Са смакам эўрыстыкі

“Чым лягчэй настаўніку вучыць, тым цяжэй вучням вучыцца. Чым цяжэй настаўніку, тым лягчэй вучню. Чым больш будзе настаўнік сам вучыцца, абдумваць кожны ўрок і сувымяраць з сіламі вучня, чым больш будзе сачыць за ходам думкі вучня, чым больш выклікаць на пытанні і адказы, тым лягчэй будзе вучыцца вучань”. З гэтымі словамі Л.М.Талстога я цалкам згодна і ў сваёй рабоце прытрымліваюся такога падыходу. За гады сваёй педагагічнай дзейнасці вызначыла для сябе запаведзі, паводле якіх жыву і працую: любі сваіх вучняў; дапамагай дзіцяці адчуваць сябе ўпэўнена; знайдзі самае лепшае, што ёсць у вучню, і пастарайся развіць.

Адным са сродкаў, якія дазваляюць паспяхова вырашаць задачу навучыць дзяцей вучыцца, на мой погляд, з’яўляецца выкарыстанне эўрыстычных метадаў і прыёмаў навучання.

“Эўрыстычны метад — метад навучання, паводле якога вучні самі пры садзейнічанні навадных пытанняў настаўніка даходзяць да ісціны, набліжаючыся да вырашэння зададзенага пытання, тэарэмы, задачы і г.д.”. Такое азначэнне дае А.М.Чудзінаў у слоўніку замежных моў.


Эўрыстычную дзейнасць выкарыстоўваю пры вывучэнні новага матэрыялу, пры ўдасканаленні раней засвоеных ведаў з мэтай абагульнення, параўнання, сінтэзу, аналізу, самастойнага пошуку навучэнцамі новых спосабаў дзейнасці.

Часта выкарыстоўваю ў практыцы метады эўрыстычнага навучання.

Метад эўрыстычных пытанняў: для пошуку звестак пра якую-небудзь падзею або аб’ект задаюцца наступныя сем ключавых пытанняў: “Хто?”, “Што?”, “Навошта?”, “Дзе?”, “Чым?”, “Як?”, “Калі?”. Адказы на гэтыя пытанні і іх разнастайныя спалучэнні параджаюць незвычайныя ідэі і рашэнні, развіваюць інтуіцыю мыслення. Такі метад часцей выкарыстоўваю на ўроках “Чалавек і свет”.

Метад увасаблення: навучэнец спрабуе перасяліцца ў аб’ект, які вывучаецца, адчуць і пазнаць яго знутры. Ужывацца ў сутнасць дрэва, каменя, кошкі, воблака і іншых аб’ектаў дапамагае выкарыстанне слоўных прадпісанняў тыпу: “Уявіце сабе, што вы тая расліна, якая стаіць перад вамі, ваша галава — гэта кветка, тулава — сцябло, рукі — лісце, ногі — карані…” Навучэнец спрабуе на пачуццёвым узроўні ўспрыняць, зразумець, убачыць адказы. Думкі, пачуцці, адчуванні, якія нараджаюцца пры гэтым, і ёсць эўрыстычны адукацыйны прадукт, які можа потым быць перададзены ім у вуснай, пісьмовай, знакавай, рухальнай, музычнай або малюнкавай форме. Такія практыкаванні развіваюць здольнасць думаць і разумець з’явы з разнастайных пунктаў гледжання, вучаць уключаць у пазнанне і ўсведамленне розум і думку. Прымяняю такі метад на ўроках выяўленчага мастацтва, рускай мовы і літаратуры, “Чалавек і свет”.

Метад “мазгавога штурму”: асноўнай задачай з’яўляецца збор як мага большай колькасці ідэй па якой-небудзь тэме. Гэты метад прадугледжвае на этапе генерацыі ідэй абсалютную забарону крытыкі прапанаваных ідэй, а таксама падтрымку разнастайных рэплік, жартаў. Далей разглядаюцца разнастайныя перашкоды да рэалізацыі ідэй. Ацэньваюцца зробленыя крытычныя заўвагі. Канчаткова выбіраюцца толькі тыя ідэі, якія не былі адхілены крытычнымі заўвагамі. Найбольш часта такі метад выкарыстоўваю на факультатыве “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”.

