Як педагога, які любіць сваю справу, мяне заўсёды хвалявала пытанне: як падрыхтаваць навучэнцаў да міжкультурнай камунікацыі на ўзроўні, неабходным для паспяховага выкарыстання замежнай мовы ў будучым у сферы выбранай прафесійнай дзейнасці і якія метады пры гэтым выкарыстоўваць? Пераканана, што толькі сістэмная работа дазволіць навучэнцам дасягнуць узроўню валодання мовай у адпаведнасці з патрабаваннямі вучэбнай праграмы.
Пачынаючы вывучаць замежную мову ў 3 класе (гаворка ідзе аб сярэдніх школах), навучэнцы, як правіла, праяўляюць да яе велізарны інтарэс. Яны ахвотна ўступаюць у дыялог і драматызуюць, з задавальненнем разыгрываюць рознага роду вучэбныя сітуацыі. Але па меры ўскладнення вучэбнай праграмы, нарастання аб’ёму матэрыялу да 6 класа цікавасць да вывучэння прадмета ў дзяцей часта зніжаецца. Магчыма, гэта звязана яшчэ і з узроставымі асаблівасцямі школьнікаў. Вельмі важна дазволіць навучэнцам гэтага ўзросту праявіць сябе як асобам, стварыць такія ўмовы, пры якіх пазнавальная цікавасць навучэнцаў да прадмета будзе расці.
Мне неаднойчы даводзілася назіраць за тым, як вучню, які валодае вялікім лексічным запасам і добра ведае асновы граматычнай будовы мовы, цяжка перадаць у працэсе камунікацыі ўласныя думкі, выказаць жаданні і эмоцыі, спытаць аб цікавай для яго інфармацыі. Многія навучэнцы не здольныя да іншамоўнай камунікатыўнай дзейнасці ва ўмовах штучна створанай сітуацыі зносін. Я задумалася: як падрыхтаваць навучэнцаў да міжмоўных міжкультурных зносін, да практычнага валодання замежнай мовай? Наяўнасць такога роду цяжкасцей прыводзіць да неабходнасці фарміраваць камунікатыўную кампетэнцыю, гэта значыць гатоўнасць і здольнасць да маўленчых зносін на замежнай мове, якія набываюцца ў працэсе натуральнай камунікацыі. Я пачала ствараць сістэму практыкаванняў і сітуацый маўленчых зносін, якія садзейнічаюць яе фарміраванню.
Задачы, якія я перад сабой паставіла:
а) на аснове вывучанай навукова-метадычнай і псіхолага-педагагічнай літаратуры распрацаваць метадычны інструментарый, накіраваны на развіццё камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў;
б) фарміраваць устойлівую вучэбную матывацыю навучэнцаў пры дапамозе пашырэння іх ведаў і вопыту, выкарыстоўваючы эфектыўныя формы і метады работы;
в) стварыць умовы для самарэалізацыі і падрыхтоўкі навучэнцаў да міжмоўных міжкультурных зносін.
Кожны свой урок будую такім чынам, каб уцягнуць навучэнцаў у вусную (аўдзіраванне, гаварэнне) і пісьмовую (чытанне і пісьмо) камунікацыю, паралельна адбываецца вывучэнне граматыкі і папаўненне лексічнага запасу. Вельмі важна паказаць навучэнцу, што можа даць авалоданне замежнай мовай асабіста яму. Таму ў сваёй рабоце заўсёды абапіраюся на прынцып функцыянальнасці як адзін з найважнейшых прынцыпаў камунікатыўнага метаду.
Навучыць гаварэнню можна толькі гаворачы, чытанню — чытаючы, успрыманню на слых — слухаючы. Асаблівую ўвагу ўдзяляю адбору маўленчага матэрыялу, яго камунікатыўнай каштоўнасці. Важна вылучаць тыя праблемы, пытанні, прадметы абмеркавання, якія адлюстроўваюць узроставыя інтарэсы навучэнцаў, канкрэтныя сферы, у якіх прадугледжваюцца зносіны. Для стварэння матывацыі на ўроках выкарыстоўваю гульні, нагляднасць, дыскусіі, праектную дзейнасць навучэнцаў, а таксама розныя формы работы, уключаючы індывідуальныя, парныя і групавыя формы ўзаемадзеяння на ўроку і ў пазаўрочны час.
