джуліян Барнс).
Калі мы паспрабуем аналізаваць нашы перажыванні, то мы перастанем іх адчуваць (Н.Бор).
Запомні, што жыццё — гэта прынтар: што ты падумаў, тое яно і раздрукавала (Маргарыта Мурахоўская).
Збянтэжанасць — гэта першая прымета мудрасці. Нельга ж увесь час “усё ведаць” (Маргарыта Мурахоўская).
Калі заўважылі дзейснасць афарызмаў для вашых падапечных, замахніцеся і на больш буйную форму — прытчу.
Давайце карысныя парады старшакласнікам. Магчыма, вам спадабаюцца наступныя:
Бярыце прыклад з упэўненай асобы, адказваючы сабе на пытанні:
1. Што вам падабаецца ва ўпэўненым у сабе чалавеку?
2. Чым яго паводзіны адрозніваюцца ад вашых?
3. Што робіць яго такім выніковым?
4. Як ён будзе паводзіць сябе ў той сітуацыі, якая вам здаецца нязручнай?
Добрыя парады праявіць цярплівасць, не спяшацца, не чакаць занадта хуткага выніку; ЗАЎСЁДЫ ўзнагароджваць сябе за поспех; віншаваць сябе з ажыццяўленнем спробы і спрабаваць зноў; назіраць за ростам свайго майстэрства.
Пазнаёмце сваіх падапечных з тэхнікай прыняцця рашэнняў.
Тэхніка “Як хутка прыняць правільнае рашэнне”
Расслабце сваё цела. Зрабіце некалькі глыбокіх удыхаў і выдыхаў. Упэўнена скажыце сабе 10 разоў: “Я заўсёды прымаю правільныя рашэнні”. Адчуйце сілу слоў. Гаварыце ўпэўнена. Сказаўшы фразу апошні раз, адразу ж прыміце рашэнне. Першае, што прыйдзе вам у галаву, і будзе лепшым на гэты момант для вас рашэннем. Гэта адказ з падсвядомага.
Вучыце старшакласнікаў рэлаксацыі.
Паступальная рэлаксацыя
Гэтая методыка выкарыстоўваецца для таго, каб даць пяць хвілін паўнацэннага адпачынку на ўроку ці ў іншых умовах.
1. Пачніце з пальцаў ног. Расслабце іх.
2. Расслабце ступні ног і шчыкалаткі.
3. Расслабце лыткі.
4. Расслабце калені.
5. Расслабце бёдры.
6. Расслабце ягадзічныя мышцы.
7. Расслабце жывот.
8. Расслабце спіну і плечы.
9. Расслабце кісці рук.
10. Расслабце перадплеччы.
11. Расслабце шыю.
12. Расслабце мускулы твару.
13. Павольна плывіце…
Не варта нам, дарослым, забываць і прапісную ісціну, што любы чалавек, незалежна ад узроўню дасягненняў, імкнецца перасягнуць сябе, калі яго хваляць. Не трэба забываць, што старшакласнік мае патрэбу ў падтрымцы не толькі калі яму дрэнна, але і калі добра.

Псіхалагічнае люстэрка

Стомленасць робіць нас баязліўцамі

Калі ў нас з’явіўся астэнічны стан, мы стаміліся, то эфектыўнасці ў справах не варта чакаць. Пад тэрмінам “астэнічны стан”, або “зніжэнне псіхічнай актывацыі”, маецца на ўвазе псіхічны стан, які характарызуецца агульнай і псіхічнай слабасцю, павышанай знясіленасцю, раздражняльнасцю, зніжэннем прадукцыйнасці псіхічных працэсаў, расстройствамі сну, фізічнай слабасцю і іншымі вегетатыўна-саматычнымі парушэннямі. Астэнікам і людзям з часовым астэнічным станам варта прытрымлівацца спакойнага ладу жыцця, своечасова аднаўляць псіхічныя і фізічныя сілы. Перш чым параіць, як менавіта аднаўляцца, дадзім інструмент, які дазваляе выявіць наяўнасць астэнічнага стану. Шкала астэнічнага стану была створана Л.Д.Малкавай і адаптавана Т.Г.Чартовай. Даследаванне праводзьце індывідуальна ў асобным, добра асветленым і ізаляваным ад пабочных гукаў памяшканні.