Метад “Калі б…”: навучэнцам прапаноўваецца ўявіць і апісаць, што адбудзецца, калі ў свеце што-небудзь зменіцца (знікнуць прыметнікі, канчаткі ў словах; драпежнікі стануць траваеднымі; усе людзі пераселяцца на Месяц і г.д.). Выкананне навучэнцамі такіх заданняў не толькі развівае ўяўленне, але і дазваляе ім лепш зразумець будову рэальнага свету, фундаментальных асноў розных навук.

Метад калектыўнага пошуку арыгінальных ідэй, прынцыпам якога з’яўляюцца сутворчасць у працэсе вырашэння пэўнай задачы; давер адно да аднаго; выкарыстанне аптымальнага спалучэння інтуітыўнага і лагічнага мыслення. Гэты метад выкарыстоўваю пры рашэнні задач на ўроках матэматыкі, на ўроках “Чалавек і свет”.

Метад спалучэння неспалучальнага: навучэнцам прапаноўваецца спалучыць неспалучальныя ў рэальнасці якасці, уласцівасці, часткі аб’ектаў і адлюстраваць, напрыклад, гарачы снег, вяршыню прорвы, салодкую соль, чорнае святло, сілу слабасці, дрэва, якое бегае, мядзведзя, які лятае, дрэва, якое вылятае з трубы. Такія заданні развіваюць такія кагнітыўныя якасці асобы, як мысленне і ўяўленне. Прапаноўваюцца яны на ўроках літаратуры, выяўленчага мастацтва, працоўнага навучання.

Метад прыдумвання: стварэнне новага, не вядомага раней прадукту ў выніку пэўных разумовых дзеянняў. Дзецьмі выкарыстоўваецца замяшчэнне якасцей аднаго аб’екта якасцямі другога з мэтай стварэння новага аб’екта; знаходжанне ўласцівасцей аб’екта ў іншым асяроддзі; змяненне элемента аб’екта, які вывучаецца, і апісанне ўласцівасцей новага, змененага. Напрыклад: “Прыдумайце незвычайныя назвы вершам, апавяданням, малюнкам”; “Уявіце, што балабушка трапіла ў раку. Як яна будзе там сябе паводзіць?”; “Якія будуць уласцівасці трохвугольніка, калі яго вуглы будуць не вострыя або тупыя, а закругленыя?”.

Хацелася б звярнуць увагу на тое, што ў навучанні, пабудаваным эўрыстычна, цяжкасці часта становяцца своеасаблівым стымулам для вывучэння. Набыўшы смак да эўрыстыкі, навучэнцы пачынаюць расцэньваць работу па гатовых указаннях як работу нецікавую і сумную. Лічу, што спрыяе развіццю творчых здольнасцей выкарыстанне ў практыцы работы тэхналогіі інтэрактыўнага навучання, таму я часта выкарыстоўваю інтэрактыўныя гульні “Чатыры вуглы”, “Самаацэнка”, “Завяршы фразу”, “Асацыяцыі”, “Алфавіт”, “Ключавое слова”, “Ланцужок пажаданняў”, “Ікебана” і г.д.

Вучыць вучыцца лягчэй дзяцей з высокім узроўнем матывацыі. Але ніколі не застаюцца ўбаку і навучэнцы з нізкай вучэбнай матывацыяй. У рабоце з такімі дзецьмі прадугледжаны кансультацыі, пераздача незасвоенага матэрыялу, узаемадапамога, работа кансультантаў, залік у канцы чвэрці (абавязковы мінімум для атрымання здавальняючай адзнакі). Такім чынам, у навучэнцаў заўсёды ёсць магчымасць паказаць сябе, палепшыць становішча ў вучобе.