Каб стварыць матывацыю зносін на замежнай мове ў вучэбных умовах, выкарыстоўваю розныя сітуацыі, якія навучэнцы “прапускаюць праз сябе”. Вельмі важнымі з’яўляюцца варыятыўнасць маўленчых сітуацый, іх навізна, навізна атрыманай інфармацыі, тэматыкі, сферы зносін і інш. Пры гэтым вялікую ролю адыгрываюць разнастайныя наглядныя дапаможнікі. Важныя тут і асоба самога настаўніка, яго дэмакратычны стыль зносін, уважлівыя адносіны да асобы дзіцяці, яго інтарэсаў і патрэб.
Лічу, што гаварэнню нельга навучыць па-за сітуацыяй. Моўныя адзінкі, вымаўленыя ці ўспрынятыя па-за сітуацыяй, не застаюцца ў памяці, бо не з’яўляюцца значнымі для чалавека. Таму прынцып сітуацыйнасці разглядаю як асноватворны ў навучанні гаварэнню, без якога немагчымы перанос ведаў на рэальную сітуацыю зносін. Мноства завучаных слоў, граматычных форм па-за сітуацыяй можа застацца незапатрабаваным. Я мадэлюю сітуацыі маўленчых зносін на кожным уроку па кожнай тэме.
Уводзячы новае слова, словазлучэнне, граматычную з’яву, падбіраю такую сітуацыю, якая б паказала навучэнцам, што пры дапамозе гэтай моўнай адзінкі можна паведаміць, даведацца, назваць, выказаць. Так, пасля знаёмства з прыслоўямі zuerst, dann, danach, zuletzt можна прапанаваць навучэнцам апісаць свой шлях з дому да школы, звяртаючы ўвагу на парадак слоў. Апорай пры гэтым можа служыць карта-схема, якую навучэнец можа скласці самастойна.
Працуючы над граматыкай, трэніровачныя практыкаванні выбудоўваю такім чынам, каб навучэнец пры іх выкананні разумеў неабходнасць гэтай граматычнай з’явы. Прыдуманыя сітуацыі зносін забяспечваю апорамі граматычнага характару ў выглядзе схемы, лексіка-граматычнай табліцы і інш. Вучэбна-моўныя сітуацыі, якія мадэлююцца на стадыі трэніроўкі, даюць магчымасць уцягнуць кожнага ў працэс слухання і прымянення матэрыялу, які адпрацоўваецца. Напрыклад, пры трэніроўцы ўжывання ў мове злучальных злучнікаў und, aber, oder прапаноўваю навучэнцам скласці апавяданне, выкарыстоўваючы сюжэтныя карцінкі па тэме, ці, выкарыстоўваючы прыём апісання, злучыць пары сюжэтных карцінак патрэбнымі злучнікамі, утвараючы складаназлучаныя сказы. Сюжэтныя карцінкі робяць сітуацыю нагляднай і дазваляюць навучэнцу адчуць сябе персанажам.Найбольш эфектыўныя наступныя сітуацыі: рэальныя, праблемныя, уяўныя, умоўныя.
Па форме арганізацыі вылучаю наступныя сітуацыі маўленчых зносін: гульнявыя (у форме ролевай гульні, дзелавой гульні), праблемна-пошукавыя (праектная дзейнасць, дыскусія), інсцэніровачныя (інтэрв’ю, КВЗ, тэлемост, прэс-канферэнцыя, інсцэніроўка дыялогу, драматызацыя казкі і інш.).
Па месцы арганізацыі сітуацыі бываюць урочныя (непасрэдна на ўроку), пазаўрочныя (перапіска з сябрамі з Германіі, скайп-зносіны), пазакласныя (на факультатыўных занятках).