Уважліва прачытайце кожны сказ і ацаніце яго ў адносінах да вашага стану ў гэты момант (варыянты адказаў: 1 — “не, няправільна”; 2 — “мабыць, так”; 3 — “правільна”; 4 — “цалкам правільна”).
1. Я працую з вялікім напружаннем.
2. Мне цяжка засяродзіцца на чым-небудзь.
3. Маё палавое жыццё не задавальняе мяне.
4. Чаканне нервуе мяне.
5. Я адчуваю мышачную слабасць.
6. Мне не хочацца хадзіць у кіно ці ў тэатр.
7. Я забыўчывы.
8. Я адчуваю сябе стомленым.
9. Мае вочы стамляюцца пры працяглым чытанні.
10. Мае рукі дрыжаць.
11. У мяне дрэнны апетыт.
12. Мне цяжка быць на вечарынцы або ў шумнай кампаніі.
13. Я ўжо не так добра разумею прачытанае.
14. Мае рукі і ногі халодныя.
15. Мяне лёгка ўсхваляваць.
16. У мяне баліць галава.
17. Я прачынаюся раніцай стомленым.
18. У мяне бываюць галавакружэнні.
19. У мяне бываюць перасмыкванні мышцаў.
20. У мяне шуміць у вушах.
21. Мяне турбуюць палавыя пытанні.
22. Я адчуваю цяжар у галаве.
23. Я адчуваю агульную слабасць.
24. Я адчуваю болі ў цемі.
25. Жыццё для мяне звязана з напружаннем.
26. Мая галава быццам сцягнута абручом.
27. Я лёгка прачынаюся ад шуму.
28. Мяне стамляюць людзі.
29. Калі я хвалююся, пакрываюся потам.
30. Мне не даюць заснуць неспакойныя думкі.

Апрацоўка і інтэрпрэтацыя вынікаў

Ключ:
Балы за кожны адказ налічваюцца па наступнай схеме:
• “не, няправільна” — 1;
• “мабыць, так” — 2;
• “правільна” — 3;
• “цалкам правільна” — 4.
Магчымая колькасць балаў знаходзіцца ў дыяпазоне 30—120.
Інтэрпрэтацыя вынікаў тэста
Статыстычныя даныя, атрыманыя аўтарамі методыкі на 300 здаровых падыспытных, паказалі, што сярэдняя велічыня індэкса астэніі роўная 37,22 (+/-) 6,47 бала.
Вынікі тэста могуць быць інтэрпрэтаваны наступным чынам:
• ад 30 да 50 балаў — адсутнасць астэніі;
• ад 51 да 75 балаў — слабая астэнія;
• ад 76 да 100 балаў — умераная астэнія;
• ад 101 да 120 балаў — выяўленая астэнія.

Для прафілактыкі і пераадолення астэнічнага стану падчас падрыхтоўкі да экзаменацыйных выпрабаванняў важна:
1. Пры першых прыметах ператамлення трэба зрабіць перапынак, змяніць дзейнасць, адцягнуцца. Варта адпачываць, не чакаючы стомленасці, — гэта лепшы сродак ад ператамлення. Важна не дапускаць перагрузак.
2. Не варта займацца па начах. Важна, каб перад сном было каля гадзіны для адпачынку і пераключэння ўвагі. Здаровы сон павінен быць працягласцю не менш за 8 гадзін.
3. Вызначыцеся з біярытмамі. Важна выявіць “залатыя гадзіны” для падрыхтоўкі. Калі “жаваранак” — асноўная падрыхтоўка днём, калі “сава” — увечары. Пры гэтым складаныя тэмы вывучайце ў перыяды найбольш высокай мазгавой актыўнасці, а добра знаёмыя варта пакідаць на перыяды спаду.
4. Пры падрыхтоўцы да экзаменаў аптымальна выбраць рэжым заняткаў перыядамі па 1,5 г (у рэжыме 40 мін + 40 мін) з паўгадзінным перапынкам. Выкарыстоўвайце прыёмы пераключэння ўвагі, гімнастыку для вачэй.
5. Харчаванне павінна быць рэгулярным, не менш як 5 разоў на дзень. Перад сном есці не рэкамендуецца. Падчас інтэнсіўнага разумовага напружання неабходна пажыўная і разнастайная ежа і збалансаваны комплекс вітамінаў. Такія прадукты, як рыба, тварог, арэхі, курага і г.д., стымулююць работу галаўнога мозга. Неабходна больш вітамінаў — гародніны, садавіны, ягад (брусніцы, журавіны, чарніцы, чорныя парэчкі), лімонаў і апельсінаў. Не трэба злоўжываць стымулюючымі напоямі (кавай і чаем) — нервовая сістэма і так напружана.
6. Уносіць дадатковае напружанне, зніжае якасць падрыхтоўкі работа пад тэлевізар ці радыё. Не перашкодзіць музычны фон без слоў.
7. Важна мець правільна арганізаванае працоўнае месца: дастатковая асветленасць, магчымасць адасобіцца, а таксама магчымасць пры жаданні прылегчы, расслабіцца.
8. Напярэдадні экзамену важны паўнацэнны адпачынак, магчымасць як след выспацца.
Дарослым, якія забяспечваюць умовы для падрыхтоўкі да экзаменаў старшакласнікаў, важна разумець, што любыя парады не з’яўляюцца догмай. З усіх правілаў ёсць выключэнні, бо кожны чалавек — унікальная асоба.

Святлана РАДЗЬКОВА,
дацэнт кафедры псіхалогіі і прадметных методык
Мінскага гарадскога інстытута
развіцця адукацыі.