Павышэнню інтарэсу да прадметаў “Беларуская мова” і “Літаратурнае чытанне”, паглыбленню іх зместу, актывізацыі пазнавальнай дзейнасці, інтэлектуальнаму і духоўнаму развіццю вучняў садзейнічаюць факультатыўныя заняткі “Роднае слова”, якія ствараюць умовы для вывучэння беларускай мовы школьнікамі ў цеснай узаемасувязі вучэбных і факультатыўных заняткаў, забяспечваюць ім магчымасць лепш засвойваць мову, чытаць і размаўляць на ёй, дапамагаюць настаўніку больш поўна рэалізоўваць выхаваўчыя, адукацыйныя і развіццёвыя мэты ў навучанні прадмета.
На факультатыўных занятках “Роднае слова” выкарыстоўваюцца дыдактычныя прынцыпы даступнасці, нагляднасці навучання, якія адпавядаюць узроставым і індывідуальным асаблівасцям дзяцей, даюць магчымасць так арганізаваць вучэбную дзейнасць, каб праграмны матэрыял, часам даволі складаны, быў пададзены ў цікавай форме і паспяхова засвойваўся. Кожныя факультатыўныя заняткі праходзяць такім чынам, што адбываецца частая змена відаў дзейнасці, пры гэтым ажыццяўляецца прынцып ад простага да больш складанага. Акрамя традыцыйных метадаў, выкарыстоўваю і нетрадыцыйныя: дыдактычная гульня эмацыянальнай афарбоўкі, стварэнне сітуацыі навізны і актуальнасці, метад праектаў.
Пры правядзенні факультатыўных заняткаў паспяховае развіццё пазнавальнага інтарэсу малодшых школьнікаў да ўрока літаратурнага чытання забяспечваецца і праз розныя віды работ: элементы гульні, рыфмоўкі, лічылкі, рашэнне і разгадванне загадак, рэбусаў, крыжаванак, творчыя заданні.
* Тэма “Словы-назвы” (рэкі Нёман, Прыпяць, Піна, Случ). Вучням было прапанавана скласці сінквейн пры дапамозе:
1) назоўніка па тэме;
2) двух прыметнікаў;
3) трох дзеясловаў;
4) сказа з чатырох слоў, які адлюстроўвае нашы адносіны да тэмы;
5) назоўніка, які характарызуе першае слова сінквейна (слова-сінонім да тэмы).
І вось што атрымалася:
Піна
Прыгожая, павольная.
Цячэ, бяжыць, бруіцца.
Кранае сэрца сваёй прыгажосцю.
Цуд!
* Апішы месца дзеяння, намалюй ілюстрацыю.
* Прыдумай рэкламу.
* Падбяры прыказкі, загадкі да прачытанага.
* Пастаў 1—4 пытанні да прачытанага.
* Запішы кароткія звесткі пра вывучаныя назвы рэк (гарадоў), падрыхтуй апавяданне пра іх.
* Складзі сінквейн.
* Творчыя заданні гульнявога дзеяння (крыжаванкі, рэбусы).
Сярод творчых заданняў, якія больш за ўсё выклікаюць цікавасць у маіх вучняў, магу назваць наступныя:
1. Творчыя заданні пры рабоце з тэкстам
* Работа з ілюстрацыяй да тэксту.
* Складанне дыяфільма па творы.
* Кніжкі-малышкі.
2. Заданні творчага характару моўнай дзейнасці
* Складанне пытанняў па тэксце.
* Творчы пераказ.
* Працяг твора па пачатку.
* Словатворчасць.
Важным сродкам развіцця творчых здольнасцей з’яўляецца складанне казак, апавяданняў, вершаў. Дзеці прыдумваюць сюжэты, галоўных герояў. Лепшыя творы зачытваюцца і абмяркоўваюцца.
3. Творчыя заданні гульнявога дзеяння
* Работа з крыжаванкамі, рэбусамі.