Па форме арганізацыі вылучаю наступныя сітуацыі маўленчых зносін.
Рэальная сітуацыя — гэта сітуацыя, максімальна набліжаная да жыцця. Так, напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Die Schule” ў 6 класе прапаноўваю правесці экскурсію па школе для замежных гасцей. Навучэнцы дзеляцца на дзве групы: адны — госці з Германіі, другія — навучэнцы школы, якія знаёмяць гасцей са школьнымі памяшканнямі. Госці пры гэтым задаюць пытанні, вядуць дыялог-роспыт: “Wo liegt die Bibliothek? Können Sie uns bitte die Aula zeigen? Wo ist hier das Lehrerzimmer?” А потым вучні мяняюцца ролямі.
Рэальныя сітуацыі зносін вельмі цяжка стварыць, часцей за ўсё яны ўзнікаюць спантанна. У асноўным яны тычацца просьбаў, звязаных з класнымі правіламі, самаадчуваннем, настроем і г.д.
Выкарыстанне праблемнай сітуацыі магчыма на ўсіх этапах працэсу навучання: пры тлумачэнні, замацаванні, кантролі. Мая задача стварыць праблемную сітуацыю і накіраваць навучэнцаў на яе вырашэнне, а таксама арганізаваць пошук яе вырашэння.
Пры вывучэнні тэмы “Mein Zuhause” прапаноўваю правесці інтэрв’ю-апытанне з мэтай высветліць, хто якую работу выконвае дома. Потым на аснове атрыманай інфармацыі мадэлюю сітуацыю маўленчых зносін па адной з дзвюх тэм: “Дзяўчынкі лепшыя памочніцы дома” ці “Хлопчыкам пад сілу любыя дамашнія абавязкі”. У самой фармулёўцы тэмы павінна быць неадпаведнасць, канфлікт, каб выклікаць навучэнцаў да дыскусіі. Клас можа раздзяліцца на дзве групы: хлопчыкі і дзяўчынкі. Перад навучэнцамі стаіць задача даказаць, якая работа дома найважнейшая, хто якую работу выконвае лепш і г.д.
Навучэнцаў неабходна паставіць у такія ўмовы, каб у іх з’явілася патрэба, неабходнасць, жаданне ўступіць у зносіны на нямецкай мове. Галоўнае пры гэтым — прывучыць іх не баяцца памылак, не баяцца дрэнных адзнак. Таксама навучэнцы павінны дакладна ўсведамляць пастаўленую перад імі мэту: штосьці паведаміць, даведацца, выказаць, камусьці падзякаваць, заахвоціць да дзеяння. Навучэнцы павінны валодаць неабходнай лексікай. Для таго каб іх мова была выразнай, неабходна навучыць іх ужываць розныя клішэ, уводныя словы, фразеалагізмы, ідыёмы, выклічнікі, размоўныя выразы. Вельмі важна навучыць задаваць пытанні, удакладняць, перапытваць, выказваць згоду, нязгоду, здзіўленне, просьбу, даваць іранічную, адмоўную характарыстыку і г.д.
Можна выкарыстоўваць наступныя размоўныя клішэ: Doch, wohl, bitte, sehr richtig, stimmt, das macht nichts, keine Ahnung, genau, gut gemacht, selbstverständlich, abgemacht, wie ich sehe, du weißt doch, was du nicht sagst, eine Frage bitte… і г.д.
Уводныя словы: Natürlich, wahrscheinlich, wirklich, zum Beispiel, meiner Meinung nach, leider, schade і інш.
Выклічнікі: O mein Gott! Hurra! Ha! Ha! Mahlzeit! Aha, das wusste ich doch! Husch! Pst! Sieh mal an! Ach so! Na und! Na gut! Ach so! Und ob!
Прыметнікі і прыслоўі для выказвання настрою, эмоцый: Toll, super, prima, perfekt, fantastisch, wunderbar, cool.