Пры выкладанні новага матэрыялу навучэнцам, якія маюць нізкую матывацыю, падтрымліваю цікавасць да навучання: заахвочваю іх, ствараю сітуацыі поспеху (папрасіць пракаментаваць, растлумачыць, вылічыць), абапіраючыся на наглядна-вобразнае мысленне, прыводжу яркія прыклады. Пры падрыхтоўцы тэарэтычнага матэрыялу ім рэкамендуецца складаць апорны канспект, план адказу, прывесці свае прыклады. На вучэбных самастойных работах далучаю кансультантаў — памочнікаў настаўніка. Імі становяцца навучэнцы, якія выканалі раней за іншых заданне правільна. Пры арганізацыі работы ў парах, у групах на ўроках і пасля ўрока моцнаму навучэнцу даю заданне навучыць слабага. Пры паспяховым выкананні задання па тэме слабым вучнем станоўчую ацэнку атрымліваюць абодва.

Пры навучанні вучняў з нізкай матывацыяй добры вынік дае работа па картках “Рашы па ўзоры”, “Карткі карэкцыі ведаў” (кароткі даведачны матэрыял, прыклады, прыклады для самастойнага рашэння).

Для падтрымкі вучняў, якія слаба паспяваюць, аказваю дапамогу ў планаванні вучэбнай дзейнасці (планаванне паўтарэння і выканання мінімуму практыкаванняў для ліквідацыі прабелаў, алгарытмізацыя вучэбнай дзейнасці па аналізе і выпраўленні тыповых памылак і інш.), праводжу дадатковае інструктаванне падчас вучэбнай дзейнасці.

Немалаважную ролю ў працэсе фарміравання ў навучэнцаў умення вучыцца адыгрывае ўменне правільна ацаніць сябе і свайго сябра. Адзнака як матыў навучання знікае, а галоўным становіцца пазнавальны матыў. Гэта дае магчымасць сфарміраваць у дзіцяці паўнацэнную вучэбную дзейнасць. Права правяраць, знаходзіць памылкі, зазначаць недахопы, выказваць меркаванне пра вынікі сваёй вучобы мае сам навучэнец. Гэта забяспечвае поспех і замацоўвае ў дзіцяці ўпэўненасць у сваіх магчымасцях. Дзеці вучацца з захапленнем, яны хочуць вучыцца — а гэта самае галоўнае. Пры арганізацыі такой ацэначнай дзейнасці дзеці вельмі добра валодаюць крытэрыямі ацэнкі, што цягне за сабой правільнасць разумення і фармулявання мэтапастаноўкі на ўроках пры вывучэнні розных тэм, якія прадугледжвае вучэбная праграма.

Работу па фарміраванні ўмення правяраць і кантраляваць сябе, крытычна ацэньваць сваю дзейнасць, знаходзіць памылкі і выпраўляць іх пачынаю з 1 класа. Для гэтага я выкарыстоўваю шкалу поспеху, пазней — ацэначныя лісты. Па шкале кожнае дзіця ацэньвае свае дасягненні. На першым этапе дзіця ацэньвае сваю работу з пазіцыі “падабаецца — не падабаецца”, “дрэнна атрымалася або добра”. Па кожным прадмеце гэтыя крытэрыі свае.

Для фарміравання ў навучэнцаў навыку самакантролю і самаацэнкі я прытрымліваюся наступных правілаў:

* самаацэнка вучня заўсёды павінна папярэднічаць настаўніцкай ацэнцы;

* ніколі не гаварыць вучню пра яго дрэнныя вынікі;

* каб замацаваць веру ў дасягнуты вынік, прапаноўваю вучню выканаць заданні, пасільныя для яго (рознаўзроўневыя);

* ацэньвацца павінна перш за ўсё дынаміка паспяховасці навучэнцаў адносна іх саміх жа;

* хваліць трэба за работу на ўроку не ўвогуле, а канкрэтнага вучня за яго няхай і маленькі, але поспех.

Для мяне галоўнае — усё, што я раблю, павінна працаваць на асобасны рост вучняў. Імкнуся да таго, каб навучанне ў школе стала цікавым і радасным для дзяцей, мела развіццёвы характар. Выбіраю такія формы работы, праз якія інфармацыйнае поле дзіцяці насычаецца пазітыўнымі вобразамі, якія пашыраюць гарызонт яго ведаў і падахвочваюць да стваральнай дзейнасці.

Святлана РЫМША,
настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1 Дзятлава.