* “Дрэва мудрасці”, калі пасля хуткага, але ўважлівага чытання тэксту кожны з вучняў запісвае пытанне і змяшчае яго на дрэва. Потым дзеці па чарзе падыходзяць да дрэва і зрываюць запіску-лісток, адказваюць на пытанне.
Пазнавальны інтарэс вучняў таксама стымулююць:
* праблемныя сітуацыі;
* пастаноўка пытанняў і пазнавальных задач, якія пабуджаюць вучняў да інтэлектуальнай дзейнасці на іх рашэнне і набыццё новых ведаў;
* выкарыстанне наглядных і тэхнічных сродкаў навучання.
У стратэгіі актыўнага навучання звяртаю ўвагу на пазнавальны дыялог. Дыялогавыя сітуацыі ствараю на ўсіх этапах заняткаў, выкарыстоўваючы такія прыёмы, як “Нечаканае пытанне”, “Лаві памылку”, “Настаўнік робіць памылку” і інш.
Пры актыўным працэсе навучання вучні авалодваюць навыкам пераносу ведаў і ўменняў, чаму ў значнай ступені садзейнічае выкарыстанне міжпрадметных сувязей. Так, у якасці матэрыялу для вывучэння моўных з’яў і паняццяў эфектыўным з’яўляецца выкарыстанне ўрыўкаў з мастацкіх тэкстаў, змешчаных у падручніку “Літаратурнае чытанне”.
Прымяненне прыёму “Жывыя карцінкі”, калі адзін чытае твор, а іншыя мімікай, жэстамі рэагуюць на пачутае, можа замяніць фізкультхвілінку.
Усе прыёмы могуць выкарыстоўвацца як на на факультатыўных занятках, так і на ўроках літаратурнага чытання і беларускай мовы.
Вялікую ўвагу на факультатыўных занятках звяртаю на папаўненне слоўнікавага запасу вуняў. Тут значнае месца займаюць практыкаванні лексічнага характару. Яны накіраваны на пашырэнне актыўнага слоўніка дзяцей, выпрацоўку ўмення выбраць патрэбнае слова, каб выказаць сваю думку. Адно з такіх практыкаванняў — гульня “Перакладчыкі”. Для больш эфектыўнага засваення слоў на беларускай мове па кожнай тэме факультатыву “Маўленчая этыка”, “Слова ў гульні”, “Слова ў песні”, “Само слова гаворыць” і інш. я складала і выкарыстоўвала тэматычныя блокі.
Факультатыўныя заняткі паглыбляюць веды вучняў па тэмах вучэбнага праграмнага матэрыялу. Так, па тэме “Народныя песні” дзеці больш падрабязна знаёмяцца з абрадавымі гульнямі беларусаў, атрымліваюць агульныя ўяўленні пра святы і абрады, таксама знаёмяцца з народнымі і сучаснымі беларускімі песнямі. Па тэме “Слова ў песні” на занятках выкарыстоўваю відэаролікі (“Купалле”), аўдыязапісы беларускіх народных песень нават у выкананні бацькоў дзяцей. Маці А.Нікалаені, удзельніца фальклорнага ансамбля “Валачобнікі”, прадаставіла запісы выступленняў свайго калектыву, што паспрыяла не толькі выпрацоўцы эстэтычнага густу, але і паказу пераемнасці пакаленняў фальклорных традыцый. А непасрэдны ўдзел навучэнца класа Аляксандра Наганава ў прадстаўленні гучання цымбалаў дазволіў дзецям адчуць нацыянальны каларыт беларускай культуры.
На кожных факультатыўных занятках асноўны змест запісваецца ў рабочы сшытак у выглядзе схем, табліц, цытат з вершаў беларускіх паэтаў аб роднай мове, праводзіцца запіс асноўных тэрмінаў і паняццяў, вялікая ўвага ўдзяляецца творчым заданням, сістэматычна праводзіцца паэтычная хвілінка, якая дазваляе выхоўваць у вучняў любоў і павагу да роднага слова.
Алена АЛЯКСЕЕНКА,
настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 22 Мінска.