Для рэалізацыі камунікатыўнай мэты патрэбны вербальныя сродкі ў выглядзе слоў, словазлучэнняў, граматычных структур. Тут узнікае сур’ёзная праблема, таму што навучэнец заўсёды хоча сказаць больш, чым ведае, але гэта ніякім чынам не павінна стаць перашкодай у зносінах. Я вучу школьнікаў вырашаць камунікатыўныя задачы, карыстаючыся моўным і маўленчым матэрыялам, які ў іх ёсць. Напрыклад, вельмі часта шасцікласнік хоча выкарыстаць у гаворцы даданы сказ, як у рускай мове. Але ў нямецкай мове даданыя сказы пачынаюць вывучацца толькі ў 7 класе, таму трэба паказаць, што адну і тую ж думку можна сфармуляваць простымі сказамі.
Мая задача — стварыць умовы натуральных зносін, максімальна набліжаных да рэальнага жыцця, пры якіх навучэнцы ўсведамляюць, што замежная мова, як і родная, мае практычную карысць для жыцця ў грамадстве. Заўсёды стараюся надаць маўленчай сітуацыі дух спаборніцтва, дыскусіі, ад чаго інтарэс школьнікаў узрастае ў шмат разоў. Можна, напрыклад, правесці гутарку ў форме спаборніцтва: хто задасць больш пытанняў. Праходзячы тэму “Schulzeit”, працуючы над раздзелам “Schulordnung” для замацавання мадальнага дзеяслова dürfen прапаноўваю ўяўную сітуацыю ў форме ролевай гульні на тэму “Наш клас наведаў дырэктар школы”. У ролі дырэктара могуць выступаць вучні з прыдуманым статутам школы “Што можна і што нельга рабіць у школе?”. Астатнія навучэнцы задаюць пытанні: Dürfen wir im Schulhof Fußball spielen? Nein, man darf auf dem Stadion Fußball spielen. Ролевая гульня дазваляе змадэляваць умоўную сітуацыю зносін.
Чытаем мы ці слухаем тэкст, трэніруем лексічны ці граматычны матэрыял, на этапе знаёмства ці замацавання — я заўсёды выкарыстоўваю сітуацыі зносін: спачатку ў выглядзе міні-дыялогаў, потым — больш разгорнутых дыялогаў, аповедаў або паведамленняў, пераходзячы да ўсё больш складаных палілогаў і апавяданняў.
Мадэляванне сітуацый маўленчых зносін можна ўявіць у наступных практыкаваннях.
1. Стварэнне сітуацый пры дапамозе нагляднасці (карцінкі, фотаздымкі, схемы, лексіка-граматычныя табліцы, карты-схемы, серыі карцінак, на аснове сітуацыйных і сюжэтных карцінак, твораў мастацтва і вырабаў ручной працы).
2. Арганізацыя сітуацый маўленчых зносін на аснове слоўных (вербальных) стымулаў (на аснове слоўнага апісання, дыскусіі, фармулёўкі пытання, ключавых слоў, фармулёўкі камунікатыўнай задачы праблемнага характару, тэзісаў, прыведзенага аргумента, пачатку і заканчэння дыялогу, на аснове інфармацыі, якая паведамляецца, пры дапамозе тэксту з неразгорнутай сітуацыяй, на аснове пераносу інфармацыі з тэксту на сябе, на аснове змянення сітуацыі, на аснове абставін, якія прапаноўваюцца, і г.д.).
3. Мадэляванне сітуацый маўленчых зносін пры дапамозе наглядна-слоўных стымулаў (пераважна для навучэнцаў, якія слаба паспяваюць, з нізкай матывацыяй).
4. Пры дапамозе інфармацыйных рэсурсаў (прэзентацыі, фліпчарты, скайп-зносіны, выкарыстанне e-mail, СМІ, зносіны ў сацыяльных сетках).
5. З выкарыстаннем аб’ектаў творчасці (песня, музыка, відэафільм, казка, калаж, рэпрадукцыя, верш і інш.).
Святлана НЕЎМЯРЖЫЦКАЯ,
настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 14 Мазыра.